Кнігі Марціновіча перакладаюцца на англійскую і нямецкую, выдаюцца ў ЗША, Расіі, Германіі. Хутка яшчэ і мастацкі фільм з’явіцца. У кастрычніку ў Віктара выйшаў чарговы раман — «Ноч». У інтэрв’ю Onliner.by Марціновіч расказвае пра новую кнігу, заробкі пісьменніка, сапраўдны Мінск, асабістае жыццё і сваю паспяховасць.
— Пра што раман «Ноч»?
— Марыя Роўда назвала яго вельмі маскулінным творам, творам для такога Мэла Гібсана. Там асноўны сюжэт у тым, што чалавек з ружжом і сабакам валачэцца праз вельмі дзіўны свет, у які ператварылася Беларусь. І ён сутыкаецца з цяжкасцямі... Раман адрозны ад усяго папярэдняга, але не менш круты.
— Я сустрэў іншы пераказ рамана. Знікае Сонца, надыходзіць вечная ноч. Па вуліцах ужо не бегаюць коцікі і сабачкі, бо іх з’елі. А галоўны герой выпраўляецца на пошукі каханай, з якой акурат перад надыходам ночы абарвалася сувязь. Гэта happy love story?
— Я бачыў гэты тэкст. З яго вынікае, што кніга — фэнтэзі. Але гэта не так. Усё перакруціцца такім чынам, што зробіцца амаль рэалізмам. Гэта добрая прэамбула, але раман не пра тое. Гэта проста нейкая мізансцэна, з якой пачынаецца разгортвацца дзея. Што тычыцца хэпі-энду. Мой папярэдні раман «Возера радасці» быў заяўлены як раман з хэпі-эндам. Але людзі дачыталі і пытаюцца, што за маркотная гісторыя атрымалася? У выпадку з новай кнігай пра хэпі-энд казаў ужо не я — першыя чытачы.
Чаму «Ноч» варта чытаць? Я ставіў задачу вярнуць у беларускую, еўрапейскую літаратуру героя. Калі мы чытаем Лондана ці Хемінгуэя, мы бачым у іх творах гераінь/герояў, падобнымі да якіх хочацца быць. Постмадэрн усіх гэтых герояў прыбраў. Яны сталі такімі млявымі інтэлектуаламі. А тут нешта такое, як быць чалавекам. Кніжка пра не менш маркотныя выпрабаванні, праз якія мы праходзім штодня. Я не хацеў гэтым разам пісаць, чым ёсць Беларусь сёння. Я стварыў фантастычны сусвет, які, тым не менш, вельмі перасякаецца з усімі нашымі выпрабаваннямі. І паказаў героя — як ён мусіць ісці, каб захаваць сваю чалавечнасць.
— Раман «Ноч» выйшаў па-беларуску ў Мінску. Пераклады на іншыя мовы толькі плануюцца. Чаму для вас важна было выпусціць кнігу спачатку тут?
— Праблема ў тым, што ты можаш шмат вандраваць... «Ноч» пачынала пісацца ў Цюрыху, дзе я правёў першую палову мінулага года на літаратурнай рэзідэнцыі. Яшчэ нават да Цюрыха, у Берліне, я адчуў, што каб пісаць, трэба жыць у Беларусі. Беларусь — крыніца ўсяго. Найперш гэта крыніца невычарпальнага абсурду. І так атрымліваецца, што без гэтага абсурду ты не можаш рухацца наперад.
У кнізе шмат рэчаў, якія могуць быць дакладна выражаны выключна па-беларуску. Рускамоўную версію давялося проста часткамі перапісваць. Напрыклад, ёсць такі момант, дзе галоўны герой гаворыць з чалавекам, які да нядаўняга часу быў чыноўнікам і ездзіў на вялікай чорнай машыне. І грэбаваў мовай. Але тут нешта здарылася, і ён пачаў размаўляць з галоўным героем па-беларуску. Дакладней, на сумесі ўкраінскай, польскай і немаведама якой яшчэ — атрымалася смешная мова. І калі ў яго пытаюцца, як здароўе, ён адказвае: «Мне похвы баляць» (похва — унутраны палавы орган жанчыны. — Заўв. Onliner.by). І гэта не перакласці. Каб захаваць па-руску, давялося перапісаць.
— Выхад вашых кніг у ЗША, Расіі, Германіі — гэта і ёсць прызнанне, поспех?
— Насамрэч поспехам я буду лічыць, калі мяне запросяць у Ашмяны, дзе я нарадзіўся, у раённую бібліятэку на сустрэчу. Там няма кнігарні, кінатэатр, здаецца, зачыніўся. Але там жыве 16 000 маіх землякоў. Усё астатняе — жартачкі.
