Якім быў секс у савецкай Беларусі і як да гэтай тэмы ставіліся камуністы? Аповед гісторыка на далікатную тэму

23 октября 2021 в 10:10
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский

Якім быў секс у савецкай Беларусі і як да гэтай тэмы ставіліся камуністы? Аповед гісторыка на далікатную тэму

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский
Антон Дзянісаў — кандыдат гістарычных навук, даследчык, вядучы тэлеграм-канала «Батыскаф гісторыка».
Тэма інтымных стасункаў доўгі перыяд была табуяванай у савецкім грамадстве, а таму зусім не дзіўна, што з экрана тэлебачання ў свой час ліліся воклічы накшталт: «У Савецкім Саюзе секса няма!» Але нягледзячы на некаторыя забароны і маральныя скрэпы, людзі жылі паўнавартасным палавым жыццём, а ў першай чвэрці мінулага стагоддзя ў Беларусі нават адбылася сексуальная рэвалюцыя. Што гэта была за з'ява, якім быў секс у савецкай Беларусі, як ставілася да гэтай тэмы улада, у чарговым падкасце «Пашпарта грамадзяніна» распавёў даследчык, вядучы тэлеграм-канала «Батыскаф гісторыка» Антон Дзянісаў. Не адыходзьце. Будзе цікава.

Слухаць падкаст ў Apple Podcasts|«Яндекс.Музыке»|Castbox|Google Podcasts


— Спадар Антон, з найноўшай гісторыі вядома, што сексуальная рэвалюцыя адбылася ў нас напрыканцы 1980-х гадоў, калі пачаў развальвацца Савецкі Саюз. Але, як зразумеў, яна насамрэч здарылася нашмат раней.

— Трэба адзначыць, што гэта была агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Ужо ў пачатку 20-га стагоддзя пачынаецца эмансіпацыя еўрапейскіх жанчыны і мужчыны, змяняюцца адносіны, разбураюцца саслоўныя апоры грамадства. І, безумоўна, сексуальныя адносіны робяцца іншымі. Справа ў тым, што любая рэвалюцыя і буйныя пераўтварэнні таксама выклікаюць пераўтварэнні ў асабістым жыцці. У тым ліку і ў сексуальным.

Калі мы паглядзім на Беларусь у перыяд спачатку Першай сусветнай вайны, а потым Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, то, сапраўды, адбылася сексуальная рэвалюцыя. У тым ліку ў пытаннях шлюбу, арганізацыі жыцця і ў грамадска-палітычным стане жанчыны.

Бальшавікі, прадстаўнікі сацыялістычнай і сацыял-дэмакратычнай плыні змагаліся супраць капіталістычнай сістэмы. Яны ў тым ліку бачылі, што традыцыйная сям’я якраз з’яўляецца апорай буржуазна-капіталістычнага ладу, і таксама намагаліся яе разбурыць. А вось пасля таго, як адбудзецца рэвалюцыя, калі парушацца старыя парадкі, на іх думку, ужо будуць зусім новыя адносіны паміж жанчынай і мужчынай. У тым ліку з'явіцца новая мадэль шлюбу і больш свабодная мадэль сям’і. Пачатак гэтаму ўсяму паклаў Карл Маркс у сваім маніфесце камуністычнай партыі. Але рэч у тым, што ані Маркс, ані Энгельс не далі канкрэтных рэцэптаў, што ж гэта будзе за сям’я, новыя адносіны і секс.

На тэрыторыі Беларусі, колішняй Расійскай імперыі, былі свае праекты, прычым даволі цікавыя. І сам працэс, які можна назваць сексуальнай рэвалюцыяй, больш шпарка і актыўна развіваўся ў 1920-х, калі на Беларусі будавалася новае грамадства і была абвешчана БССР.

— Якой бачылася ва ўспрыманні бальшавікоў сям’я?

— Былі розныя пункты погляду. Вось, напрыклад, ва ўрадзе бальшавікоў выдзялялася вельмі актыўная і вядомая жанчына па прозвішчу Калантай, якая мела вялікі ўплыў. У яе была цікавая тэорыя пад назвай «стакан вады». Яна казала, што жанчыне цяпер будзе так проста вырашыць свае сексуальныя інтарэсы, адносіны, развесціся, як выпіць стакан вады.

