Некалі лічылася, што пісаць дэтэктывы — справа, не вартая рукі сапраўднага пісьменніка. Але часы мяняюцца. І сёння можна смела гаварыць, што стварыць цікавы дэтэктыўны раман дадзена не кожнаму аўтару. Па ўсім свеце чытаюць нарвежца Ю Нэсбё з яго серыяй кніг пра інспектара Хары Холе. І гэтыя кнігі не назавеш «нізкапробнай літаратурай». А ў Польшчы ёсць свой дэтэктыўшчык калібру Нэсбё — Катажына Бонда. Яе «Акулярніка», звязанага, між іншым, з беларусамі, выдалі па-беларуску. Расказваем пра раман Бонды і іншыя кніжныя навінкі ў нашым аглядзе.
(выдавецтва «Янушкевіч»)
Гэтым летам у перакладзе Анатоля Брусевіча выйшаў дэтэктыў сучаснай польскай пісьменніцы Катажыны Бонды «Акулярнік». Сама аўтарка неаднаразова падкрэслівала сваё стопрацэнтнае беларускае паходжанне, а сюжэт рамана мае дачыненне да беларусаў.
Падзеі разварочваюцца на Падляшшы ў Гайнаўцы (родны горад аўтаркі), куды па асабістых справах прыязджае прафайлерка Саша Залуска. Яна толькі нядаўна вярнулася ў Польшчу з Вялікабрытаніі і цяпер спрабуе разабрацца з уласным жыццём. Яе праца — дапамога паліцыі ў складанні партрэтаў (прафайлаў) злачынцаў. Без ведання асобы, толькі паводле месца злачынства і асаблівасцей здарэння яна можа вызначыць узрост, рысы характару і нават інтарэсы чалавека. Але ў ціхай і прыгожай Гайнаўцы пачынае адбывацца нешта змрочнае, і Сашы давядзецца раскрываць сакрэты гэтага невялікага мястэчка, якія прывядуць яе далёка ў гісторыю.
Падзеі рамана разварочваюцца ў некалькіх часавых пластах: ад 1946 года і трагічных гістарычных падзей, звязаных з бандай Рамуальда Райса (вядомага пад мянушкай Буры), да 2014 года, калі Саша Залуска трапляе ў Гайнаўку. Раман прысвечаны памяці бабулі Катажыны, у гонар якой пісьменніца атрымала імя. Бабуля была забіта ў 1946 годзе на Падляшшы падчас пагрому ў праваслаўных вёсках. Шасцігадовая маці Бонды засталася сіратой. У аснову рамана пакладзены сапраўдныя гістарычныя факты: зімой 1946 года банда Рамуальда Райса здзейсніла масавае забойства 79 праваслаўных беларусаў ва ўсходняй Польшчы. Пацярпелі выключна мірныя жыхары, сярод якіх былі жанчыны і дзеці. Праз два гады Райс быў арыштаваны і пакараны смерцю праз павешанне. Сваю віну ён так і не прызнаў.
У пасляслоўі аўтарка падкрэслівае, што не пісьменнік выбірае гісторыю, пра якую будзе пісаць, а гісторыя выбірае яго. Менавіта таму Катажыне было наканавана расказаць гэтую трагічную гісторыю беларускіх вёсак, трагічную гісторыю сваёй сям’і.
Дарэчы, на сайце «Фрагменты» ( https://fragments.by/) можна пазнаёміцца з урыўкамі кніжных навінак, у тым ліку і з раманам Бонды.
(Выдавецтва «Кнігазбор»)
Вінцэся Мудрова мы згадвалі ў нашым першым аглядзе, прысвечаным літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Ён тады заняў трэцяе месца з кнігай «Забойца анёла». З таго часу ў пісьменніка выйшаў новы зборнік апавяданняў. Як аўтар, які шмат гадоў піша толькі кароткую прозу, ён гэта робіць дасканала, ніводнага лішняга слова.
Тэматыку апавяданняў Мудрова можна агульна вызначыць як жыццё ў правінцыі. Гэта такі рэалізм. У кожную гісторыю, расказаную Мудровым, верыш. Бо сам калі не такое ж, то блізкае бачыш у жыцці пастаянна. Ці то п’янтосы, перапэцканыя і мокрыя, плятуцца па горадзе. Унук з сучасным мабільнікам і дзед, які не разумее карысці ад гэтакай прылады. Іншыя героі апавяданняў пісьменніка — грыбнікі — муж з жонкай і іх прыяцель — вырашылі праверыць, ці кінецца хто на дапамогу жанчыне, калі яе на вуліцы паспрабуюць згвалтаваць двое. Настаўнік — старшыня выбарчай камісіі — на вясковых выбарах у пасляваенны час…
На гэтым фоне асобна стаіць «Восень у Вільні» — самае вялікае апавяданне ў зборніку. Гэта гісторыя амаль на сем дзясяткаў старонак. Пісьменнік апісаў восень у Вільнюсе (тагачаснай Вільні) у 1939 годзе вачыма падлетка. У верасні 1939-га Германія нападае на Польшчу, пачынаецца Другая сусветная вайна. Немцы да Вільні не даходзяць, але тут з’яўляюцца савецкія салдаты, які пачалі паход у Заходнюю Беларусь. У кастрычніку і яны сыходзяць — Вільню і Віленскі край перадалі літоўцам, але гэта справы кіраўнікоў краін. Падлетак-беларус, ад імя якога і вядзецца апавяданне, думае пра іншыя рэчы.
Да прозы Мудрова ёсць адна заўвага. Большасць яго персанажаў, як у гэтым зборніку, так і ў папярэдніх, — людзі з савецкай эпохі. І рэаліі аўтар апісвае тыя, якія перажыў у маладосці. Перадае дух часу ён тонка, праўдападобна. Але гэта тое, чаго занадта ў яго прозе для сучаснага чытача.
(выдавецтва «Кнігазбор»)
Роберт ван Гулік — нідэрландскі пісьменнік і ўсходазнаўца, найбольш вядомы дзякуючы цыклу твораў пра суддзю Дзі. Засвоіўшы кітайскую мову і кітайскую каліграфію, як навукоўца ён займаўся вывучэннем розных аспектаў жыцця ў гэтай краіне ў мінулым. Так, ён напісаў грунтоўную манаграфію «Сэксуальнае жыццё Старажытнага Кітая».
Кніга складаецца з васьмі дэтэктыўных гісторый, якія расследуе ў кітайскіх правінцыях суддзя Дзі. Усе гісторыі звязаныя з забойствамі. Падзеі разгортваюцца ў іх па адной схеме: пасля выяўлення чарговай ахвяры з’яўляюцца і падазраваныя, якіх адразу ж арыштоўваюць, але выпадкова, а часам і не зусім выпадкова, у справу ўблытваецца суддзя Дзі. І ён, дзякуючы сваім назіральнасці і пранікнёнасці, знаходзіць сапраўдных злачынцаў. Нявінных вызваляюць, усе задаволеныя. Гісторыі з хэпі-эндам.
У чым адметнасць гэтага зборніка дэтэктыўных апавяданняў? Ван Гулік персанажа для сваіх твораў узяў з кітайскага дэтэктыўнага рамана васямнаццатага стагоддзя «Дзі Гун Ань». У аснову рамана пакладзена біяграфія рэальнай асобы Дзі Жэньцзэ, якая жыла ў 7-м стагоддзі. Ён быў акруговым суддзёй, дзяржаўным міністрам. І ван Гулік таксама рэальнага чалавека зрабіў героем сваіх апавяданняў, стылізаваных пад мінулае.
З англійскай мовы кнігу пераклала Ганна Янкута.
(выдавецтва «Регистр»)
Польскі пісьменнік беларускага паходжання Сяргей Пясецкі нарадзіўся ў горадзе Ляхавічы ў сям’і беларускі і паляка. Роднымі мовамі для яго былі беларуская і руская, а польскую засвойваў ужо ў сталым узросце ў турме, чытаючы Біблію і польскія часопісы. Жыццё пісьменніка было поўнае крымінальных прыгод: ён быў і кантрабандыстам, і агентам польскай ваеннай разведкі, і ў 1927 годзе за рабаўніцтва апынуўся ў турме з прысудам у 15 гадоў. Менавіта там у Пясецкага адкрыліся літаратурныя здольнасці, і ён пачаў ператвараць гісторыі са свайго жыцця ў літаратурныя творы. Турэмнай творчасцю Пясецкага зацікавіўся польскі журналіст і пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч, які дапамог выдаць раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». (Раней мы расказвалі пра «Менскую трылогію» Пясецкага.)
У аўтабіяграфічным рамане аўтар апісаў жыццё савецка-польскага памежжа ў 1920-я. Гэта два гады з паўсядзённага жыцця выдуманага кантрабандыста Уладзя Лабровіча, але ў творы Пясецкі згадвае і рэальныя факты са сваёй біяграфіі. Раман напоўнены кантрабандысцкім жаргонам, што дадае яму пэўнага каларыту. Дынамічны, напоўнены прыгодамі твор з непаўторным апісаннем побыту перамытнікаў (кантрабандыстаў), прыроды і зорнага неба. Мова Пясецкага даволі простая, але добра перадае атмасферу і дух часу.
Дарэчы, на надмагільным камені пісьменніка ў Гасцінгсе (Вялікабрытанія) высечаная Вялікая Мядзведзіца. Бо менавіта гэты твор стаў самым пазнавальным і вядомым у Пясецкага.
З польскай мовы кнігу пераклала Галіна Бенкевіч.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!