Беларуская літаратура зноў у топе. Як паведаміў на мінулым тыдні кіраўнік «Белкнігі», сярод самых папулярных аўтараў, творы якіх часцей за ўсё набываюць мінчане, значная частка — нашы суайчыннікі. Над паліцамі, дзе месцяцца кнігі на роднай мове, заўважна ззяюць рознакаляровыя шыльдачкі «лидер продаж». Ці гэта не падстава для гонару? І рэч зусім не ў студэнтах філфака ці школьніках: у кнігарні і бібліятэкі адзін за адным пацягнуліся людзі з адкрытай душой і светлымі думкамі — тыя, хто захацеў аднавіць веды пра мінулае сваёй краіны, каб лепш разумець сябе і тое, што адбываецца навокал.
Для чытачоў, якія працягваюць адчыняць дзверы ў родную літаратуру або знаёмяцца з ёй нанова, Onliner вырашыў стварыць своеасаблівы гід па месцах, дзе пахаваны дарагія сэрцу кожнага беларуса пісьменнікі — месцах, куды можна і трэба несці кветкі, стужкі і свае разважанні пра жыццё (мабыць, у маўклівым «дыялогу» будуць знойдзены адказы на самыя складаныя пытанні).
Зразумела, што ў межах аднаго тэксту немагчыма адзначыць усіх (бо таленавітых аўтараў у нас велізарная колькасць), таму дадавайце ў каментарыях імёны і прозвішчы сваіх любімых паэтаў і празаікаў, удакладняйце месцы іх пахавання — разам зробім так, каб ніхто не быў забыты.
Беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без дзвюх значных постацей — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іх імёны школьнікі чуюць ледзь не з першага класа, а творы аналізуюць на працягу ўсяго навучання. І гэта абсалютна зразумела: абодва пісьменнікі з’яўляюцца літаратурным увасабленнем краіны — яны, кожны па-свойму (першы ў рамантычным ключы, а другі ў рэалістычным), паказалі Беларусь і беларусаў такімі, якія яны ёсць — з адметнымі рысамі характару, бясконцымі турботамі, добрай, але заўсёды насцярожанай душой.
25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 г. — 28 чэрвеня 1942 г.
Сапраўднае імя Янкі Купалы зусім не Іван Дамінікавіч Луцэвіч, а Пясняр беларускага народа. І гэтым усё сказана. Дзякуючы свайму таленту пісьменнік змог узняць нацыянальную літаратуру на новую вышыню, падтрымаўшы тым самым беларусаў, якія доўгі час былі «без голасу», але заўсёды хацелі «людзьмі звацца».
На жаль, лёс выдатнаму пісьменніку выпаў цяжкі (а ці бывае па-іншаму, калі ты шчыры і адданы свайму народу чалавек). Упершыню рука рэпрэсій дацягнулася да Янкі Купалы ў 1921 годзе, калі на яго быў накладзены хатні арышт, а ўсе рукапісы канфіскаваны. Другі подых рэпрэсій прыйшоўся на 1930-ты — тады былі раскулачаны маці і сястра паэта. А летам таго ж года «неабыякавыя грамадзяне» прыйшлі і за самім паэтам — менавіта ў гэты час фабрыкаваліся справы на шэраг беларускіх пісьменнікаў і «дзеля саліднасці» 86 «удзельнікам» выдуманага «Саюза вызвалення Беларусі» быў неабходны ідэйны лідар. На гэтае месца ДПУ і прызначыла Янку Купалу. Прайшоўшы праз ланцуг допытаў у казематах, так і не даўшы сілавікам справакаваць сябе, у лістападзе 1930-га Янка Купала зpaбiў cпpoбy caмaгyбcтвa. Толькі пасля гэтага ўлады адсталі ад пісьменніка.