Беларускае грамадства ў пачатку 20-га стагоддзя, асабліва тое, што жыло ў вёсках, у мястэчках, было даволі кансерватыўным, і, вядома, шлюб, сям’я, нараджэнне дзяцей — гэта былі для іх асноўныя этапы чалавечага жыцця, якія ўмацоўваліся роднаснымі сувязямі.

А ў гарадах, дзе пражывалі розныя слаі насельніцтва і прадстаўнікі разнастайных нацый, былі больш свабодныя адносіны. Напрыклад, рабочы, майстар у тыя часы мог сабе дазволіць мець каханую — і неабавязкова было жаніцца.

Бальшавікі, калі захапілі ўладу, вырашылі адабраць працэдуру шлюбу з рук царквы. Яны прыдумалі грамадзянскі брак. Заключаўся ён вельмі проста ў дзяржаўнай арганізацыі, і шлюб ужо не меў сакральнага значэння, як раней. З’явіліся новыя парадкі ў дачыненні дзяцей і аліментаў. І ўсё гэта павінна было вызваліць як мужчыну, так і жанчыну ад пэўных абавязкаў.

Але адна справа — дэкларацыі, высокія ідэалы. Беларуская жанчына, калі выйшла з асяроддзя трывалай сям’і, маральных нормаў, апынулася безабароннай. І калі мы ўважліва паглядзім на гэты перыяд, то праблемы ў беларускім грамадстве былі як і ў расійскім, і ва ўкраінскім. Напрыклад, праблема беспрытульных дзяцей. Іх была вялікая колькасць, бо шмат бацькоў сыходзілі з сем’яў і кідалі іх. Гэта праблема і адзінокіх маці, гвалту ў адносінах да жанчын. Прычым гвалт быў не толькі сексуальны, але і бытавы. У 1920-х у газетах пісалі, што жанчыны працуюць на фабрыках, заводах, да іх заляцаюцца майстры і зневажаюць.

Таксама была вельмі цікавая і адначасова вострая праблема абортаў. Бальшавіцкі ўрад адным з першых дэкрэтаў таксама легалізаваў аборт, каб жанчына магла яго зрабіць, калі не хацела нараджаць. Але з іншага боку ў Беларусі была вялікая праблема антысанітарыі, з-за чаго існавала вельмі вялікая смяротнасць. Калі ў беларускім урадзе зразумелі, што дэкларацыямі новае грамадства не створыш, пачаліся намаганні абараніць жанчыну, надаць ёй бяспечны статус. З абортамі пачалі змагацца спачатку на культурным узроўні, казалі, што гэта кепска і выконваць іх можна толькі з дапамогай кваліфікаваных урачоў. Усё гэта прывяло да таго, што ўжо ў 1930-х аборты забаранілі ізноў.

— Дзякуючы першапачатковаму дазволу, колькасць ненароджаных дзяцей павялічвалася дзясяткамі па ўсёй краіне.

— Нават тысячамі! Была вельмі вялікая колькасць ненароджаных. Яшчэ адной тэндэнцыяй у тыя часы была прастытуцыя. Калі эканоміка пры бальшавіках пачала разбурацца, з’явіўся крызіс, тады ў краіне ўвялі Новую эканамічную палітыку. І прастытуцыя, як адзін са знакаў НЭПа, мела месца. Калі жанчыны займаліся падобным прафесійна, былі бардэлі. У Мінску таксама. Улады на падобнае закрывалі вочы, разумеючы, што гэта такі бок жыцця. У пачатку 1920-х працавала вельмі шмат непрафесійных прастытутак. Была вялізная колькасць венерычных захворваннняў. У сталіцы тады працаваў толькі адзін дыспансер, які заўсёды быў перапоўнены.

— Чытаў, што тагачасныя прастытуткі не мелі мажлівасці прымаць кліентаў і ім прыходзілася з імі сустракацца, напрыклад, у тым жа сучасным парку імя Горкага, дзе яны і знаходзілі сабе прытулак з кліентамі. Дзе яшчэ адбываліся падобныя спатканні?

 Бардэлі былі схаваныя ў прыватных кватэрах і доміках. Таму і ў цэнтры, і на гарадской ускраіне яны сустракаліся. Адбываліся міліцэйскія рэйды, і па ўсёй тэрыторыі БССР у 1927 годзе выявілі 446 падпольных бардэляў. Вось і ўявіце сабе. Гэта адваротны бок нейкіх радыкальных рэформ. З трыбун гучалі заклікі аб тым, што жанчына робіцца вольнай грамадзянкай, у якой ёсць вольны час і больш няма царскага рабства, а з іншага боку — бардэлі і прастытуткі. Але трэба заўважыць, што стаўленне да іх было даволі цярпімае. Яны лічыліся ахвярамі цяжкага жыцця НЭПа, якое трэба было пераадолець.

Адзін з першых фільмаў студыі «Белдзяржкіно», якая тады знаходзілася ў Маскве і Ленінградзе, называўся «Прастытутка» альбо «Забітая жыццём». Была вельмі цікавая асоба — Елізавета Дземідовіч. Яна працавала жаночым доктарам, акушэркай і займаласая справай венерычных захворванняў, рознымі палавымі дэвіяцыямі. У пэўны час Дземідовіч пачала супрацоўнічаць з кінарэжысёрамі і напісала сцэнарыі да шэрагу фільмаў: «Аборт», «Сіфіліс» і «Прастытутка».

У гэтай кінастужцы распавядаецца гісторыя трох жанчын: удавы, хатняй працаўніцы, якую нэпманы выкінулі на вуліцу, і беспрацоўнай. Іх жыццё рэзка перамянілася, і яны вымушаны былі заняцца гэтай справай, ад чаго пакутуюць. А пасля ў фільме з’яўляецца жанчына-медык, якая ім дапамагае. Акрамя мастацкай часткі ў фільме падавалася статыстыка, паказвалі, колькі зафіксавана захворванняў і зроблена абортаў. У фільме скончваецца ўсё даволі добра, аднак кіно прысвяцілі даволі табуяванай тэме, таму здарыўся скандал і праз колькі год яго знялі з пракату. Ну і першым беларускім фільмам тады стала «Лясная быль» Юрыя Тарыча, дзе паказвалася, як гераічна беларускія мужчыны і жанчыны за ўладу саветаў змагаюцца супраць акупантаў — белапалякаў. Там ужо паказалі ідэалагічна правільныя вобразы жанчын — працаўніцы, сялянкі і камісаркі.

— Зразумела. А якое наогул у тыя часы ў грамадстве было стаўленне да тэмы секса? Як да задавальнення і інструмента атрымання гэтых эмоцый? Ці як да механізма, які садзейнічае нараджэнню дзіцяці?

— Добрае пытанне. Стаўленне было рознае. Напрыклад, некаторыя грамадскія актывісты казалі, што жанчына павінна быць вольнай, а секс — гэта неадменная частка яе вольнасці. На тэрыторыі Беларусі даволі цікавую дзейнасць пакінула Соф’я Шамардзіна. Яна была жонкай дзяржаўнага дзеяча Язэпа Адамовіча, а ў юным узросце ў яе быў раман з паэтам-футурыстам Уладзімірам Маякоўскім. І вось калі яна апынулася ў Мінску, таксама ўвайшла ў жаночы аддзел, прапагандавала рух больш вольных адносінаў і падтрымлівала іншых жанчын.

У Віцебску ці ў Магілёве былі паслядоўнікі расійскага таварыства, якое называлася «Долой стыд!». Падчас сустрэч людзі маглі распранацца, купаліся толькі голыя і казалі, што гэта нармальна.

Пісьменнік Андрэй Мрый пакінуў пасля сябе цікавы твор «Запіскі Самсона Самасуя», дзе ўсё гэта апісаў у даволі гумарыстычным свеце.

Соф'я Шамардзіна (фота: zviazda.by).

Але, канешне ж, бальшавіцкая ўлада разумела, што секс — гэта таксама рэсурс. І калі яшчэ не пабудавалі камунізм, сексуальныя адносіны, як і іншыя, таксама павінны эканоміцца. Нягледзячы на новыя тэндэнцыі, трэнды, камсамолкам і камсамольцам трэба было трываць маральнасць, не мяняць палавых партнёраў і думаць пра дзяцей. Аднак былі розныя выпадкі, і, напрыклад, у камсамоле ў 1920—30-х з гэтым было не ўсё добра. Пісалі пра тое, што ў некаторых ячэйках існуюць распуста і маральнае падзенне. І нават некаторыя кіраўнікі, маладыя хлопцы, успрымаюць гэтыя ячэйкі, дзе былі і дзяўчаты, як асабісты гарэм.

