20 255
01 октября 2023 в 8:00
Источник: Тарас Шчыры. Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Відэа: Раман Пастарнак. Мантаж: Таццяна Жук

«Ніхто не адарваны ад зямлі». Вось так продкі адзначалі збор ураджаю

Источник: Тарас Шчыры. Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі. Відэа: Раман Пастарнак. Мантаж: Таццяна Жук
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Працягваем наш цыкл «Этнакалекцыя Onlíner», у межах якога апавядаем пра цікавыя і яскравыя беларускія народныя абрады. Летам мы выбраліся на сапраўднае Купалле, завіталі на лакальнае свята «У Пласток на квасок» пад Любань, а напрыканцы верасня пабывалі пад Радашковічамі на Багачы, які сімвалізуе завяршэнне збору ўраджаю. У народзе абрад даўно знік: ён не праводзіцца ў вёсках, але Студэнцкае этнаграфічнае таварыства аднавіла яго і з 2013-га штогод ладзіць у філіяле літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Мы пабывалі на Багачы і прывезлі адтуль каларытную замалёўку — з танцамі і запамінальнымі спевамі.

Амаль любая з'ява на працягу года мела важны, сакральны сэнс, таму адзначалі яе адметна. Збор ураджаю — не выключэнне. Трэба было падвесці вынікі працы, адпачыць і настроіць сябе на новы клопат. Наконт гэтага продкі нават пакінулі нам прыказку: «Прыйшоў Багач, кідай рагач, бяры сявеньку — сей памаленьку».

Багач (а так называўся і лубок з сабраным жытам) традыцыйна адзначаўся ўвосень. Пазней, з распаўсюджаннем хрысціянства, яго пачалі суадносіць са святам Нараджэння Божай Маці, якое прыпадае на 21 верасня паводле праваслаўнага календара і на 8 верасня — паводле каталіцкага.

— Багач — гэта свята традыцыйнага беларускага календара, прымеркаванае да заканчэння жніва, але распаўсюджанае не па ўсёй тэрыторыі Беларусі (праводзілася пераважна ва ўсходняй частцы), — кажа старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык. — Вось асноўныя дзеянні: з усіх сямей вёскі збіралі зерне ў лубку, урачыста запальвалі свечку і з гэтым багачом абыходзілі ўсю вёску, завітваючы ў кожную хату, гумны. Такім чынам замыкалі і асвячалі ўсю вясковую прастору першым восеньскім агнём.

Пасля таго як абыходзілі ўсю вёску, багач пакідалі на год у пэўнай сям'і. З аднаго боку, гэта была праява пашаны, а з другога — у гэтым доме на працягу года, пакуль ён там захоўваўся, павінна было ўсё радзіць і пладзіць. Гэта было наданне сям'і асаблівага шанцавання і плёну.

Ставілі яго пад абразамі і мусілі клапаціцца, каб захаваўся да наступнага жніва.
А ў чым розніца паміж дажынкамі і зажынкамі?

Паводле «Беларускай энцыклапедыі», сэнс зажынак, земляробчага звычаю, быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры ўраджай. У сваю чаргу, дажынкі сімвалізавалі заканчэнне жніва, і людзі дзякавалі духам нівы за хлеб і плён.

«Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песняй ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абедзеннымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай», — напісана ў энцыклапедыі.

Ганна кажа, што самым важным элементам багача было зерне. Гэта сімвал ураджаю, які вырас за год, сімвал працы гаспадара і ўсёй яго сям'і. А паколькі зерне збіралі з кожнага двара, багач дэманстраваў плён жыцця ўсёй вясковай грамады. Свечку, якую ставілі ў лубок, рабілі з воску. З ёй і зернем лубок увасабляў святасць земляробчага календара.

У гэты дзень у вяскоўцаў, кажучы па-сучаснаму, быў выхадны. Ніхто не рабіў, усе стараліся адпачыць, наведаць сваякоў, суседзяў, прывезці падарункі і пачаставаць адно аднаго ўраджаем. Таксама ладзіліся кірмашы, людзі запрашалі музыкантаў, гулялі, танцавалі і спявалі разнастайныя песні.

— Багачовай традыцыі ў жывым бытаванні ўжо няма, — працягвае Ганна. — Але дагэтуль існуюць розныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да дажынак і пачатку восені. У розных рэгіёнах Беларусі захавалася наступная традыцыя: гаспадыні ідуць у поле, зжынаюць сноп і ставяць яго дома на покуць. З усёй беларускай жніўнай традыцыі гэта адзінае, што захавалася.

Вельмі важная традыцыя не столькі Багач, колькі дажынкавае падсумаванне плёну земляробчага цыкла. На гэтым трымаецца культура Беларусі, і ў нашым календары шмат чаго завязана менавіта на земляробчым цыкле. Гэта падсумаванне плёну і дзейнасці, якое актуальна да гэтай пары, бо шмат у каго ёсць вёскі і лецішчы, ніхто не адарваны ад зямлі. Моладзь таксама разумее сэнс усіх гэтых дзеянняў.

Адрадзіла (рэканструявала, калі казаць прафесійнай мовай) абрад Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і ўжо дзясяты год праводзіць адмысловае свята ў філіяле літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Зразумела, ад аўтэнтыкі абрад адрозніваецца, але сябры таварыства стараюцца паказаць, як яно было насамрэч, улічваючы сімволіку і асаблівасці.

Гасцей частуюць салодкім і хлебам, усе ахвотнікі могуць патанцаваць, паспяваць і, нарэшце, прыдбаць сабе нешта на імправізаваным кірмашы. А тут табе і аўтэнтычны квас, і мёд, і зборы зёлак, якія халоднымі восеньскімі вечарамі можна будзе запарваць у кубачку.

— Мы стараемся зладзіць свята камерным, такім, як яно сапраўды было ў вёсцы. І багачовай традыцыяй цікавяцца дагэтуль. У першыя гады мы збіралі пераважна моладзь, а зараз [на абрад] да нас прыязджае ўсё больш людзей сталага веку, дзяцей. На нашых святах збіраюцца ўсе пакаленні, і інтарэс сапраўды ёсць. З аднаго боку, улетку ўсе раз'язджаюцца па розных цікавых імпрэзах, мясцінах, а тут узнікае магчымасць зноў пабачыцца, паспяваць, патанцаваць разам і зноў вярнуць камунікацыю. А з іншага боку, прайшоў важны вяснова-летні перыяд, калі ўсё расло, гадавалася на агародах, у садах, і хочацца падзяліцца гэтым плёнам. Таму хоць крыху ў іншым фармаце, але мы стараемся захоўваць гэтае свята.

Чытайце і глядзіце таксама:

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by