У Мінску 25 верасня ўручылі літаратурную Прэмію Гедройца. Найлепшай кнігай паводле меркавання журы стала «Libido» Іллі Сіна. Пісьменнік атрымае 14 000 рублёў прызавых.
Прэмія Гедройца ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы ці эсэ, выдадзеную ў папярэднім годзе на беларускай мове. І калі лаўрэат атрымлівае грошы, то за другое і трэцяе месцы прызы больш сціплыя — адпачынак у літаратурнай рэзідэнцыі на шведскім востраве Готланд і запіс аўдыёверсіі кнігі адпаведна.
Такім чынам, 1-е месца — «Libido» Іллі Сіна, 2-е месца — «Поўня» Міхася Андрасюка, 3-е месца — «Садомская яблыня» Алены Брава.
«За канцэптуальнае ўвасабленне светаадчування сучаснага грамадства і эфектыўнае выкарыстанне авангардысцкіх тэхнік пісьма», — з такой фармуліроўкай журы ўручыла галоўны прыз. Пра «Libido» мы расказвалі ў адным з нашых ранейшых кніжных аглядаў. Гэта кніга, напісаная ў жанры «жития святых», толькі з сучаснымі рэаліямі: апісанне духоўных подзвігаў, цудаў, але не падрабязнай біяграфіі. Як правіла, няма ўказанняў на дакладныя даты, геаграфічныя месцы. Галоўнае — учынкі. І Сін паводле гэтага канона стварыў «житие» адзінокай Марыі.
Аповесць Андрасюка адзначылі «за адметную інтэрпрэтацыю нацыянальнай міфапаэтычнай традыцыі». Гэта рэфлексія пра мінулае сваёй сям’і, спляценне ўспамінаў і сноў. Твор, у якім ява перамяжоўваецца з аўтарскімі мроямі. Кніга выдадзена ў Беластоку беларускай дыяспарай. Андрасюка можна лічыць апошнім празаікам з Беласточчыны, які сур’ёзна піша па-беларуску.
Раман Алены Брава, пра які таксама чытайце ў адным з папярэдніх аглядаў, журы адзначыла «за глыбіню сацыяльнай дыягностыкі сродкамі мастацкай літаратуры». Гэта раман пра правінцыйную багну, у якую зацягвае 42-гадовую Інгу, маці-адзіночку.
У гэтым годзе ў прэмію ўвялі намінацыю — «Выбар Алексіевіч». Сяргей Календа за кнігу «Часам панкі паміраюць» атрымаў iPhone Xr ад нобелеўскай лаўрэаткі.
Між іншым, сёлета на прэмію не прэтэндавалі папулярныя пісьменнікі Андрэй Горват, Віктар Марціновіч і Альгерд Бахарэвіч. Апошні заявіў, што выступае супраць вылучэння яго кнігі «Мае дзевяностыя»: пісьменнік пяць разоў удзельнічаў у прэміі і займаў другое альбо трэцяе месцы. Раман «Ноч» Віктара Марціновіча адсеклі яшчэ на стадыі фарміравання кароткага спісу з шасці кніг: твор туды не патрапіў. А «Прэм’еру» Горвата журы не ўключыла нават у доўгі спіс.
Літаратурная прэмія носіць імя польскага інтэлектуала Ежы Гедройца, які нарадзіўся ў Мінску. У папярэднія гады яна мела розныя сумы прызавых — ад 10 000 да 5000 еўра. У мінулым годзе лаўрэатам стаў Уладзімір Арлоў з кнігай «Танцы над горадам». Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр.
Падпісвайцеся на наш канал у «Яндекс.Дзен», каб не прапусціць цікавыя артыкулы і рэпартажы
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner и пішыце нам у Viber!