Ну і варта адзначыць, што напрыканцы 1920-х вольныя настроі, сексуальная рэвалюцыя змяніліся контррэвалюцыяй. Замацоўваецца ўлада Сталіна, і савецкая грамадства пераходзіць на зусім іншыя рэйкі — больш аўтарытарныя. Жанчына, з аднаго боку, павінна была умець страляць, скакаць з парашутам, быць актывісткай, ударніцай, камсамолкай, спартсменкай. Даволі аголенае жаночае цела ў Мінску паказвалася на масавых дэманстрацыях, парадах, на якіх дзяўчыны неслі вымпелы і сцягі. Рабіліся таксама фігуры з целаў. З іншага боку, жанчына цяпер павінна была быць добрай жонкай і маці, каб нараджаць савецкай дзяржаве новых дачок і сыноў.

— Пры Сталіне сітуацыя пачала крыху змяняцца ў дачыненні сацыяльных стасункаў і ролі сям’і ў грамадстве. Але ж, як разумею, даволі распаўсюджаным захворваннем тады быў, напрыклад, той жа сіфіліс. А што было з кантрацэпцыяй? Як яе выкарыстоўвалі і дзе здабывалі?

 Наконт кантрацэпцыі... Кансультацыю на гэтую тэму маглі даваць лекары. І, напрыклад, быў такі доктар Поляк, які вёў спецыяльную рубрыку ў жаночым часопісе «Беларуская работніца і сялянка». На сваёй старонцы ён апісваў, што такое сіфіліс, што такое ганарэя і іншыя захворванні і якім чынам мужчыне і жанчыне пазбегнуць, як лячыцца. Таксама былі парады, як весці палавую гігіену. Потым гэтыя рубрыкі зніклі, таму што гэта стала непатрэбна, бо лічылася, што прастытуцыю і сіфіліс перамаглі і іншых праблем быць не павінна. Хаця, безумоўна, усё гэта працягвалася, але пра іх не расказвалі. І калі падобныя тэмы ўзнікалі, то ў нейкіх сакрэтных дэпешах і справаздачах.

— Як у тыя часы ставіліся да прадстаўнікоў супольнасці ЛГБТ?

— Яны, безумоўна, былі, але іх стараліся не агаворваць. Усё гэта адбывалася патаемна. Калі гаворка ішла пра вымушаныя стасункі ў мужчынскім ці жаночым калектыве, то гэта была адна справа. А калі была дэкларацыя падобных адносін, то ў савецкім грамадстве нават у 1920-я падобнае не ўхвалялася. І гэта не мела той падтрымкі, якую мелі свабодныя адносіны паміж жанчынай і мужчынай. Хаця было некалькі даволі цікавых выпадкаў.

Напрыклад, адна жанчына, якая працавала швачкай, патрабавала, каб яе пераназвалі, бо адчувала сябе мужчынай. Ёй дазволілі і нават зрабілі нейкую паметку ў пашпарце.

Аднак гэта не стала прэцэдэнтам, каб савецкая Беларусь зрабілася той вольнай краінай, дзе можна было нават змяніць гендар. Падобнага не было, як, праўда, і афіцыйнага пераследу за аднаполыя адносіны. Але ўжо ў 1930-я яны пачалі пераследвацца. І былі нават выпадкі самагубства.

— Вялікую ролю ў развіцці сексуальнай рэвалюцыі, на маю думку, адыграў менавіта горад. Усё ж такі вёска жыла па тых маральных прынцыпах, як і пры Расійскай імперыі.

— Безумоўна, у горадзе былі ўсе культурныя навіны, новыя тэндэнцыі, а ў вёсцы — моцныя традыцыйныя настроі. Але трэба разумець, што ідэалагічная барацьба дакацілася і да яе. Бо змагаліся і з царквой і супраць старых абрадаў. Таму стары шлюб, пра які я ўжо казаў, пачаў разбурацца. У газетах, у архіўных дакументах 1920-х шмат пісалі пра хатні гвалт, выпадкі жорсткіх адносін. Вось тыповая замалёўка 1926 года, надрукаваная ў газеце «Звязда». Нейкі хлопец прыйшоў да дзяўчыны і прапанаваў пакахацца. Яна яму адмовіла, тады ён дастаў рэвальвер і проста застрэліў яе на месцы. Гэта выпадак безабароненасці менавіта беларускай жанчыны.

