12 553
26 ноября 2020 в 8:00
Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: Максим Малиновский, фотографии и предметы из фондов учреждения культуры «Музейный комплекс истории и культуры Оршанщины». Видео: Iлюстрацыя – Вольга Няснова
Спецпроект

«Быў, ёсць, буду». Onliner распачынае праект, прысвечаны 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча

Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: Максим Малиновский, фотографии и предметы из фондов учреждения культуры «Музейный комплекс истории и культуры Оршанщины». Видео: Iлюстрацыя – Вольга Няснова

Сачыць за тым, як жыве беларуская поўнач, лепш улетку. Тады тут не ведаюць удушлівага ветру, хаваюць сталічнага чужака ад нялітасцівага сонца і даюць адпачыць яго загнанай думкамі галаве. Але канец лістапада — гэта зусім іншая справа. Мясцовая прага да холаду гоніць снег ва ўсю моц — застаецца спадзявацца, што ён не схавае цябе пад пухнатай белай коўдрай. Гэта Орша. У нядзелю яе цэнтр ледзь-ледзь можна разглядзець. Тут узвышаецца помнік Леніну, каля якога на працягу гадзін ходзяць натоўпы міліцыянтаў: нібыта вартуюць мінуўшчыну ад пагрозлівых змен сучаснасці. Праз некалькі соцень метраў адгэтуль 90 гадоў таму нарадзіўся Уладзімір Караткевіч. І нам застаецца толькі гадаць, што б сказаў народны пісьменнік, калі б убачыў сёння свой родны горад. У новым праекце Onliner і A1, прысвечаным лёсу і творчасці выбітнага творцы, мы распавядзём пра ўсе этапы яго жыцця. Гэта — першы тэкст пра дзяцінства і месцы Уладзіміра Сямёнавіча ў яго роднай Оршы.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Уладзімір Караткевіч (@karatkevich1930)


Два Уладзіміры, адзін горад

На пад’ездзе да Оршы чамусьці чакаеш трох рэчаў: холаду, шырыні раскінутага горада і людскога недаверу. З трох падазрэнняў апраўдваецца толькі першае. Людзі на маленькай плошчы спяшаюцца па сваіх справах, хутаюцца ў надзьмутыя пухавікі і папраўляюць маскі. Зрэшты, без сумненняў спыняюцца, калі просіш іх паказаць дарогу да цэнтра. І пакуль мы гутарым з мінакамі, па мокрай дарозе павольна праязджае адзінокі аўтазак, спыняецца паводдаль ад чырвонага будынка. Плошча замірае ў чаканні.

На тратуары стаіць мужчына з цыгарэткай у зубах. Ахоплівае спецтэхніку недаверлівым спакойным позіркам, ускідвае на плечы мяшок з зялёнай ялінкай і шпарка накіроўваецца па сваіх справах. Добрай раніцы, Беларусь, цяпер гэта твае будні: так краіна рыхтуецца да Новага года.

— Караткевіч? — вяртае нас да сапраўды важных рэчаў аршанка Таццяна. — Я сама з педагагічнай сям’і, хацела быць выкладчыцай беларускай мовы, таму моцна ім захаплялася. Што ён пісаў? Ну, дакладна сказаць не магу… Але для мяне важна, што Караткевіч нарадзіўся менавіта ў Оршы.

Адказ «ведаю не шмат, але ганаруся» сярод нашых суразмоўцаў будзе самым папулярным. І пры гэтым незразумела, што ты павінен адчуваць — сум ці здзіўленне. Змешаныя пачуцці ўзнікаюць і пры сустрэчы з цэнтрам горада. Тут, пасярод плошчы, узвышаецца помнік іншаму, «традыцыйнаму» Уладзіміру. А вось пра пісьменніка не нагадвае нічога.

— А дзе ж Уладзімір Сямёнавіч? — пытаем у мясцовых. У адказ нам моўчкі паказваюць рукой на парк: маўляў, ідзіце наперад.

І гэта праўда: Караткевіч «стаіць» за плотам сярод пустых сцежак і дзіцячых атракцыёнаў, удумліва глядзіць на вірлівы снег у аршанскай цішыні. Сапраўдны беларус цярпліва чакае свайго месца і часу.

А магчыма, гэта і не так важна. У Оршы пра пісьменніка раскажуць музей, вуліца, мурал, дзве школы з ганаровымі шыльдамі ды старая хата. Тут пачалося станаўленне Караткевіча як творцы, адсюль ідуць далейшыя сцежкі яго пісьменніцкага кірунку. Менавіта таму з гэтых памятных месцаў сваю вандроўку пачынаем і мы.

Орша — дзяцінства, першыя творы і выкладчыцкая дзейнасць

Як распавядаюць нам мясцовыя, доўга шукаць месцы Караткевіча не давядзецца. Вось музей, праз дарогу — вуліца, крыху далей — колішняя хата пісьменніка. Але, вядома, мы пачынаем з адпраўнога пункта любога чалавека — радзільнага дома. З’явіцца на свет Уладзімір Караткевіч вырашыў 26 лістапада 1930 года. Гэта адбылося тут, па адрасе Леніна, 26, дзе цяпер стаіць сучасны музей у гонар пісьменніка. У 30-я гады на гэтым месцы знаходзіўся гарадскі радзільны дом.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Уладзімір Караткевіч (@karatkevich1930)


Мы ўваходзім у амаль пусты музей і просім распавесці нам, што ж насамрэч значыць Орша для творчасці Караткевіча. І вось пра што нам кажа старшы навуковы супрацоўнік Анастасія Смалякова:

Як казаў сам Уладзімір Сямёнавіч, ён нарадзіўся на Дняпры, а той у Кіеў цячэ з яго сэрца. Усё пачыналася ў Оршы, і таму шмат сваіх радкоў Караткевіч прысвяціў роднаму гораду. Ён быў вельмі рады, калі прыязджаў сюды падчас вучобы ва ўніверсітэце. Што ж тычыцца тутэйшых знаёмых-сяброў… Ну, мясцовыя ведалі, што ёсць такі Караткевіч. Аднак на тое, што ён пісьменнік, асабліва ўвагі не звярталі.

Але пра ўсё гэта па парадку. Бацькі Караткевіча пазнаёміліся ў рагачоўскім казначэйстве. Затым яны пажаніліся і пераехалі жыць у Оршу.

— У Караткевічаў было трое дзяцей — Валодзя быў самым маленькім. Цікава, што ўсе дзеці нарадзіліся ў лістападзе. І, як згадвала сястра Уладзіміра Сямёнавіча, бацькі абіралі адзін дзень, калі спраўлялі ўсе дні нараджэння. Маці Караткевіча сама займалася выхаваннем дзяцей, вучыла іх чытаць, пісаць, маляваць і слухаць музыку. Дарэчы, да нашых дзён захаваліся і малюначкі маленькага Валодзі.

Па словах самога Уладзіміра Сямёнавіча, у дзіцячыя гады на яго шмат уздзейнічала асяроддзе, у тым ліку дзед Васіль Грынкевіч. Менавіта ад яго ўнук пачуў шмат казак і пераняў любоў да прыроды. Маленькі Валодзя не толькі любіў слухаць апавяданні, але і сам дадумваў іх развіццё. А яшчэ Караткевіч часта пісаў лісты да сваёй цёткі Жэні, якая жыла на Далёкім Усходзе.

— У 1941 годзе ў жыцці Караткевіча пачаўся ваенны перыяд. Ён едзе ў Маскву да сястры Наталлі. Два гады дзеці не ведалі, дзе знаходзяцца іх бацькі, і толькі ў 1943-м стала вядома, што тыя ў Арэнбургу. Пасля сям’я перабіраецца ў Кіеў, а праз год зноў вяртаецца ў Оршу. Даваенная хата Караткевічаў была спаленая, а падчас вайны загінуў старэйшы брат Уладзіміра Сямёнавіча — Валерый.

Першы час пасля вяртання Караткевічы жылі ў зямлянцы, потым здымалі кватэру ў царкоўнага старасты, а пабудаваць сваё жыллё ў іх атрымалася толькі ў 1946 годзе. Гэта той самы дом, які зараз знаходзіцца па адрасе Караткевіча, 10. Побач з ім цяпер малююць мурал, а насупраць будынка знаходзіцца сучасны радзільны дом.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Уладзімір Караткевіч (@karatkevich1930)


— Пабудаваць хату на былым месцы не атрымалася: гэтую тэрыторыю адвялі пад гарадскі парк. Але цяпер прыблізна на тым участку, дзе знаходзіўся іх дом, стаіць помнік Караткевічу. Тады было вырашана будавацца на вуліцы Варашылава, якая сёння носіць назву ў гонар пісьменніка. На яе пачатку можна пабачыць барэльеф Уладзіміра Сямёнавіча, далей будзе яго дом.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Уладзімір Караткевіч (@karatkevich1930)

Што тычыцца адукацыі Караткевіча, то да вайны ён скончыў тры класы ў школе нумар 3. Праз нейкі час яна згарэла, і Валодзя перайшоў у школу нумар 1. Тут выдаваўся часопіс, у якім маленькі хлопчык ужо тады пачаў друкаваць свае вершы і малюнкі.

— У гэтай установе ў яго не склаліся адносіны з настаўніцай матэматыкі, таму ён перавёўся ў школу нумар 5. Як успаміналі тагачасныя сябры Караткевіча, у хлопчыка былі энцыклапедычныя веды амаль па ўсіх прадметах, але ж у большасці ён схіляўся да гуманітарных ведаў. Сам Уладзімір Сямёнавіч казаў, што ён мае абсалютны музычны слых, які спалучаўся з такой жа абсалютнай лянотай.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Уладзімір Караткевіч (@karatkevich1930)


Надышоў 1949 год, Караткевіч паступае ў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі на філалагічнае аддзяленне. Пасля, як сапраўдны беларускі студэнт, ён сутыкаецца з размеркаваннем, а па сканчэнні першага года працы пачынае друкаваць вершы. Менавіта ў той перыяд у аршанскай хаце ён напісаў першы варыянт аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха».

— Пасля размеркавання Уладзімір Сямёнавіч зноў вяртаецца ў Оршу. Тут да 1958 года ён працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе нумар 8. Яго вучні пастаянна згадваюць, што выкладчыкам Караткевіч быў вельмі незвычайным. Заняткі ён пачынаў з таго, што ўлятаў у кабінет і хадзіў па класе. А яшчэ ён чытаў вучням свае вершы, але не прызнаваўся, хто іх напісаў. Толькі пасля выхаду першага зборніка вучні Караткевіча даведаліся, што іх цікавы настаўнік яшчэ і паэт.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Уладзімір Караткевіч (@karatkevich1930)


Праз год Уладзіміра Сямёнавіча прымуць у Саюз пісьменнікаў, у тым жа годзе з’явіцца і першая крытыка творчасці маладога аўтара. Тлумачэнне гэтаму простае: у той час цяперашняга класіка беларускай літаратуры лічылі «адарваным ад сучаснасці». Па тагачасных канонах патрабавалася праслаўляць савецкія будні, Караткевіча ж цягнула да гісторыі. Зрэшты, таму яго заява і выглядае так іранічна.

Так у жыцці пісьменніка і заканчваецца аршанскі перыяд.

Аршанцы і Караткевіч. «Цікаўнасць ёсць, а імпэту няма»

Калі мы пакідаем Оршу — адбываецца гэта прыкладна а 16-й гадзіне, — на вуліцы ўжо пачынае цямнець. Але ж рэдкія мінакі пагутарыць не адмаўляюцца. Холадна, таму мы абмяркоўваем усё хутка, дакладна і па справе.

У пачатку вуліцы Караткевіча, каля барэльефа, заўважаем мужчыну. Ён зацята настаўляе камеру, стараецца абраць ракурс, каб зрабіць выразны здымак для конкурсу. Гэта Аляксей, мясцовы электрык. І ён распавядае нам пра сябе і Караткевіча:

— Разумею, што кажу штампамі, але ж Караткевіч — сапраўдны «будзіцель» нашай культуры. Дзякуючы яму да беларушчыны дакрануўся і я. Магчыма, у большасці з-за яго творчасці беларуская мова і працягвае жыць. І мне здаецца, ён зрабіў сапраўдны подзвіг, калі паспрабаваў па крупінах сабраць для чытача нашу гісторыю. Адразу скажу: я далёка не спецыяліст у яго творчасці і ўвогуле не аматар мастацкай літаратуры, але некаторыя з яго радкоў сапраўды запамінаюцца. Я разумею, што яго варта пачытаць хаця б таму, што ён рызыкнуў паглядзець на беларусаў з іншага боку.

Што тычыцца аршанцаў… Добра, каб яны ўвогуле пра што-небудзь памяталі, не абавязкова пра Караткевіча. Тых, хто ў нас штосьці ведае пра гісторыю, насамрэч вельмі мала. Калі цікаўнасць і ёсць, то вялікага імпэту няма.

У ціхіх дварах, зусім недалёка ад школы нумар 3, каля пад’езда стаіць Анастасія. Жанчына выйшла на шпацыр з маленькім дзіцём і чакае маці. Яна прызнаецца: зямляк Караткевіч для яе — гэта штосьці далёкае.

— На жаль, я нічога не чытаю. Мне нават супрацоўніца музея распавядала, што да іх ніхто з аршанцаў не заходзіць — толькі школьнікаў прыводзяць. Унутры пуста, а ў музеі нават нецікава працаваць. Часам прыязджаюць турысты з іншых гарадоў, хтосьці заглядвае, але мясцовыя ідуць міма. Чаму так адбываецца, я не ведаю. Шчыра кажучы, я нават не памятаю, каб нам у школе пра Караткевіча расказвалі штосьці асаблівае, — паціскае плячыма жанчына.

Каля дарагога Уладзіміру Сямёнавічу Дняпра мы яшчэ спаткаем Вікторыю з дачкой Валерыяй.

— Лера, а раскажы, што ты ведаеш пра Караткевіча? — пытае ў дзяўчынкі жанчына і сама ж адказвае, убачыўшы ўсмешку дзіцяці: — Гэта такі пісьменнік.

Потым звяртаецца да нас:

— Вядома, мы ўсе чыталі яго творы, але, ведаеце, большасць усё роўна забылі. А вось калі пайшлі чуткі, што яго хату могуць знесці, мы вельмі турбаваліся. Непрыемна, калі ў тваім родным месцы так проста можа знікнуць важны помнік.

Увечары Орша на некалькі гадзін быццам спыняе дыханне. У закіданым снегам горадзе цяпер амаль ні душы. Стаяць на холадзе няўтульна, таму мы хаваемся ў машыне. Пакідаем родны горад Караткевіча, праязджаючы міма цэнтра. Тут, у самым яго сэрцы, яшчэ квітнее памяць аб народным пісьменніку — яе старанна захоўваюць родныя мясціны. Замеценых снегам шыльдачак амаль не відаць. Застаецца спадзявацца, што пад пяшчотай вясны, якая абавязкова надыдзе, яны дакладна зазіхацяць ярчэй.


«Падказкі Караткевіча» — працяг сумеснага праекта А1 і Onliner, які падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Гэты сезон прысвечаны 90-гадоваму юбілею Уладзіміра Караткевіча. Беларускія майстры тэатральнай сцэны агучылі малавядомы пласт творчасці славутага пісьменніка — казкі для дзяцей. Праект з’яўляецца часткай інфармацыйнай кампаніі #Караткевіч90, якую ладзіць А1. У дзень юбілею, 26 лістапада, таксама адбудзецца бясплатная анлайн-трансляцыя на VOKA спецыяльнай імпрэзы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Наш Караткевіч».

 

Першую казку прачытаў Аляксандр Падабед. Ён распавёў нам, чаму атрымаў задавальненне, калі чытаў казку Караткевіча, а таксама працытаваў радкі з твора пісьменніка.

У Караткевіча, у яго цудоўным творы «Зямля пад белымі крыламі», ёсць радкі, якія тлумачаць, чаму мне падабаюцца яго казкі. Вы ўсё зразумееце. Напісана так: «Рэаліст у рэальным жыцці, беларус вялікі фантаст, рамантык і летуценнік у марах. Ясна, што цяпер ужо ніхто не верыць у вадзянікоў, лесуноў, лазнікаў і ўсё такое іншае, але раней верылі. І расказвалі такія рэчы ў чоўне на рыбалцы або на начлезе ля вогнішча, што дыбарам уставалі валасы». Разумееце, маленькі гэты радок адпавядае ўсяму таму, што напісана Уладзімірам Караткевічам, перад якім я заўсёды здымаў капялюш, — адзначыў Аляксандр Станіслававіч.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by