Багушэвіч, Барадулін, Сыс. Едзем па вёсачках і гарадах, дзе пахаваны выдатныя беларускія пісьменнікі

Автор: Оксана Красовская. Фото: Максим Малиновский
10 224
09 июля 2021 в 9:10
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Onliner працягвае пазначаць месцы, дзе пахаваны знакамітыя беларускія пісьменнікі — тыя, без каго немагчыма ўявіць нашу мову і культуру. У мінулы раз мы расказалі, дзе ў Мінску шукаць могілкі любімых аўтараў — тытанаў, творы якіх занялі сваё месца ў школьнай праграме, а радкі з вершаў і прозы аказаліся да таго яскравымі, што дагэтуль лёгка ўсплываюць у памяці. Сёння мы «прарвём» МКАД і паедзем па розных кутках краіны, каб зарыентаваць вас і даць дакладныя каардынаты месцаў пахавання яшчэ шасці выдатных пісьменнікаў. Адразу адзначым, што некаторыя з могілак знаходзяцца па дарозе на айчынныя курорты і побач са шляхамі да знакавых мясцін, такім чынам, за адно падарожжа можна адведаць неўміручых класікаў і паглядзець на прыгожыя сядзібы, пахавальні і гэтак далей.

Читать на Onlíner

Францішак Багушэвіч

21 сакавіка 1840 г. — 28 красавіка 1900 г.

Ён жа Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава. І не кажыце, што гэтыя імёны вам ні пра што не гавораць. Здаецца, не было ў школе такой паралелі, каб хто-небудзь з хлопцаў у ёй не ператварыўся ў «Бурачка» пасля ўрокаў беларускай літаратуры.

Францішак Багушэвіч быў рэвалюцыянерам да самай глыбіні душы. Вядома ж, гаворка ідзе пра хваляванні і рэвалюцыі XIX стагоддзя, а не тое, што зараз завецца Вялікай кастрычніцкай і адзначаецца ў лістападзе. Праявіўшы сябе ў паўстанні 1863 года (патрыёты імкнуліся даказаць, што Беларусь не скарылася перад Расіяй i можа быць вольнай), ён пасля разгрому вымушаны быў хавацца ад рэпрэсій, а таму пераехаў ва Украіну. Вярнуўся на радзіму пісьменнік толькі ў 1883-м, калі імператар Аляксандр ІІІ, прыйшоўшы да ўлады, аб’явіў з гэтай нагоды шырокую амністыю.

Творы аўтар пісаў па-беларуску, але лацінкай, таму «за свайго» яго рады бачыць не толькі беларусы, але, несумненна, Францішак Багушэвіч — менавіта наш паэт, які на поўны голас абвясціў пра існаванне беларускага народа і багацце яго мовы. А погляды пісьменніка ляглі ў аснову беларускага нацыянальнага Адраджэння.

«Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

Пры жыцці аўтара ўсе яго творы былі забаронены, што не дзіва, бо ў тыя часы нават назву краіны — «Беларусь» — нельга было ўжываць у кнігах і дакументах. Але ж паэт тварыў і, выдаючы свае тэксты пад псеўданімам, натхняў людзей. Акрамя літаратурнай дзейнасці, Францішак Багушэвіч увайшоў у гісторыю як «мужыцкі адвакат»: маючы адпаведную адукацыю, ён выступаў у судзе, беручыся за справы сялян і гарадскіх беднякоў.

Пахаваны смелы і адданы радзіме пісьменнік на могілках каля прыгожага касцёла святых Пятра і Паўла, што ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна. Заблудзіцца на месцы не атрымаецца — да помніка вядзе асобная дарожка з пліткі.


Каардынаты месца пахавання

54.470733, 26.085050

Што чытаць

Зборнікі «Дудка беларуская», «Смык беларускі», паэма «Кепска будзе!», апавяданне «Тралялёначка», вершаваныя апавяданні «У астрозе», «Свая зямля». А вось лёс зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка» дакладна невядомы. Па сведчаннях розных крыніц, першы рукапіс быў кімсьці схаваны, а другі  — таемна знік з Віленскай друкарні.

Максім Танк (Яўген Скурко)

17 верасня 1912 г. — 7 жніўня 1995 г.

Тыя, хто асабіста ведаў пісьменніка Максіма Танка, кажуць, што ў жыцці (нягледзячы на прызнанне і шэраг узнагарод) ён быў вельмі ціхім і сціплым чалавекам, які заўсёды імкнуўся пазбегнуць асаблівага да сябе стаўлення і ўвагі. Танк, калі нават быў на высокіх пасадах (у тым ліку старшынёй Вярхоўнага Савета БССР), не насіў медалі, не дэманстраваў пры кожным зручным моманце чырвоную «корачку» і не ставіўся да іншых звысоку, ён, наадварот, імкнуўся дапамагаць людзям, у тым ліку рэпрэсаваным савецкімі ўладамі. Гэта не магло не здзіўляць яго асяроддзе: значная велічыня ва ўсіх сэнсах — і пры гэтым ніякага гонару.

За сваё жыццё аўтар шмат пабачыў: Першую сусветную і эвакуацыю ў Маскву, голад пачатку 20-х гадоў і вяртанне на радзіму, якая была ўжо зусім іншай, бо па ўмовах Рыжскага дагавора адышла Польшчы. Потым была Вялікая айчынная, складаны пасляваенны час.

Паслухайце, вясна ідзе.
Звініць ў маім акне жалеза.
З вінтоўкай стражнік ноч і дзень
пільнуе куст пахучы бэзу.

А ён расцвiў агнём гарыць,
такім пахучым мяккім сінім
на дрот калючы на муры,
як хустку полымя ускінуў.

Я ціха разбудзіў другіх.
Ад слёз сінелі вочы бэзам.
І недзе хруснула ў худых
руках іржавае жалеза.

Аднак, што б ні адбывалася навокал, паэт быў упэўнены ў адным: беларусы маюць права на самавызначэнне, на нацыянальную культуру. Сапраўдны патрыятызм будучы пісьменнік прадэманстраваў яшчэ ў школьныя часы, калі прыняў удзел у некалькіх вучнёўскіх забастоўках, накіраваных супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам.

Малады Яўген Скурко быў камуністам і шчыра верыў у светлую будучыню, дзе ўсе стануць роўнымі між сабой. За свае погляды ён неаднаразова трапляў у турму, дзе ў суме правёў каля двух гадоў. Аднак з цягам часу яго думкі наконт бездакорнасці камунізму трансфармаваліся, пісьменнік бачыў і адчуваў перагібы. Напрыклад, у сваіх успамінах Янка Брыль згадвае такі эпізод: «Вясной пяцьдзясят шостага года ў Будапешце, на дунайскім востраве Святое Маргарыты, нас, невялікую групу мінскіх турыстаў, здзівіла тое, што ў гэтым цудоўным парку зусім няма таго, што называецца „нагляднай агітацыяй“, — ні партрэтаў, ні лозунгаў…

— Во! — засмяяўся Максім. — А ў нас? Ідзеш з дзяўчынай, хацеў бы пацалавацца, але ж няма дзе — з-за кожнага куста цікуе член палітбюро!..»

Народны пісьменнік пахаваны ў вёсцы Новікі Мядзельскага раёна. Нягледзячы на тое, што могілкі даволі вялікія і старыя (вы толькі паглядзіце на гэтыя камяні!), адшукаць мемарыял не цяжка: трэба праехаць да канца плота (а не спакушацца на цэнтральны ўваход) і павярнуць налева (калі ехаць з Мінска). Асобны пад’езд і валун каля прыступак не дазволяць памыліцца.


Каардынаты месца пахавання

54.787207, 27.096600

Што чытаць

Зборнікі «Мой хлеб надзённы», «Нарачанскія сосны», «Прайсці праз вернасць», «Збор калосся», «Мой каўчэг», Errata і інш.

Янка Брыль

4 жніўня 1917 г. — 25 ліпеня 2006 г.

