Накідваем чаканыя каментары: «беларуская мова нікому не патрэбная», «дзецям гэта складана», «у рускамоўнай краіне рабіць такое — глупства». У мінскім садку №336 іх разбураць за хвіліну, цягацца не раім. Тут існуе яслі-група, дзе дзеці ў тры гады размаўляюць па-беларуску лепш за шмат каго з дарослых. Вангуем — калі яны вырастуць, то дакладна не стануць пісаць на нашым форуме, што беларуская для іх як замежная. Думаеце, трапіць у такую групу проста? Расчаруем: замест заяўленых 15 дзяцей тут іх ужо 26, і іншыя бацькі забягаюць у садок з надзеяй: «Майго на наступны год возьмеце?» Карацей, пакуль хтосьці ўсё яшчэ заяўляе, што яго дзіцё нічога не зразумее, маладыя бацькі робяць стаўку на беларускасць. Чаму яны ў выніку апынаюцца ў выйгрышы, выхавацелі распавялі Onliner.
Читать на OnlínerДзіцячы садок №336 знаходзіцца ў Малінаўцы па праспекце Газеты «Звязда». Зараз тут існуе дзве групы з беларускай мовай навучання. Адна — малодшая група №1 для дзетак ад двух да трох год. Другая — група №11 для дзетак 5—6 год.
— Спачатку ў нас была група з беларускамоўным навучаннем для старэйшых дзетак. Падумалі, можа, з малодшымі таксама атрымаецца. Спыталі ў бацькоў — большасць захацела беларускую мову: ад дзяцей самі нешта пачуць жадаюць, — распавядае выхавацелька Вікторыя Амбражэй, якая для гэтых маленькіх беларусаў тут самая галоўная. — Вельмі цікава, калі бацькі прыходзяць і запытваюць: «А што, дзеці вас разумеюць?» А чаго б ім не разумець? Малыя ўвогуле вельмі лёгка ўсё ідэнтыфікуюць. Кажу Машы, што мы надзяваем сукенку, дык яна ўжо ведае, што «платье» — гэта тое ж самае.
Мы заспелі дзяўчыну за звычайным заняткам: трэба сабраць малых і адвесці ў групу, бо час ужо есці пюрэшку з катлеткамі. Каб прабіцца праз гул адцягнутых ад важнай гульні гадаванцаў, яна вымушана казаць нашмат гучней:
— Бацькі баяцца, што іх дзіцё да мовы не звыкнецца, то даводзіцца супакойваць: у нас не ўніверсітэт, экзаменаў няма, мы проста чытаем казкі і размаўляем. Цяпер у дзяцей ніякай праблемы не існуе: калі я іх раздзяваю перад сном, стараюся даваць назвы адзення. Яны запамінаюць, ужо ведаюць, дзе што паклалі.
Дзень у гэтым месцы пачынаецца звыкла: прыходзяць бацькі, пакідаюць дзяцей, сыходзяць. Далей ідуць кароткія заняткі: 8—10 хвілін — столькі, колькі можа вытрымаць гарэзлівы дзіцячы арганізм. Тут выкладаюць тое ж, што і ў звычайным садку — музыку, маляванне, фізкультуру. Ніякай магіі — звычайныя рэчы. Адрозненне ў тым, што слова «петь» замяняюць на «спяваць», «краски» — на «фарбы», а «карандаш» — на «аловак».
— Вочкі тады ў малых становяцца велічэзнымі: а што гэта, а дзе? А потым паціху запамінаюць. Калі мы вядзём гутарку на вуліцы, абмяркоўваем усё вакол: якое блакітнае неба, якія ружовыя кветкі, а вось дзюба ў птушкі чырвоная. І ўсё — цяпер у нас колеры толькі такія. Тут справа не ў дзецях — яны з лёгкасцю ўспрымаюць новае. У дарослых жа ўсё чамусьці інакш. Калі быў бацькоўскі сход, я казала: «Людзі, з вашымі дзецьмі мы размаўляем па-беларуску, а з вамі — па-руску, так не пойдзе». Праўда ж, дысгармонія атрымліваецца. Дык калі яны самі тэлефануюць, ужо стараюцца сказаць «прывітанне». Шмат каму дагэтуль складана, але абсалютна ўсе вельмі стараюцца.
— І большасць бацькоў — рускамоўныя?
— Так. Менавіта таму і палохаюцца, што беларуская мова нешта зробіць з іх дзецьмі. Кажу ім: што вы турбуецеся, дзеці ўжо ведаюць, што такое шафа, коўдра і ложак. А вось вы — не. То ім становіцца нават сорамна крыху. Дзецям у такім узросце нічога не складана — хоць чатыры мовы з імі вучы. Паглядзіце на змешаныя сем’і: мама там гаворыць на адной мове, бацька — на іншай, а дзеці будуць на абедзвюх. Але мы пра будучыню пакуль не думаем, у нашых яслях ёсць маленькія дзеткі, якія яшчэ маўчаць.
Шмат хто з дзяцей тут сапраўды яшчэ не размаўляе. Два-тры чалавекі часам падыходзяць і мякка вымаўляюць: «Да пабачення». Рабіць «ч» цвёрдым ім яшчэ зарана.
— У беларускай мове існуюць гукі, якіх у рускай няма. Трэба, каб дзіцё ўсё пачула, вымавіла і ўспрыняло, — адзначае выхавацелька. — У нас няма задачы навучыць іх прамаўляць фрыкатыўны «г». Проста важна паказаць, што ў нашай мове ёсць адрозненні ад рускай. А методыка простая: паступова ўводзіць новыя словы. Некаторыя з іх гучаць аднолькава ў абедзвюх мовах, то на іх мы ўвагі не звяртаем. А калі з’яўляецца нешта незнаёмае, абыгрываем: бяром малюнкі, цацкі, дадаём мастацкае апісанне. Калі ўвага дзіцяці прыцягнутая, яно імгненна ўсё запамінае. У старэйшых дзяцей усё больш складана: там яны самі могуць складаць апавяданне, апісваць цацкі, будаваць дыялог. З імі больш інтэрактыву. Такі вось вынік паэтапнага навучання.
— Ёсць нейкая асаблівая методыка навучання беларускамоўных дзетак?
— Усё пачынаецца з малога. Спачатку ўводзіш некалькі слоў — «дзякуй», «прывітанне», «да пабачэння». З часам не заўважаеш, як дзеці самі выпраўляюць бацькоў, якія ў нас па-руску вітаюцца. А потым даецца нешта больш складанае — тыя ж ранішнікі ў нас усе па-беларуску. У старэйшай групе ад дзяцей патрабуецца больш — там іх вучаць складаным задачкам. У малых у нас усё выглядае больш маналагічна — выхавацель толькі чытае пацешкі і паказвае нешта на ляльках, каб дзеці запаміналі. Ну і ўсе забаўляльныя імпрэзы ў нас таксама па-беларуску — на ранішніках героі толькі на гэтай мове гавораць. Вось спяваем мы песні, бацькі вельмі ўважліва слухаюць — палову слоў не разбіраюць, але стараюцца.
— Я разумею, калі да вас прыводзяць дзяцей беларускамоўныя бацькі. А што кіруе астатнімі? Гэта ж звыклае меркаванне: маўляў, навошта гэтаму вучыць, калі дзіцё ўсё роўна трапіць у рускамоўны свет?
— Проста ўсе разумеюць, што мы жывём у Беларусі. Нейкае такое нацыянальнае ўсведамленне. Цяпер новае пакаленне да «свайго» ставіцца зусім інакш: разам з дзецьмі развіваюцца і бацькі. Зразумела, што потым малым будзе лягчэй вучыцца. У нас былі выпадкі, калі ў сям’і два дзіцяці і бацькі прыходзілі і прасілі дапамагчы старэйшаму. Маленькі хлопчык ужо чуе беларускія словы, а старэйшы нічога не вучыў. А яшчэ цікавасць можа быць звязаная з тым, што людзі пачынаюць больш вандраваць. Калі прыязджаеш у любое замежжа, у цябе пытаюць, адкуль ты. І тады мусіш размаўляць па-беларуску, бо яны кажуць: «Ну вы ж з Беларусі». Людзі цяпер разумеюць, што «сваё» — гэта крута і прэстыжна. Раней мы так часта мову не чулі — цяпер жа яна гучыць і ў метро, і ў цягніках, і надпісы на ёй паўсюль.
— А на што робіцца ўпор? Каб дзіцё пайшло ў школу і для яго гэтая мова не была замежнай?
— Так, бо яму ўсё ўжо будзе звыкла. Калі дзеці трапяць у беларускамоўнае асяроддзе, яны ўсё будуць ведаць. Ім застанецца развіць тое, што ёсць. Нават калі ты жывеш у рускамоўным свеце, то краіна ў цябе — Беларусь, і мова твая дзе-небудзь дакладна спатрэбіцца. Як мінімум у дзіцяці не будзе пытанняў, навошта ён вучыць гэтыя словы. Галоўнае — развіваць звычку менавіта ў такім узросце, бо зараз у дзяцей ідзе пачуццёвае ўспрыманне ўсяго наўкол. Далей ім будзе вельмі проста навучацца.
— Дык, можа, грамадства ўжо падрыхтаванае і да зменаў у адукацыі, калі ідэі ідуць, па сутнасці, ад яго самога?
— Магчыма. І мы ў садку спрабуем паспець за запытамі часу. Ёсць агульны попыт, ёсць наша жаданне — чаму б не спалучыць?
— Кажуць, каб навучаць дзяцей па-беларуску, у нас нават у школе няма базы — хто будзе перакладаць тэхнічныя прадметы?
— Гэта няпраўда. База ёсць нават у садочках, і даволі нядрэнная. Калі мы пройдзем па групах, то пабачым, што тут і лялькі беларускія ёсць, і гульні. Хай іх не так шмат, але яны стымулююць нешта прыдумляць далей. Патрошку ўсё астатняе дадаецца.
— Каб стварыць такую групу, патрэбны кадры. Адкуль у вас так добра ведаюць мову?
Да нашай размовы падключаецца Алена Місько. Яна намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.
— Ну глядзіце. У нас шмат у каго вялікі стаж — 20 гадоў, раней мы па мовах здавалі экзамены, — пачынае тлумачыць яна. — Так што супрацоўнікам самім тут не складана, усе толькі за. У нас увогуле старэйшая група з’явілася толькі з 2015 года. Падштурхнула нас да гэтага беларускамоўная сям’я. Мы спачатку проста шмат выкарыстоўвалі адмысловага матэрыялу, а потым прыйшла выхавацелька, якая вельмі добра размаўляе па-беларуску. Паспрабавалі апытаць бацькоў — можа, хто жадаў бы, каб група з’явілася. І ахвочых было вельмі-вельмі шмат. Паглядзелі, што яны актыўна заявы пішуць, аж чарга пад кабінетам стаіць, то пачалі шукаць кадры. Знайшліся людзі, якія ўзялі на сябе адказнасць за яслі. Цяпер рэзананс пайшоў далей па раёнах.
— А бацькі ў сем’ях не пераходзяць на беларускую?
— Я на сходах пытаюся, хто дома размаўляе, — распавядае Вікторыя. — Адказваюць: мы хочам, але пакуль неяк не атрымліваецца. Ёсць толькі сем’і, дзе чытаюць казкі па-беларуску. Бывае, што нехта нават новае ў садок нясе. Прыходзіць дзяўчынка і кажа, што бачыла ў люстэрку сваё адлюстраванне. Я ж ведаю, што такое складанае слова яшчэ не ўжывала. Пытаю ў мамы — і сапраўды: бацькі разбіралі казку. Паступова ў сям’і гэта перастае быць дзіўным. У нас у калідоры вісіць адмысловы слоўнік для бацькоў — пакуль яны чакаюць дзяцей, чытаюць і разбіраюць словы самі, ніхто гэтага не цураецца. Каб быў нейкі вынік, заўсёды патрэбна супрацоўніцтва абодвух бакоў.
— А паміж супрацоўнікамі садка камунікацыя ідзе па-руску?
— Мы таксама стараемся прытрымлівацца мовы. Калі праводзім педагагічную нараду, усе размаўляюць па-беларуску. Дарослыя нармальна ўсё ўспрымаюць, галоўнае для нас — гэта дзеці. Калі ёсць задача развіць маўленне праз гульню, зразумела, што і сам будзеш размаўляць, — дзеліцца Алена Канстанцінаўна. — А яшчэ мы ўвялі для ўсіх беларускамоўны дзень — гэта чацвер. Тады нават на кухні дзяўчаткі пераходзяць на іншую мову. Ну і, ведаеце, тады гэта ўжо вынік.
Чытайце таксама:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by