7278
21 ноября 2021 в 8:00
Автор: Тарас Щирый

Беларуска стварыла іконы, якія можна ўбачыць нават у Афрыцы

Автор: Тарас Щирый

Сярод ураджэнцаў Беларусі хапае не толькі славутых мастакоў, якія праславіліся пераважна ў жывапісе. Ёсць і цудоўныя іканапісцы, чые імёны вядомыя далёка за беларускімі межамі. І гэта, што цікава, не толькі мужчыны. Тамара Ельчанінава нарадзілася ў Мінску, жыла ў Парыжы, яе абразы сёння можна ўбачыць не толькі ў Францыі, але і ў далёкай Аргентыне і нават у Камеруне. Пры гэтым на радзіме пра Ельчанінаву амаль ніхто не ведае. Чым была адметна яе асоба і якім чынам яна апынулася за мяжой, у чарговай серыі падкаста «Пашпарт грамадзяніна» апавядае культуролаг, даследчык Сяргей Харэўскі.

Слухаць падкаст у Apple Podcasts|«Яндекс.Музыке»|Castbox|Google Podcasts


Сярод сузор’я творцаў, што паходзілі з Беларусі і пакінулі значны след у гісторыі мастацтва, варта згадаць яшчэ адно імя — Тамары Ельчанінавай (Левандоўскай). Яна нарадзілася 27 лістапада 1897 года ў Мінску ў сям'і генерала Уладзіміра Левандоўскага. Тут, над светлымі водамі Свіслачы яе хрысцілі, і тут прайшло яе маленства. Яна расла ў арыстакратычнай сям’і. Бацька паходзіў з польска-ўкраінскага шляхецкага роду, а маці, Вера Сямёнаўна, якая нарадзілася на Віцебшчыне, была дачкою асецінскага князя Джукаева, а па маці паходзіла са старажытнага магнацкага роду Друцкіх-Сакалінскіх. Вайсковая кар’ера бацькі пачыналася менавіта ў нашых краях, у Мінску і Вільні, дзе ён камандаваў 170-м пяхотным Маладзечанскім палком і даслужыўся да памочніка старшага ад'ютанта штаба Віленскай ваеннай акругі.

А затым сям’я пераехала ў далёкую Грузію, дзе Тамара скончыла гімназічнае навучанне. Яе бацька заснаваўшы быў там, у Тыфлісе, прыватную гімназію, першую гэтак званую змяшаную на Каўказе, дзе адначасна вучыліся і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Ён сам і быў яе дырэктарам, а Тамара стала выкладчыцай. Яна спалучала ў сабе свавольную прагу да жыцця з глыбокай адукацыяй, культураю, а перадусім — з вялікай самадысцыплінаванасцю

Тамсама, у гімназіі, Тамара Левандоўская сустрэлася з будучым мужам — выкладчыкам славеснасці Аляксандрам Ельчанінавым, родам з Украіны. А ў 1916-м яны пабраліся шлюбам і здзейснілі падарожжа ў Расію. Там у Маскве Тамара пазнаёмілася з сябрамі мужа — філосафам, багасловам і паэтам Паўлам Фларэнскім, літаратуразнаўцам Сяргеем Цвятковым і філосафам Уладзімірам Эрнам. Але толькі было пачаўшы шчаслівае сямейнае жыццё, яны апынуліся ў віры грамадзянскае вайны. Пасля захопу Грузіі рускімі бальшавікамі ім давялося выправіцца ў далёкі шлях. Назаўжды.

У 1921-м з мужам і падгадаванай дачкой у труме апошняга парахода адплыла з Батума ў Канстанцінопаль, затым патрапіла ў Францыю і асталявалася на Поўдні, у Ніцы. У 1926 годзе муж прыняў святарскі сан, і сям'я пераехала ў Парыж. Каб быць побач з мужам у яго справах, вырашыла прысвяціць сябе іканапісу. Тамара, на той час маці траіх дзяцей, ва ўзросце 30 гадоў занялася мастацтвам. Яна навучалася іканапіснаму майстэрству на курсах пры Сергіеўскім падворку ў Пімена Сафронава, славутага майстра стараверскага іканапісу з Эстоніі, носьбіта жывое старажытнае традыцыі.


Тамара Ельчанінава, ад прыроды надзеленая талентамі і вострым мастакоўскім пачуццём, давала рады ствараць прыгажосць паўсюдна, у любых умовах стварала вакол сябе хараство. І менавіта зварот да духоўнага мастацтва дазволіў ёй дапасаваць свой вялікі талент, пераадолеўшы ў пэўным сэнсе эстэтызм чыстае красы, каб спасцігнуць іншы, духоўны спосаб спасціжэння свету. І менавіта ікона ў яе першасным сэнсе стала для мастачкі спосабам стасункаў паміж Богам і людзьмі. У гісторыі артадаксальнага праваслаўнага жывапісу абразы Тамары Ельчанінавай занялі асаблівае месца. Уласны досвед жыцця ў Грузіі, старажытны іканапіс старавераў, містычныя філасофскія пошукі стварылі той самы пазнавальны яе ўласны стыль. Яе творам уласціва аскетычная суворасць святых лікаў, а разам з тым грацыёзная пластыка, яркая дэкаратыўнасць каляровае семантыкі і філіграннасць шатаў з абкладамі. Яе абразы цяпер упрыгожваюць храмы на розных кантынентах — ад далёкае Аргентыны да Парыжу, ад Камеруна і Туніса да Злучаных Штатаў і Канады.

