Ці можа сёння Купалле быць нечым большым за прывычны набор з вянкоў, вогнішча і карагода? Іншымі словамі, ці існуе цяпер магчымасць адчуць усю глыбіню старадаўняга свята нароўні з нашымі продкамі? Аўтэнтыку мы паспрабавалі знайсці ў геаграфічным цэнтры Еўропы — у вёсцы Шо Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, на беларускім Паазер’і. Менавіта тут, на аграсядзібе «Запаведны востраў», полацкі фальклорны гурт «Варган» ужо каторы год ладзіць святкаванне сапраўднага Купалля. Прабылі там на мінулых выхадных з вечара да самай раніцы і цяпер дзелімся ўражаннямі.
У выпадку з традыцыйнымі народнымі абрадамі сёння звычайна кажуць пра рэканструкцыю. Аднак тое, што мы пабачылі і ў чым часткова паўдзельнічалі ў ноч з 8 на 9 ліпеня, назваць рэканструкцыяй не паварочваецца язык. І прычына тут, як думаецца, у сур’ёзным і адказным стаўленні арганізатараў да народных традыцый, у шчырым іх пражыванні, а не фармальным капіраванні. Напрыклад, ужо на пачатку падрыхтоўкі да свята, калі дзяўчаты ў строях, збіраючы кветкі на полі і ўзлеску, пачалі нязмушана спяваць купальскія песні, у нас з аператарам — двух дарослых мужыкоў — на вочы навярнуліся слёзы. Таямнічы вайб Купалля і магія традыцыйных народных спеваў? Так, ды яшчэ якія.
Купалле — старадаўняя абрадавая ўрачыстасць. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрапейскім народам. У старажытнасці было прымеркавана да летняга сонцастаяння, святкавалася ў гонар сонца, якое ў гэты час дасягала свайго апагею. Адзначалася як свята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой.
З энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі»
Адметна таксама, што Купалле на аграсядзібе «Запаведны востраў» святкуецца так, як гэта было прынята менавіта тут, у гэтым куточку паўночнай Беларусі (у вёсках Шо, Хралы, Івесь Глыбоцкага раёна). Відаць, далёка не паўсюдна цяпер можна ўбачыць купальскае вогнішча, у сярэдзіне якога ўсталяваны шост з аплеценым кветкамі колам наверсе, што сімвалізуе сонца. Або дзе яшчэ ўдзельнікі свята сёння ладзяць абход суседняй вёскі з Купалкай — прыгожай дзяўчынай з вялікім вянком, запрашаючы мясцовых жыхароў (а згодна з даўнімі вераваннямі — і багоў) далучацца да святкавання.
Аўтэнтычнасці падзеі дадаюць і святочныя стравы, якія гатуюцца проста на месцы з прывезеных гасцямі прадуктаў і спажываюцца пасля ваджэння карагода. Акрамя сыру і кулагі паўналетнія ўдзельнікі свята маглі пачаставацца слабаалкагольным і духмяным крупнікам (мы пакаштавалі, годны напой). А вось шукаць папараць-кветку ў гэтай мясцовасці прынята не было, што, канешне, здзівіла. Падавалася, што гэта паўсюдная традыцыя, але нават у межах Беларусі ёсць (хутчэй, на жаль, былі) свае рэгіянальныя адрозненні ў святкаванні Купалля.
Ну а раніцай, перад самым узыходам сонца, мы нарэшце даведаліся, што стаіць за выразам «пія́ць баранý» (на паўночным захадзе Беларусі кажуць менавіта «піяць», а не «спяваць»). Так называюць унікальную мясцовую традыцыю, калі ўдзельніцы свята адначасова выконваюць розныя песні з гадавога каляндарнага цыкла — кожная сваю. Сэнс дзеі — у часовым стварэнні вакальнага і абрадавага хаосу (на Купалле можна ўсё), каб потым зноў вярнуцца да спрадвечнага парадку і гармоніі. Гучыць усё гэта сапраўды агаломшвальна і містычна.
Адным словам, настойліва запрашаем паглядзець падрыхтаваны намі відэаролік пра святкаванне Купалля на беларускім Паазер’і. А яшчэ абвяшчаем, што гэтай публікацыяй мы распачынаем цыкл «Этнакалекцыя Onlíner» пра каляндарныя абрады Беларусі.
По мнению Betera, в решающем матче сыграют Новак Джокович и Карлос Алькарас. Сербский теннисист уверенно прошел турнирную сетку и котируется выше оппонентов, но в спорте не без сенсаций.
Широкая роспись на финальную стадию Уимблдона и других турниров доступна на сайте и в приложении Betera. Для новых игроков — бонус 50 BYN + 50 фриспинов. Забирайте по ссылке.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by