Каліноўскі, барацьба з ворагамі і жаночыя пацалункі. Расказваем, з чаго пачыналася беларускае кіно

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский
4962
28 ноября 2021 в 16:00

Чарговы выпуск падкаст-праекта «Пашпарт грамадзяніна» прысвечаны беларускаму кіно. Журналіст Тарас Шчыры разам з даследчыкам, аўтарам тэлеграм-канала «Батыскаф гісторыка» Антонам Дзянісавым зазірнуў у мінулае і даведаўся, якое кіно здымалі ў савецкай Беларусі ў першай палове 20-га стагоддзя, хто быў топавым рэжысёрам і дзе ў Мінску знаходзіліся кінатэатры.

Читать на Onlíner

Слухаць падкаст у Apple Podcasts|«Яндекс.Музыке»|Castbox|Google Podcasts


— Спадар Антон, як кіно з’явілася ў БССР?

— Справа ў тым, што ў 1900 годзе ў Мінску, у доме камерсанта Ракоўшчыка на вуліцы Захар’еўскай, адкрылі першы кіназал у горадзе, якім займаўся прадпрымальнік Штрэмэр. Ён размяшчаўся ў раёне сённяшняга рэстарана McDonald’s на праcпекце Незалежнасці. Што цікава, у гэтым годзе нарадзіўся першы сапраўдны беларускі рэжысёр — Уладзімір Корш-Саблін, які шмат зрабіў для беларускага савецкага кіно.

У першым кіназале дэманстравалі не фільмы, а каляровыя слайды, малюнкі з дапамогай кінапраектара. А ў 1907-м у Мінску пачынаюць узнікаць ужо сапраўдныя кінатэатры. У тым жа годзе ў горадзе адкрыўся кінатэатр пад назвай «Ілюзіён». Ён знаходзіўся ў доме камерсанта Поляка недалёка ад Аляксандраўскага сквера. Пазней на сённяшняй плошчы Незалежнасці, а тады Саборнай, з’явіўся «Мадэрн».

Кіно было цудам тэхнікі і карысталася сярод мінскай публікі вялікім попытам. Ахвотныя набыць квіткі і паглядзець яго былі заўсёды. А кінастужкі, якія прывозілі ў Мінск, былі з еўрапейскага і амерыканскага сінематографа. Драмы, баевікі, камедыі. Акрамя таго, фільмы здымалі і на кінастудыях, створаных у Расійскай iмперыі.

Да пачатку Першай сусветнай вайны з’яўляюцца яшчэ некалькі вялікіх кінатэатраў. Напрыклад, «Эдэн» на Захар’еўскай, «Люкс» на Петрапаўлаўскай і «Гігант», які быў побач з лютэранскай кірхай і займаў частку пастарскага дома. Так выглядала зараджэнне кінаіндустрыі ў Мінску. Яна была падпарадкаваная ўмовам рынку, побыту, а самі кінатэатры належалі пераважна прадпрымальнікам. Яны бачылі, што жадае публіка, і дэманстравалі падобныя кінастужкі. Акрамя кіно, у залах адбываліся канцэрты. Кіно было нямое, і абавязкова быў патрэбны альбо нейкі тапёр, які граў на раялi, невялічкі аркестрык ці нават меладэкламатар — артыст, што весяліў публіку.

Усё пачало мяняцца пасля Лютаўскай, а потым і Кастрычніцкай рэвалюцыi.


— Які густ прыйшоў з новай уладай? Чаго патрабавала савецкае грамадства, якое толькі з’явілася, ад кінематографа?

— У 1918-м адбываецца нацыяналізацыя. І тэатры, рэстараны, гасцініцы, даходныя дамы робяцца ўласнасцю савецкай дзяржавы. Нібыта народным, але насамрэч на гэта накладалася дзяржаўная манаполія. Аднак далей — падчас нямецкай акупацыі — гэтыя ўстановы зноў апынуліся ў прыватнай уласнасці. Там зноў адбываліся спектаклі, прэзентацыі, паказвалі замежныя фільмы, харчаваліся наведвальнікі. Але потым зноў вярнулася савецкая ўлада, і паколькі гэтыя аб’екты пастаянна пераходзілі з рук у рукі, падобная сітуацыя парадку не спрыяла.

Калі Беларусь канчаткова стала савецкай рэспублікай, яна павінна была мець і сваё кіно. І было некалькі спроб стварыць нацыянальны сінематограф. Першая — у 1922-м, калі стварылі ўпраўленне кіно Рэспублікі Беларусь. Праіснавала яно нядоўга, і ў 1924-м з’яўляецца «Пралетарскае кіно Беларусі», але таксама нічога не атрымалася. У адрозненне ад тэатраў і літаратурных аб’яднанняў, дзеля таго, каб дэманстраваць фільмы і іх здымаць, неабходны былі грошы, абсталяванне: кінаапараты, плёнка, лабараторыі, студыі, а галоўнае — кваліфікаваныя кадры. Як рэжысёры, так і аператары.