Па адных толькі датах жыцця і смерці можна ўявіць, што давялося пабачыць на ўласным веку Янку Брылю — таленавітаму пісьменніку, які хоць і нарадзіўся ў Адэсе (дзе часова працаваў яго бацька), заўсёды адчуваў сябе сапраўдным беларусам. Лёс чалавеку сапраўды выпаў няпросты: да яго датыкнулася амаль кожная напасць ХХ стагоддзя: родны брат быў расстраляны ў 1938-м як нямецкі агент (пазней рэабілітаваны), сам пісьменнік у пачатку вайны патрапіў у палон да немцаў, уцёк з яго, партызаніў, але амаль да канца савецкага часу лічыўся апаратчыкамі «падазроным элементам» (напэўна, не толькі за мінулае, але і за нелюбоў да ўлады, якую ён не прымаў і крытыкаваў).

Як узгадвае Анатоль Сідарэвіч — гісторык і сябар, галоўным для пісьменніка заўсёды былі гуманістычныя каштоўнасці, а не граматы і медалі. Не здзейсніць якога-небудзь нізкага ўчынку, быць прыстойным чалавекам, не здрадзіць — вось крэда Брыля.

«Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!»

Аўтар спрабаваў сябе ў розных галінах літаратуры, аднак найбольш яскравы адбітак пакінуў як празаік. Уменне перадаць псіхалогію герояў, вылучыць іх прыхаваныя матывы, раскрыць самыя патаемныя думкі — вось што вылучае пісьменніка сярод іншых. Некаторыя крытыкі прыходзяць да высновы, што амаль усе творы Брыль пісаў пра сябе і сваё асяроддзе, пераасэнсоўваючы падзеі, сведкам якіх быў, ацэньваючы рысы характару людзей і, як пад мікраскопам, разглядаючы канфлікты.

Пахаваны пісьменнік зусім недалёка ад Мінска, на могілках у Калодзішчах.

Каардынаты месца пахавання

53.906696, 27.833307

Што чытаць

Раман «Птушкі і гнёзды», аповесці «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк», «Муштук і папка», апавяданні «Маці», Memento mori, лірычныя мініяцюры.

Рыгор Барадулін

24 лютага 1935 г. — 2 сакавіка 2014 г.

Рыгор Барадулін памёр адносна нядаўна. Напэўна, многія памятаюць той дзень, калі ў навінах з’явілася адпаведная інфармацыя. «Ён памёр раптоўна», — толькі і маглі вымавіць сваякі пісьменніка.

У тым сакавіку мы страцілі не толькі выдатнага літаратара, які, дарэчы, у 2006-м вылучаўся на Нобелеўскую прэмію (як і Васіль Быкаў у 2001-м), але і вельмі шчырага, добрага чалавека — дзядзьку Рыгора, які падарыў нам безліч выдатных вершаў, многія з якіх сталі вядомымі песнямі (прыгадаем хаця б «Трэба дома бываць часцей»).

Цікава, што РБ (як празвалі пісьменніка блізкія) сябраваў з Васілём Быкавым, які да таго ж быў яго земляком, з Ушаччыны. Барадулін, нават нягледзячы на сталы ўзрост, нёс крыж на пахаванні Васіля Уладзіміравіча. Знаёмства таленавітых аўтараў адбылося ў 1959 годзе, калі малады карэспандэнт «Советской Белоруссии» Барадулін прыехаў на інтэрв’ю да перспектыўнага празаіка Быкава.

Добра характарызуе пісьменніка і тое, што ён так і не ўступіў у камуністычную партыю. Яго шчыра заклікалі, яму настойліва раілі, яму адкрыта гаварылі, што па-іншаму нельга, але Рыгор Іванавіч «утрымаўся». Адна з яго папулярных адгаворак — п’янства, праз якое ён не можа быць камуністам. (Дарэчы, п’янства — гэта не жарт, але ж гэту хваробу пісьменнік пераадолеў і доўгія гады потым катэгарычна адмаўляўся ад ста грамаў.)

