На саракавы дзень пасля Вялікадня, калі хрысціяне адзначаюць Ушэсце (Узнясенне Гасподняе), на паўднёвым усходзе Беларусі прынята праводзіць унікальны абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы». Багатая на абрадавыя дзеянні з рознымі сэнсамі, гэтая традыцыя налічвае ўжо не адно стагоддзе і, падаецца, будзе існаваць яшчэ столькі ж. З’ездзілі ў аграгарадок Стаўбун Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці і паглядзелі, як усё адбываецца.
Захавальніцай абраду ў гэтым населеным пункце ўжо шмат гадоў з’яўляецца Святлана Іванаўна Парашчанка, загадчыца філіяла «Стаўбунскі СДК» і стваральніца фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Стаўбунскія вячоркі» (на яго можна падпісацца ў Instagram). Хоць яна і не ўраджэнка гэтых мясцін, а прыехала сюды па накіраванні пасля музычна-педагагічнага вучылішча, з цягам часу старадаўняя мясцовая традыцыя стала неад’емнай часткай прафесійнага жыцця жанчыны. Па словах Святланы Іванаўны, на яе памяці абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» праводзіўся заўсёды, строга кожны год.
З энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989)
— Раней на гэты абрад выходзілі ўсе жыхары Стаўбуна без выключэння. Сустракаліся ў цэнтры вёскі, вадзілі карагоды і потым ужо накіроўваліся ў жыта. Калі вадзілі карагоды, спявалі адны песні, а калі ўжо ішлі на поле — зусім іншыя. Спявалі, напрыклад, «Ідзі, страла, да і ўздоўж сяла і не бей, страла, добрага моладца». Гэта каб не было ніякіх маланак, каб не забіла нікога, каб усё гэта міма нашай вёскі пралятала, — расказвае Святлана Іванаўна.
Сёння ў абрадзе «Ваджэнне і пахаванне стралы» ўдзельнічаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і прыезджыя, у тым ліку ўраджэнцы гэтых мясцін, якія жывуць цяпер у іншых населеных пунктах.
— Прыходзілі ў поле, зноў вадзілі карагоды, закопвалі там нейкія свае прадметы, загадвалі жаданні. Гэты абрад — каб быў добры ўраджай. З гэтага дня ўжо пачынаецца буйны рост жыта. Далі зямельцы дар, загадалі жаданне, нарвалі сабе дзевяць каласкоў дадому… Чаму дзевяць? Жыта звязана з жанчынай, а жанчына носіць цяжарнасць дзевяць месяцаў. І вось па традыцыі трэба нарваць дзевяць каласкоў і прынесці іх дадому, пакласці за ікону, каб яны цэлы год ахоўвалі нашае жыллё. А потым праз год проста трэба спаліць, — тлумачыць захавальніца абраду.
З энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989)
Яшчэ адна адметная традыцыя ў гэты дзень — качанне ў жыце. Лічыцца, што такое дзеянне дазваляе набрацца сіл ад зямлі. А каб не балела спіна, сарваным калоссем абвязвалі сябе нібы поясам.
Раней, калі ў вёсцы былі музыканты, святкаванне з нагоды абраду доўжылася да самага вечара. Людзі збіраліся разам, накрывалі сталы. Сёння ўсё адбываецца з куды меншым размахам.
— Цяпер я перадаю гэта дзецям. Яны ўжо таксама спяваюць гэтыя песні, вучацца. Вы ж бачылі сёння, як многа было дзяцей на свяце. Канешне, хацелася б, каб гэты абрад захаваўся. Пакуль мы яшчэ ёсць, будзем яго падтрымліваць. А пасля нас… Ніхто не можа сказаць, што будзе заўтра. Будзем спадзявацца, што абрад яшчэ будзе, — выказвае надзею Святлана Іванаўна.
На сённяшні дзень абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы», які праводзіцца ў вёсцы Казацкія Балсуны і аграгарадках Стаўбун, Неглюбка і Янова Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by