Апантаныя. Маша ды яе метал: рыхтавалася ў касманаўты, стала кавалём

20 945
04 августа 2023 в 10:08
Источник: Андрэй Рудзь. Фота: Аляксандр Ружачка

Апантаныя. Маша ды яе метал: рыхтавалася ў касманаўты, стала кавалём

Источник: Андрэй Рудзь. Фота: Аляксандр Ружачка

Можна вечна глядзець на агонь, ваду і апантанага чалавека. Такія людзі не заўжды заметныя, часам занадта сціплыя. У адрозненне ад некаторых іншых — напышлівых ды надзвычай эфектных — ціха робяць нешта прыгожае, карыснае, цікавае. Мы знайшлі такіх. Сёння пачынаем фотапраект «Апантаныя». У ім не мае быць нічога лішняга: героі ды іх простыя словы.

Марыя Тарлецкая: трэніраваліся есці дагары нагамі

Вы дакладна яе ведаеце. Хоць і не ведаеце пра гэта. Неверагодныя «святлоценявыя кампазіцыі» ў мінскім метро «Кавальская Слабада» бачылі? Яе праца з калегамі.

— Я дыпламаваны каваль, маю дыплом па спецыяльнасці «апрацоўка металу». Яна даволі рэдкая, а для дзяўчат — дык наогул. Як так атрымалася?..

Наўрад ці ў дзяцінстве я ўяўляла сябе кавалём. Расла пераважна ў мужчынскім асяроддзі, побач былі браты, дзед, дзядзька... Ды бацька — фізік-ядзершчык, які меў дачыненне да «Бурана», «Лунахода-2». Ён падрабязна распавядаў пра розныя фізічныя працэсы, было цікава. Таму я дакладна ведала: стану касманаўтам. Ну а кім?

Гадоў да сямі старанна рыхтавалася! Вучыла дробы, рабіла пад’ём пераваротам, падцягвалася разоў пятнаццаць. Трэніраваліся з братам есці дагары нагамі (як вядома, гэта галоўны навык касманаўта). А тата прывозіў з Байканура сапраўдную касмічную ежу ў цюбіках! Такім чынам, мы былі цалкам падрыхтаваныя да палёту.

48 кіло: тыповы каваль

— Дзе я звярнула не туды?.. У старшых класах усё ж такі вырашыла: я мастак. Пачаліся дрэды, татуіроўкі, усё вось гэта. І гісторыя мая пайшла па іншым шляху.

Паступіла ў педагагічны ўніверсітэт на мастацка-графічнае аддзяленне. Аказалася сярод жаночага полу — і менавіта вялікая колькасць дзяўчат пераканала мяне ў тым, што я кудысьці не туды трапіла, займаюся нечым не тым. Таму хутка пайшла з універсітэта — туды, дзе мяне дакладна ніхто не чакаў. У Акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць «мастацкая апрацоўка металу».

Я важыла 48 кіло пры росце метр шэсцьдзясят. Ага, тыповы каваль.

Не, насамрэч тое, што ўсе прывыклі лічыць кавалём — такі магутны здаравяк з кувалдай, — гэта не тое. Гэта малатабоец, гэта іншае. Сапраўдны каваль — часам невялічкі такі чалавечак з маленькім малаточкам.

Як цынічна ні гучыць, у старыя часы малатабойцы былі расходным матэрыялам. Пара гадоў такой працы, вібрацыі ад удараў — і рассыпаюцца суставы, ты больш не можаш трымаць свой прыгожы молат. Цяпер ужо не існуе такіх варварскіх спосабаў апрацоўкі металу. Проста кажучы, малатабойца замяніў пнеўмамолат.

Тым, хто працуе з металам, берагчы сябе надта важна! Таму прыдуманы розныя прыстасаванні, тыя ж антывібрацыйныя пальчаткі... Інакш у каваля так і не паспееш вырасці, угробіш сябе за тры-чатыры гады. Зможаш трымаць толькі шклянку.

«Нам такое не трэба»

— Калі я ўпершыню зазірнула ў майстэрню акадэміі, гэта мяне надта ўразіла. Нічога падобнага я не бачыла дагэтуль. Кажу: «Усё, паступаю к вам». «Не, — адказваюць, — нам такое не трэба. Не паступай».

Паступіла.

Першы час мы тачылі малаткі нейкія, прывыкалі трымаць напільнік... Здавалася: ну, далей будзе цікавей, хутка пачнём ужо каваць. Але далей усё аказалася яшчэ складанейшым...

Клешчы мары

— Каб пачаць каваць, трэба было ехаць некуды ў цьмутаракань, на вуліцу Перадавую, — там перагружаюць кокс з вагонаў. Зіма, цемра, я з мяшком еду на тралейбусе некуды тырыць той вугаль. Ну, не тырыць — проста выкалупліваць трэба было з-пад снегу. Потым з дзвюма перасадкамі вязу той мех, з яго цячэ...

Далей трэба было знайсці ў Мінску ды наламаць нейкіх палак, распаліць горан — ды выкаваць клешчы! Такі закон: каваль павінен сам выкаваць уласныя клешчы. І мы пачалі каваць свае клешчы. Строга са сталі маркі КН («Какую нашел»). Гэта быў капец.

Не, у нас былі цудоўныя настаўнікі, мастак, нейкія чарцяжы. Усё распавялі, паказалі — але ж каваць мы павінны менавіта самі!

Мае клешчы атрымаліся здораўскія! Працаваць імі, канешне, немагчыма, але ж выглядаюць як сапраўдныя. (На фота — не яны.)

Каваць трэба галавой

— Вядома ж, за апошнія сто гадоў кавальская справа моцна змянілася. Цяпер коксам ніхто не карыстаецца, ёсць газ, індукцыйныя печы. Раней дзе каваль жалеза браў? Пайшоў на чыгунку, нешта адкруціў — вось табе каса. Зараз расходнікаў — на любы густ, гайкі не адкручваем.

Я лічу, жанчын-кавалёў мала не таму, што яны не змаглі б. Проста, скажам, гэта занадта складаны і заблытаны шлях самарэалізацыі для іх.

Ёсць больш відавочныя. Ну дзяцей нараджаць — вось добрая і зразумелая справа.

Каваль куе не рукамі, а галавой. 95 працэнтаў маёй коўкі адбываецца за камп’ютарам.


Хутка Маша едзе ў ЗША на фестываль Burning Man. Вязе ў чамадане сваю скульптуру, якая ўсіх парве. Больш нічога не вязе — не змясцілася. Поспехаў Машы.


Калі вы Апантаны — адгукніцеся: ar@onliner.by.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by