«Каляда-каляда, дзед на бабу пагляда, баба — на ікону, дайце самагону», — у фальклоры беларусаў захавалася шмат калядных прыказак, прымавак, песень і народных прыкмет. Прычым і зараз нават гарадскія жыхары могуць выдаць што-небудзь з каляднага. Але мала хто можа пахваліцца тым, што ведае, адкуль пайшла назва гэтага свята і што рабілі ў калядныя дні нашыя продкі. Выпраўляемся і запаўняем прабелы ў сваёй гістарычнай памяці.
Пятро Цалка, дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава.
— Спадар Пятро, адкуль такая назва — Каляды? Не Божае нараджэнне ці Раство, а менавіта Каляды?
— Што тычыцца слова «каляды», то тут навукоўцы разбіліся на два лагеры. Адны лічаць, што яно паходзіць ад лацінскага «календы», ці Kalendae, — пачатак часу, які адзначаўся ў старажытных рымлян з выплатай пазык і сведчыў пра пачатак нейкага новага перыяду. Другая частка навукоўцаў (досыць вялікая) лічыць, што слова «каляды» паходзіць ад назвы старажытнага язычніцкага боства. У кожнай версіі ёсць свае аргументы, але калі браць абрады беларусаў, то «калядой» называлі нейкае боства і абрадавыя дзеянні.
Каляды — гэта не адзін дзень і не адно свята. Калі адкрыць каляндар, то мы ўбачым, што гэта цыкл свят. Калядныя, або, як іх маглі называць, Святыя вечары ці Крывыя вечары, пачыналіся перад Раством (6 студзеня) і працягваліся аж да Вадохрышча (19 студзеня). «Крашчэнне — Калядам прашчэнне» — казалі людзі.
Каляды — гэта шматбаковая і шматгранная з’ява. Так, не проста абрад ці свята (ці, як зараз модна казаць, элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны), а менавіта з’ява, якая ўключае ў сябе шматлікія абрады, абрадавыя дзеянні, абрадавую атрыбутыку і г. д. Таму карані можам шукаць у самых розных галінах і часах. Дакладна можна казаць пра дахрысціянскія карані абрадавых абыходаў, пераапрананне ўдзельнікаў, асобныя калядныя тэксты, варажбу. Але не трэба забываць і пра пэўныя дзеянні, якія ўзніклі пад уплывам хрысціянства ці іншых сацыяльных, гістарычных рэалій і арганічна ўліліся ў абрадавую практыку.
— Наколькі гэта было важнае свята ў нашых продкаў і якое месца яно займала па значнасці сярод гадавых свят?
— А наколькі для нас важным з’яўляецца пачатак новай справы, новага дня, новых стасункаў? Так і для нашых продкаў Каляды лічыліся пачаткам нечага новага і ў той жа час працягам ужо пройдзенага шляху, працягам здабытай мудрасці.
У прынцыпе, каляндарны год беларуса, зыходзячы са шматлікіх навуковых даследаванняў, можна падзяліць на чатыры асноўныя часткі, якія звязаны з сонцастаяннем — калі дзень пачынаў расці ці, наадварот, змяншацца. Зімовае сонцастаянне звязана з нараджэннем новага сонца, новага года.
Паколькі сонцастаянне як астранамічная з’ява працягвалася не адзін дзень, то і сам час лічыўся незвычайным — нібы спыняўся і валодаў асаблівымі здольнасцямі. Напрыклад, дазваляў убачыць, што чакае наперадзе (з гэтым звязана варажба), або звярнуцца да продкаў (закліканне дзядоў на куццю). У гэты час быццам адчыняўся партал, які даваў магчымасць адначасова зазірнуць у мінулае ці будучыню і заставацца ў сучаснасці.
— Наколькі я ведаю, нашыя продкі пачыналі рыхтавацца да свята задоўга. Якім чынам гэта адбывалася?
— Паколькі самі Каляды займалі даволі працяглы час, то і падрыхтоўка была грунтоўная. Папярэднічала святочным дням Піліпаўка, або Піліпаўскі (Філіпаўскі) пост. Час вялікай працы. Збіраючыся на вячоркі ці проста дома, шмат займаліся рукадзеллем: пралі, шылі, вышывалі, у некаторых мясцовасцях нават ткаць пачыналі. Але не забываліся і на забавы, падчас якіх часта выбіралі сабе пару, бо менавіта пасля Піліпаўкі, на Каляды, гулялі шмат вяселляў.
