За апавяданні раней браліся многія беларускія пісьменнікі. Выглядала так, што, не напісаўшы твора кароткай формы, не зможаш узяцца за аповесць ці раман. Такая прыступка: маўляў, усё трэба рабіць па нарастанні. Сёння кароткую прозу ўсё яшчэ пішуць часта. Праўда, нярэдка яна зводзіцца да звычайных назіранняў, а то нават і да формы пастоў у сацыяльных сетках. На якія кнігі ў жанры апавядання звярнуць увагу? У чарговым аглядзе Onliner — кнігі пераважна кароткай прозы.
(Выдавецтва «Янушкевіч»)
Роўна два гады таму мы пісалі пра раман Ергавіча «Арэхавы палац», які тады выйшаў у беларускім перакладзе. А вось і новая кніга з’явілася.
«Сараеўскае Мальбара» — дэбютны зборнік апавяданняў Міленкі Ергавіча, які выйшаў у 1994 годзе, калі на радзіме аўтара (ён харват, які нарадзіўся і жыў у Босніі і Герцагавіне, але падчас вайны з’ехаў) вяліся баявыя дзеянні. Кніга аб’яднаная гісторыямі людзей у час вайны. Гэта не жахі пра забітых і параненых, скалечаных і замучаных. Гэта апавяданні пра жывых і крыху пра мёртвых, пра рэальнасць і абсурд, пра страх і надзею.
Вось, напрыклад, персанаж з апавядання «Магіла» — далакоп, да якога прыйшоў амерыканскі рэпарцёр. Яму сказалі: «Я доўга жыў у Каліфорніі, пабачыў свет, ведаю мову і людзей». Далакоп капае магілу, а рэпарцёр у гэты час задае яму пытанні, адказы на якія пасля маглі б увайсці ў рэпартаж. Амерыканец спяшае, а той адказвае пра іншае: усё хоча штосьці глыбокае давесці суразмоўцу. Рэпарцёр не можа зразумець яго глыбіні.
«Я кажу яму, хай меней зазірае ў твары людзей, калі ён іх не разумее, хай глядзіць на рэчы, як я, калі прыехаў у Амерыку, разглядаў неонавыя рэкламы і з іх спрабаваў зразумець, што гэта за краіна. Я дастаю з кішэні цыгарэты, бачыш гэта, кажу яму, вось цыгарэты, якія вырабляюць у Сараеве, а ведаеш, чаму ў іх пачак увесь белы, ён пахітаў галавой, белы таму, што больш няма дзе друкаваць надпісы на пачках. Ты зараз падумаеш, што мы бедныя і няшчасныя, бо ў нас нават на цыгарэтах нічога не напісана, падумаеш так, бо не ўмееш глядзець. Бяру і разгортваю той пачак, я ведаю, што ўнутры ён не белы, што, магчыма, гэта вывернутая абгортка ад дзіцячага мыла, а можа, гэта кавалак кінаафішы, ці, можа, частка рэкламы абутку. Мне і самому цікава, што там усярэдзіне, я заўсёды гляджу і дзіўлюся, цікава і амерыканцу, хоць ён і ўяўлення не мае, што я раблю. Разгарнуў я пачак і ледзь не ўпаў. Унутры бліснула абгортка „Мальбара“, таго старога сараеўскага, амерыканец вылупіў вочы, я вылаяўся, не ведаю, што яшчэ яму сказаць. Што б я ні сказаў, ён, такі, як ён ёсць, падумае, вось жа дурны народ, вывернуць абгортку ад цыгарэт навыварат, а пасля разгортваць пачак, каб пабачыць, якія яны купілі цыгарэты».
Сараеўскае «Мальбара», дарэчы, — гэта цыгарэты вядомай маркі, якія вытворца прыстасаваў да густаў баснійскіх курцоў, абапіраючыся на асаблівасці мясцовай кухні.
На беларускую мову кнігу пераклаў Сяргей Шупа.
(Выдавецтва «Цымбераў»)
У мінулым годзе мы ўключылі Таню Скарынкіну ў дзясятку вартых беларускіх пісьменнікаў, якія рэдка трапляюць у навіны. Скарынкіна — найперш аўтар паэтычных зборнікаў. Але як толькі яна ўзялася пісаць эсэ, адразу справа пайшла ўгару. Яе дэбютную кнігу эсэ «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» выдалі па-беларуску, па-англійску, па-руску.
І вось цяпер у Тані выйшла новая кніга эсэ. Яна яшчэ больш правінцыяльная. Але сэнс не ў тым, што яна «для вельмі вузкага кола чытачоў з раёна», а ў тым, што кніга аб правінцыі. Паколькі пісьменніца жыве ў Смаргоні, то ўсе героі яе эсэ — адтуль. Самі ж гісторыі не абмяжоўваюцца толькі гэтым кутком. Скарынкіна звязвае смаргонцаў з падзеямі больш шырокімі за местачковыя.
У адным эсэ яна піша пра Юрыя Гагарына, а раскрывае цэлую касмічную тэму Смаргоні. Альбо ў іншым тэксце звяртаецца да кнігі Джэрома Сэлінджэра «Над прорвай у жыце», але расказвае пра дзядзю Федзю, сціплага героя з Вілейскай вуліцы, пра якога ведалі ў Іспаніі.
Вельмі кранальнае эсэ «Цёця Яня, Арнольд С. і Сяргей Параджанаў». Самы пачатак 1950-х, маладыя Яня і Арнольд закахаліся, думалі пра вяселле, але сям’ю хлопца высылаюць на Усход. Той не вытрымлівае і збягае назад у Беларусь — да дзяўчыны. Але хавацца доўга не атрымалася, і ён здаўся. Суд адправіў Арнольда ў лагер. Паколькі запісаны ён быў палякам, «Чырвоны крыж» усю яго сям’ю здолеў вывезці ў Польшчу. І вось Яня праз нейкі час трапляе ў Польшчу, дзе яе дзядзька быў высокім вайсковым чынам. Дзядзька, пачуўшы пра колішняга кавалера, прапануе адшукаць яго і наведаць. Спантанная сустрэча. Абое ўжо маюць сем’і… Гісторыя разгортваецца як у фільмах пра каханне са шчаслівым канцом. Толькі ў жыцці ўсё скончылася інакш. Тая сустрэча стала апошняй. Ды на ёй у Яні і Арнольда не было ні хвілінкі сам-насам, ні намёку на былыя пачуцці…
Кніга «Райцэнтр» выйшла дзякуючы жаночай выдавецкай ініцыятыве «Пфляўмбаўм». Гэта ініцыятыва нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.
(Выдавецтва «Галіяфы»)
У кнізе «ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому» гаворка вядзецца пра савецкае войска перыяду распаду савецкай дзяржавы. За знаёмай многім абрэвіятурай ДМБ (дэмабілізацыя) хаваецца гісторыя галоўнага героя Міхала Радзевіча, які разам з іншымі маладзёнамі пайшоў служыць у войска яшчэ ў СССР і мусіў дэмабілізавацца ў 1991 годзе.
Твор у пэўнай ступені аўтабіяграфічны, бо шлях Радзевіча прайшоў і сам пісьменнік: служыў у савецкім войску, вучыўся ў школе ваенных повараў, праз вывад савецкіх войск з Польшчы павандраваў з батальёнам па польскіх мястэчках, апісаных у кнізе. І, урэшце, пайшоў на «гражданку» ў 1991-м. Такім чынам, ён быў адным з апошніх дэмбеляў шматнацыянальнага СССР.
Гэтым раманам аўтар уводзіць нас у свет «духаў», «кабаноў», «чарпакоў», «дзядоў» і рытуалу расшпільвання. Тэрміналогія можа змяняцца, і тыя, хто служыў, успомняць свае слоўцы для апісання салдацкай іерархіі. У творы мы бачым дэталёвае адлюстраванне вайсковага побыту і ўсяго цяжару знаходжання ў такіх умовах. Пісьменнік даследуе феномен «дзедаўшчыны», і яго цікавіць пытанне, якім чынам войска змяняе людзей, чаму там так квітнее бяспраўе. Галоўны герой вымушаны выжываць, змагаючыся з маральнымі і фізічнымі здзекамі, нізкаякасным медыцынскім абслугоўваннем і недахопам сну.
Да паўсядзённых праблем герояў рамана дадаецца яшчэ і развал СССР, які адбываецца на іх вачах, пакуль яны знаходзяцца ў замкнёнай прасторы войска. І паколькі яны служаць на тэрыторыі Польшчы, то маюць магчымасць тут і застацца, не вяртаючыся дадому, або ўвогуле збегчы яшчэ далей, у вольны свет, напрыклад у Германію. У фінале кнігі перад Міхалам Радзевічам акурат стаіць такі выбар: вольны свет ці руіны савецкай дзяржавы. Вы даведаецеся, які ён усё ж зрабіў выбар, калі прачытаеце новы раман Сяргея Плескача.
(Выдавецтва «Кнігазбор»)
Прозу Вінцэся Мудрова можна чытаць для таго, каб узбагачаць свой слоўнікавы запас і ў чарговы раз упэўнівацца, наколькі багатая і невычэрпная беларуская мова. Мудроў яшчэ і такі аўтар, які за простымі, на першы погляд, сюжэтамі сваіх твораў хавае глыбінны патаемны сэнс.
Новы зборнік пісьменніка складаецца з дзесяці апавяданняў. У адным з іх, якое і дало назву новай кнізе, студэнт добраахвотна выпраўляецца ў вёску на мяжы з Латвіяй, каб працаваць на меліярацыі. Нечакана праз творчасць Камю маладзён аказваецца далучаным да філасофіі экзістэнцыялізму, бо акурат знаходзіцца ў пошуках сябе. Дэбютным раманам «Чужаніца» французскі пісьменнік і філосаф аказваецца настолькі блізкім хлопцу, што прымушае яго зазірнуць глыбей унутр сябе.
Малады літаратар Юрась з апавядання «Дом творчасці» перамагае ў літаратурным конкурсе і, адпаведна, атрымлівае пуцёўку ў Дом творчасці «Камарышчавічы». У гэтай назве лёгка пазнаюцца «Каралішчавічы» — Дом творчасці, дзе пасля вайны працавалі і адпачывалі беларускія літаратары. А сярод герояў можна пазнаць канкрэтных беларускіх пісьменнікаў. Поўны наіўных ідэалаў маладосці Юрась замест натхнёных літаратараў, якія горача абмяркоўваюць лёс беларускай мовы і літаратуры, сустракае там, відаць, «нашчадкаў» літаратурнага аб’яднання ТАВІЗ («Таварыства аматараў выпіць і закусіць»). Больш за лёс мовы іх цікавіць пытанне, хто пабяжыць за наступнай пляшкай.
Юрась, як і студэнт з папярэдняга апавядання, набліжаецца да паняцця бунту, якое было блізкім і Камю. Бунт супраць прыстасавальніцтва ў жыцці, штампаванасці паводзін, рэчаў, якія астатнім падаюцца нормай. Абмежаванасці мыслення, абумоўленай базавымі патрэбамі без імкнення да высокіх ідэалаў. Хлопцы абіраюць свой шлях згодна з уласным паняццем шчырасці і справядлівасці.
Герой апавядання «У смаленскім палоне» Сазон нібыта сыходзіць з кінаэкрана, створаны ўяўленнем братоў Коэнаў. Ён працуе незалежным журналістам і едзе з Беларусі ў Смаленск, каб прадаць машыну. Атрымлівае за яе грошы, засяляецца ў гатэль і прадумвае авантуру са сваім знікненнем. Нібыта ў чужым горадзе трапіў у палон: бандыты пераблыталі яго з цёзкам па прозвішчы, які таксама засяліўся ў той жа гатэль, толькі ў нумар люкс. Праўда, прозвішча ягонае не Лябоўскі, а Прыходзька. Далей разгортваецца цэлая гісторыя вызвалення з палону, створаная багатай фантазіяй Сазона.
Паводзіны многіх герояў Мудрова дэтэрмінаваныя часам і абставінамі, у якія яны трапілі. Усё гэта ўплывае на іх дзеянні, і такім чынам аўтар даследуе пэўныя гістарычныя эпохі. Пісьменніка называюць майстрам кароткай прозы, але думаецца, што прыхільнікі творчасці Мудрова з задавальненнем прачыталі б і раман ягонага аўтарства.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by