Няма да каго прыхінуцца душою,
Нікога наўкол няма,
Душа свая часам здаецца чужою,
Не чуе сябе сама.

Спадаюць дні,
Быццам з дрэва сучча.
Сплываюць ільдзіны дзён і гадзін.
Адзін прыходзіш на свет калючы
І адыходзіш — адзін.

Аб тым, што жыццё калі-небудзь скончыцца, дзядзька Рыгор разважаў нямала. У 1995 годзе ён напісаў «Прашэнне», у якім агучыў «апошнюю волю»: «Калі я замаўчу, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне». Гэтак і адбылося: у лістападзе 2015-га на магілу пісьменніка сіламі МНС быў дастаўлены вялікі — вагой 2,5 тоны — валун, на якім высечаны крыж і тыя самыя радкі з «Прашэння».


Пахаваны пісьменнік на прыгожых могілках ва Ушачах, між высокіх сосен. Каб знайсці магілу, трэба падняцца па высокай лесвіцы праз цэнтральны ўваход і ўзяць правей. На могілках ёсць указальнікі, якія падкажуць, куды рухацца, калі вы самі не знойдзеце патрэбнае месца. Могілкі старыя, сектары ў іх няправільнай формы, і многія дарожкі могуць весці ў тупік, не здзіўляйцеся.

Каардынаты месца пахавання

55.174532, 28.603984

Што чытаць

Зборнікі «Маўчанне перуна», «Міласэрнасць плахі», «Евангелле ад мамы», «Ксты».

Алесь Адамовіч

3 верасня 1927 г. — 26 студзеня 1994 г.

«Летапісцам» Вялікай Айчыннай вайны справядліва лічыцца Васіль Быкаў. Але ж сказаць усю праўду пра яе было б немагчыма без яго маладзейшых паплечнікаў, што змагаліся ў партызанах. І Алесь Адамовіч — аўтар, які не менш таленавіта засведчыў жахі таго часу. Кніга ўспамінаў «Я з вогненнай вёскі», падрыхтаваная разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, напэўна, у многіх была ў хатняй бібліятэцы.

Яго творы, перакладзеныя на 21 замежную мову, нікога на пакінулі абыякавымі. Калі вы глядзелі фільм «Ідзі і глядзі» (і пралівалі над ім бясконцыя слёзы), то ведайце: аўтар сцэнарыя — Алесь Адамовіч.

Больш за тое: вядома, што пасля трыумфу «Ідзі і глядзі» на беларускага аўтара выходзілі галівудскія прадзюсары з Columbia Pictures, якія прапанавалі напісаць сцэнарый для мастацкага фільма пра Чарнобыль. Рэжысёрам стужкі павінен быў стаць Стэнлі Крамэр, але хоць сцэнарый і быў гатовы ў 1987 годзе, да здымак справа так і не дайшла: рэжысёр не змог прыступіць да рэалізацыі ідэі праз асабістыя прычыны.

Чаму амерыканцы звярнуліся менавіта да Адамовіча? Не толькі з-за літаратурнага талента. Пасля аварыі на ЧАЭС ён быў адным з першых, хто зразумеў маштабы катастрофы і пачаў апытваць навукоўцаў наконт патэнцыйных наступстваў трагедыі. Ён шукаў магчымасць агучыць набытую інфармацыю і разбурыць сцяну сакрэтнасці вакол Чарнобыля, нават напісаў ліст Гарбачову, у якім выклаў усе дадзеныя. Але беларускае партыйнае кіраўніцтва замест таго, каб дзейнічаць, арганізавала ў друку траўлю пісьменніка, абвінаваціла яго ў панікёрстве.

Алесь Адамовіч ніколі не быў абласканы чыноўнікамі, і гэтаму ёсць простае тлумачэнне ад самога ж пісьменніка: «…мяне, калі сустракаюся з такімі людзьмі, як Машэраў, Слюнькоў ці Гарбачоў, заўсёды нясе на нейкую гранічную прамату. Маўляў, я магу схлусіць дзеля добрай мэты на нейкім іншым узроўні, а там я, як Ванька-дурань, луплю ўсё, што думаю».