— Пра гэта вы ўжо ўзгадвалі. Беларуская жанчына магла ў падобным грамадстве дазволіць сабе быць сексуальнай, насіць вопратку, якая б падкрэслівала прыгажосць яе фігуры? Ці дазвалялася толькі адзенне паводле сацыялістычных норм?

— Я разумею, аб чым вы кажаце. З аднаго боку — новая савецкая эстэтыка прапагандавала мінімалізм, калі жанчына займаецца мужчынскімі справамі, і, вядома, што праз гэта яна пераймала мужчынскія звычкі. Напрыклад, жанчыны не насілі ўпрыгожванняў, палілі цыгарэты. У 1920-я людзі не насілі нават шлюбныя пярсцёнкі і завушніцы. Па-першае, гэта лічылася перажыткам, а па-другое, падобнае маглі канфіскаваць, бо савецкай уладзе патрэбна было золата і каштоўнасці. З іншага боку, жанчына не была б жанчынай, калі б не імкнулася падкрэсліць какетлівасць, сваю жаноцкасць і сексуальнасць. Таму падобныя выпадкі былі. Але ў 1920-х быў дэфіцыт, не хапала адзення, і на падпольным гандлі быў вялізны попыт на тавары, якія кантрабандысты цягнулі праз мяжу з Польшчы.

Пры гэтым публічныя асобы апраналіся і выглядалі даволі шыкоўна і прывабна. Гэта адносіцца і да паэтак, і да акторак, і да жанчын першых асоб рэспублікі, і да Соф’і Шамардзінай, і да спявачкі, актрысы Ларысы Александроўскай, і да Надзеі Грэкавай, якая ў 28-гадовым узросце стала старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. На іх раўняліся многія жанчыны, якія жылі ў горадзе. У тым жа часопісе «Беларуская работніца і сялянка» друкавалі выкрайкі, фасоны блузак і жакетаў.

Але вобраз звычайнай работніцы і сялянкі быў мінімалістычны, і шанавалася менавіта прыгажосць прыродная. Лічылася, што жанчына прыгожая сама па сабе і ёй не патрэбныя буржуазныя штучкі.

— Як праяўлялася ў тыя часы сексуальная тэма ў мастацтве? Ці дазвалялі cабе яе творцы?

— Я магу адзначыць тыя ж «Запіскі Самсона Самасуя». Беларускія літаратары, такія як Паўлюк Трус ці Тодар Кляшторны, складалі вершы пра любоўныя перажыванні і пра каханне. Але ўрад і кіраўніцтва ажыццяўлялі ідэалагічны кантроль над літаратурай, і патрабаваліся ідэалагічна вывераныя сюжэты пра жыццё сялян, барацьбу за ўраджай, супраць кулакоў і акупантаў. Таму сексуальная тэма калі і была, то патаемнай і праяўлялася ў намёках у вершах. Аднак некаторыя асобы гэта сабе дазвалялі і станавіліся прыкладамі. Мастацтвазнаўца Алена Аладава, якая пасля стала дырэктарам мастацкага музея, вельмі доўга з каханым, кампазітарам Мікалаем Аладавым жыла грамадзянскім шлюбам, і гэта быў пэўны паказчык. Яна ўваходзіла ў таварыства «Прамень», авангардныя колы, і людзі паказвалі, што іх погляды вольныя таксама і ў стасунках. А Ларыса Александроўская развялася і прадэманстравала, што для жанчыны гэта нармалёва і не ганьба. А секс быў у асабістым жыцці, і яго не хацелі дэманстраваць. У другой палове 1920-х, відавочна.

— А што з сексам у Савецкім Саюзе было далей? Ці ёсць хоць мінімальная праўда ў словах: «У СССР секса няма», якія чулі, напэўна, усе?

— Гэтая фраза прагучала падчас тэлемоста савецкіх грамадзян з амерыканцамі. Безумоўна, у Савецкім Саюзе секс быў, але адсутнічала публічная культура сексу, каб пра гэта магчыма было казаць адкрыта ці атрымліваць інфармацыю ў вольным доступе. Гэта адбывалася падпольна. Аб гэтым нельга было дэклараваць. І тое ж аголенае цела ў некаторых палотнах маскіравалася пад спорт, фізкультуру і другім афіцыёзам.


сухой корм, для взрослых, основной компонент: продукты мясной переработки, образ жизни: домашний, для стерилизованных
сухой корм, для взрослых, основной компонент: птица, образ жизни: домашний, для стерилизованных

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by