«Іх мужчыны як соль — рарытэтнае белае зло». Кніжны агляд Onliner

5775
09 октября 2019 в 14:11
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

«Іх мужчыны як соль — рарытэтнае белае зло». Кніжны агляд Onliner

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Час летніх вандровак скончыўся, але адпраўляцца ў падарожжа можна не толькі наяве, але і па кніжках. Так, Марыя Мартысевіч сваю гераіню адправіла ў міфічную краіну Сарматыю, адкуль тая піша да сястры лісты і расказвае пра норавы гэтага дзікага краю. А Міхал Андрасюк выправіўся ў падарожжа па родных для сваіх продкаў мясцінах на беларуска-польскім памежжы — выправіўся ва ўспамінах і снах. Маленькая Бэрта з кнігі Сары Лундберг марыць паляцець птушкай з вёскі ў горад... Расказваем пра кніжныя навінкі.

Міхал Андрасюк «Поўня»

(Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»)

 

Пісьменнік Міхал Андрасюк нарадзіўся і жыве ў Польшчы на Падляшшы, скончыў Беларускі ліцэй у Гайнаўцы. Дэбютаваў як паэт, але пасля напісаў некалькі кніг прозы, галоўныя героі якіх — жыхары польска-беларускага памежжа. Асноўная мова яго твораў — беларуская.

Можна сказаць, што ў кнізе «Поўня» адсутнічае агульны сюжэт, але разам з тым кніга поўніцца мікрасюжэтамі і гісторыямі, якія звязваюць жывое і нежывое, мінулае з будучыняй. Падзеі адбываюцца ў трохкутніку Белавежская пушча — Беласток — Мінск, і тэкст таксама ўяўна складаецца з трох частак, трох ліній, якія пераплятаюцца паміж сабой.

Першы сюжэт, якім адкрываецца кніга, — любоўная лінія. Галоўны герой, ужо немалады, з Беластока прыязджае ў Мінск, дзе на вакзале знаёміцца з дзяўчына Юліяй, і ў іх закручваецца раман.

Другі сюжэт — гэта родныя мясціны аўтара, якія ён апісвае з неверагоднай пяшчотай і любоўю. Родныя вёскі, іх жыхары, успаміны з дзяцінства — усё гэта аўтар выносіць са сваёй памяці, каб падзяліцца з чытачом. Аповеды бабулі, у якіх ластаўкі ўюць гнёзды «з памяці праластавак, што адляцелі ў векавечныя выраі», гісторыі пра тое, як правільна ссячы дрэва, каб не забраць у яго жыццё. Герояў гэтай часткі пераважна няма ў жывых, але гэта не перашкаджае аўтару кантактаваць з імі ў сваіх мроях.

І трэці сюжэт, які не выдзяляецца ў асобную частку кнігі, а праходзіць скрозь яе ўсю, — гэта своеасаблівы аўтафікшн, спроба аўтара занатаваць працэс працы над кнігай.

Козыр прозы Андрасюка ў тым, што ён дадае нашай літаратуры спецыфічнага каларыту, якога не могуць даць, напрыклад, літаратары з беларускай сталіцы.

Між іншым, сёлета «Поўня» заняла 2-е месца ў літаратурнай Прэміі Гедройца — галоўнай беларускай прэміі для празаікаў.

Купіць кнігу

Сяргей Пясецкі «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі»

(Выдавецтва «Медысонт»)

 

Гэты год у беларускім кнігавыданні можна смела назваць годам Сяргея Пясецкага (падрабязней пра авантурны лёс пісьменніка мы расказалі ў адным з папярэдніх аглядаў). Сёлета па-беларуску выйшлі яго «Менская трылогія» (пра злодзеяў і блатны свет сто гадоў таму), «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» (пра кантрабандыстаў у ваколіцах Ракава). Чарговая кніга — гісторыя прыходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь. Пясецкі апісаў гэтую падзею вачыма савецкага афіцэра Міхаіла Зубава. Ураджэнец расійскай глыбінкі, вайсковец, цалкам празамбіраваны палітрукамі. Ён верыць, што паўсюль жывуць горш, чым у Савецкім Саюзе. І паход у Заходнюю Беларусь успрымае выключна як вызваленне сялян ад «польскіх буржуяў». На справе ж выяўляецца, што ў Вільні, Лідзе, дзе ён знаходзіцца, нават рабочыя і сяляне бы тыя «буржуі» — добра апрануты, маюць дастатак на стале. Праз сваю заідэалагізаванасць з Зубавым здараюцца розныя кур’ёзы: то два гадзіннікі начэпіць на руку дзеля саліднасці, то тэрмас для чаю прыме за бомбу…

