Бескампрамісны Бахарэвіч, раман пра блатны Мінск і правінцыйная бытавуха. Кніжны агляд Onliner

3383
01 марта 2019 в 14:48
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны. Фото: bookstore.lohvinau.by

Бескампрамісны Бахарэвіч, раман пра блатны Мінск і правінцыйная бытавуха. Кніжны агляд Onliner

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны. Фото: bookstore.lohvinau.by

Сто гадоў таму ў нашай краіне адбываліся вялікія палітычныя падзеі, як і ў цэлым на прасторах Расійскай імперыі. Але не толькі лозунгамі, мітынгамі жылі людзі ў правінцыйным Мінску. Напоўніцу расквітнела жыццё злачынцаў. І Сяргей Пясецкі напісаў тры захапляльныя раманы менавіта пра блатны свет у 1917—1919 гадах. Альгерд Бахарэвіч сваю новую кнігу прысвяціў таму ж Мінску, толькі ўжо сталічнаму, і расказаў, што ў ім дзеялася ў канцы мінулага стагоддзя. Валер Гапееў жа не парушыў правіла ў сваіх раманах выводзіць жыццё па-за сталіцай. Расказваем пра кніжныя навінкі гэтай зімы.

Альгерд Бахарэвіч «Мае дзевяностыя»

(выдавецтва «Янушкевіч»)

Восем гадоў таму Альгерд Бахарэвіч нароўні з мастацкай прозай пачаў пісаць кнігі нон-фікшн — непрыдуманую літаратару. Праўда, у выпадку з Бахарэвічам, гэта эсэ на самай мяжы ці нават спляценні мастацкага і непрыдуманага. Так ён напісаў «Малую медычную энцыклапедыю Бахарэвіча», «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Бэзавы і чорны»… І вось з’явілася новая кніга.

«Мае дзевяностыя» — бескампрамісная кніга пра маладосць і свабоду, пра ідэальны час для памылак і эксперыментаў. Бахарэвіч піша пра сябе, але расказвае пра краіну і людзей у той час.

Бахарэвічу — 44 гады. У дзевяностыя ён быў школьнікам, студэнтам, маладым спецыялістам. Ён быў сведкам знікнення Савецкага Саюза, зараджэння незалежнай Беларусі, шматтысячных мітынгаў, забастовак, выбараў, бясконцага росту цэн, з’яўлення новых грошай… Але кніга не пра гэта. А пра чалавека. Ён вядзе ад прыватнага да агульнага.

«З дзесяці галоўных хрысціянскіх запаветаў я парушыў роўна палову. Думаю, на гэтым пакуль што варта спыніцца. Не буду ўдакладняць, якімі менавіта божымі законамі я пагрэбаваў, — важна тое, што ўсе пяць былі парушаныя яшчэ ў дзевяностыя», — сам пісьменнік запрашае чытача ў падарожжа па сваёй маладосці.

Для старэйшага пакалення дзевяностыя былі цяжкім часам, панылым, змрочным. Для аднагодкаў аўтара ўсё інакш: гэта быў час драйву, свабоды — бо маладыя задумваюцца не пра кавалак хлеба найперш, а пра рэчы менш прыземленыя.

Пра сваю маладосць і не толькі Альгерд Бахарэвіч нядаўна расказваў у інтэрв’ю Onliner.

Купіць кнігу

Валер Гапееў «Пазл»

(выдавецтва «Галіяфы»)

Пісьменнікі, якія жывуць па-за Мінскам, часта пішуць пра тое, што адбываецца вакол іх — пра побыт у рэгіёнах. Толькі-толькі Алена Брава выдала раман пра правінцыйную багну, як у Валера Гапеева следам выйшаў «Пазл».

Гапееў вядомы і як дзіцячы пісьменнік, і як аўтар, які піша для дарослых. Прычым у яго даволі паспяхова атрымліваецца сумяшчаць: дзіцячыя творы атрымліваюць узнагароды, уваходзяць у школьную праграму, а дарослыя — уздымаюць важныя, а галоўнае, блізкія многім праблемы. Пра тое і ў «Пазле». Аўтар задаецца пытаннямі лёсу і перадвызначанасці нашага жыцця. Ці ўсё ў ім узаемазвязанае? Як уплываюць на яго розныя дробязі?

