Труба ды справа. «Неяк знайшоў павука ў саксафоне. Уявіце, чаго ён наслухаўся...»

8236
23 сентября 2023 в 8:00
Автор: Андрей Рудь. Фото: Александр Ружечка

Труба ды справа. «Неяк знайшоў павука ў саксафоне. Уявіце, чаго ён наслухаўся...»

Автор: Андрей Рудь. Фото: Александр Ружечка

Наўпрост рабіць тое, што падабаецца, можа дазволіць сабе не кожны. Толькі той, чыё «хобі» сапраўды патрэбна людзям. Калі ўсё сышлося і ты робіш справу дзеля ўласнага задавальнення — грошы, слава, меркаванне іншых маюць другасную ролю (аднак не апошнюю). Працягваем фотацыкл Аляксандра Ружачкi «Апантаныя». Сённяшняя гісторыя — пра мінчаніна Мікалая Гуркіна, які рамантуе саксафоны (насамрэч не толькі іх).


— У дзяцінстве я іграў на фартэпіяна — ну, як усе. Але ж год у 11 упершыню пачуў саксафон у аркестры — і захварэў. Кажу: «Мама, я хачу!»

Зараз разумею, што мой першы саксафон, які далі ў музычнай школе, каштаваў максімум $150. Касмічная сума! У таты была зарплата $37, у мамы — нешта каля $17... Памятаю, інструмент нават быў без кофра, мы заматалі яго ў коўдру. Зараз смешна... Пазней, калі настаўнік паставіў перад фактам, што пара б купіць хлопцу ўласны саксафон, бацькі былі ў шоку. Гэта ж гадавая зарплата. Але знайшлі, перазанялі грошы, купілі. Я ўжо малым разумеў, якая на мне адказнасць.

У студэнцкія гады фінансавае становішча сям’і было не вельмі. Я прыдумаў падпрацоўку: прыходзіў у клубы і прапаноўваў сыграць пару кампазіцый. Як ні дзіўна, гэта выклікала бурную цікавасць: «О, класная ідэя! Давай!» Там жа адны біты ўсё жыццё слухалі, а тут выходзіць нейкі з саксафонам. Не ведалі, што так можна! Здаецца, за адзін выхад давалі долараў 20. Гэта 2013 год быў — сур’ёзныя грошы.

Ужо падчас вучобы сутыкнуўся з праблемай рамонту інструмента. Яго, канешне, адрамантавалі, але я застаўся вельмі незадаволены. Саксафон быў надта дарагі — палез лак, пашкодзіўся знешні выгляд ды ўсё такое. Тады і задумаўся аб тым, каб рамантаваць самастойна. Спрабаваў, нешта адразу не атрымлівалася, спецыяльна вучыўся гэтаму тры гады. Пад канец паехаў у Парыж, у найлепшую кампанію свету па вытворчасці саксафонаў. Там правёў два тыдні. На самой справе, яны нават не вучаць, а проста назіраюць, як ты працуеш. Дзякуй богу, атрымаў сертыфікат.

Рамантаваць — гэта зусім не сумна! Самае класнае, цікавае, цікавейшае за грошы нават — гэта калі чалавек прыходзіць забіраць інструмент. Бярэ ў рукі, глядзіць, іграе — і я бачу яго эмоцыі. Як вочы проста загараюцца ад нечаканасці!

Там жа як — гадамі іграеш, з інструментам паступова нешта адбываецца, ну як з машынай. Нешта ламаецца, недзе пачынае парыпваць, заядаць. Ты прызвычайваешся, ужо не заўважаеш, забываешся, як твой інструмент можа гучаць. А калі чалавек бачыць, чуе вынік наладкі, рамонту — такі клас! Мяне гэта настолькі чапляе, што гатовы займацца гэтым усё жыццё.

Неяк дзяўчына прынесла саксафон — салідная фірма, набыты некалі ў Парыжы, грэх скардзіцца. Але ж «нешта нота соль не падабаецца». Добра, рэгулюю ёй гэтую ноту... «Я, — кажа, — два гады ў каледжы пакутавала, а аказваецца, гэта можна было выправіць!»

Разумееце, для музыканта, калі два гады нота «не падабаецца», — гэта сапраўдны боль. Ты думаеш, што праблема ў табе, намагаешся нешта там рабіць губамі, пакутуеш — а трэба было проста аднесці інструмент майстру.

Самы круты саксафон, які прайшоў праз мае рукі, гэта Selmer 1954 года, мадэль Mark VI. Легенда сярод саксафонаў, любы саксафаніст аддасць усё за яго. На аўкцыёнах кошт даходзіць да 20 тысяч еўра. І так, я яго рамантаваў.

Неяк на інтэрнэт-барахолцы ўбачыў амерыканскі саксафон 1914 года за $350, такія для ваенных аркестраў рабілі. Думаю, дзіўны жарт, фэйк нейкі. Але ж ледзь стрымаўся, каб не патэлефанаваць адразу — было 11 гадзін вечара. Як прыстойны чалавек, вырашыў пацярпець да 9 раніцы. Вытрымаў да 8:46. Набіраю — і ніхто не адказвае... У мяне сэрца спынілася: спазніўся! Потым мне ўсё ж такі перазванілі — купіў.

Што ўнутры саксафона? Не, не паўтара літры сліны. Насамрэч яе мала туды трапляе. Хіба што на пачатку навучання, калі ў дзіцяці спрацоўвае звычайны рэфлекс слінавыдзялення на муштук. Потым такога ўжо не адбываецца, але можа назапасіцца кандэнсат.

Аднаго разу распрадаваліся інструменты нейкага аркестра, мне прапанавалі саксафон. Бяру ў рукі — здаецца, цяжкаваты. Зазіраю ў раструб — а там гранёная шклянка. Ну ё-маё... Ведаю, што ў ваенных аркестрах у трубы часам залівалі крышачку спірту, каб на марозе клапаны не заядалі. Але ж не цэлымі шклянкамі... Мабыць, гэта ўжо саксафаніст так разаграваўся, каб нічога ў яго не заядала.

Аднойчы дастаў з інструмента гняздо павука. Ну такі кокан, і ўнутры знаходзіўся жывы павучок. Уяўляеце, чаго ён наслухаўся за жыццё?..

Адчуванне, калі ты можаш вярнуць нармальнае жыццё інструменту, а таксама веру ў сябе яго ўладальніку, ні за якія грошы не купіш. Гэта як калі ў чалавека два гады баліць нага, а трэба было проста каменьчык з бота вытрасці.

Толькі патрэбны нехта, хто знойдзе гэты каменьчык. Бачыць гэтыя эмоцыі для мяне як наркотык.


Калі вы Апантаны — адгукніцеся: ar@onliner.by.

Чытайце таксама:


55" 3840x2160 (4K UHD), матрица OLED (WOLED), частота матрицы 120 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR10, Dolby Vision, HLG, Dolby Atmos, AirPlay, Wi-Fi, смарт пульт

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by