5800
06 декабря 2019 в 12:10
Источник: Дар'я Спевак. Фото: з асабістага архіва гераіні, lit-bel.org. Ілюстрацыя: Вольга Няснова
Спецпроект

«Калі б нарадзілася цяпер, нічога б у мяне не атрымалася». Зінаіда Бандарэнка — пра дзяцінства без казак, убранні і цэнзуру ў эфірах

Источник: Дар'я Спевак. Фото: з асабістага архіва гераіні, lit-bel.org. Ілюстрацыя: Вольга Няснова

Народная артыстка і легендарная дыктарка айчыннага тэлебачання пасля сыходу з прафесіі вядзе мернае і спакойнае жыццё. Сёння яна не бачыць сэнсу з’яўляцца на экранах, бо «ўсяму свой час», але ж з задавальненнем агучвае творы і кнігі. Голас — гэта гонар Зінаіды Бандарэнка, яе, калі хочаце, візітоўка. Ён застаецца такім жа мілагучным нягледзячы на ўзрост. Напярэдадні навагодніх і калядных святаў мы пагутарылі з Зінаідай Аляксандраўнай у рамках святочнага праекта «Падказкi» з А1, у якім разам з дыктаркай запісалі для дзетак казку «Спевы ваўка». Народная артыстка расказала нам пра сваё дзяцінства, любоў да прафесіі і жыцця, а таксама пра наканаванасць лёсу.

Дзяцінства без казак, але з радыётэатрам

Зінаіда Аляксандраўна жыве са сваім мужам у прасторнай і чысценькай кватэры, з радасцю прымае ў госці ўнукаў і сяброў. Паліцы ў яе гасцінай шчыльна пазастаўляныя шматлікімі кнігамі — часцей за ўсё за аўтарствам Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча.

— Недзе ў мяне быў добры зборнік з беларускімі казкамі, але ж не ведаю, куды ён падзеўся, — са шкадаваннем разводзіць рукамі гаспадыня і пераключаецца на ўспаміны: — Даўным-даўно ў нас на запісе на беларускім тэлебачанні была дыктар ЦТ Святлана Жыльцова, і я падарыла ёй такі зборнічак. Пазней яна патэлефанавала і сказала мне, што беларускія казкі — больш наіўныя, просценькія. Я згодная з яе вызначэннем. Калі параўнаць з нашымі, у расійскіх казках ты чытаеш: той падмануў гэтага, гэты — таго, таму Іван-дурань і выскачыў, бо ўсе дурні, а ён аказаўся самым разумным сярод дурняў!

Зінаідзе Бандарэнка адзін годзік

Спадарыня Зінаіда, выхаваная савецкім ладам жыцця, не памятае, каб у дзяцінстве чытала спрадвечна беларускія казкі. Яе самы ранні ўспамін пра гэты жанр прыходзіцца на першы клас, калі яна пазнаёмілася з казкай «Рэпка». Зінаіда Аляксандраўна згадвае, што беларускую мову тады выкладалі два разы на тыдзень, а рускую — штодзённа. Яна задаецца пытаннем, чаго ў такім разе чакаць ад яе пакалення?

— Ды і пасляваеннае дзяцінства не было багатым на казкі. Мы былі вельмі занятыя, у школе праграма была надта складанай. Хаця і сёння, калі назіраю за ўнукамі, бачу, што таксама праграма няпростая. І карыснага адтуль дзеці мала выносяць — ставіцца шмат непатрэбных пытанняў, у тым ліку ў падручніках. Я не выхоўвалася на казках. Расла без таты, а мама шмат і цяжка працавала. І я дапамагала: хадзіла разам з ёю на працу.

Яе мама была простым дэзынфектарам на пасажырскай станцыі ў Гомелі. Там на перагоне стаялі доўгія цягнікі, яна з дачкой заходзіла ў вагон і да поўнай герметычнасці заклейвала вокны газетамі. Напрыканцы змены маленькая Зіна ледзь трымалася на ножках — яна і дагэтуль не разумее, як маці гэта вытрымлівала.

З матуляй. 1950 год

— Там былі маленькія печачкі, у якія закладвалі серу. Потым запальвалі іх, хуценька-хуценька выбягалі з вагона і зачынялі яго. Назаўтра прыходзілі іншыя людзі, адкрывалі — і там ужо не заставалася ніводнага паразіта.

Яна згадвае, што ў кожнага дзіцяці былі свае абавязкі — з маленства ўсе прывучаліся працаваць. Летам Зінаіда заўжды ездзіла да свайго дзядзькі Міколы ў вёску, каб папіць малачка і дапамагчы дарослым.

— Вельмі шкада, што мне было не да казак. А пазней у школе мы чыталі рускамоўныя зборнікі, беларуская літаратура была раз на тыдзень. Пасля вайны ў Гомель прыязджалі ў асноўным рускія людзі — паўсюль было чуваць рускую мову.

Адзін з самых цёплых дзіцячых успамінаў народнай артысткі — перадача «Тэатр у мікрафона», дзе гучалі пастаноўкі нашага Купалаўскага тэатра. Зінаіда Аляксандраўна і дагэтуль памятае галасы зоркавых акцёраў.

Другі клас. Зінаіда — трэцяя злева ў ніжнім шэрагу. 1948 год

— Мы з мамай жылі ў маленечкім пакоі: там стаяла толькі койка, тумбачка і — збоку — табурэтачка. Усе рэчы віселі на сценах, бо месца бракавала. У 22 гадзіны пачыналася гэтая перадача, а ў поўнач заканчвалася: білі куранты і радыё завяршала эфір. Я працягвала ножку да «прымачыка» і выключала яго. Так у маленстве ў мяне праходзіў амаль кожны вечар.

Маладосць. Цікавая, прыгожая, зоркавая

Далейшае жыццё дапамагло Зінаідзе Аляксандраўне паверыць у цуды. У 1956 годзе яна скончыла 10 класаў, спрабавала паступіць у тэатральны інстытут у Кіеве, але ж для гэтага неабходна было ведаць украінскую мову. Дзяўчына вярнулася ў Гомель і паступіла ў медвучылішча. Дыктарка гаворыць, што тады ўвогуле не глядзела тэлевізар, ён быў толькі ў агітацыйным пакоі яе вучэльні.

— Але аднойчы я затрымалася і раптоўна пачула, што аб’явілі конкурс на пасаду дыктара — менавіта сярод жанчын. А я ж была вельмі актыўнай: і ў школе хадзіла ў драмгурток, і падчас вучылішча — у драматычную студыю Палаца чыгуначнікаў. Кіраўніком нашай студыі, а таксама Гомельскай студыі тэлебачання быў рэжысёр Сяргей Паўлавіч Астравумаў — ён адразу мне сказаў, што раіць схадзіць на кастынг. Там трэба было расказаць пра сябе (на беларускай мове), прачытаць празаічны ўрывак па-беларуску і верш — па-руску. Тады, дарэчы, усё вяшчанне было беларускамоўным.

На конкурс прыйшло з паўтысячы чалавек. Вакол Гомеля ў той час стаялі ваенныя часці — многія вайскоўцы вярнуліся з ГДР. І ўсе іх жанчыны былі прыгожа апранутымі, у сукенках з футровымі ўпрыгожаннямі.

— А я стаю ля акенца ў любімай сіняй сукенцы з белай манішкай, паўтараю свой тэкст. Раптам падышлі дзве жанчыны, ад іх я пачула такую размову: «Мой сусед Шпанаў, які працуе рэжысёрам на студыі, сказаў: „Если на конкурс придет Бондаренко, то вам там делать нечего. А если она передумает, значит, у вас есть шанс“». А я стаю і думаю: «Божа мой, дык а чаго я стаю?! Мне тады тут таксама няма чаго рабіць». Я тады і не падумала, што размова ідзе пра мяне! Прайшла конкурс — і ўсё пакацілася зусім па-іншаму: цікава, прыгожа, зоркава. Пачаліся цікавыя паездкі і сустрэчы...