У сям’і Анішчукоў сын Максім трапляе ў войска. Драматызму сітуацыі дадае тое, што хлопец быў упэўнены ў адтэрміноўцы да восені. Гапееў паказвае недасканаласць беларускай вайсковай сістэмы: да ваенкома прыйшлі «свае» людзі і папрасілі аднаго прызыўніка і Максіма памяняць месцамі. І пайшоў апошні ў войска на паўгода раней. Стаў выпадковай ахвярай своеасаблівага перавышэння паўнамоцтваў.

Адсюль раскручваецца махавік, які прывядзе да трагічных падзей у жыцці хлопца і яго сям’і. Кампазіцыя і змест твора паказваюць нам, што жыццё — гэта пазл, які складаецца з рознакаляровых фрагментаў рознага памеру. Адныя больш значныя, другія менш, але разам яны складаюць стракатую карціну нашага жыцця.

У кнізе згадваюцца многія праблемы сучаснага беларускага грамадства: ад фальсіфікацыі выбараў да агульнага заняпаду палітычнай і крымінальнай сістэмы Беларусі. А таксама разглядаецца няпростая маральная дылема: ці мае чалавек права на помсту?

Купіць кнігу

Сяргей Пясецкі «Яблычак»

(выдавецтва «Логвінаў»)

Сяргей Пясецкі (1901—1964) нарадзіўся ў Ляхавічах у сям’і беларускі і паляка. Рэвалюцыі 1917 года ён сустрэў у Маскве, адкуль хутка выехаў у Мінск. Тут далучыўся да свету злачынцаў. Затым служыў у польскім войску. А па звальненні пераехаў у Ракаў (на польска-савецкае памежжа), дзе заняўся кантрабандай. Адначасова на тэрыторыі cавецкай Беларусі выконваў заданні польскай разведкі. Быў неўтаймаванай асобай. Ужываў наркотыкі. Здзейсніў рабаўніцтва, за што яго арыштавалі. У турме, адсядзеўшы ўжо каля сямі гадоў, убачыў у газеце абвестку пра літаратурны конкурс. І вырашыў напісаць раман пра свае справы з разведкай. Першыя дзве кнігі канфіскавала турэмная цэнзура. І толькі з трэцяй, «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», пра жыццё кантрабандыстаў, яму ўдалося прабіцца за турэмныя сцены. Кнігу заўважылі. Шэраг польскіх пісьменнікаў выступіў з просьбай вызваліць Пясецкага. Прэзідэнт Польшчы яго памілаваў. Так пачалася літаратурная кар’ера.

«Яблычак» — першая кніга «Менскай трылогіі». Раман прысвечаны злачыннаму свету Менска, падзеі адбываюцца ранняй вясной 1918 года. Першая сусветная вайна ператварыла Менск (менавіта так афіцыйна называлася беларуская сталіца) у прыфрантавы горад, куды пасцякаліся злодзеі, прастытуткі, махляры з бліжніх і дальніх гарадоў ужо былой Расійскай імперыі.

Галоўны герой кнігі — Аляксандр Баран. Ён паважаны злодзей, вылучаецца прафесіяналізмам. Загартаваны, не сентыментальны. Ды раптам закахаўся. Адсюль і пачаліся няшчасці.

Баран і некаторыя іншыя героі кнігі — рэальныя асобы. Пясецкі апісаў сапраўдныя прытоны, прыгоды персанажаў — напалову праўдзівыя. І ўсё адбываецца на вуліцах тагачаснага Менска. Залатая Горка, Лагойскі тракт, Серабранка, Сляпянская вуліца…

З польскай мовы кнігу пераклаў Віктар Шукеловіч. Да беларускага чытача яна трапляе ўпершыню.

Купіць кнігу

Сяргей Пясецкі «Гляну я ў аконца…»

(выдавецтва «Логвінаў»)

«Гляну я ў аконца…» — другая кніга «Менскай трылогіі». Дзеянні адбываюцца з вясны 1918-га па жнівень 1919-га.

