Бацькі: «У Мінску амаль што няма беларускамоўных яселек ды садкоў. Сітуацыя дзіўная, нездаровая»

25 879
19 января 2019 в 8:00
Источник: Паліна Шуміцкая. Фото: Аляксандр Ружачка

Бацькі: «У Мінску амаль што няма беларускамоўных яселек ды садкоў. Сітуацыя дзіўная, нездаровая»

Источник: Паліна Шуміцкая. Фото: Аляксандр Ружачка

Калі трохгадовая Ядзвіга пайшла ў дзіцячы садок, ёй прыйшлося нялёгка. «Мышка пад каберцам», — тлумачыла свой малюнак дзяўчынка аднагрупнікам ды выхавацелям. «Што?» — не разумелі першыя. «Што-о-о?» — пыталіся другія. Ядзя бянтэжылася. На хвіліначку, усё гэта адбывалася ў беларускамоўнай групе мінскага дзіцячага садка №403. Дакладней, фармальна беларускамоўнай. Такіх груп у Мінску не менш як сто, але насамрэч шмат дзе толькі шыльды, гавораць бацькі. Чаму так адбываецца і што рабіць дарослым, якія абіраюць беларускую мову для сваіх дзетак, высвятляў Onliner.

«У 80-х усе беларускамоўныя беларусы ведалі адзін аднаго»

Я прадбачу пытанне чытачоў «а што, Ядзвіся не магла сказаць па-руску „мышка под ковриком“?», таму адразу адкажу: не, не магла. Гэтая дзяўчынка ад нараджэння не чула ніводнага слова па-руску ў сваёй сям’і. Абсалютна сур’ёзна. Бацькі Ядзі, Сяргей ды Іна Мудрачэнкі, зрабілі свой выбар і перайшлі на беларускую мову за шмат гадоў да з’яўлення дзіцяці.

— Я нарадзіўся ў Салігорску ў звычайнай сям’і, — расказвае 48-гадовы галоўны бухгалтар Сяргей Мудрачэнка. — Вядома, мае бацькі размаўлялі па-руску і на трасянцы. Але маці была настаўніцай гісторыі. Цэлыя шафы ў нашай кватэры былі застаўленыя кнігамі. Я амаль усе іх прачытаў. Аднойчы сярод таўшчэзных фаліянтаў па гісторыі я знайшоў невялічкі беларуска-расейскі слоўнік. У вольны час пагартаў яго, і мне трапілася першае незнаёмае слова, другое, трэцяе… Я мусіў завесці асобны сшытак, каб запісваць усе невядомыя беларускія словы. Так гадоў, можа, у дзесяць мне адкрылася цэлая Атлантыда…

Дзе яшчэ я мог пачуць мову? Беларускамоўных школ у гарадах тады не было. Але па-беларуску размаўлялі ў вёсцы Лістападавічы мае дзед і баба. Аднойчы я вярнуўся з вёскі і дома замест «подсолнечное масло» сказаў «алей». «Так разговаривают только неграмотные деревенские люди, ты так не говори!» — спужалася маці. Але выбар я ўжо зрабіў. Цалкам перайшоў на беларускую мову ў Мінску, калі вучыўся на трэцім курсе. Тады ўсе беларускамоўныя беларусы ведалі адзін аднаго. Нас агулам было, можа, чалавек сто. Ідзеш, бывала, па вуліцы, людзі пачуюць беларускую мову — і азіраюцца. Гэта было нейкае дзіва. Цяпер мая дачка гадуецца ў зусім іншай атмасферы.

Сапраўды, Ядзвіся (ёй ужо споўнілася чатыры) не сумняваючыся размаўляе на беларускай літаратурнай мове — і на ніякай іншай. Выключэння дзяўчынка не робіць ні для сяброў, ні для журналістаў. «Мама, дапамажы, гэтая фігурка такая таўсцюсенькая», — настойліва просіць Ядзя, перастаўляючы цацкі на дошцы. «Ніякіх гульняў не было!» — катэгарычна адказвае журналістам на пытанне пра баўленне часу ў садку.

