Беларускія перакладчыкі часта стараюцца перакладаць творы, што яшчэ не выходзілі па-руску. Гэта тыя кнігі і аўтары, якіх яшчэ не паспелі разглядзець расійскія выдаўцы альбо проста прапусцілі. Бо суседні кніжны рынак найперш арыентуецца на англа-амерыканскую, то-бок вялікую літаратуру. Пісьменнікі з меншых краін трапляюць у поле зроку хутчэй па астаткавым прынцыпе. Хаця выдаўцы з Польшчы, Германіі ці Францыі іх і заўважаюць раней. У чарговым аглядзе знаёмім з замежнымі кнігамі, якія выйшлі па-беларуску.
(Выдавец Зміцер Колас)
Міленка Ергавіч — харват, які нарадзіўся ў Босніі і Герцагавіне. Сёння ён жыве каля Заграба, але вызначыць яго прыналежнасць выключна да адной краіны не выпадае. Як і яго творчасць не адносіцца толькі да адной літаратуры. На Балканах такое часта бывае.
Ергавіч напісаў з тры дзясяткі кніг у свае пяцьдзясят з хвосцікам. Вершы, апавяданні, раманы, публіцыстыка. Яго пераклалі на дваццаць моў. У Расіі ж толькі ў мінулым годзе выйшаў першы пераклад — раман Gloria in Excelsis. А беларусы ўжо маюць тры яго кнігі: «Баснійскае мальбара», «Іншала, Мадона, іншала», «Арэхавы палац» (усе пераклаў Сяргей Шупа).
«Арэхавы палац» — гэта раман, у якім расказана гісторыя горада Дуброўніка і ваколіц праз гісторыю адной сям’і. Галоўная гераіня кнігі — Рэгіна Дэлавале. Ергавіч расказаў пра яе жыццё ад смерці ў 97-гадовым веку, калі яна звар’яцела, да нараджэння. Аўтар вядзе чытача ў адваротным часовым парадку ад 2002 года да 1904-га. Сто гадоў у пятнаццаці раздзелах. Гэта не проста апісанне пэўных этапаў у жыцці Рэгіны. Аўтар выхоплівае з жыцця сваёй гераіні і яе сваякоў (дачкі, мужа, бацькоў, братоў, дзеда і бабы) пэўныя часовыя адрэзкі і злучае ўсё ў адно апавяданне. Падзеі з жыцця іншых персанажаў уплецены ў лёс галоўнай гераіні. Гэта той выпадак, калі не важны агульны сюжэт, а задавальненне прыносіць тое, як аўтар раскрывае асобныя гісторыі. Але гэта ні ў якім разе не зборнік апавяданняў. Ергавіч тонка выпісаў сваю кнігу. Калі здаецца, што ты ўжо зразумеў, што да чаго з тым ці іншым персанажам, аўтар цягне за новую нітачку. І зʼяўляецца новы эпізод, новая дэталь, якія па-іншаму трактуюць ранейшыя паводзіны персанажаў.
(Выдавецтва «Янушкевіч»)
Сёлета, у лютым, шведская пісьменніца Іда Ліндэ прыязджала на прэзентацыю перакладу гэтай кнігі ў Мінск. Сімвалічна, але ў яе, як і ў Ергавіча, па-беларуску выйшла тры кнігі: акрамя рамана яшчэ і два паэтычныя зборнікі «29 недасланых лістоў» і «Нябесны футбол». Ва ўсіх таксама адзін перакладчык — Наталля Паваляева.
«Паехаць на поўнач, каб памерці» — раман з тыповай назвай для скандынаўскага трылера. І ў прынцыпе, назва адпавядае зместу. Праўда, пасля чытання ў яе будзе ўкладацца яшчэ і філасофскі падтэкст.
Паўночныя Боні і Клайд, Бэн і Сара ў шведскім варыянце, ні з таго ні з сяго забіваюць некалькі чалавек. Выбар ахвяр выпадковы, поўная адсутнасць матыву. Забойцаў хутка арыштоўваюць. Яны не засупраціўляюцца, што пазбаўляе чытача чаканага экшну з брутальным затрыманнем, стралянінай, крывёй.
З гэтых выпадковых забойстваў і пачынаецца галоўнае апавяданне ў кнізе. Пісьменніца так пабудавала раман, што апісала адны і тыя ж падзеі з розных бакоў: як вачыма Бэна і Сары, так і блізкіх ахвяр.
Кніга пра суровую паўночную правінцыю, дзе ядуць ласяціну, упаляваную самімі, каву запарваюць у гарачай вадзе з-пад крана, а каб разнастаіць жыццё — забіваюць...