Выхад кніжак за мяжой... За «Мову», напрыклад, я атрымаў прэмію «Еўракон». Але гэта ўсё не параўнальна. Трэба быць паспяховым тут. Трэба рабіць так, каб людзі, якія размаўляюць на тваёй мове, цябе пазнавалі, ганарыліся табою, казалі, што твае кніжкі добрыя.
— А без выхаду кніжак за мяжой ці зверне наш чытач увагу на свайго пісьменніка?
— Андрусь Горват. На яго ж звярнулі ўвагу.
— Адзін Горват на ўсю Беларусь.
— Канечне, трэба гучаць яшчэ дзе-небудзь, каб беларусы звярнулі на цябе ўвагу. Замежны поспех важны. Але ў мяне няма адчування... «Мова» зараз перавыдаецца ў мяккай вокладцы ў Random House (амерыканскае выдавецтва. — Заўв. Onliner.by). Я там выходжу ў серыі, у якой выдаецца Муракамі. Гэта крута. І калі я чытаю, як мой літаратурны агент піша ўнутраную рэцэнзію і параўноўвае «Ноч» з Муракамі — гэта прыемна. Але я не ведаю, як тыя замежнікі чытаюць тэксты пра Беларусь. Мае кнігі прызначаны ў першую чаргу для суродзічаў, мінчукоў. І «Ноч» — у вялікай ступені пра Мінск. Там праспяваная ода гэтаму гораду. Мне здаецца, любы замежнік, прачытаўшы гэты твор, захоча наведаць Мінск. Адна мая сяброўка, якая жыве ў Ізраілі, сказала, што яна наўмысна паехала ў Грушаўку, каб паглядзець мясціны, якія апісваюцца ў кнізе. У Грушаўцы пачынаецца дзеянне кнігі. Мне трэба было знайсці кацельню, здольную дагэтуль працаваць на вуглі, каб змясціць дзею туды. Бо газ і бензін у гэтым свеце, па рамане, больш не паляцца. І ў Грушаўцы засталася кацельня, ператвораная ў гаражную майстэрню, кацельня з катлом, якая да сёння працуе на вуглі. Грушаўцы спеты такі дыфірамб. Гэта гімн Мінску.
— Але Мінск даволі змрочны ў рамане.
— Не. Акалічнасці, варункі, сцэны там змрочныя, але людзі ўсе крутыя. Канечне, там здараюцца нейкія змрочныя рэчы. І там вельмі шмат страхаў. Людзі сядзяць і думаюць, што за сцяной — роспач, свінагаловыя, казлакапытыя ядуць адно аднаго. А пасля героі наважваюцца выйсці за сцяну. Аказваецца, што ўсе страхі, усе фэйкавыя навіны, якія даходзілі да іх, маюць сваё вытлумачэнне. Не буду больш спойлерыць. Там крута ўсё. І гэта не ў форме гістарычнага эсэ, а ў форме трылера — больш нагадвае Таранціна.
— Самі любіце Мінск?
— Гэта выключны горад. Таму што ён жыве па законах, якіх нідзе ў свеце няма. Гэты горад увесь час змяняецца.
У Мінску дзейнічае такое правіла: трэба ведаць, дзе захавана, дзе закапана прыгажосць. І ў гэтым таксама нешта ёсць. Калі ты прыязджаеш у Брусель ці Вену, табе не трэба шукаць прыгажосць — яна на цябе «кідаецца». А тут трэба шукаць.
Канечне, я люблю гэты горад. Праўда, калі жывеш тут бязвылазна паўгода, жаданне з’ехаць узнікае — каб проста ў добры музей схадзіць, у сапраўдны тэатр. На канцэрт прыстойны. У Вільні выступае Джэк Уайт, а ў Мінску — «50 лет Газманову».
— Любоў да свайго прыходзіць на адлегласці, атрымліваецца.
— Яна выкрышталізоўваецца праз тое, што ты пачынаеш дакладна ведаць, чаго ты хочаш. Калі ты праводзіш за мяжой доўгі час, пачынаеш разумець, што чорны хлеб, які прадаецца ў Мінску, нясмачны ў параўнанні з венскімі булкамі. Але ён вельмі важны для цябе. Смак смажанай на нашым алеі бульбы са скваркамі — тое, чаго больш нідзе не знойдзеш. Ты можаш набыць бульбу і алей у Цюрыху, але ўсё разам будзе іншым. Яно будзе смачнейшым, але ты будзеш хацець менавіта свайго.
— Год таму па кнізе «Возера радасці» пачаліся здымкі мастацкага фільма. Кіно ў выніку будзе?
— Я бачыў трэйлер, які яшчэ не афішуецца. Як разумею, фільм ужо зроблены. І адзін выкшталцоны гурт скончыў пісаць саўндтрэк да яго. Таму неўзабаве ўсё з’явіцца. Здымкі занялі два тыдні, а постпрадакшн — год.
Наконт фільмаў ёсць яшчэ навіна. Не буду называць пакуль прозвішча, але знаны беларускі рэжысёр у жніўні быў адабраны для прэзентацыі праекта паводле маёй кнігі «Сфагнум» на фестывалі ўсходнееўрапейскага кіно ў нямецкім Котбусе. Там будзе адбывацца пітчынг — прапанова сцэнару прадзюсарам з Германіі і Усходняй Еўропы. Я чакаю адтуль добрых навін.
— Вобраз публічных асоб, у тым ліку пісьменнікаў, у медыях паўстае часам штучным. Паспяховы, ахайны, стрыманы ў эмоцыях, калі гаварыць пра вас, адукаваны. Што застаецца па-за прэзентацыямі і фотарэпартажамі з сустрэч?
— Вось я прыйшоў на размову хворы. За мінулыя 10 дзён я спаў хіба па 5 гадзін у суткі. Я вёў ва ўніверсітэце курс «Мова і мысленне» — там вялізны рыдар ад Кафкі да Хайдэгера. І трэба ўвесь час адпрацаваць. Я не сплю. Паралельна з гэтым ты мусіш пісаць. Бо адзіная абарона ад гэтага стрэсу — пісанне.
— Зноў вы пра працу. Але ці ёсць нешта па-за гэтым? Захапленні?
— Мне вельмі падабаюцца камп’ютарныя гульні. Гэта пра тое, як я адпачываю. Я прайшоў усе топавыя гульні на Xbox 360. Зараз гуляю ў Far Cry 5 на PS4. І лічу, што ў сцэнарным плане нічога больш дасканалага за гульню Horizon Zero Dawn для PS4 не створана нават у кінаметографе. І мая мара не ў тым, каб мае кніжкі экранізаваліся (гэта прыкольна, але пройдзена). Мая мара ў тым, каб нехта па рамане «Ноч» зрабіў камп’ютарную гульню. Нешта роўнае «Метро 2033» па кнізе Глухоўскага. Мы краіна айцішная — блін, давайце, хлопцы, звярніце ўвагу!
— Вашы раманы выходзяць у Расіі, Германіі, ЗША. Глядзіш на вашы поспехі, і так і хочацца зазірнуць у кішэню. Літаратура прыносіць грошы?
— Мне хапае. Але хапае менавіта праз тое, што мне няшмат патрэбна. Я магу зараз жыць літаратурай. Калі б я прызвычаіўся ездзіць на Maserati, кожны вечар сядзець на Свабоды, 4, і ўпівацца віном, я б задумваўся пра тое, каб пайсці да Пракапені ў нейкую IT-кантору. Вобраз жыцця, які я вяду, даволі сціплы.
— Выкладанне ва ўніверсітэце — гэта дадатковы заробак альбо занятак, які прыносіць радасць?
— Выкладанне — гэта спроба выгадаваць вучняў, якія падзялялі б мае погляды на культуру, на тое, што вартае і што не вартае ў жыцці, кіно, літаратуры, тэатры. І гэта, канечне, не пра грошы. Гэта яшчэ адна спроба сабе нешта даказаць. Мой статус у беларускай літаратурнай тусоўцы вымагае даказваць увесь час. Адзіная прэмія, якую я атрымаў у Беларусі, — «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. І я ўвесь час за спінамі. Ну і няхай сабе. А выкладанне і быццё ў нейкім статусе даследчыка падмацоўвае ўпэўненасць у тым, што ты робіш нешта вартае. А калі будуць вучні... Вучні — гэта людзі, у якіх ты шмат чаму вучышся.
— На публіцы вы з’яўляецеся адзін. Ці ёсць у вас сям’я?
— Я гэты бок не афішую. У мяне ёсць каханая. Мой статус у Facebook — «жанаты». І гэта ўсё, што трэба пра мяне ведаць. Астатняе я не лічу мэтазгодным паказваць. Хай як было з Кафкам — пакорпаюцца даследчыкі пасля, павыкалупваюць, што там было.
Электронныя кнігі ў каталозе Onliner.by
Чытайце таксама:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by