У снежні 1924 года паводле афіцыйнага распараджэння ўрада з’яўляецца студыя «Белдзяржкіно», якая пачынае працаваць над беларускімі фільмамі.

Спачатку гэта былі кінахронікі, невялікія сюжэты пра жыццё, будаўніцтва савецкай улады, але студыі «Белдзяржкіно» знаходзіліся ў той час у Маскве і Ленінградзе, што накладвала сваю спецыфіку. Кінастудыю крытыкавалі за тое, што яна была адарвана ад нацыянальнай культуры Беларусі.

Першы мастацкі фільм, які знялі на «Белдзяржкіно» па сцэнарыю Арона Залкінда і Елізаветы Дзямідовіч, — скандальная «Прастытутка», ці «Забітая жыццём». Падрабязна пра яго можна пачытаць у адным з мінулых выпускаў.

Але ўжо наступны фільм быў зняты на беларускую тэматыку. Гэта кінастужка рэжысёра Юрыя Тарыча «Лясная быль». Ён распавядаў пра барацьбу беларусаў за савецкую ўладу супраць акупантаў, і Тарыч гэтай стужкай заклаў вельмі цікавы штамп, бо і да сёння «Беларусьфільм» часам называюць «Партызанфільмам». У гэтым кіно рэжысёр паказаў першых партызанаў і камсамольцаў.

Цікавы факт: Тарыч вырашыў у гэтым фільме зняць не толькі актораў, але і сапраўдных кіраўнікоў беларускай савецкай дзяржавы. У адной з частак кіно саміх сябе гралі Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч і Вільгельм Кнорын.

На жаль, гэтыя кадры паводле цэнзуры выразалі, і зараз яны лічацца згубленымі, таму ўжо мы не можам бачыць увесь фільм так, якім яго задумваў Тарыч.

— Можна дадаць, што фільм здымаўся ў Прылуках, на тэрыторыі палаца Гутэн-Чапскіх, і хто хоча, можа паехаць і ўбачыць хоць сёння гэтыя дэкарацыі. Палац захаваўся да нашых дзён. Фільм Тарыча, нягледзячы на тое, што «Прастытутку» знялі раней, лічыцца першым беларускім кіно. Чаму?

— Выхад «Прастытуткі» адклалі па ідэалагічных прычынах, бо быў бы скандал. І ў выніку «Лясная быль», знятая па твору Міхася Чарота, стала першым беларускім фільмам. Дарэчы, у гэтай стужцы роль другога плана — польскага афіцэра — выканаў будучы рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін. Ён быў сваяком Тарыча,  і той запрасіў Уладзіміра зняцца, павучыцца кінамайстэрству.

Трэба адзначыць, што Тарыч, як і аўтар праекта Дома ўрада Іосіф Лангбард, узяўся за беларускую тэму, калі ўжо быў сталым майстрам. На той момант яму было пад 40 гадоў, і дагэтуль за ягонымі плячыма было ўжо шмат удалых фільмаў. Напрыклад, «Крылы халопа» быў папулярны нават на еўрапейскіх кінафестывалях, яго вельмі паважаў Сяргей Эйзенштэйн і другія савецкія рэжысёры.

Потым адбылася эстафета, і Корш-Саблін пачаў здымаць баевікі, як кажуць сёння, блокбастэры. Фільм «У агні народжаная» распавядае пра беларускую рэспубліку, барацьбу, і цікава, што адзін з эпізодаў зняты каля Чырвонага касцёла, які ў фільме з'яўляўся палацам старажытных князёў.

Вельмі цікавым быў фільм Корш-Сабліна «Шукальнікі шчасця». Яго героі — яўрэі, якія едуць будаваць новае жыццё з заходняй мяжы Саюза ў Бірабіджан. Вельмі цікавы фільм з яскравымі характарамі, тыпажамі і дыялогамі.

Прыгадаем фільмы «Дачка Радзімы» (пра памежнікаў, дыверсантаў, шпіёнаў, ворагаў) і «Вогненыя гады», які таксама расказвае пра гераічную барацьбу. Такім чынам, мы бачым, што нацыянальны кінематограф, з аднаго боку, быў пафасным, а з іншага — стараўся адпавядаць ідэалагічным накірункам.

Не адным Корш-Сабліным славілася «Белдзяржкіно». Напрыклад, у 1928-м на экраны выйшаў фільм Уладзіміра Гардзіна «Кастусь Каліноўскі», у якім паказалі новага героя Беларусі. Менавіта пасля гэтага фільма Канстанцін Каліноўскі зрабіўся Кастусём.

— Даволі цікавая стужка. Асабліва калі прыгадаць момант, дзе Каліноўскі фехтаваў. Рэжысёрскія прыёмчыкі былі на мяжы з фантазіяй, якую складана ўявіць у рэальнасці. Падобнае прадпрымалася, каб дадаць нейкай мастацкасці і відовішчнасці.

— Безумоўна. Там сапраўды трошкі фантазійны сюжэт накшталт фільмаў «Тры мушкецёра», «Фанфан-цюльпан» ці нават пра Емельяна Пугачова. Сам Гардзін быў ленінградскім рэжысёрам, а Мікалай Сіманаў, які выканаў галоўную ролю, таксама паходзіў з Расіі. Ён быў таленавітым акцёрам, але не быў беларусам, і для яго гэта была шэраговая роля.

Дарэчы, напрыканцы фільма ёсць цікавыя фрагменты, на якіх мы можам бачыць аўтэнтычны выгляд Мінска: Пішчалаўскі замак — сённяшнюю Валадарку, Верхні Горад і панараму плошчы Свабоды.

Яшчэ адзін чалавек, які зрабіў унёсак у беларускі сінематограф, — рэжысёр Сігізмунд Наўроцкі. Ён нарадзіўся ў Польшчы, але быў камуністам і працаваў на Беларусь. Наўроцкі скончыў у Магілёве курсы, пасля вучыўся ў Маскве і ў 1930-х вярнуўся ўжо як сталы рэжысёр. У звязцы з Корш-Сабліным зняў «Вогненыя гады», потым працаваў над стужкай «Дняпро ў агні». Гэта фільм, дзе паказана барацьба дняпроўскіх плытагонаў супраць эксплуататараў. Апошні фільм, які ён зняў на кінастудыі «Белдзяржкіно», — «Сям’я Януш».

Гэтае кіно цікавае тым, што там паказалі новае аптымістычнае савецкае жыццё. Кожны з сыноў з вялікай сям’і Януш стаў паспяховым чалавекам. Нехта ўдарнікам, а хтосьці — вайскоўцам і навукоўцам, аграномам і біёлагам. У 1939-м адбываецца ўз’яднанне Беларусі, шчаслівыя калгаснікі радуюцца і працягваюць руку дапамогі сваім братам з Захаду. Фільм скончваецца  вось на такой аптымістычнай ноце, але калі стужка павінна была патрапіць на шырокія экраны, пачалася вайна, і на гэтым трагічным моманце скончыўся беларускі кінематограф таго перыяду.

— Якія жанры былі найбольш запатрабаваныя ў тагачасным беларускім кіно?

— Было вельмі шмат гераічных і ідэалагічна вытрыманых фільмаў. З іншага боку, людзям хацелася нейкага пазітыву, музыкальных камедый, любоўных меладрам. Вядома, што ў Беларусі здымаліся і такія фільмы. Быў нямы фільм «Сапраўднае жыццё». У ім здымалася акторка Ганна Заржыцкая.

Ён цікавы тым, што ў ім паказваецца сяброўства двух дзяўчын-камсамолак. У пэўны момант фільма яны абдымаюцца і цалуюцца. Жаночыя пацалункі ў вусны паказваліся канкрэтна ў некалькіх фільмах, і гэта для савецкага грамадства ў той час лічылася даволі нармальна.

Выходзілі і камедыі. Напрыклад, «Джэнтльмен і певень», «Салавей». У пачатку 1930-х з’яўляюцца гукавыя кінафільмы, і пад іх будуюць у Мінску новыя кінатэатры. У падобным кіно акторы сапраўды спяваюць, пляскаюць у ладкі, гучыць музыка. А яе для беларускіх фільмаў пісалі і мясцовыя таленавітыя кампазітары, і агульнасаюзнага ўзроўня, як Ісак Дунаеўскі. Так што фільмы былі на любы густ. Акрамя беларускай прадукцыі, агульнасаюзнае кіно заўсёды паказвалі ў кінатэатрах. Гэта і «Вясёлыя рабяты», «Цырк», «Свінарка i пастух» і іншыя.

— Якія з пералічаных вамі фільмаў атрымалi поспех не толькі ў межах БССР, але і на абшарах усяго Саюза?

— Цікавае пытанне. Зноў звярну ўвагу на «Шукальнікаў шчасця» Корш-Сабліна. Гэтая стужка дэманстравалася як на рускай мове, так і на ідыш. І, безумоўна, гэты фільм глядзелі і савецкія яўрэі, і іншыя жыхары саюзных рэспублік. Паказвалі гэтае кіно і на Захадзе. Беларусь была фактычна адной з краін, дзе культура ідыш сапраўды была вельмі распаўсюджанай. І вельмі шмат яўрэйскіх мастакоў, скульптараў жылі тут у тыя часы і ўносілі свой плён у развіццё культуры. Што цікава, «Шукальнікаў шчасця» паказвалі ў Саюзе і ў 1970—80 гадах. І гэта таксама быў паказчык.

