Лявон Вольскі выдаў новы альбом. І назваў яго «Амерыка»

 
4054
15 апреля 2020 в 11:33
Автор: Александр Чернухо. Фото: Justė Urbonacičiūtė
Автор: Александр Чернухо. Фото: Justė Urbonacičiūtė

Сёння на музычных пляцоўках адбылася прэм’ера новага сольнага альбома Лявона Вольскага «Амерыка». Гэтым разам ён спявае пра прэрыі, вецер і каўбойскі капялюш. Як і ўсе альбомы Вольскага апошняга часу, дыск быў запісаны ў Вільні з нарвежскім саўнд-прадзюсарам Снорэ Бергерудам. Але Вольскі сцвярджае, што гэта цалкам іншая праца, натхнёная амерыканскай музыкай 60-х і вестэрнамі. Музычныя рэферэнсы гэтага альбома: The Byrds, Боб Дылан, Джоні Кэш, Creedence Clearwater Revival, The Beach Boys.

— Я з дзяцінства люблю вестэрны, — прызнаецца Лявон Вольскі. — Гэтыя чырвоныя выпаленыя землі, населеныя суворымі шукальнікамі прыгодаў, драўляныя мястэчкі з салунам, касцёлам, банкам і час ад часу чыгуначнай станцыяй. Мужныя героі, асляпляльныя спадарожніцы, падступныя зламыснікі... Верны конь, паходнае вогнішча, дарожныя торбы... І хэпі-энд, ворагі глытаюць пыл, сілуэт героя павольна знікае на тле крывавага заходу сонца.

Дзеля аўтэнтычнасці гучання Снорэ Бергеруд на запісе выкарыстоўваў адмысловыя інструменты і нават кампаненты. Напрыклад, струны для бас-гітары без абмоткі і пластыкі для бубнаў, якія імітуюць старыя, зробленыя са скуры, як у 60-х. Таксама для інструментаў і голасу былі выкарыстаныя выключна эфекты, якія мелі ўжытак у тыя часы.

Ужо заўтра пачынаецца сусветны акустычны анлайн-тур Лявона Вольскага. Абвешчаны канцэрты для Польшчы (16.04), Вялікабрытаніі (17.04), ЗША (18.04), Чэхіі (22.04), Ізраілю (23.04), Украіны (24.04), Нямеччыны (25.04), Літвы (29.04) і Беларусі (30.04). Выступы адбудуцца ў фармаце хатняй акустыкі. Трансляцыя будзе весціся кожны раз толькі на названую краіну праз старонку Лявона Вольскага ў Facebook.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!