Загінуў Янка Купала ў 1942 годзе ў Маскве ва ўзросце 60 гадоў. Афіцыйная прычына — пісьменнік упаў у лесвічны пралёт гасцініцы «Масква». Аднак да гэтага часу біёграфы ды літаратуразнаўцы спрачаюцца наконт таго, ці быў гэта няшчасны выпадак або Купале «дапамаглі». Першапачаткова паэт быў пахаваны ў сталіцы суседняй краіны, на Ваганькаўскіх могілках, але ў 1962-м да 20-годдзя смерці яго прах перавезлі на Ваенныя могілкі ў Мінск. Зараз пісьменнік знаходзіцца побач са сваёй маці і літаратурным паплечнікам Якубам Коласам.
Каардынаты месца пахавання
53.909307, 27.585954
Што чытаць
«Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Тутэйшыя», «Адвечная песня», зборнікі вершаў.
22 кастрычніка (3 лістапада) 1882 г. — 13 жніўня 1956 г.
Яшчэ адзін пісьменнік-глыба, з якога пачыналася станаўленне беларускай літаратуры. Залаты самародак, што з’явіўся на свет у сям’і лесніка і гадаваўся разам з яшчэ сямю дзецьмі, ён дакладна ведаў, як даецца беларусу кавалак хлеба, якой колькасцю слёз і поту ўгноены кожны кавалак зямлі. Пра тое і пеў у сваіх творах.
Радкі з паэмы «Новая зямля» і сёння зможа працытаваць кожны беларус, дастаткова толькі нагадаць: «Мой родны кут, як ты мне мiлы!..», а далей памяць сама падкажа, што і як.
Пражыў пісьменнік 74 гады, але колькі з іх было атручана трывогай, страхам ды роспаччу... Нягледзячы на тое што талент Якуба Коласа быў прызнаны савецкай уладай (і адзначаны ўзнагародамі), рэпрэсіі не абмінулі і яго: з сярэдзіны 20-х ператрусы ў доме пісьменніка сталі нормай, яго самога неаднаразова выклікалі на допыты. З цягам часу дайшло да таго, што Якуба Коласа пачалі абвінавачваць у нацдэмаўшчыне і «шкодных ухілах» у творчасці. Каб не трапіць у турму (ці яшчэ горш пад расстрэл), ён быў вымушаны каяцца ў так званых памылках.
Кажуць, што ў той страшны час Колас меў занадта шчыльныя кантакты з органамі, але «тых самых» звестак, якія хацелі пачуць людзі ў пагонах, з яго не змаглі выцягнуць. Наадварот, пісьменнік спрабаваў (і часам удала) выратаваць братоў-літаратараў, на якіх фабрыкаваліся справы, апальных музыкантаў і звычайных людзей, што патрапілі пад колы сістэмы. Для гэтага Колас дасылаў асабістыя і калектыўныя лісты «наверх». «На паэта нагаворвалі. І ён, „старый и хитрый враг советской власти и Коммунистической партии“ (з паказанняў паэта 1937 года), бачыў, як імкліва радзеюць пісьменніцкія шэрагі, і мог толькі спадзявацца, што меч бальшавіцкай улады апусціцца на яго пазней. Доўгі час народны паэт спаў не распранаючыся, трымаючы клуначак самых неабходных рэчаў пад рукой», — напіша даследчык Анатоль Трафімчык пра той перыяд жыцця Якуба Коласа.
Каардынаты месца пахавання
53.909307, 27.585954
Што чытаць
«На ростанях», «Новая зямля», «Сымон-музыка», зборнікі вершаў
Урочышча Курапаты — балючае месца на карце сталіцы, месца непапраўнага злачынства, наша незагоеная рана. Да гэтага часу невядома, колькі дакладна людзей было расстраляна ў Курапатах супрацоўнікамі НКУС, але зразумела, што лік ідзе на тысячы, а то і дзясяткі тысяч. Пазней, канешне, тыя з рэпрэсіраваных, чые асобы ўдалося ўстанавіць, былі рэабілітаваны, але ж каму ад гэтага лягчэй.
