Напачатку лістапада — Дзяды, дні, калі беларусы адмысловым чынам шануюць памерлых. Праваслаўныя ў Змітраўскую суботу наведваюць цэрквы і моляцца за спачылых. Каталікі адзначаюць Успамін усіх памерлых вернікаў 2 лістапада. Напярэдадні многія ідуць на могілкі, ставяць кветкі, запальваюць свечкі і лампадкі, ад якіх наваколле вечарам ператвараецца ў залаціста-чырвоную плынь. Карэспандэнт Onlíner наведаў некалькі беларускіх вёсак і падрыхтаваў атмасферны фотарэпартаж.
Сёлета Успамін усіх памерлых вернікаў, які традыцыйна адзначаюць 2 лістапада, прыпаў на выхадны — на нядзелю, а таму многія без асаблівых перашкод адправіліся на малую радзіму, каб прыбраць могілкі, сустрэцца са сваякамі і сябрамі, згадаць блізкіх, якіх ужо няма побач. У Рубяжэвічах, што ў Стаўбцоўскім раёне, людзі пачалі прыходзіць да магіл яшчэ ранкам, але і пасля апоўдня на гэтым лясным пагосце прыбіраюць магілы, выносяць на сметнік апалае лісце, ставяць каля помнікаў буйныя букеты і запальваюць свечкі.
Побач з магілай Іпаліты Меер мы сустрэлі яе ўнука. Зрабіўшы невялічкі перапынак, мужчына распавёў пра бабулю.
— Бабуля Іпаліта нарадзілася ў сям'і, у якой было 13 дзяцей, памерла ў 96 гадоў. У такім узросце ў яе была цудоўная памяць! Яна магла прыгадаць любыя мерапрыемствы, нават расказаць пра тое, хто ў чым быў апрануты. А чаму такая добрая памяць была? Бо елі здаровую ежу і чыстым паветрам дыхалі. А зараз што? Экалогія парушылася.
Суразмоўца кажа, што на могілках тут ніколі не ладзілі памінальнай вячэры. Той, хто хацеў, мог пасядзець дома. Цукеркі і печыва на магілах таксама не пакідалі. Знак пашаны — гэта кветкі і запаленыя свечкі або лампадкі.
Вось такі прыгожы помнік паставілі на магіле мясцовага жыхара Цыпрыяна Трызны, ягонай жонкі і ўнучак. Як распавялі сваякі Цыпрыяна, якіх мы сустрэлі на могілках, помнік сімвалізуе вежы рубяжэвіцкага касцёла: іх калісьці ўзводзіў Цыпрыян. На магільнай шыльдачцы так і напісана: «Пакрываў вежы, устанавіў крыжы і, падняўшыся на крыж, прамовіў: „Будаўніцтва касцёла завершана!“»
Едзем далей. Чым сутонне мацней паглынае прастору, тым выразней на гарызонце чырвонымі агеньчыкамі, нібыта маячкамі, вымалёўваюцца могілкі.
У Івянцы многія пайшлі на могілкі паставіць свечкі і лампадкі менавіта ўвечары. Каб было прасцей, людзі асвятлялі сабе шлях ліхтарыкамі і мабільнымі тэлефонамі.
Могілкі ў Багданаве знаходзяцца на ўзвышшы, а таму добра праглядаюцца здалёк.
А гэта ўжо Гальшаны. Удалечыні можна ўбачыць касцёл святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў.
Самых позніх наведнікаў мы сустрэлі на некропалі ў вёсцы Гароднікі, што побач з Ашмянамі. На гадзінніку ўжо было дзевяць вечара. Некаторыя імкнуцца за дзень наведаць адразу некалькі могілках, таму падобныя «адведзіны» часам пераўтвараюцца ў невялічкае падарожжа.
Адмысловым чынам маліцца за памерлых у касцёлах працягнуць і сёння — ва Успамін усіх памерлых вернікаў. У храмах пройдуць набажэнствы, а на могілках правядуць працэсіі з удзелам святароў.
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка