— Усталяванне новай улады, новай эпохі суправаджалася і зменай сімвалаў, — пачынае размову Антон. — І, безумоўна, помнікі, шыльды былі сімвалічнымі з’явамі. Ужо падчас Лютаўскай рэвалюцыі ў 1917-м у Мінску ды іншых беларускіх гарадах пачаўся дэмантаж помнікаў Расійскай імперыі. А пасля таго як усталявалася савецкая ўлада, гэты працэс стаў паўсюдным.
Але трэба адзначыць, што першыя савецкія помнікі, якія з’явіліся ў Мінску, насілі часовы характар. Калі ў 1918-м горад пакінулі нямецкія войскі і тут зноў усталявалася савецкая ўлада, вядомы скульптар Міхаіл Цэханоўскі паставіў у скверы на пляцы Волі (сённяшняя плошча Свабоды. — Заўв. Onlíner) помнік чырвонаармейцам, выраблены з дрэва, фанеры і бляхі. Але доўга ён не прастаяў, бо савецкія ўлады зноў былі вымушаныя пакінуць Мінск — наступалі польскія войскі. Дарэчы, сам Цэханоўскі паходзіў з сям’і заможных цукрапрамыслоўцаў, але далучыўся да савецкай улады і працаваў на Заходнім фронце ў агітбрыгадзе.
Другія помнікі пачалі з’яўляцца ў 1920-х. І тут хачу звярнуць увагу на некаторыя з іх. Яны таксама былі важнымі аб’ектамі, да якіх прыводзілі экскурсантаў і гасцей сталіцы савецкай Беларусі. Па-першае, гэта помнік ахвярам расстрэлу 1905 года. Ён быў усталяваны на плошчы 25 Сакавіка — прыкладна на тым месцы, дзе сёння знаходзіцца чыгуначны вакзал. Што гэта за гісторыя пра расстрэл? Губернатар Павел Курлаў не аддаваў загад страляць у стыхійны мітынг, але адбылася бойка, сутыкненне з салдатамі, падчас чаго пачаліся стрэлы, і ў выніку ўсё скончылася вялікімі ахвярамі. Аднак у сярэдзіне 1920-х менавіта курлаўскі расстрэл стаў агульнапрынятым у савецкай ідэалогіі.
Калі зараз пойдзем з вакзала, то можам выйсці ў Міхайлаўскі сквер. У тыя часы ён называўся Віленскім кірмашом. І вось там знаходзіўся помнік нямецкаму сацыял-дэмакрату, камуністу Карлу Лібкнехту, аднак праз нейкі час ён адтуль знік.
Цэнтральным месцам, дзе адбываліся мітынгі і парады ў Мінску, быў усё той жа пляц Волі. І ў скверыку, дзе раней быў бюст імператара Аляксандра ІІ, з’явіўся манумент у гонар рэвалюцыянера Гірша Лекерта, які ў 1902 годзе ў Вільні зрабіў замах на генерал-губернатара фон Валя. Цікава, што ў гонар гэтай асобы ў тагачасным Мінску назвалі яшчэ некалькі вуліц і нават саўгас.
— Самае цікавае, што асоба Лекерта для тых, хто жыве ў сучаснай Беларусі, амаль невядомая. Хто гэта быў такі?
— Рэч у тым, што Мінск, асабліва пасля рэвалюцыі, з’яўляўся цэнтрам яўрэйскай культуры і культуры ідыш. І ў яўрэяў, якія пражывалі тут, былі свае героі і культурныя дзеячы. Адным з іх якраз і быў Гірш Лекерт. Ягонай асобе нават быў прысвечаны адзін з першых фільмаў Белдзяржкіно. Але ў другой палове 1930-х гэтае імя знікла з Мінска.
Па-першае, дэмантавалі манумент, а па-другое, 1-ю і 2-ю вуліцы Гірша Лекерта перайменавалі ў вядомую нам вуліцу Варашылава. Зараз яна называецца Кастрычніцкай, на ёй знаходзяцца завод «Крышталь» і розныя бары для хіпстараў.
Першымі, хто зносіў савецкія помнікі, былі самі ж савецкія ўлады. Мянялася ідэалагічная абстаноўка, і той ці іншы герой адыходзіў на другі план альбо ўвогуле забываўся. Цікава, што на вуліцы Энгельса, насупраць сённяшняга Купалаўскага тэатра, скульптар Канстанцін Елісееў паставіў вялізны бюст Карла Маркса. Але потым, паколькі ён пачаў замінаць вулічнаму руху, яго таксама дэмантавалі. І такія рэчы адбываліся неаднаразова.
Апошні манумент, які з 1920-х захаваўся да нашага часу, — помнік Івану Пуліхаву. Гэты чалавек здзейсніў замах на мінскага губернатара Курлава, аднак няўдала, бо бомба не выбухнула. У выніку ў 1906-м Пуліхава пакаралі смерцю. Спачатку помнікам яму быў камень з вялізным надпісам. Знаходзіўся ён на Кальварыйскіх могілках. Потым прах перапахавалі на Вайсковых могілках.
Іншыя манументы дэмантавалі альбо праз ідэалагічныя змены, альбо з прычыны нацысцкай акупацыі. Вядома, што немцы ў першую чаргу разбурылі ўсе помнікі — сімвалы камуністычнай улады.
— А з якога матэрыялу выраблялі тагачасныя манументы?
— Пераважна іх рабілі з цэменту ці гіпсу. Альбо за аснову бралі вялікі камень, які апрацоўваўся як пліта. Падчас розных дэманстрацый і святочных дат беларускія мастакі выраблялі часовыя фігуры з дрэва, фанеры, палатна ці руберойду. Пасля ўсё гэта даволі бравурна насілі па тагачаснай вуліцы Савецкай, а потым разбіралі. Калі ж казаць пра манументы з бронзы, то трэба найперш прыгадаць помнік Леніну.
— Так, гэта адна з візітовак савецкага Мінска. Выяву манумента можна было ўбачыць на разнастайных фотаздымках і паштоўках. Якія былі перадумовы яго ўзнікнення? Чаму помнік усталявалі менавіта на гэтым месцы?
— Як толькі правадыр сусветнага пралетарыяту памёр і распачаліся мерапрыемствы па ўшанаванні гэтай асобы, па ўсёй краіне з’явіліся спробы стварыць манументы Леніну. Безумоўна, яны былі даволі разнастайныя, і не заўсёды Ленін быў падобны на сябе. Самым цікавым з’яўляецца помнік, які высечаны ў скале ў Кіславодску двума студэнтамі.
Што тычыцца Беларусі, то першы помнік Леніну ў 1924 ці 1925 годзе зрабіў Аляксандр Грубэ. На той час ён пражываў у Краснаполлі, і гэты манумент адтуль урачыста перавезлі ў Мінск. Але Мінску, як сталіцы БССР, быў патрэбны галоўны Ленін. Доўга вяліся спрэчкі, дзе ён павінен стаяць і хто над ім мусіць працаваць. Напрыклад, у 1926 годзе свае працы прапанавалі вядомыя расійскія скульптары — Мацвей Манізер і Васіль Казлоў, але ў беларускіх творцаў таксама былі амбіцыі, таму спрэчкі працягваліся.
Спачатку помнік хацелі паставіць на пляцы Волі, але ў 1929-м сам лёс вырашыў, дзе яго трэба ўсталяваць. У той час пачаўся конкурс на праект стварэння Дома ўрада — самага галоўнага адміністрацыйнага будынка БССР.
У выніку ў верасні 1932 года вызначыўся манумент-пераможца. Свае працы прапанавалі Віктар Сінайскі, Абрам Бразер, Аляксандр Грубэ, Георгій Аляксееў, Сяргей Алешын, Дзмітрый Восіпаў і Екацярына Аляксеева. У рэшце рэшт перамог праект Манізера. Рэч у тым, што ён сябраваў з архітэктарам Дома ўрада Іосіфам Лангбардам і супрацоўнічаў з ім раней.
Але помнік мусіў мець свае асаблівасці. Манізер узяў за аснову вобраз Леніна з фотакарткі, на якой ён выступае перад войскамі, што ідуць на Заходні фронт ваяваць з белапалякамі. Скульптура была бронзавая. Пад ёй размяшчалася трыбуна, на якую падчас парадаў заходзілі першыя асобы БССР, ударнікі працы і ваенныя кіраўнікі. Калі ў 1941-м Мінск быў захоплены войскамі Вермахта, лёс гэтай скульптуры, як і амаль усіх іншых, быў вырашаны — яе адправілі на пераплаўку. Пасля вайны манумент вырашана было аднавіць. Яго зрабілі па тых эскізах і напрацоўках, якія захаваліся ў майстэрні Манізера.
— Праца манументальная і, напэўна, патрабавала шмат часу.
— Безумоўна. Мяркую, што Манізер працаваў над ёй не менш за паўгода. Спачатку зрабілі эскіз, форму, а пасля ўжо манумент адліваўся на заводзе. Гэта была даволі цяжкая праца. Скульптар, акрамя таго, што рабіў эскіз, павінен быў кантраляваць і астатнія працэсы.
— Ці можна было стаць заможным чалавекам, зрабіўшы такога вялікага Леніна?
— Ведаеце, скульптары, якія былі аўтарамі ідэалагічна важных помнікаў, з’яўляліся даволі багатымі людзьмі. У іх быў салідны статус. Яны ўваходзілі ў творчыя саюзы і ўдзельнічалі ў размеркаванні сродкаў.
Падобныя майстры былі зоркамі свайго часу і валодалі вялікімі майстэрнямі, дамамі і лецішчамі. Менавіта Манізер рабіў пасмяротную маску Іосіфа Сталіна. Дарэчы, бацька Манізера быў вядомым мастаком яшчэ пры Расійскай імперыі, ён пісаў партрэты цароў і дзяржаўных дзеячаў. Вось такая цікавая гісторыя.
Сведкі распавядалі, што савецкая прапаганда запусціла легенду, што адноўлены помнік Леніну — той самы, што знік у 1930-х. Нібыта нямецкія антыфашысты, ваеннапалонныя не далі яго пераплавіць і закрывалі грудзьмі. Гэтая версія не пацвярджаецца, але ўладзе было важна, каб людзі думалі падобным чынам і верылі ў гераічныя ўчынкі, што дзеля Леніна і Сталіна нехта ішоў на падобныя ахвяры.
— Цікава, ці ёсць у Беларусі помнікі Леніну больш вялікія, чым у Мінску?
— Мяркую, што не. Помнікаў было даволі шмат, амаль у кожным горадзе, але яны альбо меншыя, альбо прыблізна аднолькавыя па памерах.
— Крыху пазней у сталіцы з’явіўся помнік другому савецкаму правадыру — Іосіфу Сталіну.
— Калі пасля вайны аднаўлялі вуліцу Савецкую, будавалі пампезныя будынкі накшталт Палаца прафсаюзаў ці жылых дамоў, Кастрычніцкая плошча таксама павінна была займець пэўны акцэнт. І ў верасні 1951 года там паставілі вялізны манумент Іосіфу Сталіну, які па памерах мог перасягнуць працу Манізера. Вышыня скульптуры была каля дзесяці метраў. Сталін стаяў на пастаменце, які быў аперазаны нацыянальным арнаментам. Над гэтым помнікам працавалі самыя вядомыя беларускія скульптары: Заір Азгур, Аляксей Глебаў, Андрэй Бембель, Сяргей Селіханаў. Каб было прасцей, скульптары падзялілі манумент на некалькі зон: адзін рабіў верхнюю частку, другі працаваў над рукамі і г. д.
Спачатку зрабілі форму ў натуральную велічыню. Яна знаходзілася на тэрыторыі Мінскага аўтамабільнага завода пад пільнай аховай. Пасля скульптуру пачалі адліваць з бронзы. Помнік быў добра ўмацаваны. Як кажуць, рабіўся на стагоддзі — пасля вайны культ Сталіна дасягнуў апагея. Цэнтральны праспект таксама назвалі ў яго гонар.
— Нават дагэтуль некаторыя экскурсаводы любяць расказваць, што Сталін патаемна наведваў у Мінску палюбоўніцу і нават кантраляваў забудову праспекта.
— Гэта гарадскія легенды і міфы. Некаторыя з іх даволі цікавыя, нават забаўныя, але рэчаіснасці не адпавядаюць. Вядома, што Сталіну было чым займацца і акрамя мінскай забудовы — такія ж сур’ёзныя будаўнічыя працы вяліся ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Харкаве ды іншых гарадах. Мінск проста быў адным з шэрагу, але ў кожным з адзначаных гарадоў стаяў помнік Сталіну.
Ну і вядома, калі Сталін памёр, жалобныя працэсіі сцякаліся да гэтага манумента. Людзі клалі да яго кветкі і прыносілі нават пэўныя рэчы, што нагадвае нейкі паганскі рытуал. У грамадстве панаваў страх, няведанне таго, што будзе далей.
Цікава, што калі развянчалі культ Сталіна і Хрушчоў прачытаў вядомы даклад, звычайныя людзі гэтага не ведалі. Таму помнік працягваў стаяць даволі доўга, аднак 3 лістапада 1961 года ён знік за адну ноч. Калі людзі прачнуліся і рушылі на працу праз праспект, яго ўжо не было. Загад знесці аддалі, бо гэта ўжо было ідэалагічна неактуальна. Руку да зносу прыклаў Хрушчоў, а кіраўніцтва рэспублікі загад выканала.
Як кажуць сведкі, манумент было вельмі складана зламаць, бо, як я ўжо казаў, ён сапраўды будаваўся на стагоддзі, у яго былі ўманціраваны сталёвыя рэйкі. І спатрэбілася вялікая колькасць тэхнікі, каб яго знесці, а зямлю зараўняць.
Ну а пасля з мінскай прасторы пачалі знікаць другія помнікі Сталіну.
— Дзе яны знаходзіліся?
— Напрыклад, каля былой Нацыянальнай бібліятэкі. Там стаяла скульптурная кампазіцыя — Ленін і Сталін сядзелі за кнігай. Акрамя таго, манумент стаяў і ў парку Горкага, але яго прыбралі. Як і барэльеф, як месціўся каля ўвахода ў Батанічны сад. На гэтым прыкладзе бачым, як савецкая ўлада сама ўзводзіла гэтыя помнікі, а потым іх прыбірала.
— Адчуваючы подых тагачаснай дэсталінізацыі, цікава назіраць, як сёння некаторыя, наадварот, спрабуюць аднавіць ягоны культ. Гэта можна заўважыць і ў Беларусі. Ці чулі вы пра якія-небудзь ідэі, каб помнік Сталіну зноў з’явіўся ў Мінску?
— Насамрэч не. Сталін — даволі неадназначная фігура. Калі падобнае кажуць, дык, напэўна, дзеля таго, каб зрабіць нейкі хайп.
— Пад канец прыгадаем помнік Феліксу Дзяржынскаму. Ён таксама з’явіўся прыкладна ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.
— Культ Дзяржынскага, прафесійнага рэвалюцыянера, заснавальніка Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, існаваў паралельна з культам Леніна. Гэта была культавая асоба для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У 1933 годзе Аляксандр Грубэ зрабіў у ягоны гонар шыкоўны помнік у Дзяржынску, куды нават прыязджала ўдава Жалезнага Фелікса.
Пасля вайны вобраз Дзяржынскага быў больш чысты ў параўнанні з іншымі чэкістамі — Яжовым, Берыем, Ягодай, якія забрудзілі рукі масавымі рэпрэсіямі. Хаця яшчэ ў 1920-я ў Польшчы граф Богдан-Ронікер напісаў кнігу «Фелікс Дзяржынскі — чырвоны кат», у якой расказаў пра асабісты досвед камунікавання з ім. У 1947-м, калі Дзяржынскаму споўнілася б 70 гадоў, Заір Азгур зрабіў бюст, які быў усталяваны насупраць будынка КДБ. У публічнай, адкрытай прасторы гэта адзіны помнік Дзяржынскаму ў Мінску.
Слухайце таксама:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by