Кіношны Шчур, панкавы Календа і гістарычны раман пра Мінск. Кніжны агляд Onliner

1903
03 апреля 2019 в 13:31
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Кіношны Шчур, панкавы Календа і гістарычны раман пра Мінск. Кніжны агляд Onliner

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Гістарычны Мінск па-ранейшаму прыцягвае беларускіх пісьменнікаў у сваёй творчасці. Людміла Рублеўская напісала прыгодніцкі раман пра васямнаццатае стагоддзе, часткова змясціўшы герояў у тагачасны Мінск. Беларускай сталіцы прысвечаны і раман Ганны Севярынец, толькі яе твор пра 1920-я гады. Макс Шчур напісаў кнігу, паклаўшы ў яе аснову сваё захапленне кінамастацтвам. І атрымалася не кніга ўспамінаў-згадак, а цэлы кінараман. Сяргей Календа, не без сімпатыі да панк-руху, падводзіць пэўную рысу пад маладосцю: панк унутры памірае, калі становішся дарослым. Расказваем пра кніжныя навінкі.

Макс Шчур «Кінараман»

(выдавецтва «Логвінаў»)

 

Макс Шчур яшчэ ў 1998 годзе з’ехаў у Чэхію і так ні разу і не прыязджаў у Беларусь. Піша прозу, паэзію, эсэ па-беларуску, але і па-чэшску таксама. Пра актыўны ўдзел у культурным жыцці Беларусі сведчыць і тое, што ў 2016 годзе за раман «Завяршыць гештальт» Макс стаў лаўрэатам Прэміі Гедройца (галоўнай беларускай прэміі за прозу). Пасля гэтага пісьменнік паспеў выдаць яшчэ дзве кнігі.

Новая кніга «Кінараман» (з падзагалоўкам «анатомія») стане глытком паветра для ўсіх аматараў інтэлектуальнай літаратуры і класікі сусветнага кінематографа. На першы погляд твор падаецца хаатычным, складзеным з разрозненых кавалкаў, але ён усё-ткі мае пэўную структуру. У першую чаргу ў рамане вылучаецца частка, напісаная ад імя аўтара, у якой ён дзеліцца сваімі разважаннямі на тэму кіно. Таксама ў творы прысутнічае галоўны герой, які непасрэдна звязаны з кінаіндустрыяй: працуе перакладчыкам фільмаў, а разам з сябрамі ў межах створанага імі «кінаансамбля імя Эндзі Уорхала» спрабуе зняць уласную стужку.

Твор напоўнены цытатамі вядомых рэжысёраў, кіназнаўцаў, пісьменнікаў. Чытаючы «Кінараман», адчуваеш, што гэта па-сапраўднаму еўрапейскі твор, інтэлектуальны, вытанчаны. Кніга не вельмі падобная да ранейшых раманаў Шчура, таму нават калі ў вас не складвалася з яго творчасцю раней, трэба даць аўтару яшчэ адзін шанец. Магчыма, ён прыемна вас здзівіць. Бо «Кінараман» — твор, якога сапраўды даўно не хапала ў беларускай літаратуры.

Купіць кнігу

Людміла Рублеўская. Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

(выдавецкі дом «Звязда»)

 

Людміла Рублеўская, калі дапісвала чацвёртую кнігу пра Пранціша Вырвіча і Баўтарамея Лёдніка (а гэты раман ужо пяты і заключны), запыталася ў чытачоў, забіваць ці пакінуць у жывых свайго героя. Меркавала, што больш не будзе пісаць пра гэтую парачку, але не ўтрымалася і стварыла яшчэ адзін раман пра прыгоды ў васямнаццатым стагоддзі.

Новая гісторыя пачынаецца з забойства. Асістэнтку доктара Лёдніка Праксэду знайшлі мёртвай. І калі пра смерць даведаўся яе заможны бацька, то ад гора не надта стаў разбірацца ў акалічнасцях здарэння. Схапілі Лёдніка, якога і прызналі забойцам. Але выпадкова, калі доктара ледзь са свету не звялі, высветлілася, што нябожчыца — зусім не Праксэда: твар нябожчыцы быў знявечаны да непазнавальнасці, а на яе нацягнулі чужыя апранахі. Так праз увесь раман праходзіць і дэтэктыўная лінія. Толькі яна не адзіная.

На гэты раз Лёднік і Вырвіч выправіліся па рог Святога Юрыя ў Венецыю. Не па ўласным жаданні, а праз інтрыгі магнатаў. Хто з уплывовых сем’яў атрымае гэты міфічны артэфакт, той здолее набраць палітычныя ачкі. Адбыўся ж першы падзел Рэчы Паспалітай: краіна на мяжы поўнай страты незалежнасці.

Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля ў Баварыі і жалезная клетка ў львоўскім замку Тэрэзы Радзівіл…

Ва ўсе свае раманы Людміла Рублеўская ўносіць шмат даведачнай інфармацыі, дэталяў пра эпоху, пра канкрэтнага гістарычнага персанажа, якога ўзгадвае. «Авантуры Вырвіча…» не выключэнне. Разам з захапляльным апавяданнем пісьменніца праводзіць і асветніцтва.

Купіць кнігу

Ганна Севярынец «Гасцініца „Бельгія“»

(выдавецтва «Рэгістр»)

 

У 2017 годзе настаўніца і даследчыца літаратуры Ганна Севярынец дэбютавала ў мастацкай літаратуры раманам «Дзень Святога Патрыка», які быў вельмі прыхільна ўспрыняты чытачамі. Таму новы раман «Гасцініца „Бельгія“» чакалі з асаблівай цікавасцю.

Твор паказвае нам жыццё Менска (менавіта такую назву горад меў у той час) у перыяд з 1925 па 1932 год. Персанажы знаходзяцца пераважна ў літаратурным асяроддзі: гэта вядомыя пісьменнікі, паэты, літаратуразнаўцы. Сярод герояў твора такія значныя для беларускай літаратуры імёны, як Алесь Дудар, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот і іншыя. На нашых вачах ствараюцца літаратурныя аб’яднанні «Маладняк» і «Узвышша», аўтары пішуць свае найлепшыя творы, а жорсткая і бязлітасная дзяржаўная машына ўжо пачынае раскручваць махавік рэпрэсій. Усе героі кнігі будуць рэпрэсаваныя: калі Дубоўка правядзе шмат гадоў у зняволенні, але выжыве, то Дудар, Чарот, Бабарэка згінуць маладымі…

Але твор усё ж не пра катаванні і рэпрэсіі, а час напярэдадні, калі маладым людзям хацелася найперш жыць і дыхаць, ствараць, мяняць свет да лепшага, кахаць, сябраваць.

Ганна Севярынец падкрэслівае, што яна імкнулася напісаць класічны гістарычны раман, таму ў кнізе амаль адсутнічае мастацкая выдумка. Сустракаюцца ў творы анахранізмы, але гэта свядомыя аўтарскія адступленні, якія былі неабходныя для мастацкага аднаўлення падзей таго часу.

Гэтым творам Ганна набліжае да нас літаратараў, творчы шлях якіх, на жаль, абарваўся заўчасна. Робіць гэта з вялікай любоўю да кожнага з пералічаных у творы паэта і пісьменніка.

Купіць кнігу

Сяргей Календа «Часам панкі паміраюць»

(выдавецтва «Логвінаў»)

 

Сяргей Календа — плённы і працавіты пісьменнік. За дзесяць гадоў ён выдаў ужо дзесяць кніг пад сваім імем і чатыры пад псеўданімам Аляксандар І. Бацкель. Рэй Брэдберы раіў пісаць штодня і шмат, каб навучыцца ствараць цікавыя кнігі. Календа, відаць, пачуў параду класіка.

У 1981 годзе ў шатландскага панк-гурта The Exploited выйшаў дэбютны студыйны альбом «Punk’s not dead», назва якога стала адказам на песню гурту Crass «Punk is dead». Назва альбома The Exploited ператварылася ў слоган усяго панк-руху. А Сяргей Календа па-мастацку пагуляўся з гэтай фразай, перарабіўшы пад назву сваёй кнігі.

Новы твор стаў своеасаблівым эксперыментам з формай, бо аповед увесь час перарываецца дыялогамі аўтара з першымі чытачамі твора. У пачатку кнігі прысутнічае ключ, кіруючыся за якім кнігу можна прачытаць паслядоўна або рухацца па яе старонках згодна з задумай аўтара, плаўна пераскокваючы з часткі на частку. Тут вы сустрэнеце літаратара, які ўпэўнены, што ў кожнага пісьменніка мусіць быць свой бар, дзе ён зможа пісаць кнігі (частка 1 «Бар»); падлеткаў, якія выказваюць свой пратэст даволі спецыфічным спосабам (частка 6 «Панкі»); малога, які любіць персікавае сочыва (частка 2 «Вёска»); і іншых не менш адметных герояў.

Гэта разняволеная кніга, у якой аўтар шчыры з чытачом, і гэта ўласціва прозе Сяргея Календы. Часам здаецца, што для яго ў літаратуры няма забароненых тэм. Ён дазваляе сабе выказваць многае, таму на вокладцы кнігі мы можам убачыць узроставае абмежаванне 18+.

Купіць кнігу

10-го поколения, экран 6" E-Ink Carta, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 7.8" E-Ink Carta, 1404 x 1872, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 9.7" E-Ink Carta, 825 x 1200, сенсорный, с подсветкой, память 16 ГБ, Wi-Fi
Снят с продажи