Пяць беларускіх кніг гэтай восені, якія варта прачытаць

8073
06 ноября 2018 в 15:18
Источник: Наста Карнацкая

Пяць беларускіх кніг гэтай восені, якія варта прачытаць

Источник: Наста Карнацкая

Для многіх людзей восень — гэта час, калі хочацца, як бы банальна гэта ні гучала, збегчы ад дажджоў і холаду, заварыць гарачай гарбаты, накрыцца пледам і пагрузіцца ў цудоўны свет літаратуры. На выпадак, калі вам патрэбна такая тэрміновая кніжная дапамога, мы падрыхтавалі падборку гарачых беларускіх навінак.

Юлія Шарова «Вяртанне Ліліт»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

Сродкі на выданне гэтай кнігі збіраліся на краўдфандынгу, а першы сказ апісання праекта быў даволі інтрыгуючы: «Добрыя дзяўчынкі трапляюць у Рай, а кепскія — у Беларусь». Для Юліі Шаровай гэта ўжо другая кніга, першая — «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік» — выйшла ў 2012 годзе толькі ў электронным выглядзе. Сюжэт твора пабудаваны вакол аднаго з захапленняў аўтаркі — опернага мастацтва, а ў аснову кнігі «Вяртанне Ліліт» Юлія паклала яшчэ некаторыя свае хобі — астралагічную псіхалогію і варажбу на картах Таро.

Падзагаловак сведчыць, што гэта астрапсіхалагічны раман, сама аўтарка мяркуе, што твор можна назваць феміністычным раманам з элементамі магічнага рэалізму і сацыяльнай сатыры, і з ёй немагчыма не пагадзіцца. А калі прасцей, то гэта твор пра нас з вамі, а таксама пра тую медыяпрастору, у якой мы жывём. З элементамі містыкі, вядома ж.

Першая жонка Адама, Ліліт, трапляе ў сучасны Мінск, бо ў раі і пекле існаваць не змагла. Бог і Д’ябал дазволілі ёй жыць бясконца, але толькі на Зямлі, пераўвасабляючыся ў розных жанчын. І цяпер Ліліт спрабуе выжываць у сталіцы, знаходзячы новыя спосабы заробку і заводзячы цікавыя кантакты як з людзьмі, так і з прадстаўнікамі жывёльнага свету. Напрыклад, непасрэдны ўдзел у сюжэце прымае кот аўтаркі Мурмур. Сярод герояў твора таксама пазнаюцца вядомыя беларускія медыйныя асобы, блогеры, журналісты.

Спалучэнне містычнага з рэалістычным стварае асаблівую атмасферу, а прыемная мова і захапляльны сюжэт не даюць адарвацца ад кнігі, таму яна дакладна стане добрым спадарожнікам у цёмныя вечары, калі вам захочацца дадаць у свае будні крышачку містыкі.

Віктар Марціновіч «Ноч»

(Выдавецтва «Кнігазбор»)

Першыя дні пасля выхаду новага, ужо шостага рамана Віктара Марціновіча ў інтэрнэце абмяркоўвалі пераважна чаргу, якая склалася 12 кастрычніка ў Мінску падчас аўтограф-сесіі: каб атрымаць подпіс аўтара, трэба было прастаяць каля кнігарні «Акадэмкніга» не адну гадзіну. Увогуле, творы Марціновіча карыстаюцца вялікай папулярнасцю, пра што сведчаць і наклады яго кніг, і дадрукоўкі накладаў, а першыя выданні амаль немагчыма адшукаць у кнігарнях. Пасля выхаду кнігі аўтара даступныя адразу на дзвюх мовах, а мову, на якой уласна пішуцца творы, Віктар чаргуе: адзін раман піша па-руску, другі па-беларуску. Да таго ж вельмі часта электронны варыянт кнігі трапляе ў сеціва амаль адначасова з выхадам папяровага выдання, што яшчэ больш пашырае кола яго патэнцыйных чытачоў.

Новы раман «Ноч» падаецца як рукапіс невядомага аўтара, які герой з незвычайным іменем Саціш Сівачарыяр купіў у старызніцкай крамцы ў індыйскім горадзе Калката і пераклаў на англійскую мову, а Віктар Марціновіч, у сваю чаргу, падрыхтаваў рукапіс для беларускага чытача. У творы мы бачым постапакаліптычны свет, дзе над Беларуссю згасла сонца і запанавала вечная ноч. Галоўны герой з сабакам выпраўляецца з роднай Грушаўкі ў доўгі шлях.

Твор прасякнуты адсылкамі і алюзіямі на сусветную і беларускую літаратуру, а сам Віктар прызнаецца, што ўся кніга — балада Караткевічу. Сапраўды, у «Ночы» мы пазнаём уплыў яго рамана «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі») і іншых твораў.

Чаго вельмі не хапае ў творы, дык гэта мапы, каб лепш уяўляць, у што з наступленнем «ночы» ператварыўся Мінск, якім чынам ён падзяліўся на аўтаномныя ўтварэнні, напрыклад, Матрыярхат Зялёны Луг, Братэрства Аўтаз ці родная для героя Вольная Муніцыпалія Грушаўка. Але самыя настойлівыя чытачы могуць паспрабаваць самастойна намаляваць новы свет паводле Марціновіча.

Юры Станкевіч «Бесапатам»

(Выдавецтва «Галіяфы»)

 

У канцы лета выдавецтва «Галіяфы» парадавала прыхільнікаў творчасці Юрыя Станкевіча зборнікам яго выбраных твораў. Кніга складаецца з аповесцяў «Апладненне ёлупа», «Лавец святла поўні», «Бесапатам», рамана «Любіць ноч — права пацукоў», а таксама апавяданняў «Візіт да амазонкі» і «Брат». Яшчэ да выхаду кнігі выдавецтва прапанавала чытачам самастойна вызначыць, якой будзе яе вокладка. Мастачка Маргарыта Сянькова падрыхтавала 6 варыянтаў, а падпісанты выдавецтва ў сацыяльных сетках галасаваннем выбралі пераможцу.

Асаблівую цікавасць у кнізе ўяўляе раман «Любіць ноч — права пацукоў», які ўжо даўно стаў культавым для аматараў прозы Станкевіча, ды і для беларускай літаратуры ў цэлым. Галоўны герой рамана Даніла Прусак атрымлівае ліст ад сястры Любы, у якім яна скардзіцца на чужынцаў, што пасяліліся побач. Яны раптоўна зваліліся на галаву, а цяпер не даюць спакою не толькі ёй ці суседзям, але і ўсяму гораду. Цяпер яны тут гаспадары. Даніла выпраўляецца да сястры, але там яго чакае непрыемнае адкрыццё.

Многія творы ў кнізе маюць апакаліптычны настрой, і ў іх адлюстроўваецца не самая радасная будучыня. Станкевіч задумваецца над лёсам чалавецтва, таму яго творы заўжды напоўненыя глыбокімі развагамі на гэтую тэму.

Кніга, якая можа афарбаваць восеньскую ноч у яшчэ больш змрочныя колеры.

Каміла Цень «Я прыду за табой у аўгусце»

(Выдавецтва «Электронная кнігарня»)

 

Трасянка як мастацкі прыём прыйшла ў літаратуру не так даўно. Спачатку пісьменнікі ўкладвалі яе ў вусны асобных персанажаў, а пазней сталі выкарыстоўваць у якасці асноўнага сродку пісання.

Дэбютная кніга аўтаркі, якая хаваецца пад псеўданімам Каміла Цень, цалкам напісана на трасянцы і ўяўляе сабой драматычную споведзь кантралёркі грамадскага транспарту Зінаіды Юр’еўны. Аднойчы яе рабочы дзень заканчваецца нечаканым здарэннем: на канцавым прыпынку ў транспарце яна знаходзіць труп мужчыны. Міліцыя не бачыць у смерці нічога крымінальнага, лічачы, што гэта проста чарговы п’яніца, які забіўся ў стане алкагольнага ап’янення, але для кантралёркі з абвостраным пачуццём справядлівасці ўсё не так відавочна. Таму Зінаіда Юр’еўна, простая жанчына з Заводскага раёна, распачынае ўласнае расследаванне.

Кніга невялікая па аб’ёме і выйшла толькі ў электронным выглядзе, але ўжо паспела ўскалыхнуць літаратурную прастору. Многія абвінавачвалі аўтарку ў неаўтэнтычнасці трасянкі, але ўсім скептыкам Каміла адказала на сваёй старонцы ў Facebook, што гэта тая трасянка, якая акружае яе ў паўсядзённым жыцці, а творы мусяць гаварыць мовай сваіх персанажаў.

Аднак многім твор усё ж такі прыйшоўся даспадобы, пра што сведчыць вялікая колькасць ухвальных водгукаў чытачоў у інтэрнэт-прасторы. Кніга стала чарговым пацверджаннем таго факту, што, каб зацікавіць чытача, не патрэбны вялікія наклады і шматстаронкавыя папяровыя выданні. Часам людзям проста трэба даць тое, што прымусіць іх усміхнуцца і правесці некалькі прыемных гадзін за лёгкай кнігай.

Павал Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

 

У мінулым годзе беларусы святкавалі 500-годдзе выдання Францыскам Скарынам Бібліі. Сваю новую кнігу пісьменнік і перакладчык ізраільскай літаратуры Павал Касцюкевіч прысвяціў менавіта гэтаму маштабнаму юбілею.

Ці думалі вы, што біблейны нон-фікшн можа быць гумарыстычным і захапляльным? Улічваючы, што словы «смех» і «смяяцца», як сцвярджае аўтар, сустракаюцца ў Старым Запавеце толькі адзін раз. Сваёй новай кнігай Павал Касцюкевіч набліжае Біблію да простага чытача. «Бульба ў райскім садзе» — беларускі праваднік па Старым Запавеце (ТаНаХу).

З першай старонкі аўтар агаломшвае чытача: аказваецца, першае імя ўласнае, якое згадваецца ў Старым Запавеце, гэта кракадзіл. Паводле слоўнікаў сучаснага іўрыту слова «танін», ужытае ў тэксце, перакладаецца менавіта так. Не самая прывабная істота, але ўсё не так проста, у чым вы ўпэўніцеся, прачытаўшы кнігу. А таксама даведаецеся, дзе і як з’явіўся адзін з першых пашпартных кантроляў на мяжы (спойлер: на пераправе праз раку Іардан). І яшчэ трошкі нечаканай інфармацыі: ці ведалі вы, што першым партызанам у гісторыі чалавецтва быў цар Давід?

Процьма розных цікавостак сустрэнуцца вам у гэтым зборніку эсэ. Можна паназіраць, як Бог і змей-спакуснік развярнулі сваю перадвыбарную праграму ў Эдэме сярод двух выбарцаў, і паглыбіцца ў мовазнаўства і словаўтварэнне ў іўрыце. А таксама вы даведаецеся гісторыю адраджэння гэтай мовы. Вас чакае кароткі пералік дат, якія спрыялі таму, што ў сучасным Ізраілі ў наш час карыстаюцца іўрытам. Жывасці гэтай і без таго даволі дынамічнай кнізе дадае асабістая гісторыя аўтара, як 10 гадоў таму ён вярнуўся ў Беларусь, трымаючы ізраільскі пашпарт у кішэні, і зразумеў, што аб’ядноўвае яго сітуацыю з выгнаннем з раю.

Электронныя кнігі ў каталозе Onliner

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!