Крыжы, крыжы, крыжы — іх адначасова шмат і няшмат для гэтага месца.
Дзевяцьсот пракляты год (1937-мы) пазбавіў беларускую літаратуру мноства яркіх пісьменнікаў, 22 з іх былі расстраляны ў адну ноч — з 29 на 30 кастрычніка. Праўда, пра гэтую страшную ноч у нашай гісторыі стала вядома толькі ў канцы 1980-х гадоў. Сярод расстраляных былі Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойшэ Кульбак, Міхась Чарот, Платон Галавач, Валерый Маракоў, Ізі Харык, Юрка Лявонны, Янка Нёманскі.
20 лістапада 1901 г. — 29 кастрычніка 1937 г.
Артыстычны і «музыкальны» хлопец, які яшчэ ў дзяцінстве навучыўся іграць на многіх музычных інструментах, Міхась Зарэцкі (Міхаіл Касянкоў) не планаваў станавіцца пісьменнікам. Гэта адбылося неяк само сабой: літаратар прыгадваў, што аднойчы ён сасніў такі яркі сон, што не перакласці яго на паперу было немагчыма. А далей ужо творчая натура ўзяла сваё — не пісаць было складаней, чым пісаць. Тым больш што вакол разгортваліся такія падзеі, якія проста неабходна было занатаваць.
Рэвалюцыя, прыход да ўлады чырвоных, рэформы ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы, вытворчасці, палітыцы, а таксама іх наступствы — усё гэта хвалявала пісьменніка. У сваіх творах ён імкнуўся не паказаць «падфарбаваную» рэчаіснасць (якая глядзела на новага савецкага чалавека з плакатаў і агітак), а прадэманстраваць усю глыбіню перамен і тое, як яны адбіваюцца на звычайным чалавеку незалежна ад таго, жыве ён у горадзе ці вёсцы.
Аднак новая ўлада такі падыход не ацаніла. Пісьменніка расстралялі, не ўцалела ад «правасуддзя» і ягоная жонка — спачатку Марыя Іванаўна была асуджана на 7 гадоў знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах і на 5 гадоў паражэння ў правах. У 1941-м яна была рэабілітавана, аднак у 1945 годзе жанчыну зноў асудзілі на 10 гадоў. Двое малалетніх дзяцей пісьменніка засталіся адны, пазней яны былі перададзены ў Мінскі дзіцячы прыёмнік, адкуль накіраваны ў дзіцячы дом.
Каардынаты месца пахавання
53.967787, 27.609237
Што чытаць
«Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо», «Голы звер», апавяданні.
Усходнія могілкі — месца, дзе пахаваны многія знакамітыя беларусы, не толькі літаратары. Аднак, калі вы хочаце адным разам наведаць з дзясятак аўтараў выбітных твораў, вам нават не давядзецца блукаць. Для тых, хто ствараў нашу літаратуру і гаварыў з беларусамі пра беларускі боль, акрэсліваў праблемы і дарыў надзею на лепшае жыццё, вылучаны сектар злева ад цэнтральнага ўвахода. Прайсці неабходна літаральна з дзясятак метраў — і сярод хакеістаў і жонак тэлевізіёншчыкаў можна будзе адшукаць могілкі пісьменнікаў ды дзеячаў культуры.
Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Піліп Пестрак, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Іван Чыгрынаў, Кандрат Крапіва, Яўгенія Янішчыц, Еўдакія Лось — своеасаблівы беларускі пантэон сярод мяккага ценю, які дае стары сасновы лес. Дзякуючы інфакіёску з сістэмай «Мемарыял» можна за хвіліну высветліць сектар і рад, дзе пахаваны знакаміты (або не) чалавек — дастаткова ведаць яго імя і прозвішча.
19 чэрвеня 1924 г. — 22 чэрвеня 2003 г.
Здаецца, пахаванне Васіля Быкава адбылося зусім нядаўна — яшчэ згадваюцца ў памяці карціны развітання: бясконцы натоўп з тысяч і тысяч чалавек (многія з іх бралі на працы адгул), апошнія апладысменты, мора кветак. Аднак імчыць жа час — зусім хутка будзе 18 гадоў, як мы жывём без Васіля Уладзіміравіча.
Свой літаратурны шлях Васіль Быкаў пачаў у 1951 годзе (аўтар сам адзначыў гэтую дату як сапраўдны старт, хоць першы твор быў надрукаваны яшчэ ў 1947-м). А дагэтуль была вайна — яна выкасіла амаль цэлае пакаленне аднагодак пісьменніка, што зусім маладымі траплялі на фронт і, не маючы годнай ваеннай падрыхтоўкі і нават жыццёвага вопыту, гінулі ў першыя ж дні.
Вялікая Айчынная колькі разоў падбіралася да Быкава: лёс закідваў яго ў палон, за што пазней ён быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён, будучы пісьменнік быў паранены і нават занесены ў спісы загінуўшых (яго бацькі атрымалі паведамленне, што іх сын мужна аддаў жыццё ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі), месяцамі лячыўся ў шпіталях і потым зноў вяртаўся на фронт.
Вайне — не ўра-патрыятычнай, а сапраўднай — з брудам, жахам, смерцю, рознымі эмоцыямі і нечаканымі ўчынкамі пісьменнік і прысвяціў свой талент. Мабыць, каб мы назаўжды ўцямілі і праз пакаленні пранеслі няхітрую праўду — «ніколі зноў».
Да гэтага часу выбітнаму пісьменніку, нашаму літаратурнаму сумленню няма ў Мінску ніводнага помніка і нават вуліцу не назвалі ў яго гонар. Але беларусы і без таго шануюць памяць празаіка, які кожным сваім творам (нават адцэнзураным) кранае душу. На магіле Васіля Быкава заўсёды есць рознакаляровыя кветкі.
Каардынаты месца пахавання
53.938301, 27.661859
Што чытаць
«Сотнікаў», «Знак бяды», «Мёртвым не баліць», «Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Доўгая дарога дадому».
8 лютага 1921 г. — 9 жніўня 1976 г.
«Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў, калі і хто пасадзіў яе. <…> І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: „Глядзі ты!..“
Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца, учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце — у самай добрай пары дзяўчына, у самай красе сваёй! Калі толькі вырасла!»
Калі вы не памятаеце, з якога твора гэтыя радкі, і калі яны не выклікаюць прыемных, шчымлівых успамінаў, у вас няма сэрца. (Канешне ж, гэта жарт.) «Палеская хроніка» Івана Мележа бадай што адзін з тых раманаў, які ў школьныя часы з захапленнем чытаюць і выдатнікі, і двоечнікі: першыя пачуцці моладзі (амаль што тваіх равеснікаў), сорам, рэўнасць, «кепская» цяжарнасць (бедная Хадоська), хатнія справы — не злічыць ліній і пластоў.
Пісьменніку ўдалося настолькі выразна намаляваць Курані, што амаль кожны арыентаваўся ў вёсцы і разумеў, дзе быў надзел Васіля і чаму ён хацеў «пераехаць» да цагельні. Эх, вось гэта талент у чалавека!
Каардынаты месца пахавання
53.938584, 27.662206
Што чытаць
«Палеская хроніка» — «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань».
30 студзеня 1921 г. — 14 кастрычніка 2004 г.