Мама Ядзвігі, Іна Мудрачэнка, перакладчыца на англійскую мову, расказвае сваю гісторыю:

— У маёй сям’і заўсёды гучала беларуская мова: выпісвалі газеты, слухалі радыё па-беларуску. Мая радзіма — Случчына, Клеччына — гэта ж увогуле цэнтр беларушчыны. Калі я пачала чытаць Караткевіча ў дзясятым класе, канчаткова перайшла на беларускую мову. Пасля школы паступіла ў педагагічны ўніверсітэт на беларускую філалогію. Потым захапілася літаратурнымі сустрэчамі, вяла дыскусійны клуб… Калі пазнаёмілася з Сяргеем, не было пытання, на якой мове размаўляць. 

Я мяркую, што сёння беларусы ставяцца да беларускай мовы альбо прыязна, альбо нейтральна. У паліклініцы, у крамах Серабранкі (там жывуць Мудрачэнкі. — Заўв. Onliner) — усюды нас пазнаюць, бо мы адметныя. У аптэцы пытаюцца па-беларуску: «Ці дапамаглі вам тыя лекі?» Вядома, бываюць і смешныя выпадкі. Аднойчы ў мінскай кавярні я папрасіла гарбаты. Там не ведалі, што гэта такое. Дык я патлумачыла па-англійску: «Tea, please». Мяне зразумелі.

Адным словам, сям’я Мудрачэнкаў спакойна жыла ў беларускамоўным укладзе. З першымі перашкодамі бацькам давялося сутыкнуцца, калі надышоў час весці Ядзвігу ў садок.

— Нягледзячы на тое, што я занёс заяву ў адміністрацыю раёна яшчэ калі Ядзі было паўгода, стаў на чаргу і пазначыў, што мяне цікавіць беларуская мова навучання, праз два гады мне паведамілі, што ў Серабранцы, як і ва ўсім Ленінскім раёне, няма ніводнага такога садка ці групы. Ну гэта ж ненармальная сітуацыя! — канстатуе Сяргей. — Мы ўжо пракручвалі розныя варыянты, калі раптоўна даведаліся, што ў садку №403 за дзве сотні метраў ад нашага дома створаная беларускамоўная група. Запісалі Ясю туды. Напраўду яны ўзялі звычайную рускамоўную групу, якая ўжо існавала, назвалі яе «Матылькі» — і быццам зрабілі з яе беларускамоўную! «Бацькі, не хвалюйцеся, вашым дзецям толькі раз на тыдзень скажуць пару беларускіх слоў: „бульба“, „сонейка“, „дзякуй“, „калі ласка“, „дабранач“» — вось такі быў сцэнарый, як мы ўяўляем.

Першы год быў даволі цяжкі — і для Ядзі, і для нас. Напачатку выхавальніца размаўляла па-беларуску толькі з Ясяй, а з астатнімі — па-руску. Усе дваццаць дзетак амаль не гаварылі па-беларуску, не разумелі нашу дачку, а яна — іх. Ядзя пачувалася не надта выгодна, нават не хацела ісці ў садок. Мы прыдумлялі сістэму матывацыі — матэрыяльнай і маральнай: «Яся, ты не проста ходзіш у садок, а зарабляеш грошы на квіток на карабель, на якім улетку паплывеш на мора». Альбо такую гульню: «Дачушка, ты не проста наведваеш садок, а выконваеш місію: вучыш іншых дзетак беларускай мове. Сёння трэба падарыць усім адно беларускае слоўца».

Сітуацыя змянілася на другі год, калі нас стала ўтрая болей: у садок на наша запрашэнне прыйшлі беларускамоўныя знаёмыя Касцюкевічы ды Бойкі. Выхавальніца Таццяна Іванаўна (мы сапраўды маем цудоўную выхавальніцу, нам пашанцавала) пачала весці заняткі на беларускай мове не толькі з Ясяй, але з усімі дзецьмі. Мы гэта чуем. Цяпер аднагрупнікі разумеюць абедзве мовы, гэта палепшыла камунікацыю.

«Сістэма беларускай адукацыі досыць гнуткая. Бацькі могуць змяняць яе ў аспекце мовы»

Сям’я Бойкаў — малодшае, але не менш апантанае пакаленне. Аляксандра Бойка-Падкапаева (29 гадоў, мастачка-аніматарка) расла ў звычайнай сям’і. Але ў гомельскай гімназіі, дзе вучылася дзяўчына, існавала этнаграфічная арганізацыя «Выведнікі». З гэтага ўсё і пачалося…

— Памятаю, прыйшла да маці і сказала: «Буду размаўляць на беларускай мове». Маці была, мякка кажучы, супраць, — узгадвае Аляксандра. — Я ўсё спрабавала нешта патлумачыць, але стаўленне не мянялася… З таго часу я марыла, каб мой муж быў беларускамоўным. Так і адбылося — пазнаёмілася з Яўгенам. Калі пабраліся шлюбам, маці спрабавала казаць мужу: «Разговаривай со мной на русском, я тебя не понимаю», — а ён спакойна далей гаварыў на беларускай мове. Сітуацыя пачала мяняцца з нараджэннем Богуся, а потым і Мірона. Богусь аднойчы папрасіў: «Бабуля, ну пачытай ты мне гэтую кніжку! Гэтую! Іншую не хачу!» І калі мне яна магла адмовіць, то маленькаму дзіцяці ж не адмовіш. І маці ўжо чытае Богусю беларускія вершыкі. Потым яна мне тэлефануе, запытвае: як гэтае слова перакладаецца, а як гэтае?.. Да мяне прыйшло разуменне: хай гэта будзе праз Богуся і Мірона. Не ціскам з майго боку, але праз дзетак. Для мяне гэта быў цуд!

31-гадовы Яўген Бойка, інавацыйны трэнер, успамінае пра свайго дзеда з вёскі Вялікі Паўлопаль у Маларыцкім раёне. Менавіта там бавіў кожнае лета маленькі Яўген, а потым прывозіў дамоў, у горад, палескі дыялект. «Він», — казаў хлопчык школьным настаўнікам замест «ён».

— «Чаму беларуская мова? Чаму? Ну чаго вам не сядзіцца?» — пытаюцца некаторыя. Адказ просты. Для нас гаварыць на беларускай мове — гэта быць такімі, якія мы ёсць, — тлумачыць Яўген. — Для мяне мова — гэта харызма і запал. Ніхто ў Беларусі не супраць беларускай мовы, калі ён адэкватны сучасны чалавек. Адзінае, што можа напружваць, — гэта пытанне хуткасці пашырэння мовы. Напрыклад, мы скажам: «Давай размаўляй сёння». А ён, можа, толькі праз год пачне размаўляць, навошта прыспешваць чалавека? Я сам ішоў да беларускай мовы пяць год — з пятнаццаці да дваццаці! Мяне ніхто не прыспешваў, гэта было ўласным памкненнем. Таму я хачу даваць людзям час і натхненне.

Цяпер у Мінску амаль што няма беларускамоўных груп і садкоў, асабліва яселек. Сітуацыя дзіўная, нездаровая, калі глядзець у будучыню. Разумееце, MSQRD, World of Tanks — крэатыўныя ІТ-прадукты, што з’явіліся дзякуючы беларускай культуры. Дзякуючы беларускай і рускай мове мы маем асаблівы пашыраны светапогляд. Калі страцім мову, беларуская крэатыўнасць змізарнее, і нам прыйдзецца набываць ідэі ды прадукты іншых народаў. Плаціць за крэатыў ізраільцян, напрыклад. Культурная галеча, якая потым пераліваецца ў эканамічную, — вось што нас можа чакаць… А ўсё пачынаецца з маленства. Цяпер беларускамоўных груп у мінскіх садках блізу сотні. Але большасць пакуль фармальныя. Наша ідэя: прыходзь у фармальную групу і напаўняй яе зместам. У нас атрымалася — атрымаецца і ў цябе!

Памятаю, як пачаўся першы бацькоўскі сход і наша выхавацелька вельмі асцярожна запытала: «На якой мове гаварыць?» Я сказаў: «Вядома, па-беларуску! А як па-іншаму, гэта ж беларускамоўная група!» Цяпер я зразумеў, што такія моманты вельмі важныя. У гэтым і цуд, калі тры сям’і здольныя дамовіцца з дваццаццю іншымі аб пашырэнні мовы!

У папярэднія гады бацькі ішлі да адміністрацыі і патрабавалі, каб зверху далі тое, чаго яны жадаюць. Гэта было патрэбна і карысна. А цяпер мы робім гэта знізу. Мне ўчора пазваніла выхавацелька са Смаргоні, якая таксама зрабіла ў садку беларускую групу. Па гэтых прыкладах я разумею, што сістэма беларускай адукацыі досыць гнуткая. Бацькі могуць змяняць яе ў аспекце мовы. 

Наша першая задача — замацаваць і развіваць беларускія групкі ў Серабранцы. Вырастуць Ядзя, Богусь і Усяслаў, у садок прыйдзе новае пакаленне. Таму мы арганізавалі краўдкампанію. Групка беларуская, багата матэрыялаў мы дакупім — чытанкі, азбукі, энцыклапедыі, аўдыёказкі, вершаваныя расфарбоўкі, дзіцячыя настольныя гульні на беларускай мове. Галоўная задача краўдкампаніі — дапамагчы іншым бацькам забяспечыць сваіх дзетак беларускай мовай у садку.

Адрозніць фармальны падыход ад сапраўднага вельмі проста: трэба, каб адна выхавацелька ўвесь час гаварыла па-беларуску, а заняткі перакладаліся на абедзве мовы. І ў нашай групе гэта цяпер так і працуе. Таццяна Іванаўна выдатна валодае мовай, увесь час сыпле прымаўкамі: «Усяслаў і Богусь — два друга, хамут ды папруга», «Ваша Ядзя сёння спіць як пшаніцу прадаўшы». Ведаеце, сучасных выхавацеляў, якія валодаюць беларускай мовай, вобмаль. А псіхолагаў і лагапедаў? У Мінску іх адзінкі! Сёння можна ісці не ў праграмісты, а ў беларускамоўныя лагапеды, заробак будзе не меншы (смяецца. — Заўв. Onliner). Лічу, што сістэма адукацыі — гэта месца, дзе надышоў час змен праз дамову і бачанне перспектывы.

Мудрачэнкі, Бойкі ды Касцюкевічы стварылі на краўдплатформе Ulej.by праект пад назвай «Вялікая місія маленькай Ядзвігі». Яны правядуць форум аб беларускай мове ў дашкольнай адукацыі. А яшчэ купяць кніжкі ды абсталяванне для беларускамоўнай групкі ў сваім садку. Падтрымаць праект вы можаце праз спасылку (матываваныя бацькі ўжо паспяхова назбіралі патрэбную суму і цяпер заклікаюць «галасаваць» адным рублём, каб тысяча чалавек змагла падтрымаць справу мінімальным унёскам). Глядзіце таксама абаяльнае відэа, якое зрабіла маці Богуся Аляксандра Бойка-Падкапаева.

зеркальная камера, байонет Nikon F, матрица APS-C (1.5 crop) 24 Мп, с объективом F3.5-5.6 18-55 мм
Снят с продажи

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by