— Дэманстравалі як класіку.

— Напэўна. Там былі [арыгінальныя] гумарыстычныя дыялогі. У гэтым фільме, дарэчы, зняўся Веніямін Зускін. Ён быў вельмі цікавай асобай, таленавітым акторам, сябраваў з Саламонам Міхоэлсам.

— Дзе ў Мінску паказвалі кіно ў 1930-х?

— Трэба звярнуць увагу, што пасля нацыяналізацыі тэатраў пачалася іх рэканструкцыя. Напрыклад, кінатэатр «Ілюзіён» ператварыўся ў «Радзіму», лютэранскую кірху перабудавалі ў дзіцячы кінатэатр, дзе дэманстравалі нейкія юнацкія фільмы. Пасля, дарэчы, «Радзіма» змяніла назву на «Пралетарый», а «Гігант» стаў «Чырвонай зоркай». Мінская харальная сінагога зрабілася кінатэатрам «Культура». Сёння там знаходзіцца Акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Вось такая цікавая метамарфоза адбывалася з гэтым будынкам.


— Хто быў зоркай беларускага кіно ў тыя часы? Чые фотакарткі трымалі ў калекцыях жыхары БССР?

— Беларускія акторы ў тыя часы пераважна працавалі ў тэатрах. Напрыклад, Уладзімір Крыловіч, які граў Кастуся Каліноўскага на тэатральнай сцэне, паралельна здымаўся ў кіно «Дняпро ў агні». Актораў для беларускіх фільмаў запрашалі з Масквы і Ленінграда. Такім чынам, беларуская акторская школа пачала з’яўляцца сталай ужо пасля вайны. Але я б вылучыў такую актрысу, як Ганна Заржыцкая. Яна выконвала ролі ў шматлікіх фільмах і мела папулярнасць.

— Ці былі акторы забяспечанымі людзьмі?

— Безумоўна, яны ўваходзілі ў творчыя саюзы. Спачатку ў прафсаюз работнікаў мастацтва і культуры, пасля ўжо з’явіліся саюзы агульнасавецкага маштаба. У іх былі стаўкі, яны атрымоўвалі ганарары за фільмы. Акрамя таго, у іх былі свае крыніцы забеспячэння, атрымання пайкоў, пуцёвак у дамы адпачынку.

Мяркую, акторы карысталіся сваім становішчам, была папулярнасць. Ну а да багацця тагачасных галівудскіх зорак ім, безумоўна, было далёка. Але іх сітуацыя была значна лепшай, чым у простых рабочых ці нават інжынераў.

— Другая сусветная вайна, як і рэпрэсіі, адбілася на кінематаграфічнай эліце Беларусі. Наколькі?

— Па-першае, рэжысёры, як і кінастудыя, вымушаны былі з’ехаць у эвакуацыю. Яны знаходзіліся тады ў Сярэдняй Азіі. Недзе ў Алма-Аце, дзе вымушаныя былі працаваць. У часы вайны выйшла кінастужка «Беларускія навэлы», над якой працаваў Сігізмунд Наўроцкі, «Канцэрт па заяўках», «Няхай жыве родная Беларусь». Іх здымалі фактычна ў эвакуацыі, сюжэты былі пра барацьбу беларусаў, падпольшчыкаў і партызанаў. Ну а потым, пасля вызвалення, было аднаўленне. Далёка не ўсе кінатэатры захаваліся. Няма ні дзіцячага кінатэатра, ні кірхі, ні кінатэатра «Чырвоная зорка»... Пасля вайны пачынаецца іншы перыяд, будаўніцтва новага Мінска і новых кінатэатраў, а потым — здымкі новых фільмаў. Былі другія сюжэты, другія твары. Гэта была ўжо зусім іншая эпоха.

Слухайце таксама:


15.6" 1920 x 1080, IPS, 60 Гц, Intel Core i5 1135G7, 16 ГБ DDR4, SSD 512 ГБ, видеокарта встроенная, Windows 10 Home, цвет крышки серый, аккумулятор 42 Вт·ч
Нет в наличии
15.6" 1920 x 1080, TN+Film, 60 Гц, Intel Celeron N4020, 4 ГБ DDR4, SSD 256 ГБ, видеокарта встроенная, Linux, цвет крышки серый, аккумулятор 37 Вт·ч
Снят с продажи
16.0" 2560 x 1600, IPS, 60 Гц, Intel Core i7 1165G7, 16 ГБ LPDDR4X, SSD 512 ГБ, видеокарта встроенная, Windows 10 Home, цвет крышки черный, аккумулятор 80 Вт·ч
Снят с продажи

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by