Постаць Івана Шамякіна — даволі супярэчлівая: ён, безумоўна, таленавіты аўтар, але ж былі ў яго біяграфіі такія ўчынкі, што пакідаюць асадак. Аднак патрэбна адзначыць, што свае памылкі пісьменнік прызнаў і агучыў. Так, мы гаворым пра «справу Пастарнака»: у 1958 годзе разам з шэрагам іншых літаратараў Шамякін выступіў з асуджэннем «здрадніцкіх паводзін» Барыса Пастарнака, ухваліўшы рашэнне аб пазбаўленні таго звання савецкага пісьменніка. У 1991-м беларускі празаік прызнаўся: «Я не ведаў Пастарнака асабіста… „Доктора Живаго“ я, канешне, не чытаў… ішоў за ўсімі, я верыў ім, старым і мудрым».
Тым не менш аўтара варта адзначыць за яго творы і асабліва за раман «Сэрца на далоні», які вывучаюць у старэйшых класах і які з першых старонак захапляе школьнікаў, абуджаючы ў іх цікаўнасць да беларускай літаратуры і прагу ведаў. А колькі аповесцей і раманаў ім напісана пра Вялікую Айчынную вайну.
Шамякіна можна назваць народным пісьменнікам — яго творы былі папулярныя сярод чытачоў увесь час (а пісаў ён амаль што да самай смерці), некалькі з іх сталі асновай фільмаў — «Шлюбная ноч», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль».
Каардынаты месца пахавання
53.938310, 27.662009
Што чытаць
«Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», пенталогія «Трывожнае шчасце», з больш сучаснага — «Сатанінскі тур», «Адна на падмостках», «Бумеранг».
26 лістапада 1930 г. — 25 ліпеня 1984 г.
Караткевіч — як шмат у гэтым слове! Хто яшчэ ўмее так спалучаць рамантызм, патрыятызм і гуманізм у адным творы, прычым такім, што не адарваць за вушы, пакуль не дачытаеш. А далікатны экскурс у гісторыю роднага краю, які назаўжды накладае адбітак, — гэта амаль што цуд. Калі б не было Караткевіча, яго трэба было б прыдумаць — беларуская літаратура без яго страціла б не толькі выдатныя творы, але і дзясяткі новых аўтараў, якія натхняліся яго раманамі.
І гэта зразумела: ну хто з нас не суперажываў Алесю Загорскаму, не супакойваў трымценне сэрца ад пагроз, якія звальваліся на Надзею Яноўскую, не ездзіў у Гальшанскі замак, каб параўнаць яго з замкам Альшанскім? А ў творчых асоб усе гэтыя перажыванні выклікалі жаданне ўзяцца за аловак.
Бясспрэчны талент пісьменніка пастаянна жывіўся эмоцыямі з падарожжаў. Пры любой магчымасці Уладзімір Караткевіч падарожнічаў па краіне — з жонкай, сябрамі, здымачнай групай (у другой палове 70-х ён пачаў працаваць на беларускім тэлебачанні, дзе вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі), запісваў фальклор, знаёміўся з людзьмі і з лёгкасцю запамінаў усё, што бачыў, каб потым лепшае перанесці на паперу.
Каардынаты месца пахавання
53.938403, 27.661618
Што чытаць
«Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі», «Ладдзя роспачы».
28 жніўня 1936 г. — 30 мая 2014 г.
Нягледзячы на тое, што ў пісьменніцкім сектары, якi знаходзіцца злева ад цэнтральнага ўвахода на Усходнія могілкі, усё яшчэ ёсць вольныя месцы (і нават у кастрычніку 2020-га сюды быў перапахаваны Змітрок Бядуля), магіла Генадзя Бураўкіна апынулася ў зусім іншым месцы — адносна новым і «голым» сектары, дзе няма дрэваў і ценю. Знайсці яго даволі складана, трэба прайсці амаль што праз увесь могільнік і блукаць між радамі.
Аўтар «Калыханкі» і многіх кранальных вершаў не забыты — на яго магіле заўсёды прыбрана, стаяць кветкі. За сваё жыццё паэт паспеў зрабіць многае — быў журналістам, галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса, cтapшынёй Дзяpжкaмiтэтa БССР пa тэлeбaчaннi i paдыёвяшчaннi (1978—1990), намеснікам культуры. А самае галоўнае — ён ніколі не прагінаўся пад чыесьці погляды дзеля сваёй карысці. У яго была сталая пазіцыя адносна месца беларускага народа, гістарычных падзей, нацыянальных сімвалаў, ён смела выказваў свае думкі.
