4956
132
15 января 2019 в 11:55
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны
Новы Горват, раман пра правінцыйную багну, дэтэктыў на трасянцы. Кніжны агляд Onliner

Пад канец 2018 года шэраг беларускіх пісьменнікаў разрадзіўся выхадам новых кніг. Ад кагосьці з іх, як ад Алены Брава, чарговую кнігу чакалі амаль сем гадоў. А ў выпадку з Андрэем Горватам хутчэй чакалі яго вяртання ў Facebook (пісьменнік выдаліў свой акаўнт паўгода таму — патлумачыў такі ўчынак жаданнем жыць рэальнасцю, а не ў паралельным свеце інтэрнэту), чым такой «хуткай» другой кнігі. Знаёмім, пра што расказваюць кніжныя навінкі.

Андрэй Горват «Прэм’ера»

(Выдавецтва «Медысонт»)

 

У атмасферы поўнай сакрэтнасці пабачыла свет другая кніга Андрэя Горвата. Інфармацыя пра яе выхад да старту продажаў нідзе не з’явілася. Аўтар вырашыў усё рабіць па-ціхаму. Дзяліцца пакупкай на сваіх старонках у сацыяльных сетках пачалі самі чытачы, якія выпадкова натрапілі на кнігу (яна, дарэчы, прадаецца толькі ў дзвюх кропках у Мінску).

У «Прэм’еры» аўтар ужо не Андрусік, а Андрэй. А дзённікавыя запісы ператварыліся ў дзённікавую аповесць. Толькі гэта стыль таго самага Горвата — меланхалічны, дасціпны, займальны.

Сюжэтна кніга з’яўляецца лагічным працягам «Радзіва „Прудок“». Твор закальцаваны спектаклем, які паставілі ў Купалаўскім тэатры паводле першай кнігі: усё пачынаецца рэпетыцыяй, а заканчваецца прэм’ерай. У аповесці вачыма старонняга назіральніка паказана ўнутранае жыццё Купалаўскага, так званая «творчая кухня»: падрыхтоўка да спектакляў, рэпетыцыі, зносіны ў тэатральным калектыве і г. д. Яшчэ ў сюжэце з’яўляюцца разважанні, уражанні Андрэя ад вандровак па Еўропе, пошукі сябе і свайго месца ў свеце. Ці знайшоў? Даведаецеся, прачытаўшы твор.

Кніга аздобленая каляровымі ілюстрацыямі Святланы Рыжыкавай, якія выдатна дапаўняюць тэкст.

Аўтар не ладзіў гучных прэзентацый і аўтограф-сесій, таму мы, на жаль, не зможам параўнаць чаргу чытачоў з той, што стаяла да Віктара Марціновіча па яго «Ноч». Пакуль. Пустэльнік Горват, думаецца, усё-такі выйдзе да людзей, калі тысячны наклад «Прэм’еры» скончыцца (наклад яго «Радзіва…» у суме ўжо дасягнуў сямі тысяч).

Андрэй Федарэнка «Сузіральнік»

(Выдавецтва «Кнігазбор»)

 

Андрэй Федарэнка — з тых аўтараў, чые кнігі чытаць аднолькава цікава. Ці то гэта раман пра паўстанне 1920 года «Нічые», ці то гэта аповесць пра маладзенькага, няўпэўненага ў сабе вясковага бібліятэкара ў «Вёсцы». Федарэнка — віртуозны пісьменнік-традыцыяналіст. Ён піша так, як і дзясяткі гадоў таму гэта рабілі найлепшыя аўтары. Ён умее ў любую колькасць старонак упісаць сюжэт. Што паспяхова і робіць. Праўда, пісьменнік усё радзей піша творы, большыя за сотню старонак.

Вось і ў «Сузіральніках» Федарэнка не стаў ужываць вялікіх формаў. Кнігу склалі дзве аповесці («Ксю», «Сузіральнікі»), два апавяданні («Сахалінка», «Шчасце»), два эсэ («Манголія», «Пташнікаў»).

Вясковец Лёня паехаў на Ждановічы па стартар для сваёй Kia. А ў Мінску, куды заехаў пасля, сустрэў Ксю — пляменніцу старэйшага сябра, з якой пятнаццаць гадоў не бачыўся. І Лёня пачынае ўзгадваць, як вярнуўся з арміі, пайшоў працаваць на чыгунку. Як пачаў «разрывацца» паміж «уяўна даступнай» Святланай, другой сябравай пляменніцай, і «маленькай пяшчотнай сяброўкай» сямнаццаці гадоў Ксю. Са Святланай нічога не атрымалася. Але вось з Ксю іх звязвала куды больш…

Муляр-бетоншчык Шаўцоў-Бузук са «Шчасця» неяк трапіў на халтуру да пісьменніка. Той пасля працы запрасіў рабацяг за стол. А за чаркай і пацякла размова. Шаўцоў-Бузук з той размовы і памяняў сваё жыццё. У Федарэнкі галоўнае — паводзіны людзей. Тое, што ён асабліва добра выпісвае ва ўсіх сваіх творах.

Алена Брава «Садомская яблыня»

(Выдавецтва «Галіяфы»)

  

Без твораў Алены Брава немагчыма ўявіць сучасную беларускую літаратуру. Яна піша мала, але кожная яе кніга — падзея. Таму «Садомская яблыня» была сапраўды доўгачаканай.