Праваслаўная царква ў камерунскім горадзе Яундэ

Для стылю іканапісу Ельчанінавай характэрна выява нерухомых персанажаў з шырока адкрытымі вачыма. Рысы твару зазвычай узбуйненыя, постаці стройныя, пры тым прапорцыі частак цела строга выкананы.

На ліках святых мастачка імкнулася адлюстраваць магутныя эмоцыі — сцятасць, скруху, смутак, але перадусім — высокую адухоўленасць, не ад свету зямнога. Стыль Ельчанінавай з яе ўнутрана экспрэсіўнымі, а знешне — статычнымі вобразамі і рэзка выяўленымі светлавымі акцэнтамі пазнаецца сярод іншых твораў іканапісу найноўшага часу.

Тамара Ельчанінава ўваходзіла ў праваслаўнае таварыства «Ікона» у Францыі з моманту яго заснавання, удзельнічала ва ўсіх выставах гэтае супольнасці ў розных краінах. У 1950—60-х гадах мастачка выканала іканастас для Грэцкага праваслаўнага сабора царквы ў сталіцы Камеруна — Яундэ, напрастольны крыж у праваслаўным саборы ў Сан-Францыска, іканапісны трыпціх у прыдзеле кафедральнага праваслаўнага сабора Святога Аляксандра Неўскага ў Парыжы і абразы для парыжскае ж Свята-Узвіжанскае царквы.

Але яе мужу, айцу Аляксандру Ельчанінаву, славутаму рускаму святару, мысляру і настаўніку, наканавана было сысці ў іншы свет заўчасна, у 1935 годзе. Гэтае цяжкое выпрабаванне так і засталося незагойнаю душэўнаю ранаю для мастачкі. Гэтая страта падзяліла яе жыццё напалам. Тамара Ельчанінава багата волі, такту і жадання аддала, каб сабраць усю духоўную спадчыну свайго мужа, яго няскончаныя рукапісы і лісты. І ўрэшце выдала кнігу «Нататкі святара айца Аляксандра Ельчанінава», што атрымала шырокую вядомасць спачатку ў праваслаўнай дыяспары ў свеце і нават — падпольна — у Савецкім Саюзе, куды яна, дарэчы, наведалася двойчы, напрыканцы 1960-х і ў 1972 годзе, але ў родны Мінск так і не патрапіла…

Тамара Ельчанінава была адным з арганізатараў двух выстаў праваслаўных абразоў на Сергіеўскім падворку рускае царквы ў Парыжы. У 1954 годзе правяла разам з дачкой Марыяй Струвэ выставу абразоў у Каталіцкім цэнтры на вуліцы Сан-Сюльпіс, напісала алтарны абраз для царквы Святога Мікалая Цудатворца ў Булонь-Біянкуры пад Парыжам (1953), распісала Царскія вароты для храма ў імя архангела Рафаіла ў мястэчку Сен-Рафаэль на марскім поўдні Францыі. Яна выканала мноства іканастасаў, крыжоў і харугваў для цэркваў у Францыі, Амерыцы, Афрыцы. Сярод яе спадчыны — вялікая колькасць сямейных абразоў і іконы «заходніх» святых, напрыклад, Святога Францыска Асізскага. Працавала яна і па метале, вырабляючы тыя самыя філігранныя шаты для сваіх абразоў. Пра сябе Тамара Ельчанінава пісала: «Пачала пісаць абразы ў 1926 годзе, у год пасвячэння ў святары майго мужа, Аляксандра Ельчанінава, каб працаваць у той жа вобласці. Прайшла курсы іканапісу… пры Таварыстве „Ікона“, кіраваныя П. А. Фёдаравым. Нават прыблізна не магу вызначыць колькасць напісаных ікон. З вялікіх прац — іканастас для паходнай царквы Рускага Студэнцкага Хрысціянскага Руху (РСХР), іканастас у царкве горада Джойлет, у штаце Ілінойс (ЗША), іканастас у доме для старых у Канах…»

Для Сабора Святога Аляксандра Неўскага ў Парыжы Тамара Ельчанінава выканала абраз «Знаменне» Божай Маці ў кіёце, апроч згаданага трыпціха ў прыдзеле. У 1996-м на юбілейнай выставе таварыства «Ікона» экспанаваліся яе абразы «Св. Тамара», «Св. Аляксандр Неўскі» і «Уладзімірская Маці Божая». Урэшце, перажыўшы свайго каханага мужа на паўстагоддзя, яна спачыла побач з ім на праваслаўных могілках у Медоне, недалёка ад Парыжа, у 1981 годзе. На магіле Тамары Ельчанінавай усталяваны драўляны крыж, выраблены паводле яе ўласнага эскіза. А яе вялізарны даробак застаўся ў свеце, у розных яго кутках. Але пакуль на яе радзіме, у Беларусі, творчасць Тамары Ельчанінавай і незвычайны лёс яе сям’і, на жаль, мала каму вядомы.

Слухайце таксама:


кондиционер для белья, ручная/машинная стирка, универсальное, экосредство (биоразлагаемое)/бесфосфатное средство/гипоаллергенное, 2.75 л, на 90 моек/стирок
стиральный порошок, машинная стирка, для белого белья, свежесть, бесфосфатное средство, 9 кг, на 60 моек/стирок

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by