Пясецкі высмейвае савецкі лад, разам з тым і чалавечую прыроду падладжвацца: спачатку Зубаў славіць Сталіна, калі Гітлер нападае на Савецкі Саюз — нямецкага дыктатара, калі выяўляецца, што Вялікабрытанія стала саюзніцай СССР — Чэрчыля. Вобраз савецкага афіцэра зборны і ўласцівы для любой краіны. Чалавек, які не мысліць крытычна, можа лёгка стаць ахвярай якой заўгодна прапаганды.

Дарэчы, «Запіскі…» напісаны ў 1948 годзе. Прыход жа Саветаў у Заходнюю Беларусь Пясецкі бачыў сам, таму рэаліі ў творы аўтэнтычныя.

На беларускую мову з польскай кнігу пераклаў Алесь Астраўцоў.

Купіць кнігу

Аліна Длатоўская «Арнаменты»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

 

Маладая пісьменніца Аліна Длатоўская дэбютавала ў 2018 годзе кнігай «Ген зямлі». Тая аповесць — супергеройскае фэнтэзі з беларускім каларытам, у якім аўтарка разважае на тэму будучыні беларускай культуры і мовы.

Сёлета пабачыла свет другая кніга Аліны — «Арнаменты». У ёй яна таксама паслядоўна прытрымліваецца жанру фэнтэзі. Гэта гарадское фэнтэзі, у якім большасць падзей адбываецца ў Мінску: героі апынаюцца на Камсамольскім возеры, у Купалаўскім скверы, у Серабранцы.

Паводле сюжэта, вёскі выміраюць, следам за людзьмі ў гарады перабіраюцца і нячысцікі. У розных месцах сталіцы адбываюцца трагічныя здарэнні, якія на першы погляд падобныя да абсалютна верагодных. Напрыклад, часам людзі тонуць у гарадскіх вадаёмах. Але ж у дадзеным выпадку чалавек быў зацягнуты на глыбіню Вадзяніком, бо наважыўся купацца пасля Перунова дня, чаго рабіць нельга.

Длатоўская добра папрацавала з беларускай міфалогіяй, стварыўшы каларытныя вобразы нячысцікаў: кашэчага караля Варгіна, Апіўня, які цісне на чалавечыя залежнасці, Лесуна, які прымушае блукаць тых, хто непаважліва ставіцца да прыроды.

Змагацца з пачварамі выходзяць Ваяры Навальніцы, галоўны закон якіх — падтрымліваць баланс паміж нячысцікамі і людзьмі. Навальнічнікаў чакае сур’ёзная бітва.

Кніга аздобленая ілюстрацыямі ў стылі японскай мангі, якія стварыў мастак Васіль Шарапаў.

Купіць кнігу

Сара Лундберг «Птушка ўва мне ляціць куды захоча»

(Выдавецтва «Коска»)

Гэта кніга, якую можна з лёгкасцю параіць для чытання як падлеткам, так і дарослым. Дзеці ўбачаць у ёй гісторыю дзяўчынкі Бэрты, якая мае хобі, але яе тата не бачыць у тым практычнай карысці. Дарослыя ж будуць прымерваць на сабе ролю таго таты, як бы павялі сябе ў падобнай сітуацыі.

Вясковая дзяўчынка Бэрта жыве ў шматдзетнай сям’і. Яна мае любімы занятак — маляванне. Толькі вось рэальнасць не пакідае ёй магчымасці для самарэалізацыі — трэба дапамагаць па гаспадарцы, гатаваць.

«Думаю, калі б я была птушкай, то змагла б паляцець з нашай вёскі. Да іншага жыцця. Туды, дзе я была б той, кім я ёсць. Дзе ніхто не крычыць на мяне і не лічыць нязграбнай дзівачкай», — думае Бэрта.

У школе настаўнік не дазваляе маляваць так, як яна бачыць, — дзяўчынка павінна рабіць толькі як ёй кажуць. Тата не разумее яе занятку, лічыць, што мастак — не прафесія для дзяўчынкі. Толькі хворая мама ўспрымае занятак дачкі як нешта вартае.

Гэта кніга пра адвечную праблему дзяцей і бацькоў — адны хочуць самастойнасці ў самарэалізацыі, а другія не дазваляюць ім прымаць рашэнні.

Між іншым, у кнізе пісьменніца апісала рэальную гісторыю шведскай мастачкі Бэрты Хансан. Яна прайшла ў жыцці ад неразумення блізкіх да прызнання яе працы ў свеце. Сара Лундберг сама зрабіла і малюнкі да кнігі.

Са шведскай мовы кнігу пераклала Надзя Кандрусевіч. У Швецыі «Птушка ўва мне ляціць куды захоча» прызнана найлепшым творам для дзяцей у 2017 годзе. А ў Мінску да 10 лістапада праходзіць выстава ілюстрацый да яе (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3).

Купіць кнігу

Марыя Мартысевіч «Сарматыя»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

 

У верасні была ўручана прэмія імя Наталлі Арсенневай — за найлепшую кнігу паэзіі. Звычайна мы робім агляд кніг прозы, на гэты раз бонусам раскажам і пра «Сарматыю». Журы палічыла кнігу найлепшым, што выйшла ў мінулым годзе ў паэзіі. Варта ўвагі.

У папярэднія гады прэмію атрымлівалі паэты, бясспрэчна, крутыя, але чыя вяршыня творчасці засталася ззаду. Так, лаўрэатамі былі Уладзімір Някляеў і Алесь Разанаў. Выглядала, што і надалей будуць адзначаць ёй толькі заслужаных. Аказалася, не. Марыя Мартысевіч — паэтка з маладзейшага пакалення, каму да 40 гадоў.

«Сарматыя» — гэта паэма, напісаная ў выглядзе лістоў маладой замежніцы сваёй сястры. Жанчына трапіла ў дзікую Сарматыю, куды яе прывяло каханне. І яна расказвае, што гэта за краіна і якія норавы ў яе жыхароў. Сарматы — гэта напаўміфічныя качэўнікі, апісаныя яшчэ Герадотам. Менавіта гэтае племя ў Вялікім Княстве Літоўскім уважалі за продкаў шляхты. Краіны ж з такой назвай не існавала. А рэаліі ў кнізе Мартысевіч нагадваюць ХІХ стагоддзе на нашых землях.

Іх мужчыны як соль — рарытэтнае белае зло.

Пасмакуеш раз — і больш не свая сама ты.

Ты пытаесся, што мяне сюды прывяло.

Калі праўду, то — срамата аднаго сармата.

Ведаеш, пальцы трэба, каб імі пхаць,

а яшчэ бывае, што кончыкі іх нямеюць.

Іх мужчыны — арэлі: яны не ўмеюць кахаць,

але не кахаць яны таксама не ўмеюць.

Мяне душыць гэты адчайна-жаночы край,

але сэрца знае сваё — замірай ды стукай...

Я раздзялю з ім пекла, зямлю і рай — 

толькі спярша разбяруся з адной сукай.

Між іншым, «Сарматыя» сёлета ўжо адзначана прэміяй «Кніга года» (прэмія, у якой лаўрэата вызначаюць самі пісьменнікі, якія рэгіструюцца і галасуюць на адмысловым сайце).

Купіць кнігу

10-го поколения, экран 6" E-Ink Carta, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 7.8" E-Ink Carta, 1404 x 1872, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 6" E-Ink Carta, 758 x 1024, память 4 Гб, карты памяти
Снят с продажи

Падпісвайцеся на наш канал у «Яндекс.Дзен», каб не прапусціць цікавыя артыкулы і рэпартажы

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner и пішыце нам у Viber!