У 2010 годзе амерыканскі тэлеканал CNN апублікаваў рэйтынг незвычайных мясцін, дзе можна сустрэць Каляды і Новы год. У гэты спіс нечакана патрапіла беларуская вёсачка Пагост, што на Палессі пад Туравам. Журналістка Ціфані Лэйн напісала, што ў Пагосце зімой можна пабачыць незвычайныя Каляды, аднак ёсць у гэтай вёскі і другая разынка — прыгожы веснавы абрад «Юраўскі карагод», які традыцыйна ладзяць 6 мая на Юр'я. Каманда Onlíner стала сведкам гэтай дзеі і вярнулася ў Мінск з яскравым фотарэпартажам і відэазамалёўкай.
З кожнай хвілінай у Пагосце робіцца шумней і шумней. Непадалёк ад сельскага дома культуры паркуюцца аўтобусы і легкавікі. З наваколля, гарадоў і мястэчак сюды прыехалі на абрад «Юраўскі карагод»: адны — паглядзець і адпачнуць, другія — паўдзельнічаць ці выступіць на канцэрце.
У перадсвяточнай мітусні заўважаю ветлівага мужчыну ў шэрым пінжаку і старой кепцы. Гэта Іван Дзмітрыевіч. Раней ён рабіў трактарыстам, цяпер адпачывае на пенсіі. Ён з усімі абдымаецца, цалуецца, а камусьці раіць пасля паглядзець інтэрнэт — яго там будзе багата.
Дзмітрыевіч не падманвае. Падчас «Карагода» на яго ўскладваюць важную місію — у працэсіі ён нясе каравай ці абраз, таму нярэдка трапляе ў аб'ектыў фатографаў. Мужчына запэўнівае, што ён у форме: учора адзначыў Вялікдзень, але сёння цвярозы як шкельца. І вельмі ўсцешаны, бо надта любіць «Карагод».
— Гэта ж інцярэсна! А то часам выйдзеш на вуліцу утрам і прайсці няма з кім, — сказаў пасля Дзмітрыевіч.
Усяго гэтага свята не было б, калі б не адзін чалавек. У 1981-м пявуння і выдатная знаўца мясцовых традыцый Кацярына Панчэня стварыла ў Пагосце фальклорна-этнаграфічны калектыў «Міжрэчча». Баба Каця, як звалі яе мясцовыя, разам з другімі жыхарамі вёскі штогод праводзіла лакальны абрад «Карагод». Дзякуючы ёй ён захаваўся. У выніку ў 2007 годзе яго ўзялі пад ахову, а праз 12 гадоў уключылі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У вёску, якая паступова памірала, пацягнуліся журналісты, турысты, замежнікі. На жаль, летась бабы Каці не стала... Цяпер абрад праводзіць яе пераемніца, загадчыца мясцовага клуба-бібліятэкі Ірына Торчык.
— Баба Каця — гэта быў наш носьбіт, яна з дзяцінства памятала абрады. І калі прыйшла працаваць у клуб, то скарыстала ўсе свае веды. Дзякуючы ёй нашы традыцыі засталіся. Яны не адрадзіліся, а захаваліся. З бабай Кацяй мне давялося пазнаёміцца гадоў 15 таму, а далучылася да яе я пазней, калі мы сталі блізка сябраваць. Мы настолькі былі падобныя, што яна нібыта дачку ўва мне пабачыла. І неяк сказала мне: «Ірына, цяпер гэта твой лёс — табе карагода вадзіць», — расказвае жанчына. — «Карагод» — гэта веснавы абрад. Мы праводзім яго дзеля таго, каб радзіў хлеб. Раней людзі верылі, што калі яго здзейсніш, то будзе добры ўраджай. А калі будзе ўраджай, то восенню будуць свадзьбы. А калі будуць свадзьбы, то будзе прадаўжэнне роду і вёска будзе жыць надалей. Баба Каця казала, што не помніць, каб абрад калісьці спыняўся.
Яго праводзілі нават у гады ваеннага ліхалецця. Традыцыя жыла заўсёды. Мы яго не перарывалі нават у каранавірус. Людзей было трошкі меней, але яны ўдзельнічалі і карагода прымалі.
— А як мясцовыя ставяцца да абраду? Магчыма, ёсць тыя, каму не падабаецца? — удакладняю ў суразмоўніцы.
— Канешне, у вёсцы ёсць і тыя, хто абрад не прымае. Але хапае тых, хто ў яго верыць.
Чым адрозніваецца Пагост ад другіх вёсак? Тут захавалі багата сваіх традыцый. Усе жыхары вераць у абрад, таму ён жыве і дае штуршок усім, каб гэта адбывалася.
Абрад «Карагод» заўжды прыпадае на Юр'я — старадаўняе свята земляробчага календара ў гонар заступніка жывёлы і хатняй гаспадаркі святога Георгія.
— Абрад, як у нас гаварылася, заўжды ідзе ў чысло. Яно ніколі не змяняецца, незалежна ад таго, нядзеля гэта ці серада. Няважна. Сёлета Юр'я супаў з другім днём Пасхі. Пятага і сёмага мая мы можам пра абрад расказаць, а пакажам толькі шостага. Толькі раз на год, — кажа спадарыня Ірына.
— Гэты абрад святкуецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ягоныя асноўныя складнікі — першы выган жывёлы ў поле і абход нівы з караваем, — кажа фалькларыст, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна. — Гэты звычай сустракаецца як на ўсходзе, так і на захадзе нашай краіны. Але варыянт у Пагосце цікавы менавіта абыходам усёй вёскі, калі працэсія разам з караваем заходзіць на кожны падворак, дзе ладзіцца карагоднае кола. Адбываецца збор усёй вясковай грамады ў адно цэлае, увесь мясцовы соцыум зацвярджаецца як падрыхтаваны да земляробчага і жывёлагадоўчага этапу. І хоць сёння кароў амаль няма, складнік супольнага збору для ўшанавання Юр'я не знік. Веснавая еднасць застаецца важнай.
Да гэтага дня прымяркоўвалі першы выган статка ў поле, напярэдадні ўпершыню ў новым годзе выводзілі на начлег коней.
Лічылася, што Юр'я замыкае ваўкам пашчы і жывёле нічога не пагражае.
Абрад ладзілі па-рознаму. У Пагосце, як і ў іншых вёсках Жыткавіцкага раёна, было прынята выпякаць хлеб-карагод. Яго ўпрыгожвалі ралцамі — так тут называюць галінкі пладовых дрэў, на якія дзеля прыгажосці прымацоўваюць рознакаляровыя стужкі і папяровыя кветкі.
Пасля збіралася вясковая грамада і людзі працэсіяй накіроўваліся на поле адведаць ніву. Нехта трымаў абраз, граблі, харугвы, хтосьці нёс каравай.
У полі людзі прасілі Бога «адмукнуць зямліцу і вупусціць расіцу», каб быў дождж і ўрадзіла збожжа. Вяскоўцы вадзілі карагод, у цэнтры якога стаялі мужчыны з абразом і граблямі, а потым усе вярталіся ў вёску. Людзі спыняліся каля хат, дзе іх гатовы былі прыняць: спявалі песні, танцавалі, весяліліся і частаваліся караваем.
Зразумела, правесці аўтэнтычны абрад па ўсіх канонах сёння складана, але ў Пагосце звычай стараюцца падтрымліваць такім, якім ён быў.
Пасля 11:00 па вёсцы рушыла калона. Метраў трыста яна прайшла да прыдарожнага крыжа, а затым павярнула да поля побач з царквой. Наперадзе, трымаючы абгорнуты абраз, ішоў наш Дзмітрыевіч.
Некаторыя дзяўчаты надзелі самаробныя вянкі з барвінка. Паводле традыцыі, раней такія маглі насіць толькі незамужнія.
На адваротным шляху ўдзельнікі спыняліся каля некаторых дамоў, спявалі і танцавалі пад гучны гармонік.
Гаспадары частавалі выканаўцаў абраду як калядоўшчыкаў — хатнімі прысмакамі і садавіной.
Ну а далей усе зноўку вярнуліся ў цэнтр Пагоста, працягнулі танцаваць і адпачываць.
Гэтым разам Пагост з Туравам прынялі рэгіянальны фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Карагоднае кола». У яго межах у вёсках былі праведзены абрады, прайшлі канцэрты народнай музыкі, майстар-класы. У фестывалі ўдзельнічалі фальклорныя і этнаграфічныя калектывы са сталіцы, з Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Валожынскага, Любанскага, Мінскага раёнаў і нават з Ноўгарада.
Нягледзячы на тое што «Юраўскі карагод» праводзяць штогод, яму неабходна ахова. Фалькларыст Таццяна Валодзіна крыху скептычна ставіцца да таго, што абрад змяняецца, пераўтвараецца ў свята, якім ён раней не быў.
— Але важна і тое, што мясцовыя жыхары праз абрад бачаць каштоўнасць гэтага звычаю, зацікаўленасць у ім. Разумеюць, што гэта магія не толькі для тых, хто застаўся тут, а ў рэспубліканскім маштабе, — лічыць спадарыня Таццяна. — І калі кажаш, што мы ў адным спісе з егіпецкімі пірамідамі, гэта ўздымае абрад на высокую планку. Але больш важна заахвоціць мясцовую моладзь. Нават неабавязкова з Пагоста, а людзей з наваколля, жыткавіцкую моладзь. Каб пераймалі аўтэнтычныя спеў і танец.
Тады будзе надзея, што абрад захаваецца. Але пры ўсім пры гэтым ёсць першасны складнік жыццядзейнасці любога абраду — трэба, каб была вёска.
У сваю чаргу Ірына Торчык, якая пераняла абрад у Кацярыны Панчэні, глядзіць у будучыню з надзеяй:
— Думаю, што абрад будзе. Спадзяюся, што лёс мой будзе доўгі і я таксама знайду чалавека, які зможа далучыцца, каб пераняць традыцыю і працягваць яе надалей.
Чытайце і глядзіце таксама:
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by