Пахаваны таленавіты і шчыры аўтар, які быў адным са стваральнікаў БНФ, на старых могілках між вёскамі Глуша і Дойнічава (Бабруйскі раён). Нягледзячы на тое, што свае творы Алесь Адамовіч пісаў на рускай мове, ён заўсёды адзначаў, што ён беларус і родам з Беларусі. «Писать, как Янка Брыль, я не могу, а хуже не хочу», — тлумачыў выбар мовы пісьменнік.

Каардынаты месца пахавання

53.108380, 28.827913

Што чытаць

«Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі» (сумесна з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам), «Карнікі», «Блакадная кніга» (разам з Даніілам Граніным).

Анатоль Сыс

26 кастрычніка 1959 г. — 4 мая 2005 г.

Адзін з самых кранальных вершаў Анатоля Сыса прысвечаны Курапатам — месцу, якое, на жаль, не патрабуе тлумачэнняў (але вельмі патрабуе дадатковай інфармацыі, якой аб’ектыўна бракуе).

Адпусціце мяне, Курапаты,

нават з куляю ў галаве,

да дзяцей, да жаны, да хаты.

Як там Бацькаўшчына жыве?

Як там сад мой? Абрыдлі сосны,

нават камень не ўлежыць ніц.

Я вярнуся, такі ўжо лёс мой —

плакаць жвірам з пустых вачніц.

Адпусціце мяне да хаты.

Як жа так — прапусціць сяўбу?

Я ж да смертухны быў аратым,

я ж прашуся не на гульбу.

А ў залог вам пакіну кулю,

і — дадому, у Журавы!

Зайду ў двор, абдыму матулю,

пацалую, нібы жывы.

Постаць Анатоля Сыса даволі супярэчлівая: яго яшчэ пры жыцці называлі геніям і ў той жа час адкрыта асуджалі за абраны лад жыцця, які нагадваў суцэльную і бясконцую вечарыну. Эксцэнтрычныя паводзіны і эпатажныя ўчынкі дагэтуль здатны выклікаць абурэнне сярод звыклых да ціхіх будняў жыхароў нашай краіны. Ён, напрыклад, мог у запале парваць кашулю на грудзях, голасна крычаць на ўсю станцыю метро, а каб трапіць у пад’езд — выламаць дамафон. Але якія б дэманы не раздзіралі душу паэта, на творчасці гэта не адбівалася. «Такіх, якім быў Анатоль Сыс, — адзінкі. Пройдзе час, і Сыс будзе культавай асобай для Гомельшчыны, як Караткевіч для Віцебшчыны, Купала для Міншчыны», — лічыць Язэп Янушкевіч.

Анатоль Сыс стаў адным з заснавальнікаў суполкі маладых літаратараў «Тутэйшыя». Ён з ахвотай выступаў на публіцы і непаўторна дэкламаваў свае вершы, якія і былі яго сапраўдным жыццём.

Памёр Анатоль Ціханавіч у 2005 годзе ад сардэчнага прыступу ў сваёй мінскай кватэры. Пахаваны ў родным Гарошкаве Рэчыцкага раёна. Штогод пасля смерці паэта, у дзень яго нараджэння, адбываецца свята паэзіі.

Каардынаты месца пахавання

52.303430, 30.484096

Што чытаць

Збор твораў «Лён» альбо паасобку зборнікі «Агмень», «Пан Лес» і «Сыс». Дарэчы, амаль увесь наклад першага зборніка «Агмень» быў раскуплены за некалькі тыдняў пасля выхаду з друку.


З дастаўкай на дом — парасоны ў Каталозе

складной, автомат, кол-во сложений: 3, диаметр 106 см, длина в сложенном виде 32.5 см, вес 0.5 кг, черный
трость, полуавтомат, кол-во сложений: 1, диаметр 130 см, длина в сложенном виде 79 см, черный

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка