2324
29 апреля 2020 в 11:35
Источник: Наста Карнацкая

Амаль палітычны трылер, мінскі дэтэктыў і апакаліптычны раман. Кніжны агляд Onliner

Источник: Наста Карнацкая

У сувязі з апошнімі падзеямі жыццё многіх беларусаў змянілася. Яны сталі больш часу праводзіць дома, і гэта найлепшы час, каб звярнуцца да кніжак. Можна перачытаць даўно знаёмыя і правераныя раманы, а лепш адкрыць для сябе новае — свет беларускіх аўтараў. І тут ёсць на што звярнуць увагу. Расказваем пра кніжныя навінкі.

Андрэй Федарэнка «Жэтон на метро»

(выдавецтва «Мастацкая літаратура»)

Андрэй Федарэнка даўно не радаваў прыхільнікаў сваёй творчасці паўнавартасным раманам. З апошніх кніг можна ўспомніць зборнік «Сузіральнік», які выйшаў два гады таму ў выдавецтве «Кнігазбор». Таму з’яўленне гэтага рамана стала сапраўднай падзеяй.

У рамане пісьменнік выступіў у нечаканым для сябе амплуа — як аўтар дэтэктыва, што падкрэслівае на першай жа старонцы: «амаль усе крымінальныя гісторыі пачынаюцца з пратакольнай даты».

Галоўны герой — паэт і літаратурны супрацоўнік рэдакцыі Віктар Рак. Імя, вядома ж, несапраўднае. Гэта творчы псеўданім. Віктар вёў даволі спакойнае і размеранае жыццё, але аднойчы, у цёплы ліпеньскі вечар, усё змяніў званок тэлефона. Лена Міхайлоўская, яго захапленне маладосці. Трыццаць гадоў таму іх звязвалі нядоўгія рамантычныя адносіны, ад якіх застаўся толькі верш «Чаромхавы чад». Жанчына расказала, што збіраецца замуж, а яе дачцэ ўжо сямнаццаць гадоў. Наконт дачкі яна і тэлефанавала, каб праз Віктара, вядомага паэта, уладкаваць дзяўчынку на журфак.

Гэты тэлефонны званок нібыта запускае шэраг падзей, як гадзіннікавы механізм, шасцерні ў якім пачынаюць рухацца. У той жа дзень у кватэры Віктара з’яўляецца стары Анатоль Самусенка, яго былы выкладчык літаратуры, які прапаноўвае паэту працу. Далей у жыццё Віктара ўваходзіць мноства незвычайных персанажаў, а сюжэт раскручваецца ўсё больш і больш.

Таленавіты чалавек сапраўды таленавіты ва ўсім. Аказваецца, што Федарэнка яшчэ і майстар саспенсу, які ён нагнятае на працягу ўсёй кнігі. Дэтэктывам твор становіцца бліжэй да канца, калі з’яўляецца ўласна дэтэктыў-персанаж, які вядзе расследаванне. Да гэтага моманту Федарэнка ўсімі падзеямі рамана прымушае чытача заставацца ў трывожным чаканні, ствараючы сапраўдны трылер.

Вельмі нечаканы твор ад Федарэнкі. Аднак пісьменнік застаецца верным сабе ў вытанчаных апісаннях прыроды, у вялікай колькасці разваг пра чалавека і пісьменніцтва, раскіданых па тэксце. Таксама ў вусны персанажаў ён уклаў цікавыя разважанні пра лёс краіны.

Купіць кнігу

Валер Гапееў «І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысцік»

(выдавецтва «Электронная кнігарня»)

Новы раман Валерыя Гапеева выйшаў толькі ў электронным фармаце. Сам аўтар заўважыў, што кніга даволі лёгкая і не прэтэндуе на глыбокія разважанні. Пісаў яе для таго, каб падарыць чытачам колькі гадзін задавальнення і займальнага чытання, а іх целу і галаве даць адпачынак.

Падзеі ў рамане разварочваюцца вясной 2006 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Магістранты Мацвей Хрысцік і Даніла Галоўчык збіраюцца абараняць дысертацыі і плануюць паступленне ў аспірантуру. На першы погляд яны сябры, але ў іх адносінах мае месца і пэўная канкурэнцыя. У хлопцаў адзін навуковы кіраўнік, і месца ў аспірантуры таксама свабоднае толькі для аднаго, таму трэба добра зарэкамендаваць сябе і на абароне магістарскай, і перад прафесарам.

Даніла не шукае сумленных шляхоў, таму вырашае падставіць Мацвея, каб дакладна атрымаць месца сярод аспірантаў.

Ён падстаўляе хлопца, ублытаўшы ў палітычную гісторыю: Гапееў любіць у свае творы прыўнесці сучаснасць праз пазнавальныя палітычныя рэаліі. Мацвея ў выніку высяляюць з інтэрната, а таксама адлічваюць з магістратуры. Ён яшчэ і некалькі дзён праводзіць у міліцэйскай камеры.

Пасля такога жыццё Мацвея даволі рэзка змяняецца. Далейшыя падзеі паказваюць, праз якія выпрабаванні здольны прайсці чалавек, як яны на яго паўплываюць. Ці будзе Мацвей помсціць тым, хто ў гэтым вінаваты, ці проста падставіць другую шчаку?

Новы раман Валерыя Гапеева расказвае даўно вядомы сюжэт помсты і пакарання і паказвае, як нашы непрадуманыя ўчынкі могуць уплываць на лёсы іншых людзей.

Купіць кнігу

Мойшэ Кульбак «Мэсія з роду Эфраіма»

(выдавецтвы «Янушкевіч»/Vesna)

Паступова, дзякуючы перакладам Сяргея Шупы, да беларускага чытача вяртаецца творчая спадчына знакамітага яўрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака, ураджэнца Беларусі. Яна дае нам магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі яўрэйскага жыцця, з гэтай незвычайнай і самабытнай культурай. Пісьменнік непрацяглы час жыў у Берліне, і яго творы арганічна спалучаюць у сабе традыцыйны яўрэйскі фальклор і еўрапейскі літаратурны мадэрнізм. Ён удала захоўвае традыцыю, дадаючы да яе новыя элементы. Змешвае містыцызм і пасланніцтва з новымі з’явамі еўрапейскай літаратуры.

«Мэсія з роду Эфраіма» — першы раман пісьменніка, які выйшаў у 1924 годзе. Ужо ў выбары месца дзеяння чытач убачыць адыход ад традыцыйнага яўрэйскага фальклору: падзеі ў рамане адбываюцца не ў Ізраілі, а ў Беларусі, у ваколіцах роднай Кульбаку Смаргоні. Прычым аўтар нават называе канкрэтныя тапонімы.

У загаловак твора вынесена традыцыйная постаць яўрэйскай апакаліптычнай літаратуры. Месія мусіць прыйсці, сабраць разам ізраільскі народ, а потым загінуць у баі з ворагамі Ізраіля. Тут Кульбак адыходзіць ад традыцыі, бо ў рамане гэтую значную ролю аддае простаму млынару Бэню.

Шукаць Месію даручана асаблівым людзям, якія называюцца ламэдвоўнікі. Гэта праведнікі і збаўленчыя фігуры, якія звонку выглядаюць як простыя людзі, але насамрэч за гэтым хаваюцца святыя. У звычайны час яны проста бадзяюцца па свеце, не займаюцца ніякай працай, але ж маюць таемную сілу. Яна абуджаецца толькі тады, калі людзі патрабуюць дапамогі. Менавіта ад ламэдвоўнікаў залежыць існаванне свету, і яны ідуць у пошуках Месіі, каб падрыхтаваць таго да самай галоўнай місіі.

Твор напоўнены кабалістычнай сімволікай, біблейскімі алюзіям, алегорыямі і міфічнымі персанажамі, характэрнымі для традыцыйнага яўрэйскага фальклору. Акрамя гэтага, Кульбак выкарыстоўвае і традыцыйныя хрысціянскія легенды. Твор вельмі незвычайны, і гэта сапраўды значны ўклад у сусветную літаратуру.

Дарэчы, мы ўжо расказвалі пра іншы раман Мойшэ Кульбака «Панядзелак».

Купіць кнігу

Курт Вонэгут «Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак»

(выдавецтва «Логвінаў»)

Раман культавага амерыканскага пісьменніка Курта Вонэгута выйшаў у перакладзе Паўла Касцюкевіча. Гэтая кніга стала чарговым выданнем у серыі «Амерыканка», якая аб’ядноўвае кнігі аўтараў Паўночнай Амерыкі ХХ і ХХІ стагоддзяў. Дагэтуль па-беларуску выйшлі раманы Кена Кізі, Чарльза Букоўскі, Маргарэт Этвуд, Чака Паланюка.

Курт Вонэгут — адзін з найбольш значных амерыканскіх аўтараў мінулага стагоддзя, а яго творы спалучаюць у сабе рысы сатыры, гумару і навуковай фантастыкі. Асобна можна звярнуць увагу і на яго біяграфію, бо жыццё пісьменніка сапраўды было насычаным падзеямі. Раман «Бойня №5» аўтабіяграфічны, бо напісаны пад уражаннем ад перажытага і пабачанага ў час Другой сусветнай вайны.

Вонэгут добраахвотна пайшоў у войска, але ў 1944 годзе ў ходзе Ардэнскай аперацыі трапіў у палон. Палонныя спачатку былі перапраўленыя ў Берлін, а потым у Дрэздэн. Там іх прымушалі працаваць на заводзе, а начавалі ўсе на бойні №5. Гэтае месца і натхніла пісьменніка на назву рамана.

У Дрэздэне Вонэгут перажыў адну з самых страшных падзей у сваім жыцці: у лютым 1945-га брытанцы некалькі дзён бамбілі горад з паветра. Да сёння гісторыкі спрачаюцца, ці была ў тым неабходнасць. Большасць загінулых пад бомбамі — мірнае насельніцтва.

Вонэгуту пашанцавала, ён выратаваўся, схаваўшыся ў падвале бойні. Як вынік — напісаў гэты раман, якія стаў пераасэнсаваннем перажытага ў вайну.

Толькі Вонэгут не паказвае салдацкі гераізм, у кнізе няма патрыятычнага пафасу. У першую чаргу гэта антываенны твор, які адсутнасцю лінейнай структуры і ўцямнага сюжэта паказвае ўвесь абсурд любых войнаў.

Купіць кнігу

Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, память 4 Гб, карты памяти
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!