«Taм, дзe ён, — мyдpacць, пaвaгa i бeлapycкaя нaцыянaльнaя iдэя. Бypaўкiн зpaбiў чacoпic „Мaлaдocць“ лeпшым чacoпicaм кpaiны, a бeлapycкae тэлeбaчaннe — пa-caпpaўднaмy нaцыянaльным. Нa ягo „Кaлыxaнцы“ выxaвaнa нe aднo пaкaлeннe бeлapycaў. Пpaцyючы ў ААН, ён пepшым пpaцягнyў pyкy эмiгpaнтaм — вядoмым дзeячaм нaцыянaльнaй кyльтypы. Ягo пaэзiю тpэбa чытaць дyшoю, тaмy штo Бypaўкiн нe пiшa вepшы, a дыxae iмi», — выказаўся аб паэце Рыгор Барадулін.
Каардынаты месца пахавання
53.940982, 27.662209
Што чытаць
Кнігі паэзіі «Майская просінь», «З любоўю і нянавісцю зямною», «Чытаю тайнапіс вачэй…», «Паміж зоркай і свечкай», а яшчэ лепш слухаць песні на яго вершы: «Завіруха» («Верасы»), «Жар-птушка» («Сябры»), «Песня аб Радзіме» на верш «Я не ганю землі чужыя...» (Данчык), «Дачакайся, матуля» (Вайцюшкевіч).
Кальварыйскія могілкі — па-сапраўднаму старыя: утварыліся яны яшчэ да 1830-х, а калі дакладна — ніхто не ведае. Афіцыйна могілкі зачынены для пахаванняў з 1967 года, але згодна з заканадаўствам, калі выкананы неабходныя санітарна-гігіенічныя ўмовы, магчыма пахаванне чалавека побач са сваякамі, мужам ці жонкай.
30 верасня 1931 г. — 29 сакавіка 2016 г.
Ніла Гілевіча называюць апошнім народным паэтам Беларусі. Яму былі падуладныя ўсе віды і жанры літаратуры, але ж найбольш розум таленавітага пісьменніка займала паэзія. Родная мова, культура, адраджэнне нацыянальнай свядомасці чырвонай стужкай праходзяць праз усю яго творчасць.
А мацней за ўсё я пашкадуюПерад тым, як свет пакінуць весні,
Што ўжо больш ніколі не пачую
Нашай роднай беларускай песні.
У гісторыю літаратуры Ніл Сымонавіч увайшоў яшчэ і як перакладчык: ён пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў.
«У Ніла Гілевіча ўнушальная колькасць (больш за сто) выдадзеных кніг. Паспяхова прайшла і справа з выданнем 23 тамоў выбраных твораў. Выбранае — гэта, вядома, частка ўсяго, што падараваў апостал духу свайму народу амаль за 60 гадоў актыўнай творчасці. Але не ў колькасці здзейсненага сапраўдная заслуга аўтара, а ў красе і сіле яго мастацкага слова, у тым, наколькі дзейсна служыць ягонае слова чалавеку, Бацькаўшчыне. Кнігі Ніла Гілевіча маюць невычэрпныя выхаваўчыя магчымасці, трывалы патэнцыял. Відаць, яны будуць цікавыя і карысныя і з цягам часу — для новых і новых генерацый», — напісаў Васіль Жуковіч.
Каардынаты месца пахавання
3.906280, 27.505958
Што чытаць
Кнігі паэзіі «Запаветнае», «Мой тэстамэнт», раман у вершах «Родныя дзеці».
У наступны раз мы распавядзём пра могілкі пісьменнікаў, якія пахаваны не ў Мінску.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by