Што пачытаць з бестселераў па-беларуску? Кніжны агляд Onliner

4734
04 июня 2019 в 12:45
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Што пачытаць з бестселераў па-беларуску? Кніжны агляд Onliner

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Што ўзяць пачытаць, калі баіцеся брацца за кнігі невядомых аўтараў? Вядома ж, творы, правераныя часам і замежнымі чытачамі, — сусветныя бестселеры. Кнігі, пра якія вы шмат чулі, але да якіх не даходзілі рукі. Сусветны бестселер — заўсёды бяспройгрышны варыянт для чытання. Хоць і тут густы ва ўсіх розныя, але кнігі, якія з цікавасцю чытаюць па ўсім свеце, маем і па-беларуску. І гэта не класіка. Што апошнім часам выходзіла ў беларускіх перакладах?

Кен Кізі. Палёт над гняздом зязюлі

(выдавецтва «Янушкевіч»)

Для недасведчанага чытача Кен Кізі ўяўляецца аўтарам аднаго рамана — «Палёт над гняздом зязюлі». Насамрэч жа амерыканец напісаў тры раманы, некалькі зборнікаў апавяданняў і эсэ. Але падманлівае ўяўленне існуе нездарма: менавіта раман пра псіхарню праславіў Кізі, замацаваўшы за ім ролю аднаго з галоўных пісьменнікаў пакалення бітнікаў і хіпі.

Галоўны герой рамана Р. П. Макмэрфі прыкінуўся вар’ятам і, замест таго каб ісці ў турму, патрапіў у псіхіятрычны шпіталь, у якім «вострыя» пацыенты і «хронікі» падпарадкаваныя волі Сястры Брыдар. Усе баяцца яе і нават не думаюць бунтаваць. Хаця калі з’яўляецца зародак непадпарадкавання, у Сястры заўжды ёсць парачка санітараў і метады ўтаймавання — электрашок.

Новенькі Макмэрфі прыглядаецца і ўвязваецца ў супрацьстаянне з Вялікай Сястрой. Спачатку ў адкрытую, але затым усё больш абдумана расстаўляе свае пасткі. Але Брыдар — жанчына-гара, яе не зламаць злёту. І пачынаецца гульня, нібы ў глядзелкі: хто першы саступіць, у каго не вытрымаюць нервы. Толькі на баку Вялікай Сястры вялікая сіла — Камбінат… Ці дасць гэта вынік?

Раман пра тое, што адбываецца з асобай, калі яна выступае супраць сістэмы. Што адбываецца з яркімі індывідамі, калі яны аказваюцца пасярод шэрай масы. Ідэя напісаць падобны раман прыйшла ў той час, калі сам Кен Кізі працаваў санітарам у шпіталі для ветэранаў. У выніку гэты твор прымусіў дзяржаву пераглядзець падыходы да метадаў лячэння псіхічна хворых. «Палёт…» стаў культавай кнігай, паводле якой у 1975 годзе Мілашам Форманам быў зняты фільм з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі.

На беларускую мову кнігу пераклаў Аляксей Знаткевіч.

Купіць кнігу

Чак Паланюк. Байцоўскі клуб

(выдавецтва «Логвінаў»)

Першае правіла Байцоўскага клуба — не казаць пра Байцоўскі клуб, але мы ўсё ж такі раскажам пра гэты культавы раман. Ён выйшаў у ЗША ў 1996 годзе і дагэтуль карыстаецца шалёнай папулярнасцю. З таго часу Чак Паланюк выдаў ужо 20 кніг, але яшчэ ніводная не змагла дасягнуць поспеху гэтага рамана.

Паланюк прыйшоў у літаратуру ў 35 гадоў, праўда, яго першая кніга «Бяссонніца» не была апублікаваная. Наступны твор «Невідзімкі» падаўся выдаўцу надта абуральным, і ён адмовіўся яго друкаваць. Тады Чак напісаў яшчэ больш абуральны «Байцоўскі клуб», але яго, як ні дзіўна, выпусцілі ў свет.

Сюжэт рамана пабудаваны вакол героя, які пакутуе ад бяссонніцы. Яго праца звязана з бясконцымі вандроўкамі па краіне, у якіх героя атачаюць адны і тыя ж аднаразовыя рэчы і людзі, якія выклікаюць непрыняцце грамадства спажывання і праблемы са сном. Пасля парады лекара ён пачынае наведваць групы падтрымкі для людзей з рознымі хваробамі, каб зразумець, што ёсць людзі, якім горш, чым яму. У працэсе барацьбы з бяссонніцай ён сустракае загадкавага Тайлера Дэрдэна, а пазней стварае падпольны байцоўскі клуб.

Дарэчы, вас можа здзівіць напісанне прозвішча аўтара на вокладцы — Паланюк. Гэта праз тое, што дзед пісьменніка быў украінцам, які эміграваў у ЗША праз Канаду. Ад дзеда Чак і атрымаў прозвішча, якое па-ўкраінску пішацца Палагнюк, а па-англійску Palahniuck. Але ў сям’і пісьменніка існуе легенда, згодна з якой маленькага Чака прывялі на могілкі, дзе былі пахаваны дзед і бабуля. У той час ён не ведаў іх імён, але калі ўбачыў надпісы на надмагіллях, то склаў імёны Пола і Нік і атрымаў прывычны нам варыянт вымаўлення прозвішча — Паланік.

З англійскай мовы кнігу пераклаў Серж Мядзведзеў. У 1999 годзе Дэвід Фінчар зняў аднайменны фільм, які даволі хутка стаў культавым. Галоўныя ролі ў ім выканалі Эдвард Нортан і Брэд Піт.

Купіць кнігу

Архан Памук. Стамбул. Горад і ўспаміны

(выдавецтва «Янушкевіч»)

Кніга Архана Памука — адзіная з гэтага агляду, якую не экранізавалі, і гэта не дзіўна. «Стамбул» — самая нетыповая кніга Памука, але самая пазнавальная, самая вядомая. Гэта не раман у прывычным значэнні, а раман-эсэ пра родны горад. Памук, між іншым, атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 2006 годзе акурат за вобраз Стамбула ў сваіх кнігах.

«Стамбул. Горад і ўспаміны» складаецца з 37 раздзелаў, у якіх пісьменнік расказвае пра горад, раскрываючы сваё жыццё і гісторыю сваёй сям’і. Гэта ні ў якім разе не ўспаміны і не даведнік па горадзе. Гэта знітаваныя гісторыі пра Стамбул, падзелены паміж Еўропай і Азіяй, аповеды пра горад, які часцяком не адкрываецца вачам турыстаў, якія прыязджаюць сюды на дзень-два ці нават на тыдзень. Памук расказвае пра Стамбул, у якім ён правёў дзесяцігоддзі і які ўвесь гэты час спазнаваў.

У кнізе больш за 200 фотаздымкаў са збораў пісьменніка: Стамбул і стамбульцы ХХ стагоддзя, крыгі на Басфоры, багацеі і іх вечарынкі, начны Стамбул і патаемныя закуткі горада, шчаслівая сям’я Памукаў. Кніга прысвечана бацьку пісьменніка — Гюндзюзу, які памёр у 2002-м. Гюндзюз таксама хацеў стаць пісьменнікам, а ў маладосці пісаў вершы. Калі Архану было сем, бацька, нікога не папярэдзіўшы, з’ехаў у Парыж і азваўся толькі праз некалькі тыдняў. Ён спрабаваў спраўдзіць мару маладосці і стаць пісьменнікам, але было ўжо позна, і ён вярнуўся да сям’і.

Кніга перакладзена з турэцкай мовы Таццянай Урублеўскай-Токер. Увогуле «Стамбул» выйшаў ужо на 65 мовах.

Купіць кнігу

Кадзуа Ісігура. Не адпускай мяне

(выдавецтва «Янушкевіч»)

У 2017 годзе брытанскі пісьменнік японскага паходжання Кадзуа Ісігура атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры з наступнай фармулёўкай: «У раманах велізарнай эмацыянальнай моцы раскрыў бездань, якая хаваецца пад нашым ілюзорным пачуццём сувязі са светам». Праз скандал, які скалануў Шведскую акадэмію ў мінулым годзе, Ісігура другі год застаецца «апошнім» лаўрэатам. Сёлета ў перакладзе на беларускую мову выйшаў самы папулярны яго раман «Не адпускай мяне». Часопіс Time уключыў гэты твор у лік ста найлепшых англійскіх раманаў за апошняе стагоддзе.

Раман Ісігура — антыўтопія з элементамі фантастыкі, галоўныя героі якой — гадаванцы школы-інтэрната Хэйлшэм. Гэтая школа для іх — цэлы свет, і іншага яны не бачаць, бо яны — клоны людзей, якіх вырошчваюць, бы тую хатнюю жывёлу, толькі з адной мэтай — зрабіць донарамі органаў для хворых людзей. Насельнікі Хэйлшэма ведаюць, што іх чакае. Толькі не могуць ніяк паўплываць на свой лёс.

Антыўтапічныя творы даўно прыцягвалі ўвагу чытачоў, але ў наш час цікавасць да гэтага жанру толькі павялічваецца. Моладзь перажывае за будучыню, у якой ёй яшчэ жыць, таму шукае ў падобных кнігах адказы на пытанні, як пазбегнуць найгоршых варыянтаў развіцця падзей. «Не адпускай мяне» нагадвае нам пра тое, як важна быць людзьмі, а таксама прымушае задумацца аб пытаннях суадносін навукі і этыкі.

Кніга перакладзена з англійскай мовы Ганнай Янкутай. У 2010 годзе паводле рамана быў зняты фільм з Кірай Найтлі, Кэры Маліган і Эндру Гарфілдам у галоўных ролях.

Купіць кнігу

Габрыель Гарсія Маркес. Каханне падчас халеры

(выдавецтва «Янушкевіч»)

Што ні кніга Маркеса, то з запамінальнай назвай. Такой, якую адзін раз прачытаеш, і яна застанецца ў тваёй галаве на доўгія гады. «Палкоўніку ніхто не піша», «Восень патрыярха», «Сто гадоў адзіноты», «Каханне падчас халеры».

Прыгажуня Фэрміна Даса адмовілася выйсці замуж за Флярэнтына Арысу, якога кахала, і пабралася шлюбам з іншым. Праз бздуру адмовіла маладому чалавеку: вырашыла праявіць прынцыповасць, якая затым усё жыццё давала пра сябе знаць. Флярэнтына ж не траціў надзеі некалі падзяліць з каханай шчасце сумеснага жыцця. Праз пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён яго мара здзейснілася. Праўда, усё не так проста — гэта ж магічны рэалізм, а не звычайная любоўная гісторыя. Гэта калі коратка да сюжэту. Падзеі разгортваюцца лінейна, усё ясна, і ніяк не зблытаешся, хто каму кім даводзіцца ці хто каму здрадзіў. Нягледзячы на даволі простае апавяданне ў рамане, стыль Маркеса ў гэтым творы ўсё адно пазнаецца.

Кніга насычана цікавымі думкамі, якія так і хочацца захаваць у памяці. «Калі жанчына вырашыла пераспаць з мужчынам, няма перашкодаў, якія яна не можа пераадолець. Няма крэпасці, якую яна не возьме. Няма маральных установак, якія не зруйнуе дашчэнту». Альбо: «Чалавек разумее, што пачынае старэць, калі знаходзіць падабенства з бацькам».

«Каханне падчас халеры» — не самы папулярны раман пісьменніка (хаця ці ёсць у Маркеса штосьці непапулярнае?!), але самы аптымістычны. Кніга выйшла ў 1985 годзе, гэта быў яго першы твор пасля атрымання Нобелеўскай прэміі ў 1982 годзе. У рускім перакладзе раман, між іншым, называецца «Любовь во время чумы», хаця па-іспанску ў назве менавіта халера — El amor en los tiempos del cólera, а чума — зусім іншая хвароба.

У 2007 годзе паводле кнігі быў зняты мастацкі фільм, праўда, раман нашмат лепшы. На беларускую мову «Каханне падчас халеры» пераклаў Карлас Шэрман.

Купіць кнігу

Дуглас Адамс. Аўтаспынам па галактыцы

(выдавецтва “Логвінаў”)

У 1979 годзе англійскі пісьменнік Дуглас Адамс напісаў раман «Аўтаспынам па галактыцы», які стаў фенаменальна паспяховым і ў 1984 годзе ўзначаліў спіс англійскіх бестселераў. А на два гады раней ён стаў папулярным і ў ЗША, трапіўшы ў New York Times bestellers list і Publishers’ Weekly bestsellers list. Гэта было значнай падзеяй, бо ўпершыню пасля Яна Флемінга (стваральніка раманаў пра Джэймса Бонда) у англійскага пісьменніка атрымалася дасягнуць такога поспеху ў Амерыцы. Таксама Адамс стаў самым маладым аўтарам, які атрымаў узнагароду Golden pen за тое, што колькасць прададзеных копій яго кнігі пераваліла за мільён. Сёння, зразумела, гэтая лічба ўжо значна большая.

Увогуле «Аўтаспынам па галактыцы» — гэта серыя гумарыстычных навукова-фантастычных раманаў, якая распавядае пра прыгоды Артура Дэнта. У першай кнізе яго дом плануюць знесці, каб пабудаваць новую дарогу. У гэты час у свеце адбываюцца падобныя, але больш маштабныя змены: Зямля знаходзіцца на шляху пабудовы гіперпрасторавай магістралі, таму яе збіраюцца знішчыць.

На беларускую мову кнігу выдатна пераклаў Павел Касцюкевіч. Ён сапраўды якасна папрацаваў над лакалізацыяй імён, тапонімаў і назваў, каб наблізіць рэаліі кнігі да беларускага чытача. Напрыклад, у кнізе мы можам убачыць «паляшускую звышмяту» з «планеты Паляшус», выданне «Наша піва», «мандранітавыя капальні планеты Салізорск» і «бутэльку віскара „Ку-Палёнка“».

Экранізавалася кніга двойчы: у 1981 годзе як серыял, і ў 2005 годзе, ужо пасля смерці пісьменніка, як поўнаметражны фільм рэжысёра Гарта Джэнінгса.

Купіць кнігу

Клайв Стэйплз Льюіс. Хронікі Нарніі. Леў, Вядзьмарка і гардэроб

(выдавецтва «Пазітыўцэнтр»)

Клайв Стэйплз Льюіс доўгі час заставаўся адным з самых папулярных у свеце пісьменнікаў для дзяцей. Стварыўшы свае кнігі ў 1950-х, амаль на паўстагоддзя ён быў у топах чытаных аўтараў і сёння застаецца вельмі папулярным, але ролю самай-самай чытанай пераняла эпапея пра Гары Потэра Джаан Роўлінг (у снежні 2019 года, дарэчы, першая кніга «Гары Потэр і філасофскі камень» выйдзе і па-беларуску).

Стэйплз выдумаў чароўную краіну пад назвай Нарнія, у якой і адбываюцца падзеі кніг. Паколькі сам пісьменнік з’яўляўся багасловам (ён належаў да англіканскай царквы), то ў кнігах цыклу шмат хрысціянскіх матываў.

Што непасрэдна да «Льва, вядзьмаркі і гардэроба», які на беларускую пераклаў Андрэй Кім. Кніга выйшла першай у цыкле, але паводле ўнутранай храналогіі яна другая. Праз бамбёжкі Лондана бацькі высылаюць чатырох сваіх дзяцей да сябра, прафесара Керка. У доме прафесара дзеці падчас гульні знаходзяць патаемны ўваход у Нарнію — праз дзверы ў гардэробе. Чароўная краіна знаходзіцца пад уладай каралевы-вядзьмаркі, з якой дзеці і пачынаюць барацьбу. Вызваліць Нарнію дзецям дапамагаюць звяры.

Раман экранізаваўся ў 1998-м і 2005-м. Гэта кніга, нароўні з творамі Джона Толкіна, Джаан Роўлінг, не толькі дзіцячая. Гэта так званы young adult  — кнігі, арыентаваныя на дзяцей і падлеткаў, але большасць чытачоў — дарослыя.

Па-беларуску кнігі Льюіса ўжо выходзілі. «Пляменнік чараўніка» — шостая частка цыкла «Хронікі Нарніі», але першая паводле ўнутранай храналогіі, а таксама «Лісты Круцяля» — гэта кніга не пра Нарнію.

Купіць кнігу

Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta Plus, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi
Нет в наличии
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 600 x 800, с подсветкой, память 4 Гб, карты памяти

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!