Раман прасякнуты атмасферай безвыходнасці, у якой знаходзіцца галоўная гераіня, 42-гадовая журналістка Інга Куродым. Яна жыве ў горадзе Мірапольску і працуе на мясцовым тэлебачанні. Жанчына спрабуе вырвацца з правінцыйнай багны, але чым больш караскаецца ўверх, тым больш багна паглынае яе. Увесь твор — скарга жанчыны на жыццё і свет вакол. Яна маці-адзіночка, якая ўвесь час гадавала сына насуперак абставінам і змагалася за існаванне ў маленькім горадзе, дзе кожны жыхар навідавоку.

З першых старонак тэкст абрынаецца вам на галаву, бо напісаны твор мовай, поўнай канцылярызмаў і штампаў. Персанажы не проста выкарыстоўваюць канцылярыт у сваёй працы, але і так думаюць.

Кніга актуальная для нашага часу, калі шырока абмяркоўваюцца пытанні гендарнай роўнасці. Гэта аб’ёмны і насычаны раман, чытанне якога не будзе простым, але чытацкая асалода ад пераадолення апошняй старонкі кнігі будзе вялікай.

Каміла Цень «Сакрэт фірмы»

(Выдавецтва «Электронная кнігарня»)

 

Дэбютная кніга загадкавай Камілы Цень (яна так і не раскрыла свайго сапраўднага імя) «Я прыду за табой у аўгусце» была вельмі прыязна ўспрынята чытачамі. Яна абрала арыгінальную манеру аповеду: увесь твор напісаны трасянкай. На гэты раз аўтарка пайшла далей, спалучыўшы ў новай кнізе адразу тры часткі на розных мовах: персанажы гавораць па-беларуску, па-руску і на трасянцы.

На месцы галоўнага героя кнігі марылі б апынуцца многія — у пошуках працы ён выходзіць на вакансію, дзе нічога не трэба рабіць. І гэта не жарт: кожны дзень Міхась Мысліўчык прыходзіць, самастойна адчыняе дзверы ў пусты офіс, сядзіць там поўны рабочы дзень з перапынкам на абед і ідзе дадому. Што цікава, зарплата таксама стабільна залічваецца на картку. Многія б парадаваліся такому падарунку лёсу, але толькі не Міхась, які пачынае шукаць падвох.

Жыццё сутыкае яго з жанчынай, ужо знаёмай чытачам па папярэднім дэтэктыве Камілы Цень, — Зінаідай Юр’еўнай, катралёркай грамадскага транспарту. Гэтая няўрымслівая кабета ўжо раскрыла адно злачынства і не збіраецца спыняцца. Ну а што застаецца рабіць простай жанчыне, калі праваахоўнікі не выконваюць сваю працу? Трэба ўсё браць у свае рукі. Вось такая яна, Wonder Woman у беларускіх рэаліях.

Зінаіда Юр’еўна з лёгкасцю выходзіць на чыстую ваду злачынцаў… Мінус кнігі — яна хутка заканчваецца.

Ілля Сін «Libido»

(Выдавецтва «Кнігазбор»)

Ілля Сін — ветэран беларускага постмадэрнізму. У анатацыі сказана, што гэта першая яго кніга, у якой ёсць такія ўласцівасці прозы, як герой і сюжэт. Ёсць. Толькі развіваюцца яны не так, як, напрыклад, у прозе Андрэя Федарэнкі. І сувязь зместу твора з тэрмінам з псіхааналізу Фрэйда, як можаце падумаць з назвы, не такая відавочная.

Марыя, якую тата хацеў назваць Васілісай, а назвалі па патрабаванні мамы, нарадзілася ў «адным невялічкім гарадку СССР». Тата хутка выправіўся на камсамольскую будоўлю, і больш яго не бачылі. Вось з такім багажом галоўная гераіня кнігі «выплывае» ў нашым часе.

У жыцці Марыі ўсё няпэўна. Аўтар не называе не толькі горад, у якім яна жыве, але і ўзрост (яго можна вызначыць толькі па агульным апісанні — «нестарая кабета»). У горадзе яе ніхто не ведае. Дома ніхто не чакае. Яна дапрацоўвае апошні дзень на дзіцячай чыгунцы перад закрыццём на зімовы сезон. І кладзецца ў «спячку». Побач з горадам вайна. «Гэта мёртвая зона, нецікавая ніводнаму з бакоў канфлікту, і снарады ды ракеты пралятаюць недзе над галавой». Імёны ў герояў звычайныя, тыповыя для многіх постсавецкіх краін. Але з амаль стопрацэнтнай верагоднасцю можна лакалізаваць мясцовасць, калі ўважліва чытаць кнігу — напачатку ёсць важная дэталь.

Неўпарадкаванае жыццё, рэдкія і выпадковыя каханкі. Здыхлік (злодзей), Сяргей, мастак (з якім за пяць апошніх гадоў адчула аргазм і якога застрэлілі — прыехаў добраахвотнікам ваяваць). Але гэта ўсё не тыя, каго чакае Марыя. Чакае і ўсё-ткі сустракае… Гэтая кніга пра жанчыну, але без феміністычных ідэй.

экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 1080 x 1440, сенсорный, с подсветкой, Wi-Fi
экран 6.8" E-Ink Carta, монохромный, 1080 x 1440, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны