Нягледзячы на каранавірус, беларусы працягваюць даследаванне сваёй гісторыі, традыцый і ўспамінаюць выбітных землякоў. Так, ужо стартаваў анлайн-праект, які паказвае, як апраналіся нашы продкі ў розных рэгіёнах краіны. З заўтрашняга дня ў офісах кампаніі А1 будуць распаўсюджваць паштоўкі з цытатамі Уладзіміра Караткевіча. 17 снежня ў культурным цэнтры «Корпус» адкрыецца выстава «Лексіка Палесся». Больш падрабязна пра гэтыя праекты чытайце і глядзіце ў нашым матэрыяле.
— Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча мы пачалі інфармацыйную кампанію #Караткевіч90, каб праз серыю падзей і акцый анлайн-праектаў нагадаць пра ўнёсак знакамітага пісьменніка ў нацыянальную культуру і расказаць пра яго як асобу, — кажа начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.
Серыя — гэта 10 паштовак, на якіх намаляваны беларускія совы ў розных абразках, у якіх чытаюцца адсылкі да твораў Уладзіміра Сямёнавіча. «Рабі нечаканае — і тады пераможаш», «Гонар і чэсць — яны належаць табе і больш нікому», «Мова наша мілагучная, плаўная, дарагая. Як поплаў блакітная!», «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае, асуджаны зноў перажыць яго безліч разоў» і іншыя.
— Я перачытала «Дзікае паляванне караля Стаха». Гэта адзін з маіх самых улюбёных твораў, які пужае і заварожвае з дзяцінства, — патлумачыла мастачка Ніка Сандрас. — Я пераглядала фільм, таксама чытала кавалкамі і іншыя розныя яго творы, каб пагрузіцца ў атмасферу. Хацелася б, каб паштоўкі не выглядалі сучаснымі, каб яны былі цёплымі і лямпавымі, быццам бы персанажы выглядваюць на нас са старых фотаздымкаў. Чаму менавіта совы, не ведаю, нарадзіўся вобраз выпадкова, а пасля ад яго пайшла і ўся серыя. Мне падаецца, ва ўсіх беларусаў совы выклікаюць пазітыўныя эмоцыі.
Калі ўгледзецца ў паштоўкі, то можна не толькі ўбачыць сімвалы беларускага арнаменту, але і разгадаць некаторыя таямніцы. Напрыклад, на адной з паштовак сава трымае каралеўскую папараць — незвычайную і даволі рэдкую расліну беларускіх лясоў. А на іншым малюнку рака на фоне невыпадкова нагадвае Ў — такая літара ёсць толькі ў беларускім алфавіце.
— Вельмі цёплыя і душэўныя паштоўкі. Відаць, што яны зроблены з любоўю, — ацаніла серыю пляменніца Уладзіміра Караткевіча Алена Сінкевіч. — Уладзімір Сямёнавіч любіў маляваць паштоўкі ўласнаруч. І маляваў ён менавіта тыя, якіх не было ў той час, — калядныя і велікодныя. Клаў у канверт і ўсіх сваіх сяброў віншаваў.
Пляменніца Караткевіча першай падпісала паштоўку для сваіх блізкіх, а таксама адправіла некалькі святочных пасланняў у Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт Тараса Шаўчэнкі, дзе вучыўся Уладзімір Караткевіч, у грамадскую бібліятэку імя Уладзіміра Караткевіча ў Таліне, дзіцячую бібліятэку імені У. С. Караткевіча і ў музей у Оршы, а таксама ў аршанскую школу №3, дзе ёсць асобная музейная зала, прысвечаная пісьменніку.
З заўтрашняга дня паштоўкі можна бясплатна атрымаць у любой з фірменных крамаў кампаніі А1, незалежна ад таго, купляеце вы нешта ў краме ці не. Таксама адпаведную паштоўку да свайго заказу атрымае кожны наведвальнік кавярні «Інклюзіўны барыста», што знаходзіцца ў цэнтры лічбавых паслуг А1 на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Паштоўкі разам з заказам прывязуць і кліентам віртуальнай крамы А1. Тыраж абмежаваны, таму акцыя будзе доўжыцца да моманту, пакуль не скончацца паштоўкі.
Аднак усю серыю можна спампаваць на афіцыйным сайце кампаніі А1 у высокай якасці.
Фотапраект «Лексіка Палесся» — гэта экспазіцыя прац беларускіх фатографаў, улюбёных у прыгажосць роднай зямлі, у прыватнасці ў самабытны і непаўторны яе рэгіён — Палессе.
Выстава падзелена на тры тэматычныя часткі. Першая прысвечана прыродзе і біяразнастайнасці краю. Другая — этнаграфічнай і гісторыка-культурнай спадчыне. А трэцяя — знікненню Палесся з-за ўмяшальніцтва чалавека.
— Мы натхніліся на стварэнне гэтай выставы ў 2017 годзе, калі толькі пачыналі працаваць у рэгіёне Палесся. Чым больш мы даведваліся аб экалагічных праблемах, звязаных з асушваннем балот, планамі па будаўніцтве воднага шляху Е40 і знішчэнні пойменных дуброў, чым больш сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, тым больш адкрывалі для сябе дзіўную частку Беларусі, якая можа стаць візітнай карткай нашай краіны, — кажа старшыня грамадскай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў.
— Гэтая выстава — спроба прыўнесці ў сталіцу часцінку Палесся, яе ўнікальны пейзаж, пераплецены з бытам і традыцыямі палешукоў. Мы не толькі закранаем станоўчыя моманты, але таксама паказваем далікатнасць гэтага рэгіёна, які вось ужо 50 гадоў знаходзіцца пад моцным антрапагенным уздзеяннем.
— Унікальнасць выставы яшчэ і ў тым, што, акрамя прыгожых фатаграфій 21 аўтара, мы прапануем кожнаму гледачу дакрануцца да дыялекту аднаго з рэгіёнаў Палесся: частку тэкстаў выставы нам дапамаглі перакласці палешукі. Сярод фатаграфій вы ўбачыце даволі вядомыя імёны фатографаў, але ёсць працы мясцовых жыхароў. Для нас важна паказаць, як яны адчуваюць сваю малую радзіму, дзе нарадзіліся і жывуць да гэтага часу, — адзначаюць арганізатары, сярод якіх кааліцыя экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» (Save Polesia).
Выстава ў фармаце open air адкрыецца 17 снежня ў 18:30 ва ўнутраным дворыку культурнага цэнтра «Корпус» і працягнецца да 30 снежня. Уваход вольны з 10:00 да 21:00 штодзённа.
Праект «Традыцыйны строй» — гэта першая анлайн-энцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі. Яе рэалізуе ўстанова «ЭтнаТрадыцыя» сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Падчас гэтага праекта вы на ўласныя вочы пабачыце, што нацыянальнае адзенне беларусаў не толькі адрознае ад адзення славянскіх суседзяў, але і ў межах самой Беларусі мае значныя асаблівасці. А таксама дазнаецеся пра глыбінныя сэнсы, якія нясе ў сабе кожны элемент традыцыйнага строю.
Першае відэа, што стартавала на канале, прысвечана Берасцейскаму краю. На ім можна ўбачыць святочныя строі тагачасных жыхароў Брэсцкага раёна, а таксама паслухаць песні на палескім дыялекце.
На гэтым жа канале будуць з'яўляцца і іншыя відэа на беларускай і англійскай мовах. Таксама ў праекта ёсць неверагодна прыгожы Instagram-акаўнт.
Чытайце таксама:
Акаўнт Уладзіміра Караткевіча ў Instagram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка