Постапакаліптычны Мінск, «чалнакі» ў Венгрыю, «Адысея» наадварот. Кніжны агляд Onliner

2661
21 августа 2019 в 11:03
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Постапакаліптычны Мінск, «чалнакі» ў Венгрыю, «Адысея» наадварот. Кніжны агляд Onliner

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Што было б калі? Умоўны лад у гісторыі немагчымы, як мы ведаем, а вось мастацкая літаратура дазваляе змяніць свет. Што было б, калі б узровень вады ў Сусветным акіяне падняўся настолькі, што частку нашай сталіцы затапіла? Калі б старажытнагрэчаскі пісьменнік Гамер быў жанчынай і сваю «Адысею» напісаў ад імя Пенелопы? Калі б адкрываліся парталы ў мінулае, а дзевяностыя гады ніколі не заканчваліся? Расказваем пра кніжныя навінкі.

Севярын Квяткоўскі «Каларадская пушча»

(выдавецтва «Логвінаў»)

Новы раман Севярына Квяткоўскага пабачыў свет дзякуючы сродкам, сабраным на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej. Кампанія была запушчана пад загалоўкам «Сатырычны раман у дэкарацыях вясёлага постапакаліпсісу». Сапраўды, падзеі ў творы адбываюцца ў недалёкай будучыні ў постапакаліптычным свеце. Прайшло 30 гадоў пасля глабальнай катастрофы — Вялікага Выбуху, у выніку якога ўзровень Сусветнага акіяна ўзняўся на 199 метраў, а вялікія прасторы сушы ператварыліся ў невялічкія архіпелагі і асобныя выспы, аддзеленыя воднай прасторай. Навукоўцы сцвярджаюць, што такое становішча ненадоўга і хутка вада сыдзе. Сталіца Беларусі апынулася падзеленай на дзве часткі: Менск і Горад-Герой. Паміж часткамі ўзнікла мяжа з калючым дротам і ўсталяваўся візавы рэжым. Жывуць у абедзьвюх частках людзі, натуральна падзеленыя розным культурным кодам.

Дэкарацыі кнігі нагадваюць постапакаліптычны баявік Waterworld з Кевінам Костнерам у галоўнай ролі. Толькі там прычынай затаплення свету стаў не выбух, а раставанне леднікоў. Дарэчы, сам Квяткоўскі кажа, што геаграфія пасля патопу ў ягоным творы вызначаная даволі дакладная: ён карыстаўся анлайн-сервісам, які паказвае, як розныя тэрыторыі будуць выглядаць пры пэўным пад’ёме ўзроўню вады.

У творы пастаянна згадваюцца добра вядомыя жыхарам Мінска тапонімы, напрыклад Серабранка, Чыжоўка, а большасць лакацый сагрэе душу насельнікам Заводскага раёна: гасцініца «Турыст», мост над Партызанскім праспектам і многія іншыя.

Што будзе, калі беларусаў пакінуць сам-насам з сабой? Калі не будзе існаваць усходняй ці заходняй пагрозы і краіна фактычна будзе ізаляваная ад іншаземнага ўмяшальніцтва. Як сутыкнуцца розныя менталітэты адной калісьці цэльнай тэрыторыі? Адказы на ўсе гэтыя пытанні ў новым рамане Севярына Квяткоўскага.

Купіць кнігу

Маргарэт Этвуд «Пенелапіяда»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

Маргарэт Этвуд — канадская англамоўная пісьменніца, якой у лістападзе споўніцца 80 гадоў. Яна лічыцца імавернай прэтэндэнткай на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У 2000-м, дарэчы, яна атрымала прэстыжную Букераўскую прэмію.

Сёння найпапулярнейшы раман Этвуд — «Апавяданне служанкі», паводле якога яшчэ ў 1990 годзе знялі мастацкі фільм, а ў 2017-м з’явіўся першы сезон аднайменнага серыяла. У верасні, дарэчы, Этвуд абяцала выдаць сіквел рамана пад назвай «Запаветы».

«Пенелапіяда» — гэта Гамерава «Адысея», пераказаная Пенелопай. Такую кароткую анатацыю сустрэне чытач, разгарнуўшы беларускі пераклад. Але што рабіць тым, хто не чытаў «Адысею» і не глядзеў яе экранізацыю?

«Адысея» — паэма, напісаная, як лічыцца, старажытнагрэчаскім паэтам Гамерам (яму прыпісваюць таксама «Іліяду»). У яе аснову пакладзена гісторыя міфічнага Адысея, цара Ітакі, які ажаніўся з Пенелопай. У іх нарадзіўся сын Тэлемах. Адысей выправіўся на Траянскую вайну і знік на дваццаць гадоў.

З «Адысеі» паўстае вобраз Пелелопы як адданай жонкі, ахвярнай жанчыны. Яна дваццаць гадоў чакала вяртання мужа, адмаўляючы шматлікім дзёрзкім жаніхам у іх жаданні авалодаць ёй. Але што магла б адчуваць Пелелопа ўвесь гэты час? Ці здолеў Гамер перадаць перажыванні жанчыны?

Раман Этвуд ахоплівае не толькі час дваццацігадовай адсутнасці Адысея на Ітацы. Пісьменніца пачала з дзяцінства Пенелопы. Яна паспрабавала напісаць раман пра тое, што адчувала і думала Пенелопа. Гэтыя пытанні паставіла перад сабой Этвуд, калі ўзялася пісаць раман. Паводле яе слоў, тое, што напісаў пра Адысееву жонку Гамер, паміж сабой не сыходзіцца. Атрымаўся не феміністычны маніфест, толькі кніга з галоўным героем — жанчынай.

Празаічную частку кнігі з англійскай мовы пераклала Вольга Калацкая, паэтычную — Марыя Мартысевіч.

Купіць кнігу

Алесь Бычкоўскі «Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры»

(Выдавецтва «Галіяфы»)

За такой доўгай і мудрагелістай назвай хаваецца зборнік беларускага фантаста Алеся Бычкоўскага. Кнігу склалі аповесць і тры апавяданні, вытрыманыя ў жанрах фантастыкі, фэнтэзі і містычнага рэалізму. Творы гэтых жанраў з’яўляюцца ў сучаснай беларускай літаратуры не часта, таму на кнігу варта звярнуць увагу. Да таго ж гэта фантастычная літаратура з беларускім каларытам, створаная з выкарыстаннем мясцовага фальклору і на матэрыяле нашых рэалій.

Назву зборніку дало першае апавяданне ў ім. Гэта фантастычны твор пра чароўны капялюш, носьбіт якога можа візуалізаваць свае мары і жаданні. У выпадку з такімі магічнымі атрыбутамі заўжды важна ўсведамляць, што яны могуць прыносіць не толькі карысць, але і разбурэнне. Капялюш прыстасоўваюць да працы ў забаўляльнай сферы, але аднойчы ён выходзіць з-пад кантролю.

У апавяданні «Паляванне на ваўкалака» аўтар выкарыстаў паданне пра ваўкалакаў, якія з’яўляюцца нашчадкамі зніклай культуры неўраў. Раптоўна гэтыя незвычайныя істоты з’яўляюцца сярод людзей, і галоўнаму герою давядзецца з імі пазмагацца. Містычнае апавяданне «Дом, які здзяйсняе жаданні» па сваёй стылістыцы нагадвае творы Эдгара Алана По і з першых старонак заганяе чытача ў абсалютна ірацыянальны страх. Дом хавае мноства таямніц, і галоўнаму герою трэба быць асцярожным з iм і яго насельнікамі. Закрывае зборнік аповесць «Блукач», галоўны герой якой, 27-гадовы журналіст Тамаш Ян, праз партал у мінулае проста сярод лесу сутыкаецца з іншым вымярэннем.

Купіць кнігу

Лэсь Бэлэй «Ліхія дзевяностыя: любоў і нянавісць у Ужгарадзе»

(выдавецтва «Логвінаў»)

У пачатку года мы расказалі пра кнігу Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя». Бахарэвіч напісаў раман-эсэ пра сваю маладосць, якая прыпала на той неспакойны час. А вось украінскі пісьменнік Лэсь Бэлэй у сваёй кнізе апісаў агульную карціну дзевяностых, разбавіўшы яе рэальнымі гісторыямі. З чаго жылі, як забаўляліся, што слухалі. Найперш ён расказаў пра тое, што адбывалася ў яго родным горадзе — Ужгарадзе. Але паколькі Украіна выйшла з Савецкага Саюза, то дзевяностыя там і ў Беларусі — блізкія. Таму многае з кнігі — гэта і пра нас.

Каларыту «Ліхім дзевяностым» дадаюць гісторыі, звязаныя непасрэдна з Ужгарадам. Горад-статысячнік знаходзіцца на захадзе Украіны — на самай мяжы са Славакіяй, да Венгрыі — 25 км, да Румыніі і Польшчы — па 100 км. Адпаведна памежны рух там пасля знікнення СССР быў інтэнсіўны. А гэта кантрабанда, крымінал і шалёныя грошы.

Памежны гандаль быў бязлітасны. Прадавалі ўсё, што маглі дастаць. Напрыклад, адна жанчына некалькі дзясяткаў ланцужкоў для затычак у ванну павезла ў Польшчу. Купіў нейкі металіст і паказаў іншым. У выніку за дзень усе ланцужкі разабралі нефармалы. Некаторыя падымаліся на шклатары: за бесцань скупалі пустыя бутэлькі з-пад замежнага піва, везлі на грузавіку ў Славакію, дзе мянялі на поўныя бутэлькі, у прапорцыі за 6 пустых — адна поўная. У Венгрыі за 15 пляшак з-пад шампанскага ці піва давалі 10 кг бульбы.

Не абыходзілася і без разводу. Да 72-га бензіну далівалі тармазную вадкасць, каб ён стаў па колеры чырвоным, і вывозілі ў Венгрыю ці Славакію пад маркай 92. І прадавалі даражэй.

Сам Бэлэй у дзевяностыя быў дзіцем і падлеткам. Гэта адчуваецца па тым, з якой падрабязнасцю ён піша пра жуйкі, пра мультфільмы, пра субкультуры — пра тое, што яму блізка і знаёма. Але ён не стаў замыкацца на сваім вопыце, а сабраў сведчанні пра эпоху ад удзельнікаў тагачасных падзей. Ёсць у кнізе і пра рэкет і разборкі, хабары і палітыку, і нават пра першыя конкурсы прыгажосці.

З украінскай мовы кнігу пераклала Ліда Наліўка.

Купіць кнігу

Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, память 4 Гб, карты памяти