Гэта традыцыйная рубрыка пра беларускія гаворкі «Багацце на карце» (папярэднія выпускі: першы, другі, трэці, чацвёрты, пяты). Нашы продкі ведалі, як сябе паводзіць у розных жыццёвых сітуацыях, таму маем актуальны напамін: паміраць збірайся, а жыта сей. Што б ні адбывалася, а сезон град нас сёлета, відаць, не міне. У сённяшнюю публікацыю трапілі назвы розных частак угоддзя каля дома ці лецішча, а таксама прылад працы. Акрамя таго, падрыхтавалі для вас бонус-карту.
Трошкі «тэхнічнай» інфармацыі. Падабраны і адлюстраваны на карце найбольш адметныя ды цікавыя, на наш густ, слоўцы. Відавочна, гэта не навуковая праца, таму лексічныя адзінкі размяшчаюцца прыблізна — адсутнасць межаў раёнаў, абласцей ці груп гаворак паказвае на тое. Калі спатрэбіцца нешта ўдакладніць ці захочацца паглыбіцца ў тэму, можна скарыстацца той самай бібліятэкай, у якую мы заглядвалі падчас працы над выпускам.
Не стомімся нагадваць пра наш маштабны спецпраект, што выходзіў у 2019 годзе (раім паглядзець і пачытаць, калі прапусцілі, а вось тут — фінальны 28-хвілінны дакументальны фільм «Гаворкі Беларусі»). Было зладжана чатыры экспедыцыі, апытана 19 інфармантаў — у выніку вы можаце даведацца пра лексічнае багацце беларускіх гаворак непасрэдна ад іх носьбітаў з усёй краіны і засведчыць сякія-такія змены ва ўжыванні слоў.
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове