15 599
11 декабря 2020 в 9:00
Источник: Дар'я Спевак, Таццяна Ашуркевіч. Фото: Максім Маліноўскі, Ганна Іванова. Ілюстрацыя: Вольга Няснова
Спецпроект

Заплакаў падчас спрэчкі пра мову. Рэальныя гісторыі з жыцця Уладзіміра Караткевіча — пра жанчын, жарты і прыгоды

Источник: Дар'я Спевак, Таццяна Ашуркевіч. Фото: Максім Маліноўскі, Ганна Іванова. Ілюстрацыя: Вольга Няснова

У дарослым узросце разумееш, што школьная праграма выстаўляе пісьменнікаў надта кананічнымі і недатыкальнымі. Хіба хто з вас, калі быў падлеткам, не ўяўляў сабе, што беларускія літаратары днямі і начамі думаюць толькі пра вёску? Альбо, бы тыя стоўпнікі, нон-стоп пішуць свае творы, ды яшчэ знаходзячыся ў стане безлімітнага натхнення? Але ж у рэальнасці гэтыя людзі — перш за ўсё людзі. З вялікай гамай пачуццяў, сваімі перажываннямі і клопатам. У новым праекце Onliner і A1, прысвечаным лёсу і творчасці выбітнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, мы апавядаем аб ім у першую чаргу як аб чалавеку. Гісторыі кахання, жартаўлівыя эпізоды жыцця, стаўленне да смерці — расказваем, якім быў сапраўдны Караткевіч.

Змест

Жанчыны. «Стары, я, здаецца, жанюся!»

І хаця пра сябе-нерамантыка Караткевіч казаў шмат, сведкі з яго жыцця даказваюць зусім адваротнае. Насамрэч, Уладзімір Сямёнавіч быў галантным і жартаўлівым мужчынам, які не цураўся ані пяшчоты, ані моцнага слоўца. Зрэшты, пацвердзіць гэта мы можам прыкладамі з нашага тэксту. І пачнём, бадай, з самых асабістых момантаў — кахання і жанчын, якія змянілі Караткевіча.

Мы вядзём гаворку пра пачуцці, і таму куды ж тут без інтымных цікавостак? Вось і адна з іх. Вядома, што некаторыя даследчыкі Караткевіча складаюць яго «донжуанскія спісы». Такі, напрыклад, прыводзіць даследчык Дзяніс Марціновіч.

Любоўны спіс Караткевіча складаецца, бадай, з трынаццаці прозвішчаў, а сем з іх сталі вызначальнымі ў жыцці пісьменніка. «Нонка», «Аленка», Святлана, Ніна і другая з Валянцін уваходзяць у лік жанчын, у якіх Караткевіч быў закаханы. Кацярына, Раіса і першая з Валянцін — асобы, якія яму моцна падабаліся. Імёны дзвюх жанчын узятыя ў двукоссе, бо яны дакладна невядомыя, таму ўжываецца імя гераіні, праз вобраз якой кожная з іх выведзена ў творах.

Але мы спынімся на трох жанчынах, якія істотна паўплывалі на лёс Караткевіча. Адна з іх — дзяўчына з ініцыяламі С. М. — з ёй Караткевіч пазнаёміўся падчас навучання ў Кіеўскім універсітэце. Паводле паэмы «Ліста нямае», С. М. была брунеткай, «з пушыстымі валасамі над чыстым ілбом, міндалевіднымі сінімі вачыма, маленькім прамым носам, трошкі велікаватай ніжняй губкай, тонкай, дзіцячай яшчэ шыяй, з агульным выразам чагосьці дзіцячага, нясмелага і разам з тым хітрага».

І хаця дзяўчына і Караткевіч часта сустракаліся, іх стасункі ўсё ж працягвалі заставацца сяброўскімі. Але з творчасці Уладзіміра Сямёнавіча вынікае, што затым паміж юнакамі адбыўся разрыў. Прычын для гэтага было некалькі. Вось што распавядаў сам Караткевіч у адным з лістоў да свайго сябра Гальперына: «А тут еще помог друг и догадался пустить между нами черную кошку. И была обидчивость, и была космическая, невероятная, страшная глупость. Почему не остался, почему не убедил, почему? Ждал все, вот явлюсь и брошу книгу».

Праўда ж, гэтым гісторыя не скончылася. Праз некалькі гадоў Караткевіч зноў напісаў свайму сябру ліст, у якім выкрыў свае душэўныя ваганні і распавёў, што ён і дзяўчына аднавілі перапіску. Але пасля чарговага ліста дзяўчыны здарылася нечаканае. Яна паведаміла Уладзіміру Сямёнавічу, што ўзяла шлюб. Зрэшты, нягледзячы на здзіўленне ад такой раптоўнай навіны, Караткевіч усё ж высока ацэньваў ролю С. М. у сваім жыцці.

«Я все же благословляю эту вздорную и, возможно, чужую мне по взглядам девочку. Что в нас было двоих такое, что редко светит друг другу в мужчине и женщине», — пісаў ён свайму сябру.

Другой важнай жанчынай для Караткевіча стала Ніна Молева, выкладчыца гісторыі мастацтваў на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, дзе ў 1958—1960 гадах вучыўся беларускі пісьменнік. Ні яна, ні Караткевіч ніколі адкрыта не казалі адно аднаму пра ўзаемныя пачуцці. Аднак радкі з яго лістоў да выкладчыцы цалкам могуць прымусіць засумнявацца ў гэтым: «Я только на минуту подумал, что вы очень хороший и очень умный глупеныш. Разве надо меня испытывать? Разве не ясен я и без того? Впрочем, это ваше дело, даже если это так. Не любить вас я не могу. Вы меня воскресили к очень многому хорошему. С вами в мою жизнь вошло столько света, столько музыки и жизни, что не любить вас для меня сейчас означает не любить самого себя».

Але сапраўдным злачынствам было б абмінуць жонку Уладзіміра Караткевіча, Валянціну. І таму мы, вядома, распавядаем і пра яе. Калегі запомнілі Валянціну «блакітнавокай у акулярах бландзінкай, крыху паўнаватай, але зграбнай, у маленькай чорнай класічнай сукенцы, якая ёй вельмі пасавала».

Сам Караткевіч пяшчотна называў сваю жонку «Валюшэнцыя!». А падрабязней пра знаёмства і стасункі Уладзіміра і Вялянціны выдатна распавядае сябра пісьменніка Адам Мальдзіс.

У 1967 годзе, напярэдадні кастрычніцкіх свят, узбуджаны Караткевіч прыбег да Мальдзіса:

— Разумееш, стары, я, здаецца, жанюся!

— І хто ж тая, што нарэшце цалкам запаланіла тваё сэрца?

— З Брэста. Валя. Валянціна Браніславаўна. Разумная жанчына. Гісторык, дакладней археолаг, і дысертацыю абараніла.

Пазнаёміліся яны, дарэчы, у Брэсце на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім».

— А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў?

— Які, да прыкладу? — Караткевіч сам страшэнна любіў добрыя дэтэктывы.

— Ну хаця б такі, як «Дзікае паляванне караля Стаха»... — аказваецца, яна не звярнула ўвагі на аўтара, калі чытала гэты твор.

— Га-га! Тры: га! — разрагатаўся Караткевіч. — Дык гэта ж я напісаў «Стаха»!

Валянціне стала ніякавата, і яна сказала:

— Тады пайшлі піць каву...

Ажаніліся яны роўна ў 110-ю гадавіну адмены прыгоннага права — 18 лютага 1971 года.

А яшчэ сябры пісалі, што Валянціна стала Караткевічу «і жонкай, і ахоўніцай, і нянькай, і медсястрой, і лекарам. Найперш яна разагнала прыліпал з бутэлькамі, частка якіх мэтанакіравана старалася спаіць пісьменніка. Яна ўпарадкавала яго побыт, апекавалася, вызваляючы час для творчасці, ствараючы для гэтага ўтульнасць і спакой».

Аднак так было наканавана: жонка Караткевіча моцна захварэла і памерла. Ужо пасля яе смерці ўкраінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка спытаў у Валодзі, якой усё-ткі была Валянціна, бо сам Валю так і не ўбачыў. І ён адказаў сумна, крыху падняўшы галаву, гледзячы ў цёмнае неба, нібыта дзесьці там, у невядомай вышыні, убачыў яе:

— Яна не была прыгажуняю, але валодала дзіўнай духоўнай абаяльнасцю. Яна была каралевай духоўнасці...

Штодзённасць. Цалаваў рукі жанчынам, добра гатаваў і апранаўся не па надвор’і

Знаёмыя Уладзіміра Караткевіча сцвярджаюць, што па характары ён быў зусім просты. І нават падчас свайго юбілейнага вечара забываў пра афіцыйнасць і ўвесь час жартаваў. А вось і тая самая гісторыя 1980 года, якую распавядае Адам Мальдзіс: «Зала была паўнюткая — людзі стаялі ва ўсіх праходах. Перад пачаткам нікога не прапускалі нават па запрашальных білетах. Караткевіч быў бадзёры і зусім не афіцыйны, непасрэдны. У час віншавання некалькі разоў хаваўся за кулісы, каб зрабіць пару зацяжак. Жанчынам галантна цалаваў ручкі. Перабіваў прамоўцаў дасціпнымі рэплікамі. Адным словам, паводзіў сябе так, нібы не яго ўшаноўваюць, а кагосьці іншага».

Шмат кепікаў з Караткевіча ў побыце распавядаюць і іншыя яго сябры. Вядома, што ў характары пісьменніка дзіўным чынам спалучаліся дзве рысы: велічэзная ўвага да моманту пісання і гарэзлівасць у звычайным жыцці. Знаёмыя згадваюць, што Уладзімір Сямёнавіч любіў пісаць на добрай паперы і ставіўся да складання твораў як да свята: «Апранаў чыстую кашулю. Ставіў побач кубак моцнай кавы». У свой час Адам Мальдзіс заўважаў, што пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык.

«Аднак галоўнае на ім — наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт Кастуся Каліноўскага. Тут жа — каваны ў жалезе свяцільнік. Нібы агромністая кропля крыві, чырванее ў ім падфарбаваны воск. Гаспадар запальвае свяцільнік раз у год — 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай і трагічнай смерці таго, хто стаў самай вялікай любоўю Уладзіміра Караткевіча, яго натхненнем і героем яго твораў», — пісаў Мальдзіс.

Уседлівасць за пісьмовым сталом у Караткевіча спалучалася з процілеглай рысай характару: «У самы нечаканы момант ён мог усклікнуць: „Пайшлі!“ або „Паехалі!“ І ішоў (пакуль дазвалялі ногі) з аднаго канца горада ў другі, ехаў да сваякоў або сяброў».

Прышпільна, што ў інтэрв’ю Розе Станкевіч Караткевіч і сам распавядаў пра свой характар. Аднойчы ён сказаў, што ў сабе яму падабаецца «абсалютна нічога».

— А што не падабаецца? — спытала Станкевіч.

— А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца, і падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце, — ці то жартам, ці то сур’ёзна адказаў пісьменнік. — Падабаецца блукаць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах над старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі... І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бед.

Беды бедамі, але трапляць у смешныя сітуацыі ў Караткевіча сапраўды можна было павучыцца. У снежні 1966 года ён з пісьменнікамі-сябрамі выбраўся на сустрэчу са школьнікамі ў Сватках. Вячаслаў Рагойша, адзін з удзельнікаў гэтай кампаніі, распавядае, што яны «ехалі па калдобістай дарозе, ды і брызент ад марознага скразняку не надта ахоўваў»: «Асабліва няўтульна стала Караткевічу ў яго асеннім палітончыку, у туфельках, на галаве — бярэцік».

«Назад ехалі праз Пількаўшчыну, дзе знаходзілася сядзіба Скуркаў, дзе гадаваўся Максім Танк»; «калі ўбачылі бацькі Максіма Танка, у што быў адзеты і абуты класік беларускай літаратуры (праўда, у той час яшчэ будучы), тут жа знайшлі прасторныя валёнкі і вялікі сялянскі кажух. І ў валёнкі, і ў кажух Уладзімір улез, здаецца, не разуваючыся і не распранаючыся, што выклікала кепікі на працягу ўсёй дарогі дадому»; «а танкаўскія валёнкі і кажух так спадабаліся Караткевічу (ён іх трымаў, нібы музейныя экспанаты, у сваёй кватэры на відным месцы), што гэтае „рэтра“ ён доўга не хацеў вяртаць гаспадарам. Толькі летам забраў іх Язэп Семяжон і адвёз назад у Пількаўшчыну».

Наколькі вядома з расповедаў, Караткевіч быў таленавітым не толькі ў пісьменстве і жартах, але і ў гатаванні. Напярэдадні свайго дня народзінаў Уладзімір Сямёнавіч «спёк бульбу з шалупіннем у духоўцы, засмажыў паводле свайго рэцэпта („каб лыжка стаяла!“) грыбы, накрыў стол». А вось з алкаголем у Караткевіча былі не лепшыя зносіны, гэта вядома. У 1979 годзе пісьменнік нават ездзіў на аздараўленне ў Друскінінкай, адкуль пісаў ліст Мальдзісу, падрабязна апісваючы магчымыя спакусы: «Стан мой як быццам лепей, але, можа, гэта не дзякуючы водам і гразям, а проста таму, што, як і раней, не п’ю нават піва. А ёсць някепскія півярні, кавярні, вінярні і каньякарні. Часам, асабліва пад вечар, у дождж, мяне нават цягне туды, калі праходжу, але тады я цягну свае ногі некуды далей. Ды яно і праўда. Час і гонар знаць. А ўсяго на свеце ўсё адно не вып’еш, як не пералюбіш усіх жанчын. Хаця адзін бог ведае, як я імкнуўся калісьці і да таго, і да другога».

Гумар. «Нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая»

Пісьменнік, які пісаў гістарычную прозу, дэтэктывы, шчымлівыя паэмы і вершы, быў таленавіты і да анекдотаў. Дакладней, Караткевіч ствараў іх у звычайным жыцці або — наўмысна ці не — станавіўся іх героем. Дзякуючы яго сябрам і знаёмым, якія дакументавалі сустрэчы і размовы з Уладзімірам Сямёнавічам, а таксама яму самому сёння мы можам шчыра ўсміхнуцца, чытаючы гэтыя ўспаміны. Караткевіч — той яшчэ жартаўнік! Нават звычайны ліст ці зварот да сяброў ён дзякуючы адмысловай гульні слоў ператвараў у мікратвор.


Калі Караткевічу ўстанавілі тэлефон, то далі яму нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай працы аднаго з інстытутаў. Таму ў першыя дні бесперапынна раздаваліся званкі:

— Фама Фаміч, аплачвайце заказ…

— Фама Фаміч, чакаем машыну…

Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка. Марна! За сотым званком пісьменнік пачаў кіпець.

І тут адной позняй ноччу яго зноў патрывожылі:

— Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?

— Так! — заравеў Караткевіч. — Абавязкова разгружаць!

З таго выпадку больш ніхто не званіў на гэты нумар у пошуках Фамы Фаміча. А Рыгор Барадулін стаў велічаць Уладзіміра Караткевіча Фамой Фамічом. А потым і Хамой Хамічом. У адказ Караткевіч называў сябра на латышскі лад Рыгарсам Барадулінсам.


У гаспадара кватэры, дзе падчас знаходжання ў Вільні жылі Караткевіч і яго сябра Адам Мальдзіс, было прозвішча Нядзеля. Аднойчы ён вярнуўся не адзін, а з прафесарам Бялградскага ўніверсітэта Стоянам Субоціным.

— Не хапае толькі таварыша Панядзельнікава! — сустрэў іх Караткевіч.


Праз гутарку герояў рамана «Чорны замак Альшанскі» Караткевіч выказваў погляды на самога сябе. Так, галоўны герой твора вядзе гутарку са сваімі новымі сябрамі на розныя тэмы. Закранаюць і літаратурныя пытанні:

— Ну а гэты... Караткевіч? — спытаў герой твора Шаблыка.

— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць, — адказаў галоўны герой.


Уладзімір Караткевіч дасканала ведаў радаводы славутых дзеячаў. Калі хтосьці з кампаніі выказваў, нават дзеля жарту, сумнеў у гэтым, ён жорстка, выразна, стрымліваючы гнеў, проста ў вочы суразмоўцу па складах адказваў:

— Можа, як паэт, я і г..но, — раптам ускокваў, і амаль істэрычна крычаў: — Але наконт беларускае ге-раль-ды-кі!


— Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: «Каго затрымалі? Мы яго шмат гадоў ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах». Мне гэтыя словы — самая дарагая ўзнагарода, — казаў Караткевіч.


«Як здароўе Мальдзісовай і Мальдзісяняткі?» — пытаў ён у лісце да Адама Мальдзіса, які дасылаў з Далёкага Усходу.


1967 год. Пасля пісьменніцкага вечара Караткевіч са знаёмымі пайшоў у кафэ. Непадалёк сядзеў Янка Брыль. Адзін са знаёмых Уладзіміра Сямёнавіча гучна спытаў у яго:

— Хто вышэйшы, ты ці Брыль?

— Вядома, ён.

— А хто таленавіцейшы?

— Вядома, я. Каму ж пахваліць, як не самому сябе?!

На гэта Брыль:

— Самае смешнае, што і я так лічу!

Янка Брыль, дарэчы, дужа падтрымліваў Уладзіміра Караткевіча, калі таго не хацелі друкаваць, і абнадзейваў яго, што прыйдуць лепшыя часы.


На святкаванні 40-годдзя жонкі Караткевіч сказаў такое:

— Шматпакутніца яна. Бо нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая.

— Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду, — адказала яна.

Беларусь. Караткевіч заплакаў падчас спрэчкі пра мову

Апісаць любоў пісьменніка да роднай краіны нялёгка. Здаецца, што прыйдзецца выдаваць новы шматтомнік. Але гэта праяўлялася не толькі ў творах Караткевіча, проста ён быў такім: апантаным Беларуссю, яе мовай і гісторыяй, яе прыродай і народам.

Пісьменнік імкнуўся, каб беларусы жылі ў яднанні і не раздзяляліся паводле пэўных прыкмет. Адам Мальдзіс у сваіх успамінах згадваў дзень знаёмства з пісьменнікам, які адразу ж паклікаў Мальдзіса ў госці, напаіў кавай і сухім віном. На развітанне, даведаўшыся, што спадар Адам нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, Уладзімір Сямёнавіч сказаў:

— Ты глядзі! Я з Оршы, з самага ўсходу, а ты — з-пад Вільні — і нішто не перашкаджае нам у гамонцы. А некаторым жа хочацца падзяліць беларусаў на «ўсходнікаў» і «заходнікаў», на праваслаўных і католікаў. Сіл жа і так мала… А тут гэтая праклятая, наканаваная лёсам раз’яднанасць. Хіба хто з католікаў не можа быць беларусам?! Памятаю, была ў мяне нянька-каталічка. Гаварыла чысцютка па-беларуску. Пасля яды вучыла складваць ручкі і дзякаваць: «Ацю, божанька».

У 1966 годзе ў інтэрнацкім пакоі Мальдзіса Караткевіч спрачаўся з драматургам Анатолем Галіевым (яны разам рабілі нейкі фільм) пра беларускую мову. Галіеў у нейкі момант даказваў, што нацыянальныя крытэрыі ўжо сваё аджылі і павінны ўступаць месца тэхнакратычным поглядам. Гаварыў Караткевічу, каб той пісаў па-руску, то меў бы і ганарары, і славу. Уладзімір Сямёнавіч у адказ зачытваў вершы Максіма Багдановіча.

— Каму ўсё гэта трэба? — перапыняў Караткевіча Галіеў. — Можа, вось ім?! — ён паказваў на сына Мальдзіса і яго сваяка з вёскі.

Нечакана на бок Галіева стала і маці Мальдзіса, назваўшы беларускую мову некультурнай. І тут Караткевіч проста заплакаў.

— Усе вы нават не ведаеце, якую страшную рэч кажаце, — прамовіў ён.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Уладзімір Караткевіч (@karatkevich1930)

Уладзімір Караткевіч выразна адзначаў, што больш за астатняе цэніць у сваіх сябрах, ды і ўвогуле ў людзях, якія нават асабіста не сімпатызуюць яму. Гэта — адданасць роднай зямлі і змаганне за яе.

— За адданую любоў да свайго краю можна ўсё дараваць нават чалавеку, які марыць выспацца на тваёй скуры. Таму я і люблю за гэта шматлікіх сваіх сяброў і... гэтых я не лічыў... ворагаў, — адзначаў ён.

Стаўленне да смерці. «Я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць»

Думкі пра смерць, пры тым заўчасную, заўсёды трывожылі Уладзіміра Караткевіча. Бадай, як і любога чалавека з сумленнем, а таксама ўменнем разважаць і адчуваць. Уладзімір Караткевіч ведаў, што рана памрэ, і ўвогуле быў гатовы да смерці. У апошнія гады свайго жыцця — часам нават адчайна — імкнуўся насустрач ёй.

Напрыклад, у лютым 1966-га, яшчэ за 18 гадоў да сваёй смерці, ён пісаў Адаму Мальдзісу з Рагачова: «А што будзе, калі я ўвогуле памру. Як вы без мяне пражывяцё, адшэльнікі і аскеты? Вось тады, хлопчыкі, паплачаце, ды позна будзе. А я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць». І смех і грэх.

У лютым 1983 года пайшла з жыцця яго жонка Валянціна. Караткевіч трымаўся даволі мужна, але ж паўтараў, што без яе не ўяўляе сабе дальнейшага жыцця.

«Калі 6 красавіка я прыйшоў на саракавіны па Валянціне Браніславаўне, то ледзь пазнаў Валодзю — так ён апух. Да таго вельмі балелі зламаныя раней рэбры. Усіх, хто прыходзіў, Валодзя сустракаў вельмі песімістычна, гаварыў, што ён ужо адпісаў і адбыў сваё», — піша ў кнізе ўспамінаў «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» Мальдзіс.

25 ліпеня 1984 года а чацвёртай раніцы Уладзіміра Караткевіча не стала.

«Калі зрабілі ўскрыццё, аказалася, што страўнік ператварыўся ў суцэльную нярвова-крывавую рану. Ён вельмі любіў усё вострае, казаў, што можа глытаць не толькі перац і аджыку, але і цвікі. І гэта губіла яго. Аднак не адно гэта. Ён абвострана, пакутліва ўспрымаў усе нягоды і бядоты, якія выпадалі ў сталінскія і застойныя часы на долю беларускай літаратуры і беларускага народа. А колькі горкіх крыўдаў і зняваг давялося праглынуць яму моўчкі, амаль без слёз. Яны не праходзілі бясследна. Яны таксама набліжалі канец», — напісаў яго сябра Адам.

Перш за ўсё — Беларусь? Бліц Уладзіміра Караткевіча

У часы, калі жыў Уладзімір Сямёнавіч, пытаць у чалавека «колькі ты зарабляеш?» было няёмка. А вось паглыбляцца ў духоўнасць дазвалялася без абмежаванняў. Зрэшты, менавіта таму большасць тагачасных апытанак лідараў меркаванняў такія інтэлектуальныя. Павучымся розуму і ў нашага таленавітага беларуса, прачытаўшы, як бы ён адказаў на пытанні бліцу. Толькі факты.

— Любімы пачастунак?

— Жульен з курыных крыльцаў і грыбоў.

— Часопіс?

— «Вокруг света».

— Літаратурныя творы?

— Усё па-сапраўднаму чалавечае.

— Літаратурныя героі?

— Дон Кіхот, Кола Брун’он.

— Гістарычныя героі?

— Кастусь Каліноўскі, Жалябаў і Пяроўская.

— Краіны?

— Перш за ўсё і навек — Беларусь.


«Падказкі Караткевіча» — працяг сумеснага праекта А1 i Onliner, які падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Гэты сезон прысвечаны 90-гадоваму юбілею Уладзіміра Караткевіча. Беларускія майстры тэатральнай сцэны агучылі малавядомы пласт творчасці славутага пісьменніка — казкі для дзяцей. Праект з’яўляецца часткай інфармацыйнай кампаніі #Караткевіч90, якую ладзіць А1.

Трэцюю казку прачытаў заслужаны артыст Беларусі Георгій Маляўскі. Ён распавёў нам, што лічыць Караткевіча адным з найлепшых беларускіх пісьменнікаў.

— Караткевіч — выбітны пісьменнік, мой любімы твор Уладзіміра Сямёнавіча — «Дзікае паляванне караля Стаха». Караткевіч у маім разуменні знаходзіцца на адным высокім узроўні з Коласам, Купалам і Барадуліным, — адзначыў Маляўскі.

Акаўнт Уладзіміра Караткевіча ў Instagram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by