Увогуле Ліндэ ўклала ў раман праблему шведскай поўначы. Адтуль дзесяцігоддзямі выпампоўвалі рэсурсы, прыродныя і чалавечыя, і сёння гэта дэпрэсіўны рэгіён. Туды не хочуць вяртацца тыя, хто з’ехаў, а хто застаўся, думаюць, як з’ехаць. Таму і назва кнігі ў пэўнай ступені метафарычная: вярнуцца на поўнач краіны, каб загінуць ад рук бэнаў і сараў альбо ад безвыходнасці асудзіць сябе на дэпрэсіўнае існаванне.
(Выдавецтва «Вясна»)
Беларуска-яўрэйскі літаратар Мойшэ Кульбак нарадзіўся ў Смаргоні, але свае творы пісаў на мове ідыш. У пачатку мінулага стагоддзя пачуць гэтую мову ў Мінску можна было часцей, чым якую іншую, да таго ж яна была адной з дзяржаўных моў БССР. Нам творчасць Кульбака найперш вядомая праз твор «Зельманцы», які выходзіў у беларускім перакладзе Віталя Вольскага. І гэта адзіная кніга прозы, якую перакладалі.
У 1926 годзе ў Варшаве выйшаў «маленькі раман» «Панядзелак». І амаль стагоддзе яго маглі чытаць толькі знаўцы ідышу, а таксама тыя, хто чытае па-нямецку, па-французску, па-іспанску і па-англійску (пераклады рамана на гэтыя мовы з’явіліся ў розныя часы). Да беларускага чытача твор наблізіў сваім перакладам Сяргей Шупа. Вядома ж, было заканамерным выдаць яго на мове той мясцовасці, дзе жыў і працаваў аўтар.
Падзеі твора разварочваюцца ў невялікім горадзе, аточаным гарамі, назва якога, аднак, у тэксце не гучыць. І калі лакацыю вызначыць складана, то з часам крыху прасцей: перыяд рэвалюцыі 1917 года і яго значэнне для яўрэйскага жыцця. Галоўны герой — Мордхэ Маркус, звычайны настаўнік іўрыта, так бы мовіць, «кніжны чарвяк», які ігнаруе палітычнае жыццё свайго горада. Мордхэ разрываецца паміж старым парадкам і новым светам, не разумее, як іх можна спалучыць. Ён хоча жыць у сваім свеце, занураны ў філасофскія развагі, якімі раз-пораз дзеліцца з паннай Гнэсяй, што наведвае яго. Але звонку рэвалюцыя, і немагчыма застацца ўбаку ад яе, нават калі моцна хочаш схавацца. Яна ўсё роўна прыйдзе па цябе і стане апошнім, што ты ўбачыш.
(Выдавецтва «Логвінаў»)
Твор сучаснага нямецкага пісьменніка Грэгара Зандэра на беларускую пераклаў Альгерд Бахарэвіч. Беларус і немец пазнаёміліся ў Мінску тры гады таму, дзе Зандэр выступаў. З таго знаёмства да беларускага чытача прыйшла вось такая кніга.
«Што было б» — гісторыя ўрача-кардыёлага Астрыд. Кніга пабудаваная вакол яе адносін з іншымі персанажамі. Аўтар скача ў часе і перамяшчае нас ад 17-гадовай Астрыд, якая нарадзілася і вырасла ў ГДР, да 44-гадовай жанчыны, якая знаходзіцца ў Будапешце, дзе сутыкаецца з прывідамі сваёй маладосці. Тады яна была закахана ў 19-гадовага музыку Юліюса, які пазней збег на Захад, але застаўся часткай яе жыцця. Іх адносіны цягнуліся нядоўга, але праз чвэрць стагоддзя ў іншай краіне яна выпадкова сустракаецца з ім і зноў перажывае знаёмыя эмоцыі.
Кніга можа стаць ілюстрацыяй таго, як распад ГДР паўплываў на жыццё персанажаў, якія значную частку жыцця правялі ў адной краіне, а далей павінны жыць у аб’яднанай Германіі. Як упісаць мінулае ў новае жыццё, новыя рэаліі?
Зандэр сам нарадзіўся і вырас у ГДР. Ён належыць да таго ж пакалення, што і героі кнігі. Пакалення, якое толькі-толькі дасягнула паўналецця пасля падзення Берлінскай сцяны. Таму твор прасякнуты настальгічнымі пачуццямі і нагадвае вандроўку ў мінулае. Гэта своеасаблівы праваднік па паўсядзённым жыцці ГДР.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!