Таксама старанна рыхтаваліся і да калядных застолляў. Бо цягам двух тыдняў патрэбна было максімальна паказаць сваю шчодрасць гасцям, якія завітаюць. Каб і год быў такі шчодры, як стол і пачастункі для гасцей.
Увогуле да Калядаў усё патрэбна было давесці да ладу: і гаспадарку, і хату. У хаце чыста прыбіраліся. Хавалі ўсе прылады працы, якімі карысталіся ўвесь Піліпаўскі пост. Напрыклад, верылі: «от колі верэцено ў хаці на Коледа оставіш, не ўбачыш его, то цэлэ лето змей будзеш бачыць».
Адмысловым упрыгожаннем на Каляды быў саламяны павук. Салома сімвалізавала і пладавітасць зямлі, і цеплыню сонца. Строгая геаметрычная форма павука дазваляла нібыта структураваць і парадак у хаце, аберагаючы жыццё чалавека ад усяго дрэннага. Дарэчы, напярэдадні Калядаў старога, мінулагодняга саламянага павука спальвалі, і адразу ж патрэбна было зрабіць новага, размясціць яго ў хаце пад столлю.
— Што трэба было абавязкова зрабіць у перадкалядны дзень і вечар?
— Папярэднічала Калядам святочная сямейная вячэра. Падчас усяго каляднага перыяду абавязкова рыхтавалі тры куцці. Перад Раством (з 6 на 7 студзеня) — галодная, перад Шчодрамі (з 13 на 14 студзеня) — багатая, перад Вадохрышчам (з 18 на 19 студзеня) — зноў галодная, ці «вадзяная».
Падчас галоднай куцці на стол ставілі выключна посныя стравы: бульба, бліны, грыбы, квас, узвар, рыба (перад Раством). На шчодрую куццю стол павінен быў быць як мага больш «тлустым». Калі ўсяго на стале ўдосталь, то і цэлы год дастатак сям’ю чакае. Тут ужо і вяндліна, і халадзец, і каўбасы, і рыбныя стравы, і на гародніну з садавіной не забываліся. Лічылася, што на стале павінна быць не менш за 12 страў. Але галоўнай усё ж была куцця.
Самай важнай з усіх трох была куцця 6 студзеня. Галоўная абрадавая страва на Каляды — ячная каша, у якую дадавалі ваду, мёд ды мак. Пасля прыгатавання гаспадыня абавязкова ставіла куццю на покуць у салому (сена), «коб посвеціць куцью», «коб пар на ікону пайшоў і Хрысту цёпло було», «коб хату посвеціць».
Стол у гэты дзень абавязкова засцілаўся сенам ці саломай, якая ляжала там падчас усіх калядных (святых) вечароў. Зверху ўсё гэта накрывалі абрусам і ставілі ежу. Пасля Калядаў сена аддавалі жывёле, каб быў большы статак, каб пладзілася і была здаравейшая.
— Пасля першай зоркі адразу сядалі за стол, правільна?
— Не зусім. Пасля таго як узыходзіла першая зорка і ўся сям’я збіралася за сталом, есці не спяшаліся — запрашалі на вячэру продкаў. Гэта маглі назваць «дзядоў зваць», «мароз клікаць». Гаспадар тройчы прамаўляў: «Дзяды, дзяды! Хадзіця куццю (гушчу) есці!» — і адкладваў па лыжцы кожнай стравы ў асобны сподачак. Пасля адносіў яго на падваконне, дзе той стаяў увесь калядны цыкл. Менавіта першыя лыжкі былі самымі значнымі, бо продкі-дзяды былі вышэй за жывога чалавека і ўшанаванне іх было вельмі важным.
Памаліўшыся, сядалі вячэраць. Пасля вячэры малыя дзеці імкнуліся сабраць як мага болей лыжак са стала, «коб поболей грыбоў назбіраць у лесі».
— Ці была традыцыя ўжывання алкаголю і што пілі падчас святкаванняў?
— Так, алкаголь ужывалі. Але, як заўважаюць падчас сваіх успамінаў носьбіты традыцыйнай культуры, «усегда меру зналі». Ды і алкаголь быў іншага гатунку: квас, медавуха, наліўка.
— Вы нічога не сказалі пра ўпрыгожванне ялінкі. Няўжо нашыя продкі не ставілі яе?
— Беларусы ўпрыгожвалі ялінку, але не на Каляды. Рабілася такое на Стрэчанне (Грамніцы), падчас гукання вясны або на вяселле, бо гэтыя святы таксама былі пачаткам... Пачаткам новага года (на Стрэчанне на Палессі спявалі — «Весна з летом стрэчаецца...»), пачаткам новага жыцця (вясельная елка — гэта абавязковы атрыбут нявесты).
— Што трэба было абавязкова зрабіць падчас святкаванняў?
— Скарыстацца мудрасцю продкаў і адсвяткаваць Каляды зыходзячы з канонаў беларускай традыцыйнай культуры, а дакладней, з традыцый той мясцовасці, дзе нарадзіўся ці жывеш. Бо што ні сяльцо, то новае слаўцо. Так і з абрадавым складнікам свята.
Каляды абавязкова суправаджаліся вялікай колькасцю забаў і свавольстваў. Але ўсё ж самай галоўнай і неад’емнай часткай гэтага свята можна лічыць абыход двароў гуртамі калядоўшчыкаў.
Калі разбіраць само калядаванне, то гурты калядоўшчыкаў дзяліліся на пэўныя катэгорыі. Што тычыцца калядавання з 6 на 7 студзеня, то калядоўшчыкі хадзілі з зоркай — сімвалам той самай Віфліемскай зоркі. Яны спявалі песні, што па сюжэце нагадваюць пра нараджэнне Хрыста, пра анёлаў, якія ўхваляюць гэтае нараджэнне, расказваюць гісторыю пра цара Ірада, пра Божую Маці і Хрыста, як яны ўцякалі, і гэтак далей. Такім чынам, хрысціянскі сюжэт з’яўляецца больш важным для гэтай даты. Таму так і гаварылі: «пойдзем Хрыста славіць», «пойдзем со Звездою».
Наступнае свята — стары Новы год, альбо, як яго яшчэ называюць, Шчодры. Тут мы будзем казаць пераважна пра язычніцкі кампанент, яшчэ дахрысціянскі. Гэтае свята звязана з іншымі сюжэтамі і персанажамі, больш архаічнымі. Рабілі Казу, Мядзведзя, Жорава, Кабылу, Цыганоў, на Гомельшчыне сустракаюцца Верабей і нават Жаба. Гэта якраз зварот да тых язычніцкіх часоў, калі татэмныя сімвалы былі вельмі важныя.
Тыя ж самыя Казёл ці Каза існуюць усюды і ў веснавой, і ў жніўнай абрадавай культуры, у ткацтве. Аналагічна і Мядзведзь. Мы яго сустракаем і ў сімвалах арнаменту, што ткаліся ці вышываліся на ручніках, і ў шматлікіх абрадах на працягу года: ад Камаедзіцы і гукання вясны да Вядзмедзя, якога клікалі на жніво.
Такім чынам, на Шчодры пра калядныя дзеянні гаварылі: «Казу вадзіць», «Цыганоў вадзіць». У першым выпадку (з 6 на 7 студзеня) мы бачым яскравы ўплыў хрысціянскай культуры, у другім жа (з 13 на 14 студзеня) — уплыў дахрысціянскіх, язычніцкіх часоў. Зараз жа ўсё настолькі перамяшалася, што мы і «Хрыста славім», і «Казу водзім» — усё разам.
Пры гэтым архаічная традыцыя лічыць, што не пусціць калядоўшчыкаў у хату — вялікі грэх. Людзі вельмі абражаліся і тады, калі калядоўшчыкі не заходзілі да іх. Лічылася, што ў такім выпадку сям’я цэлы год будзе жыць у нястачы, да яе не прыйдзе шчасце. Таму да прыходу калядоўшчыкаў рыхтаваліся, рабілі гасцінцы.
Калі ўзгадваць запісы XIX стагоддзя, то калядоўшчыкаў адорвалі ў першую чаргу ежай. У большасці выпадкаў гасцей запрашалі ў хату за стол. Лічылася, што стол будзе багатым, калі з яго паядуць калядоўшчыкі. Там і чарку маглі прапанаваць, і стравы, што ела сям’я. Вядома, з сабой таксама нешта клалі — зерне, сала, ежу і гэтак далей. У кампаніі калядоўшчыкаў была нават пасада спецыяльная — механоша, яму складвалі гасцінцы.
— Што за традыцыя «шчадраваць», сеючы на парозе зерне — жыта ці грэчку?
— Тут можна казаць пра звышнатуральны час Калядаў. Гэта той час, калі можна было зазірнуць у будучыню, бо тое, што будзе сеяцца на наступны год, сеялася ўжо на Каляды. Пасля Васілля ці Шчодраў хадзілі «засявальшчыкі», якія сыпалі ў хаце жыта альбо грэчку і такім чынам памнажалі пладавітасць.
— Ведаю, што на Каляды нашыя продкі абавязкова варажылі. Як гэта адбывалася і калі?
— Варажба — гэта асобная і вельмі цікавая тэма. Пра яе можна гаварыць з захапленнем і бясконца. Варажылі часцей за ўсё на Вадохрышча альбо на Шчодры.
Варажылі ў асноўным на дабрабыт у гаспадарцы, у сям’і. Варажылі і выцягваючы салому (сена) з-пад абруса (доўгая саломінка — добры ўраджай ільну, кароткая і тоўстая — добры ўраджай сена, саломінка з коласам — на добры ўраджай збожжа).
Незамужнія дзяўчаты варажылі на будучы лёс. У асноўным ці будуць у пары, ці будзе добрым муж. Нават вызначалі, адкуль той муж будзе, як будзе выглядаць і як яго будуць зваць. Адна з самых распаўсюджаных — варажба на парнасць: «от прынесеш дроў берэмок у печ вечэром. Берэш на вуліцы, то не шчытаеш, а ек у хату ўнесеш, то ўжэ шчытаеш. Ек до пары, то будзеш у пары, а ек нечотны шчот — будзеш без пары еты год».
Цікавая варажба была з першым бліном, што пяклі на Каляды: «Маці на Коледа спечэ першого блінца. От ухопіш его і скорэй до суседоў под окно. Ек почуеш там у хаці пры розговоры, от, напрымер, скажуць „ідзі“, „вуйдзі“, „зоходзь“ — вуйдзеш замуж у етом году. А ек будзеш слухаць, да скажуць „стой“, „поседзі“, „подожджы“ — у етом году шчэ не пойдзеш замуж».
Часам варажба нават характар будучай свекрыві магла прадказаць: «Ото перэд Шчодрэцом пойдзеш у баню, да з камінка камень трэба ўзяць, да пойці кінуць его ў колодзезь. Ек будзе падаць ціхо, так і ў концэ „Боўць!“, то і свекруха будзе мірна. А ек кінеш, вот так „Бох-бох-бох-бох-боўць!“, то ўжэ вельмо буркатліва будзе. Вельмо сварыцца будзе». Папулярным таксама лічылася «закладаць на сон»: «От спаць кладзесца, то под подушку грабушка кладзеш, от которым голову рашчэшаш. І прыказваеш: „Сужаны, ражаны, прыйдзі мне косы рошчэсаць!“ І от хто прысніцца, за того і замуж пойдзеш!»
Вельмі небяспечнай лічылася варажба з люстэркам і свечкай. У люстэрку, як казалі, можна і шчасце, і смерць сваю пабачыць.
Як я ўжо казаў, варажба — гэта своеасаблівая спроба зазірнуць у будучыню, выкарыстоўваючы незвычайныя адносіны да часу, месца і дзеянняў.
— Якія існавалі святочныя прыкметы?
— Прыкмет было вельмі шмат. Беларусы — вельмі мудры народ, яны заўжды назіралі за наваколлем. І сабраныя стагоддзямі назіранні перарасталі ўжо ў прыкметы. Цыклічнасць развіцця каляндарнага года прасочвалася ў наступных параўнаннях: «от екі будзе першы дзень Коляд, таке і лето будзе. Снег на Коледа — то дождж летом. Ціхо і спокойно — то лето жарке будзе». Таксама назіралі за небам («богато зор на небе — жыта богато будзе і грыбоў, а колі цёмнэ небо, без зорок — чорніц будзе ў лесі богато і журавін у болоці»).
Сачылі за паводзінамі свойскай жывёлы: «собакі на Коледа вуюць, то покойнікаў у етом году будзе богато. Корова ек лежыць рогамі на ўсход — то на ўсходзе і целіцца будзе ў етом году. На заход — то на заходзі».
Увогуле, нашыя продкі былі вельмі мудрыя, яны ўмелі назіраць за паводзінамі прыроды і жыць з ёй у суладдзі. Думаю, сучаснікі абавязкова павінны ўзяць гэта за прыклад для свайго паўсядзённага «тэхнагеннага» жыцця.
Цікава пачытаць:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by