Каб зарабіць нармальныя грошы, з’язджаць з краіны неабавязкова. Непапулярнае сярод моладзі меркаванне Юля тлумачыць проста: «Я ж у праграмісты іду». Згадка пра сытыя лічбы лашчыць надзеяй аб чароўнай будучыні айці-краіны. «Тут цалкам можна застацца», — кажа нам дзяўчына і змаўкае. Звычайна такія адказы дадаюцца ўмовамі з пачатковым «але». У Юлі ўсё інакш — «можна проста любіць бацькаўшчыну». Разам мы спрабуем пазбавіцца летуценнасці і нечакана гутарым пра падлеткавы кансерватызм і «айжыццё». Карацей, пазбаўляемся стэрэатыпаў, набываем новыя і верым у тое, пра што хочацца марыць, — новы матэрыял, падрыхтаваны ў партнёрстве з сацыяльна-адукацыйным праектам для старшакласнікаў velcom YOUTH.
— Я фізмат і абажаю матэматыку, а з гэтым у праграмісты ўпісацца прасцей. Куды з такой любоўю пайсці яшчэ? У навуку? Камон, я ж у Беларусі жыву, — скептычна парыруе Юля, калі мы пералічваем іншыя варыянты.
— Шмат хто з навукоўцаў атрымлівае адукацыю тут, а потым з’язджае.
— А я, наадварот, магу з’ехаць толькі за адукацыяй, але вярнуся. Я Беларусь люблю.
— Ведаеш, гэта зусім непапулярнае меркаванне.
— Я за мяжой не змагу хутка знайсці сяброў. Тым больш дакладна бачу развіццё сваёй галіны ў Беларусі.
Можна ўсё жыццё чакаць чароўнага штуршка, а можна распранацца і працаваць. Юлі блізкая другая філасофія. Пра гэта яна кажа, калі здымае вопратку і сядае насупраць нас у кавярні. Увогуле, яе ўсё задавальняе: у дзяўчыны ёсць перакананні, здольнасці і магчымасці. Таму хопіць цягнуць лямку — трэба гутарыць пра істотнае. Напрыклад, пра тое, як нядаўна яе планы папоўніліся мэтай змяніць свет. Пытаем, чаго ж нам чакаць, калі дзяўчына прыйдзе да ўлады.
— Па-першае, я б перагледзела адукацыю: яна ў нас кансерватыўная. Я ведаю, што прыйду ва ўнівер, а вучыць мяне будуць гэтак жа сама, як і маіх бацькоў. Па-другое, я патрыёт, таму хачу рэформ беларускай мовы. Усё, што я магу рабіць, — гэта размаўляць. Але ці дастаткова маіх намаганняў, каб усе школы сталі беларускімі…
— Ты верыш, што калі-небудзь такое спраўдзіцца?
— Я вельмі гэтага хачу. Цяпер белмова ў модзе — у нас і крам, скіраваных на яе, становіцца больш. Шмат часу я проста захаплялася ўсімі, хто шчыруе ў гэтым накірунку. А потым дайшло: калі не паспрабую сама, нічога ў маім жыцці не зменіцца. І панеслася. Шкадую толькі, што ў нас мала тых, каго гэтае пытанне насамрэч турбуе.
Юля аптыміст. Як і яе равеснікі, верыць, што ва ўсіх нас усё будзе добра. Дае нам класную схему шчасця з простым наборам дзеянняў: трэба брацца і рабіць сваё. Гучыць хораша, калі б на практыцы ўсё адбывалася гэтак жа проста.
— Вось я на два гады за цябе сталейшая, але не памятаю, каб у маіх равеснікаў быў такі імпэт нешта змяняць. У цябе ён адкуль?
— Проста я вучуся ў класным месцы — гэта Ліцэй БДУ. Тут шмат крэатыўных і разумных. Чым больш такіх людзей — тым большы двіж існуе. Ну і ўмовы дазваляюць яму быць.
— Дык усё залежыць ад людзей ці ад месца?
— Хто яго ведае… Калісьці я вучылася ў школе, дзе было шмат гурткоў: выбірай і хадзі. Але ніхто імі не цікавіўся. Думаю, калі ёсць розныя людзі і яны не баяцца рабіць крутыя рэчы, тады ўсё атрымліваецца.
— Я ведаю, што ў вас нядаўна быў конкурс рок-гуртоў. Жадаючых было шмат. Адкуль яны ўзяліся?
— Насамрэч, усё пачалося з рэп-батлаў, але іх хутка прыкрылі. Гэта ясна: лексіка не для школьнага фармату. Пасля, як бачыш, яны сталі рок-батламі. Яшчэ нядаўна ў нас адкрылася джазавая імправізацыя.
— І на гэта ў моладзі ёсць попыт?
— Нам вельмі падабаецца.
— Прышпільна. А сама ты што слухаеш?
— З беларускіх гуртоў — Nizkiz, Palina, LEIBONIK. А Вольскі не маё. Зараз яшчэ гляну аўдыязапісы… — кажа Юля і цягнецца за тэлефонам.
— О, не айфон?
— Не люблю яго. Калі ў цябе ёсць айфон, то павінен быць айпад, аймак і айжыццё, — разводзіць рукамі дзяўчына і вяртаецца да музыкі. — Вось, забыла пра «Мутнае вока» сказаць.
— Мода на тэхніку ўжо сышла? — не адступаем мы.
— Яна была ў твой час. Цяпер усім усё роўна. У мяне ў паловы класа нічога звыш няма — і нікога гэта не турбуе.
Падчас размовы з Юляй складваецца такое адчуванне: усе даследаванні з высновамі пра лянівых і эгаістычных падлеткаў можна назваць хлуснёй. Насамрэч пакаленне 17-гадовых моцна заганяецца, і не толькі над сваёй будучыняй. Іерархія іх турбот будуецца так: на першым месцы змяшчаецца ратаванне свету, на другім — уласная кар’ера, а трэцяе аддаецца асабістаму жыццю. Ну, калі яму пашанцуе. Чаму ўсё складваецца менавіта так?
— У нас цяпер больш інфармацыі і логікі. Ёсць рэчы, якія модна абмяркоўваць, яны заўсёды на слыху. Часцей гэта тычыцца падзей за межамі краіны. Я б сказала, да падзей Беларусі ў нашых падлеткаў існуе пэўная млявасць.
— Ну, мы жывём у культурным кантэксце Расіі. Вось каго з блогераў ты глядзіш на YouTube?
— Усачаў мне падабаецца і Пяпярэчны. У другога стэндапы не смешныя, але актуальна-сацыяльныя.
— Пра навіны таксама ад іх дазнаешся?
— Канешне. СМІ ў нас ніхто амаль не чытае — там усё занадта афіцыйна напісана. Блогеры ўсё распавядуць і патлумачаць, а ты толькі праглынеш. Так, яны абмяркоўваюць з’явы ў Расіі, але шмат што па падзеях у нас супадае. Гэта ж не значыць, што я ігнарую беларускую прастору. Тым больш імкнуся, каб замежнае загучала па-беларуску: усё хачу далучыцца да перакладаў ролікаў TED на беларускую мову.
Распытваць у Юлі штосьці пра тусоўкі і адпачынак складана. Большасць часу яна аддае адукацыі. Яшчэ, канешне, у жыцці дзяўчыны ёсць любімыя танцы. Але самым крутым «адпачынкам» усё роўна застаюцца заняткі матэматыкай.
— Можа, ты хоць чытаеш нешта?
— Вось зараз — Замяціна. Проста там шмат з матэматыкай звязана. Яшчэ люблю антыўтопіі.
— Оруэл, Хакслі?
— Так, над імі цікава заганяцца. Яшчэ нам настаўніца па белліце давала вольную праграму для чытання. І гэта было класна. Вось я захапляюся Караткевічам як пісьменнікам і асобай. У нашай літаратуры традыцыйна гаворка ідзе пра зямлю і мужыкоў. А яго творчасць — гэта іншае. Калісьці нам дазволілі чытаць «Мову» Марціновіча. Адчуванне склалася, што гэта і не наш чалавек напісаў. Там шмат балючых пытанняў закранаецца.
— Ды няпраўда. Вось няўжо ты адчуваеш, што тваю беларускамоўнасць на вуліцы ўспрымаюць варожа?
— Тады я яшчэ не была беларускамоўнай. Але чытала і адчувала, што гэта нешта неверагоднае. Незвычайна, што ў кнізе ўсе падзеі адбываюцца побач, на Нямізе. Я нават сваіх бацькоў і знаёмых прымусіла пачытаць.
Доўга спрачаемся і сыходзімся на наступным: Віктар Марціновіч — герой дзявочых падлеткавых мар. Ціма Беларускіх пачынае нервавацца.
— Апішы мне сваіх равеснікаў двума словамі.
— Трэндовыя і лянівыя. Ці кансерватыўныя. Гэта дзіўнае сумяшчэнне, якое я зараз спрабую апісаць. Усе стараюцца быць на трэндзе і адначасова ні за чым не сачыць. То бок кожны шукае ва ўсёй гэтай свабодзе выбару свой стыль. Ты можаш, як і ўсе, апранацца ў мас-маркеце, але абавязаны мець уласную адметнасць. Напэўна, у нас ёсць трэнд на ўнікальнасць. І яшчэ на кросы пад гарнітур — гэта ж бомба.
Мы планавалі даведацца, дзе тусуюцца сучасныя падлеткі, аднак Юля вырашыла нас расчараваць: у гэтай плыні ёй да эксперта далёка.
— Клубы не мая стыхія. У нас усе любяць сядзець па кавярнях на Кастрычніцкай. Мае бацькі гэтага не разумеюць: яны кажуць, што проста папіць кавы раней было немагчыма. Такога занятку ўвогуле не было. Цябе проста прасілі пакінуць памяшканне.
— Гэта ўжо гістарычнае адрозненне. А ты адчуваеш розніцу паміж сваімі равеснікамі і бацькамі?
— Істотнай няма. Але ёсць розніца ва ўжыванні слоў.
— Англіцызмы кшталту «бойфрэнд», «чувіха», а яшчэ «бздзіць»?
— Яны жудасныя. Мы таксама ўжываем англіцызмы, але іншыя: «чэкаць», напрыклад.
Увесь час мужчына за суседнім сталом маўкліва падтрымлівае нашу размову. А тут нечакана перарывае маўчанне:
— Даруйце, а што такое «чэкаць»?
— Гэта значыць правяраць інфармацыю.
— А-а-а…
Яшчэ катуем Юлю пытаннем, ад якога яна моцна хоча ўхіліцца: якой сябе бачыць праз 20 гадоў. Нарэшце пераадольваем сціпласць дзяўчыны і атрымліваем дакладны і ўпэўнены набор.
— Я буду праграмістам, пажадана «Яндэкса» ці Google. Спадзяюся, стану разумнейшай за тую, якая я цяпер. І яшчэ хачу, каб побач былі добрыя людзі, — адказвае Юля і дае ім модную характарыстыку: — Каб яны былі нетаксічныя.
— І што, дзеля «Гугла» нават Беларусь кінеш?
— Мне здаецца, ён каштуе таго. Калі ў мяне будуць умовы займацца чымсьці такім тут — калі ласка, я застануся і, абяцаю, нікуды не з’еду.
velcom YOUTH — конкурс праектаў для старшакласнікаў, якія хочуць змяніць свет да лепшага. Сацыяльна-адукацыйны праект рэалізуецца кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. 10 пераможцаў конкурсу выступяць на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk у маі 2019 г. і атрымаюць iPhone Xs, а трое лепшых з лепшых паедуць на TEDx у Аўстрыю. Адметная рыса праекта velcom YOUTH — уся камунікацыя вядзецца на беларускай мове.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by