2472
13 декабря 2019 в 11:00
Источник: Дар'я Спевак. Фото: Максім Маліноўскі. Ілюстрацыя: Вольга Няснова
Спецпроект

Фама Варанецкі пра тое, як рыхтаваўся да ролі Раскольнікава: «Хадзіў па старым Віцебску з сякераю пад пахаю»

Источник: Дар'я Спевак. Фото: Максім Маліноўскі. Ілюстрацыя: Вольга Няснова

Гумар, інтэлект, чуллівасць — пры першай сустрэчы з заслужаным артыстам Фамой Варанецкім вылучаюцца менавіта гэтыя яго рысы. Пасля бліжэйшага знаёмства разумееш, што гэта неверагодна моцны чалавек. Ён глядзеў сваю жонку ў перадсмяротным стане, калі сам быў у інвалідным вазку, перацярпеў нямала сутычак з рэжысёрамі і застаўся верным самому сабе. Напярэдадні навагодніх і калядных святаў мы пагутарылі з Фамой Сільвестравічам у рамках святочнага праекта «Падказкi» з А1, у якім разам з акцёрам запісалі для дзетак казку «Як пан з мужыком адзін аднаму хлусілі». Заслужаны артыст распавёў пра сваю качавую маладосць, першую ролю і доўгае пераўвасабленне ў яе, а таксама пра свой сучасны лад жыцця — спакойны, але ні ў якім разе не сумны і не бяздзейны.

Гаспадар халасцяцкай кватэры сустракае нас і прапаноўвае тапачкі. Разводзячы рукамі, адзначае, што жаночых у гэтай хаце ўжо даўно няма. Спадар Варанецкі праводзіць нас у свой пакой-майстэрню, дзе ўсё чыста занята яго карцінамі.

— Але рэкорд Ван Гога я не змог пабіць! У дзень пішу адну-дзве карціны, а ён рабіў па пяць-сем, быў разагрэты ўвесь час, — смяецца ён. Пасля акцёрскай дзейнасці Фама Сільвестравіч заняўся даўняй дзіцячай марай — мастацтвам. Для сваіх карцін ён не выкарыстоўвае пэндзляў — усё піша пальцам, «бо трэба ўсё расціраць на спецыяльнай паперы». Спачатку ён пісаў на наждачцы, але ў выніку з пальца ішла кроў.

Бацька сказаў: «А хрэн з ім! У мяне дзяцей багата — няхай адзін будзе жулікам!»

Мастаком ён хацеў стаць яшчэ быўшы ў школе, дзе афармляў тамтэйшыя газеткі шаржамі. Дарэчы, гэтае захапленне знайшло прымяненне і да пенсіі: у канцы 1980-х Фама Варанецкі разам з Рыгорам Барадуліным выпусціў невялічкую кніжачку. Артыст маляваў для яе шаржы з акцёраў Купалаўскага тэатра, а паэт пісаў эпіграмкі. Але зараз заслужаны артыст цалкам паглыбіўся ў выяўленчае мастацтва. Яго перш за ўсё натхнілі пейзажы з «вострава» ў Глыбоцкім раёне, дзе ён праводзіць штолета ўжо як трыццаць год запар. Таксама спадар Варанецкі прызнаецца, што вясковае дзяцінства яму спрыяе і зараз. Яго малая радзіма — гэта вёска Траскаўшчына ў Мінскім раёне.

— У школе я пастаянна ўдзельнічаў у выступленнях. У нас быў хлопец, ён працаваў дворнікам, як і сённяшні новаспечаны пісьменнік (Андрусь Горват. — Заўв. Onliner). Вось мы з ім і займаліся самадзейнасцю — ставілі жартаўлівыя сцэнкі. Ды і нейкі хор у нас быў, — згадвае артыст пасляваенныя гады. Ён пазнаёміўся з тэатрам у пятым класе, калі настаўнікі збіралі вясковых школьнікаў і вазілі ў горад — дакрануцца да акцёрскага мастацтва. «І заразіўся», — коратка канстатуе наш герой. Першы пабачаны ім спектакль, дарэчы, якраз ставіў рэжысёр Уладзімір Арлоў, у якога потым вучыўся Варанецкі.

З выбарам месца вучобы ў спадара Фамы, дарэчы, былі цікавыя гісторыі і ажно тры спробы. Спачатку ён, сямікласнік, усё ж хацеў рэалізаваць сваю мару і стаць мастаком.

— Быў пасляваенны час, калі Мінск быў цалкам зруйнаваны. Застаўся толькі будынак опернага тэатра, які немцы захоўвалі для сябе, і Дом афіцэраў. Мастацкае вучылішча размяшчалася ў падвале тэатра. Мой брат толькі вярнуўся з фронту і пайшоў працаваць на завод «Гарызонт», а я, учорашні сямікласнік, прыехаў у сталіцу здаць свае малюнкі. У Мінску мне не было дзе жыць, таму я вярнуўся дадому і працягнуў вучобу ў школе, — але ж праз пару гадоў Варанецкі зноў дабраўся да Мінска: ужо паступаць у тэатральны інстытут. — Тады я патрапіў у камісію да рэжысёра Канстанціна Саннікава (на курс, з якога выпусціліся народныя артысты, «купалаўцы» Віктар Тарасаў і Генадзь Аўсяннікаў. — Заўв. Onliner), зачытаў верш. Саннікаў пытае: «А колькі табе гадоў?» Я адказаў, што шаснаццаць. Ён прыўзняўся, падцягнуў штаны на сваім пузе і выгукнуў: «Ідзі падрасці!» І не прыняў мяне.

Пасля гэтага Фама Варанецкі папрацаваў выхавацелем у дзіцячым тубдыспансеры, а праз год ізноў паехаў паступаць. Тады ў камісіі быў Уладзімір Арлоў. Ён прыняў юнака, а ў 1961 годзе спадар Варанецкі скончыў навучанне. Акцёр са шкадаваннем гаворыць, што з яго аднагрупнікаў у жывых цяпер засталося толькі двое.

Дарэчы, аб сваім тэатральным намеры Варанецкі нікому не расказваў. У яго было накіраванне ў медыцынскі, але ж гэта не змяніла планаў хлопца. Бацька Фамы Сільвестравіча, былы паручнік царскай арміі, ваенны чалавек, успрыняў выбар сына неадназначна. Усяго ў сям’і Варанецкіх было дзесяць дзяцей — пасля вайны засталося шасцёра. Яны паціху пачалі разлятацца з бацькоўскага гнязда, таму бацька планаваў пакінуць як гаспадара менавіта Фаму.

— Адзін з маіх братоў вучыўся ў лесатэхнічным універсітэце, аднае раніцы мы з ім раптоўна сустрэліся на Круглай плошчы: я ішоў у оперны тэатр, дзе знаходзіўся тэатральны інстытут, а ён на сваю вучобу. Сустрэліся, а ён і пытае: «Што ты ходзіш у той бок?» А я адказваю: «Дык я там вучуся ў тэатральным».

Пасля брат Фамы Варанецкага прыехаў дадому і перадаў усю размову бацьку. Той ускіпеў, пабегаў туды-сюды, пабурчаў, а потым кінуў: «А хрэн з ім! У мяне дзяцей багата — няхай адзін будзе жулікам!» А маці акцёра была вельмі лагоднай і добрай жанчынай. Спадар Варанецкі дагэтуль здзіўляецца, як яна магла выхаваць столькі дзяцей, тым болей у нялёгкі пасляваенны час. Ён гаворыць, што бывала ўсялякае, у тым ліку прыходзілася есці хлеб з канюшыны, але ж ніхто ў сям’і не галадаў. Дарэчы, мама Варанецкіх была песенніцай і апавядальніцай, за гэта дзеці ёй вельмі ўдзячныя.

Я сыграў ролю, а потым выпіў спірту, сеў пад лесвіцу і задумаўся: «Трэба з’язджаць»

У школе Фама Варанецкі з сябрам ставіў юмарыстычныя пастаноўкі, але ж першая тэатральная роля акцёра — Раскольнікаў з «Преступления и наказания». Яе ён сыграў у Віцебскім драматычным тэатры ім. Якуба Коласа.

— Сыграў. Атрымалася. Мне быў тады 21 год. Усе былі здзіўленыя, у тым ліку і Арлоў. Ён мяне потым сустрэў, пахлопаў па плячы і сказаў: «Растешь, батенька, растешь». Было вельмі цяжка залезці ў такую ролю. Зараз акцёры так не рыхтуюцца. За паўгода да прэм’еры хадзіў па старым Віцебску з сякераю пад пахаю: падымаўся па лесвіцах старых дамоў, каб напрацаваць гэтыя адчуванні, якіх я ніколі не ведаў. Ездзіў у Піцер, абышоў усе месцы Дастаеўскага, знайшоў каморку, у якой жыў Раскольнікаў (дарэчы, і тады яе арэндаваў нейкі студэнт) — гэтакі пенал на чатыры метры.

З уваходжаннем у ролю зразумела, а ці можна з яе выйсці? Фама Сільвестравіч кажа, што такога не бывае: роля ўплывае на акцёра, пасля яе проста становішся іншым чалавекам. Ён гаворыць, што з 1961 года зала ламілася: усе віцебскія студэнты ішлі на гэты спектакль. Варанецкі адпрацаваў у Віцебскім тэатры два сезоны.

— Потым (пасля ролі Раскольнікава. — Заўв. Onliner) сталі даваць нейкую бязглуздзіцу. І ўсё. Мне, разагрэтаму акцёру, там рабіць не было чаго. Я паступіў як раз як Смактуноўскі: «Актер, будь он хоть семи пядей во лбу, никогда не прыгнет выше того театра, в котором он работает, и выше той режиссуры, с которой он работает». Калі ты адчуў, што табе тут не падабаецца, трэба зараз жа сыходзіць.

Пасля ён паехаў у Калугу. Быў шчаслівым, бо побач Масква — было што паглядзець. А ў 1962—1963 гадах акрамя дрэннай гарэлкі і хлеба нічога не было. І зарплата была 60 рублёў — хапала на самую танную ежу. Напрыклад, у Расіі прадавалі гарохавы хлеб. «Каб чуваць было, як мы ідзём да камунізму!» — смяецца спадар Варанецкі.

— Наступіла нейкая разгубленасць, і я вырашыў змотвацца. Адзін хлопец сказаў мне: «А паехалі ў Варкуту!» Я спытаў: «А што нам там рабіць?» Ён мне: «Дык там жа ёсць тэатр!» І мы паехалі ў Сыктыўкар. Такая глухамань! І я не ўяўляў, якога ўзроўню там можа быць тэатр. Мне далі ролю Цімафея Рванага з «Паднятай цаліны» — я сыграў яго, а потым выпіў спірту, сеў пад лесвіцу і задумаўся: «Я тут, а жонка раджае ў Рызе — трэба з’язджаць».

Паводле слоў акцёра, у той час паступіць на працу ў тэатр было даволі проста: адкрываеш газету «Савецкая культура», гартаеш старонкі. Там рэгулярна публікаваліся аб’явы аб конкурсах у тэатрах усяго СССР. Так Варанецкі натрапіў на Рускі тэатр у Таліне. І паляцеў.

— Там была вельмі добрая акцёрская група — я замяніў Алега Стрыжэнава, які стаў здымацца ў кіно. Я ўпісаўся і правёў там пяць гадоў. На адзін сезон, праўда, з’язджаў здымацца ў кіно на «Масфільме». Потым зноў паехаў на поўнач. Акцёры тамтэйшага тэатра пачалі разбягацца з-за рэжысёра — і я зразумеў, што таксама з’еду.

«У мяне над тахтой вісела вялікая карта СССР, я заплюшчыў вочы і тыкнуў у яе пальцам. Патрапіў на Львоў. Конкурс ёсць? Бяру „Савецкую культуру“ — ёсць! Туды мы з жонкай і паехалі».

Там Варанецкі іграў Астрава з чэхаўскага «Дяди Вани», двух радавых і двух капітанаў — тэатр быў армейскім. Львоў падаўся Фаме Сільвестравічу вельмі цяжкім у маральным плане горадам — акцёр з’ехаў у Малдавію. Туды якраз збіраўся рэжысёр Уладзімір Галавін, які ставіў «Дядю Ваню» і паклікаў Варанецкага з сабою. Пасля апошняму надакучылі пераезды, ды і правінцыйныя тэатры — усе як адзін сумныя: спадар Варанецкі вярнуўся ў Мінск і стаў служыць Купалаўскаму тэатру. Гэтае сяброўства працягнулася 44 гады.

— Жонка шмат перацярпела. Як казаў Шырвіндт, у мяне толькі адна жонка — я толькі адной жанчыне сапсаваў жыццё. Ёй, канешне, было цяжка, яна была музыканткай і вельмі эмацыйным чалавекам. Але ж разам мы пражылі 55 гадоў.

«У тэатры была, ёсць і будзе самая вялікая праблема — гэта рэ-жы-су-ра»

Спадар Варанецкі шчыра адказвае, што жаданне сысці неаднойчы з’яўлялася ў яго і падчас працы ў Купалаўскім. Ён прызнаецца, што выратаваннем стала выкладанне ва ўніверсітэце — студэнты натхнялі яго на далейшую працу, развіццё і напісанне падручніка па акцёрскаму майстэрству.

— Я быў заняты справай, і пры гэтым ад рабят ты таксама атрымліваеш: яны ўсе розныя, пастаянна растуць. Бывае, што праз нейкі час не пазнаеш свайго вучня — так іншы раз яны змяняюцца. Не ўсе вытрымліваюць тое, што адбываецца з імі ў тэатры. Калі я сыходзіў з Купалаўскага, у маім спісе было 64 ролі, але ж гэта за 44 гады! Былі розныя ўзаемаадносіны, і часамі адхілялі ад роляў.

— У тэатры была, ёсць і будзе самая вялікая праблема — гэта рэ-жы-су-ра, — па складах вымаўляе ён. — Рэжысёр павінен быць і педагогам, і настаўнікам, і пастаноўшчыкам, і асобай. Трэба ўважліва да ўсіх ставіцца — ад гэтага залежыць усё. Прыходзяць акцёры, навучаныя ўсяму, — раптам атрымліваюць адну ролечку — і ўсё. Гадамі чакаюць наступнага кавалачка. За апошнія некалькі гадоў з Купалаўскага сышлі 18 чалавек — хіба гэта магчыма?! Трупа павінна развівацца пастаянна. У Георгія Таўстаногава кожны акцёр быў мастаком, таму што гэта Таўстаногаў.

На сёння адным з самых перспектыўных акцёраў спадар Варанецкі лічыць купалаўца Івана Труса.

— Тое, што ён вырабляе на сцэне, не зробіць ніхто. Уласна, ён адзін і робіць спектакль. Але ж зараз прафесія змяняецца ў горшы бок за кошт гэтай гонкі заробку грошай. Акцёры ўвесь час на бягу: з тэатра — на кінастудыю і назад. Наўкола ідзе халтура — як можна трымаць класную акцёрскую школу? Паспешлівасць, паспешлівасць, паспешлівасць.

Але ж спадар Варанецкі і сам многае паспеў за сваё жыццё. Змяніў восем тэатраў, здымаўся ў кіно, даволі ўдала спрабаваў сябе ў якасці рэжысёра, стаў прафесарам і за 27 гадоў выкладання выпусціў 70 вучняў-тэатралаў. А на пенсіі яшчэ й заняўся мастацтвам.

— Калі б гэта ўсё было арганізавана, можна было б зрабіць нашмат больш — тых жа роляў сыграць... Таму што я мог і мне гэта было пад сілу. Калі б не студэнты, я мог і загінуць, таму што гэта вялікае расчараванне: пачынаць з Раскольнікава, а потым іграць незразумела каго... Там дзеда сыграй, там лясуна. Ну то добра, што мы там са Станютай хуліганілі!

Дарэчы, акцёрская кар’ера падарыла Варанецкаму нямала добрых сяброў, у тым ліку Стэфанію Станюту, якую ён называе абсалютна фенаменальным чалавекам. Спадар Фама настальгічна згадвае, як яны разам былі ў Лошыцы і Станюта агледзела за плотам чорныя цюльпаны, як яны ёй спадабаліся! Варанецкі пераскочыў той плот, стаў вырываць цыбуліны гэтых цюльпанаў, «а народная артыстка стаяла на шухеры! Падарыў ёй тыя цыбуліны на памяць».

— Памятаю, здымалі з ёй нейкае кіно і закончылі позна вечарам. Яна і кажа: «У мяне ёсць каньячок». Заваліліся да яе на кухню, выпілі гэты каньяк, затым яна паставіла гарэлачку. Прыходжу я дадому, а жонка пытаецца: «Ты з кім напіўся?» Я кажу: «Са Станютай». «Што ты дурня валяеш, якая Станюта?!» А з ёй можна было напіцца! — смяецца акцёр.

Зараз яму застаюцца толькі ўспаміны пра акцёрскае жыццё. Сярод найбольш удалых у Купалаўскім Фама Варанецкі называе ролю настаўніка ў спектаклі «Безыменная зорка» і свайго персанажа Клеона ў «Забыць Герастрата». Пасля сыходу з тэатра — у 2011 годзе — у акцёра наступіла чорная паласа ў жыцці. Яго жонка была пры смерці, а ён быў вымушаны перасесці ў інвалідны вазок.

— Восем гадоў таму паехаў я на свой востраў, пайшоў па касагоры басанож. Паслізнуўся на траве — нага ўнутр, рассыпалася шчыкалатка. Мяне мужыкі нейкім чынам пасадзілі на цягнік да Мінска, я выклікаў «хуткую». Там пры аперацыі ўнеслі інфекцыю — пачаліся праблемы, аперацыя за аперацыяй. Чатыры гады я правёў у вазку — зноўку вучыўся хадзіць. Мая жонка была пры смерці, а я ў такім становішчы яе даглядаў, — вазок, дарэчы, і зараз стаіць у кватэры артыста.

Потым Фама Варанецкі паступіў у аддзяленне траўматалогіі, дзе яму зрабілі аперацыю. Паўгода ён вучыўся хадзіць, ляжаў у гіпсе. Затым перасоўваўся з кастылямі, пасля — з тростачкай. Зараз ён ходзіць самастойна. Гаворыць, гэта дзякуючы спецыяльнаму комплексу практыкаванняў, якія выконвае штодзень, «нягледзячы на свой стан і настрой».


«Падказкі» — сумесны святочны праект кампаніі А1 i Onliner, прысвечаны беларускім народным казкам. У яго аснове — пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Казкі для дзяцей па-беларуску агучылі знакамітыя дыктары і акцёры старэйшага пакалення.

Тэксты былі сабраныя ў этнаграфічных экспедыцыях па ўсёй краіне экспертамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Аўдыёзапісы — Радыё Бі-Эй. Музыка — гурт «Стары Ольса».

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by