Калі «Яблычак» можна назваць раманам лірычным, то ў гэтым ужо поўнае «пагружэнне» ў бандыцкае асяроддзе. Гэта зборнік гісторый пра злачынствы, аб’яднаны агульнымі персанажамі. Што праўда, амаль усе зладзействы ў кнізе Пясецкага — па-мастацку спланаваныя і «прыгожа» здзейсненыя.

Другая кніга трылогіі больш філасофская. Адна з галоўных думак у тым, што злачынцы маюць у жыцці больш болю, чым ліхіх памкненняў. Аўтар прыўзносіць іх, але не робіць з іх выключна станоўчых герояў. Пясецкі напоўніцу карыстаецца лексікай злачынцаў (у абедзвюх кнігах прысутнічаюць слоўнічкі). Блатны, фраер, шпагат, бімбер, хойрак, цынк…

Што ж такога злодзеі правярнулі ў Менску? Ясь вырашыў «нагрэць» уладальнікаў элітнай крамы тытунёвых вырабаў — мужа і жонку. Спачатку заходзіў пад выглядам багацея, каб да яго прывыклі. Праз нейкі час завітаў да іх з карцінай: маўляў, нёс скупшчыку, а таго няма дома, ці дазволяць пакінуць у іх на нейкі час. Паралельна ў краму нейкі час заходзіў і элегантны мужчына (яго прынялі за князя) і набываў дарагія цыгары (супольнік Яся). Падчас чарговага прыходу той убачыў карціну, што стаяла за прылаўкам. Папрасіў паглядзець. Сказаў, што жанчына на партрэце падобная да яго нябожчыцы маці. Прапанаваў купіць. Дорага. Пакуль муж з жонкай думалі, «князь» пакінуў задатак. І папрасіў у канкрэтны час прынесці карціну да яго ў гатэль — каб купіць за суму, якую вызначаць яны самі. Але акурат і Ясь прыйшоў. Жонка крамніка прапанавала выкупіць у яго тую карціну. Ясь прадаў. Сужэнцы меркавалі, што адразу пойдуць да «князя», дзе яму прададуць партрэт значна даражэй. У выніку і грошы аддалі Ясю вялікія, і «князя» больш не ўбачылі.

Кнігу пераклала з польскай мовы Марыя Пушкіна.

Купіць кнігу

Сяргей Пясецкі «Ніхто дабром не дасць збаўлення…»

(выдавецтва «Логвінаў»)

У трэцяй кнізе «Менскай трылогіі» на першы план выходзяць іншыя персанажы: у папярэдніх кнігах яны прысутнічалі, але іх ролі былі не цэнтральнымі. Яны знаходзіліся ў ценю Аляксандра Барана. А сам Баран цяпер стаў фігурай эпізадычнай.

У гэтай кнізе менш блатнога свету, злачынстваў, а ўсё больш палітычных перыпетый. Першая сусветная вайна хоць і скончылася ў лістападзе 1918-га, але рэальна нямецкія войскі сышлі з краіны значна пазней. І вось у апошнім рамане трылогіі падзеі развіваюцца, калі ў Менску пачалі гаспадарыць бальшавіцкія камісары. Яны сталі наводзіць свае парадкі. Для блатнога свету не засталося месца. Кожны са злачынцаў пачаў задумвацца пра пераезд, пра тое, каб завязаць са сваёй прафесіяй.

«Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — найперш пра той лад ці бязладдзе, якія захлынулі Менск з прыходам новай улады. Аўтар падрабязна спыняецца на злачынствах бальшавікоў (у жыцці Пясецкі спачатку быў блізкі да бальшавікоў, але хутка расчараваўся ў іх метадах кіравання). Але ў кнізе засталося таксама месца авантурам і прыгодам.

З польскай мовы раман пераклаў Віктар Шукеловіч.

Купіць кнігу

10-го поколения, экран 6" E-Ink Carta, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 7.8" E-Ink Carta, 1404 x 1872, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 9.7" E-Ink Carta, 825 x 1200, сенсорный, с подсветкой, память 16 ГБ, Wi-Fi
Снят с продажи

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэкста і фатаграфій Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by