Пробы да фільма «Лявоніха на арбіце» на «Беларусьфільме». 1963 год

Між іншым, тэлебачанне ў Гомелі пачало працаваць раней, чым у Мінску. Яно з’явілася ў сярэдзіне 1950-х на аматарскіх пачатках: студэнты інстытута чыгуначнага транспарту стварылі вучэбную студыю.

— Тата з намі не жыў, у нас былі розныя сем’і. Калі ён даведаўся, што я прайшла кастынг, то быў вельмі незадаволены і нават пакрыўджаны. Ён лічыў, што мне трэба паступіць у медінстытут і стаць доктарам. І сказаў: «Не понимаю тебя. Человек должен стремиться получить такую профессию, чтобы всю жизнь быть сытым и иметь кусок хлеба». Я сышла ад яго са слязою, а пасля ўжо ён мной ганарыўся. Неяк хутка людзі пачалі набываць тэлевізары (у той час былі маленечкія экранчыкі, называліся «КВН»). А вельмі добрым і вядомым у Гомелі доктарам стала мая стрыечная сястра Наталля.

Зінаіду Бандарэнка хутка ўзялі ў штат, яна атрымала першую сур’ёзную зарплату — 1500 рублёў. Артыстка згадвае, што яе мама ніколі не бачыла такіх грошай — яна проста заплакала, калі Зінаіда іх прынесла.

— Праз нейкі час я прыехала ў Мінск правесці перадачу, мяне заўважылі тэлегледачы. Старшыня Камітэта радыё і тэлебачання сказаў, што мінчане вельмі ўхвалілі мяне, і прапанаваў пераехаць у сталіцу. А я толькі выйшла замуж, была цяжарная. Пасаромелася аб гэтым сказаць і адмовіла са словамі: «Я патрыётка свайго горада». Праз год, калі ўжо ўсё паправілася, муж зайшоў да гэтага старшыні і сказаў, што наша сям’я гатова пераехаць у Мінск. Бо мы жылі з мамай і дзіцём у пакоі барака — тэлебачанне тады кватэр не давала. І пераехалі. І ўсё закруцілася.

Дзень Перамогі. Адкрытая сцэна ва Уруччы. 1985 год

Голас Зінаіды Аляксандраўны стаў вядомым не толькі ў БССР, але і ва ўсім Саюзе. І не толькі голас — гледачы добра памятаюць народныя строі, у якіх дыктарка выступала на тэлебачанні. Гэта было яе «фішкай» і ў нейкай ступені выказваннем самасвядомасці і самаадчування.

— Калі пачала працаваць дыктарам у Гомелі, ці то па падказцы, ці сама вырашыла пайсці ў атэлье. Замовіла вышываны купон (тканіна з аднолькавым малюнкам, які паўтараецца. Такую тканіну ў атэлье адразаюць не па метрах, а па факце заканчэння фрагмента малюнка. — Заўв. Onliner) матэрыялу, з якога ў атэлье мне пашылі строй, ён у мяне захоўваецца дагэтуль. У ім я вяла перадачу «Ко дню советской Конституции», — Зінаіда Аляксандраўна смяецца з такога парадокса. — Грошай на сукенкі не давалі, і мы самі клапаціліся пра свае ўборы. І нейкім чынам падказвалі глядачкам, як можна прыбірацца.

З Вадзімам Гесем. Перадача да дня Канстытуцыі СССР. 1959 год

Пасля, ужо ў Мінску, супрацоўніц рэспубліканскага тэлебачання «абшывала» атэлье Савета міністраў. Доўгі час жанчыны замаўлялі там убранні з замежных тканін, а потым гэта скончылася. Як гаворыцца, і смех і грэх.

— Нехта з нас быў у эфіры ў сукенцы з такой жа тканіны, як і ў жонкі некага з міністраў. Дамам Саўміна гэта не спадабалася, і з гэтага атэлье нас папрасілі. Але ж вышываныя ўборы мы замаўлялі ў Доме мадэляў. Зараз такіх не знойдзеш — цяперашнія быццам створаныя для местачковых клубных супрацоўнікаў... Не стылізаваныя, не надта асучасненыя, — гаворыць заслужаная артыстка.

Дарэчы, з прысваеннем гэтага ганаровага звання ў Зінаіды Аляксандраўны таксама цікавая гісторыя. Быў 1977 год, разам з акцёрам Купалаўскага тэатра Уладзімірам Рагаўцовым яна праводзіла фестываль савецкай песні. Адпрацавалі, разышліся, а пасля канцэрта быў банкет з удзелам высокіх гасцей — прысутнічаў і Пётр Машэраў.

— З раніцы мне тэлефануюць з Дома радыё. Павіншавалі з удалым канцэртам, сказалі ўзяць дакументы і зайсці да начальства. Я адразу не надала гэтаму вялікага значэння. Забегла, спытала, што здарылася. Мне распавялі, што на банкеце Аляксандра Пахмутава сказала: «Украшением концерта была ваша ведущая». А Пётр Міронавіч запытаўся, ці ёсць у мяне званне. Вось пасля гэтага і вырашылі прысвоіць.

Сучаснасць. Рэфлексія, стаўленне да сённяшніх вядоўцаў і развагі пра наканаванасць

Падаецца, што сёння на экран — няхай гэта будзе YouTube або тэлебачанне — можа патрапіць кожны сабака, абы ў яго былі грошы, уплывовы сваяк з валасатай рукою ці перадазіроўка нахабнасці ў характары. А вось паводле меркавання спадарыні Зінаіды, у савецкі час якая-небудзь умоўная дачка дырэктара «Гомсельмаша» не магла патрапіць у эфір проста дзякуючы пасадзе свайго бацькі.

— Зараз грошы вырашаюць усё. Раней лічылася непрыстойным гаварыць пра сумы. Цяпер тэлефануюць і адкрыта пытаюць: «Зінаіда Аляксандраўна, вось мы вас хочам запрасіць... Колькі вы каштуеце?» Я ніколі не кажу, а толькі пытаю: «Якія ў вас магчымасці?» Ведаю, што сёння арганізаваць прыгожую справу прыватным чынам каштуе грошай. Я магу проста далучыцца і дапамагчы, калі гэта такая справа, якая будзе развіваць нашы нацыянальныя погляды і нашу краіну.

Легендарная дыктарка згадвае і аб патрабаваннях да прафесіяналізму савецкіх тэлевізійнікаў. Акрамя прыдатнай знешнасці, добрага голасу і харызмы, быў няпісаны закон: не дай божа памыліцца ці сказіць тэкст, які зацвердзілі цэнзары.

— У Хабараўску працаваў такі дыктар Віктар Балашоў. У першамайскім рэпартажы яму трэба было сказаць на ўсё Прымор’е фразу «приближается задрапированная красным кумачом машина», а ён агучыў «...задрыпанная красным кумачом машина». Гэта пачатак 1950-х — шчэ быў жывы Сталін. І КДБ-шнікі сказалі дыктару: «Віктар Іванавіч, мы вельмі цябе любім. З’язджай у Маскву, там ты згубішся і цябе не знойдуць». Дзякуй Богу, што ніхто з нас з гэтым не сутыкнуўся. Дзесьці ў падсвядомасці мы адчувалі вялікую адказнасць і тое, што працуем пад назіраннем службаў і цэнзараў. Усе нашы тэксты рэцэнзіравалі і правяралі.

Семінар дыктараў у Мінску праводзіць дыктар ЦТ Віктар Балашоў. 1967 год

Цяпер жа, лічыць Зінаіда Бандарэнка, дыктараў няма — толькі вядоўцы. Да мінулага года дыктарка выкладала на курсах у Палацы моладзі. Яна распавядае, што ёй заўсёды было прыемна працаваць, калі бачыла вынік: адчувала, што атрымаецца. Але калі ты бачыш дэфект, а ў адказ чуеш: «Я хачу»?

— Бывае, што гэтае «я хачу» не спалучаецца з «я магу»: «я магу» ці «я ўмею» — гэта даецца Госпадам, генамі. Канешне, можна і пераступіць, калі працаваць і працаваць. Іншым часам на тэлебачанні з’яўляецца вядоўца — бачыш, што не тая знешнасць, артыкуляцыя, няма харызмы, але ж ён усё роўна працуе. Потым ужо людзі скажуць, што гэта родзічка якога-небудзь важнага чалавека. Іншы раз глядзіш, чалавек працуе, працуе — і выпраўляецца. На здароўе, але ж хто каго ламае? Вядоўца ламае гледачоў і прымушае іх прывыкаць да яго. Маўляў, вось я такая і я так хачу і буду. Сапраўдны вядоўца — той, першае з’яўленне якога на экране прымушае глядзець на яго. Але пры гэтым ён павінен быць і асобай.

Спадарыня Зінаіда згадвае, як на цэнтральным тэлебачанні СССР ішла перадача «От всей души», якую вяла Валянціна Лявонцьева. Гледачы ўсяго Саюза з трапятаннем чакалі кожнага новага эфіру. Тая праграма была свайго роду прататыпам сучаснай «Жди меня».

— Валянціна Міхайлаўна па-майстэрску і артыстычна яе вяла: тры дзесяцігоддзі запар прымушала ўсіх гледачоў СССР плакаць ля экранаў. За гэты час памяняўся глядач, змянілася і сама Валянціна Лявонцьева — праграма перастала існаваць. Мы ў Мінску адразу зрабілі аналагічную: адшуквалі людзей і распавядалі пра цікавых згубленых беларусаў. Перадача называлася «Савецкі лад жыцця». Але ж размах нашага тэлебачання быў не такім, як у Маскве, таму мы правялі толькі тры выпускі і праграма «заглохла».

Першая навагодняя перадача 31 снежня 1959 года

Акрамя таго, Зінаіда Аляксандраўна лічыць, што самі погляды на тэлевізійныя прафесіі цяпер змяніліся. Якія подласці там робяцца! У сваім імкненні на экран людзі выціскаюць адзін аднаго, зневажаюць. І ў той жа час што рабіць сучасным маладым, інакш жа і не праб’ешся?

— Цяпер я задумваюся, як з такой простай дзяўчынкі я стала заслужанай і народнай? Гэта для мяне было вельмі нечакана, хаця з дзяцінства прысутнічала адчуванне нечага асаблівага. Калі б нарадзілася цяпер, нічога б у мяне не атрымалася. З маім характарам і стаўленнем да таго, як у жыцці прабіцца... Я павінна быць удзячнай сваёй матулі, што нарадзілася ў той час. Мне было наканавана лёсам пайсці па нікім не занятай сцежцы. Дарэчы, на курсах у Маскве мне сказалі: «Зина, ну все у вас есть: и внешность, и голос, и обаяние. Но вам не хватает творческой наглости». Так і было, гэта сапраўды наша беларуская рыса. Потым я пачала яе выпраўляць, бо глядач павінен верыць кожнаму слову дыктара. Божачка, дзякуй табе, што я нарадзілася ў той час.

Сустрэча з докерамі ў Мікалаеве. УССР, 1978 год

Пасля невялічкай паўзы Зінаіда Бандарэнка ўсё ж дадае, што разам з гэтым верыць: сапраўдны талент усё роўна праб’ецца. «Людзі ж не дурні, яны ж усё бачаць», — гаворыць яна. Калі азіраецца ў мінулае, ёй падаецца, што з самага пачатку, з гомельскай студыі да мінскай яе проста неслі на руках. Так ёй пашчасціла з атачэннем. У кожнага былі свае недахопы, але ж усе ставіліся адзін да аднаго з любоўю, адзначае Зінаіда Аляксандраўна. Яна аддавала сваю любоў не толькі людзям, але і прафесіі.

— Руціннасці ў маёй працы ніколі не было, я заўсёды ляцела ў студыю, бы на свята. Таму што галоўнае патрабаванне да дыктара — гэта шчырасць. Вельмі шкада, што гэта прафесія ўжо знікла. Дыктараў няма, вядоўцы — гэта зусім іншае. Бо мы рабілі ўсё: я магла правесці «Калыханку», нехта захварэў — адразу пераходзіла і чытала навіны. І гэтае пераўвасабленне — вялікае шчасце.

Але ж падаецца, што быць шчырым падчас прамога эфіру надта складана або ўвогуле немагчыма. Бо дыктар жа — таксама жывы чалавек са сваімі пачуццямі і праблемамі. На гэта Зінаіда Аляксандраўна адказвае ўпэўнена і безапеляцыйна: «Калі ўключаецца чырвоная лямпачка, ты забываешся на ўсё».

— Памятаю адзін фотаздымак 1980-х. Гэта была першая гадавіна пасля смерці маёй маці. Самі разумееце, які ў мяне быў настрой. Я прыехала на студыю, стаяла з калегамі ля аўтобуса ПТС (перасоўна-тэлевізійнай станцыі. — Заўв. Onliner), там нас і сфатаграфавалі. Мой твар адразу ўсё паказваў. І я гляджу на сябе і думаю: «Божа мой!» Але як толькі пачала эфір, гэта прайшло — ужо падкоркава адбываецца нейкае пераўвасабленне.

За кулісамі акруговага Дома афіцэраў: заслужаны артыст БССР, лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага Валерый Кучынскі, народны артыст СССР Ігар Лучанок

У сучасных вядоўцаў гэтага пераўвасаблення народная артыстка не бачыць. Яны з мужам амаль не ўключаюць тэлевізар — нецікава. Асабліва ў калядна-навагодні святочны перыяд, калі ў нашым эфіры транслюецца «маскоўская музычна-мясная салянка, якая ўсім надакучыла».

— А нам і няма чаго паказаць, таму што мы не змаглі выхаваць сваіх народных традыцый. Маглі, але не ўдалося. Як працавалі, так і працуем з аглядкай «а як там у Маскве». У балтыйскіх краінах калядныя эфіры робяцца больш прыгожа. Таму ў святочную ноч мы пачынаем тэлефанаваць сябрам — і на гэтым заканчваецца Новы год. Шкада, канешне, бо свята прыгожае — пражылі год, падводзім нейкі вынік. І можна было б развіць нейкую традыцыю.

На сустрэчы з жыхарамі Бялынічаў. Акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменніца Вольга Іпатава, паэт Сяргей Законнікаў. 2005 год

Зінаіда Аляксандраўна з ахвотай і настальгіяй згадвае часы свайго ўстойлівага прафесійнага ўздыму. Але ж артыстка ні пра што не шкадуе. У пачатку наступнага года дзякуючы краўдфандынгу свет пабачыць яе аўтабіяграфічная кніга «Мой шлях да Беларусі». У выданні дыктарка абяцае распавесці пра невядомыя факты свайго жыцця.

— Для ўсяго свой час. Не трэба быць надакучлівым, бо гледачы стамляюцца. Таму я зараз адмаўляюся здымацца. Радыё — гэта іншае. Я з такім задавальненнем агучвала кнігу Святланы Алексіевіч, успаміны Ларысы Геніюш — проста няма слоў! А агучваць казачкі — гэта ўвогуле цуд!


«Падказкі» — сумесны святочны праект кампаніі А1 i Onliner, прысвечаны беларускім народным казкам. У яго аснове — пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Казкі для дзяцей па-беларуску агучылі знакамітыя дыктары і акцёры старэйшага пакалення.

Тэксты былі сабраныя ў этнаграфічных экспедыцыях па ўсёй краіне экспертамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Аўдыёзапісы — Радыё Бі-Эй. Музыка — гурт «Стары Ольса».

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by