«Нарэшце Палессе», — падумаў каторы з вас, убачыўшы загаловак. Так, яно самае — балоцісты край чобатаў і пасталоў, дзе буслы будуюць сабе кубло, а шалёнага сабаку прынята называць кручаным. І ўсё гэта на ўзбярэжжах Прыпяці і яе прытокаў, што па вясне разліваюцца і чыняць нямала шкоды палешукам. Сёння ў рамках сумеснага з А1 праекта «Мова» расказваем пра нашу экспедыцыю ва Усходняе Палессе, матэрыял адкуль падаём у новым фармаце — з падзелам мясцовых слоў на агульнапрынятыя літаратурныя і тыя, што захавалі свой лакальны характар.
Сталіцай усяго беларускага Палесся ў нас прынята лічыць Пінск. Але калі браць усходнюю частку рэгіёна, то на ролю галоўнага горада тут можа прэтэндаваць Мазыр — буйны райцэнтр са сваім нафтаперапрацоўчым заводам, універсітэтам і нават трамваямі. Аднак найстарэйшым усходнепалескім горадам з’яўляецца Тураў (упершыню згадваецца ў 980 годзе) — колішні племянны цэнтр дрыгавічоў і сталіца Тураўскага княства, якое праіснавала з канца X да пачатку XIV стагоддзя.
Славянскае племя дрыгавічоў мы згадалі нездарма. Менавіта яго прадстаўнікі ў значнай ступені паўплывалі на фарміраванне этнічнага і моўнага аблічча сучаснага поўдня і паўднёвага ўсходу Беларусі. Канешне, цягам тысячагоддзя якія працэсы тут толькі ні адбываліся, але мова мясцовых жыхароў усё ж захавала пэўнае адзінства: на акрэсленай тэрыторыі даследчыкі вылучаюць толькі дзве буйныя групы гаворак — слуцкую і мазырскую. З улікам гэтага намі быў сфарміраваны і маршрут экспедыцыі — з прыпынкамі на поўдні Мінскай і паўднёвым захадзе Гомельскай абласцей.
У Любанскім раёне з пошукам інфарманта нам пагадзіўся дапамагчы Сяргей Выскварка (пра якога калі хто яшчэ не чуў, то неўзабаве пачуе). Айчынная Вікіпедыя ведае яго як збіральніка, даследчыка і папулярызатара беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэографа, этнапедагога. Мы ж ведаем Сяргея як пазітыўнага і адкрытага чалавека, які любіць і шануе беларускую культуру, актыўна прапагандуе яе, дапамагаючы астатнім больш даведацца пра мясцовыя традыцыі. У сувязі з гэтым нельга назваць выпадковасцю тое, што трапілі мы якраз у родную вёску нашага праважатага — Пласток.
Сустрэла нас там Таццяна Трафімаўна Сушчэня 1934 г. н. Сціплая інтэлігентная бабуля расказала і пра вайну, і пра гаспадарку, і пра сваіх шматлікіх братоў і сясцёр. Вялікая сям’я — падстава для гонару ў мірны час — у ваенныя часы вымагае павышанага клопату. Уразіў аповед нашага інфарманта пра зімовыя начоўкі ў лесе, як сядзелі дзецьмі, прытуліўшыся адзін да аднаго, пад накіданымі зверху бацькам яловымі лапкамі, бо распальваць вогнішча было нельга. Пасля слоў бабулі Тані «ой, трудно, трудно расказваць» тэму вайны гэтым разам мусілі закрыць.
На самым поўдні Беларусі мы заехалі ў вёску Данілевічы Лельчыцкага раёна. Мясціны там такія, што нават мабільная сувязь працуе з перабоямі, але некалькі дзясяткаў жыхароў яшчэ маецца. Вясёлую і гасцінную Кацярыну Адамаўну Герман 1949 г. н. мы дома не засталі — пайшла на балота па журавіны. Дапамагчы ў пошуках пагадзілася траюрадная сястра нашага інфарманта Марыя.
Не дагукаўшыся бабулі Каці, заняліся вывучэннем славутасцей Данілевічаў. Каля самай вёскі стаіць укапаная ў зямлю і старанна прыбраная каменная дзяўчынка («дзевочка», як яе называюць мясцовыя жыхары), якая нібыта дапамагае ад хвароб і іншых нягод. А ў лесе за пару кіламетраў расце цар-дуб — помнік прыроды дыяметрам 1,6 метра і вышынёй 32 метры.
Па абедзе, вярнуўшыся з балота, бабуля Каця зладзіла для нас натуральны варушняк у глыбі Палесся: была і свіная беганіна на падворку, і кулянні ката Марціна па падлозе, і замовы ад гадзюк і ўсяго-ўсякага, а яшчэ вершы, спевы і пачастунак. Пад уражаннем выправіліся дадому амаль па цемнаце, але абяцалі вярнуцца — ёсць у тых мясцінах нейкая містычная прываба. А можа бабуля начаравала, выключаць не будзем.
Яркай, але не паўсюднай ужо асаблівасцю слуцкай і мазырскай груп гаворак з’яўляецца саканне («наеўса, напіўса і спаць паваліўса»), з-за чаго мясцовых жыхароў некалі называлі сакуна́мі. Чым далей на поўдзень, тым больш яўным становіцца оканне (вымаўленне «о» не пад націскам — коро́ва, молоко́) і ўжыванне «у» на месцы «ы» (буў замест быў, му замест мы). Сустракаюцца тут і адметныя словы, частка якіх стала набыткам сучаснай беларускай літаратурнай мовы і трапіла ў нарматыўныя слоўнікі.
Агароджанае месца для жывёлы ў полі ці лесе жыхары Усходняга Палесся і сумежных тэрыторый называюць словам каша́ра. Ведаюць яго і абодва нашыя інфарманты, хоць актуальным гэтае паняцце сёння застаецца хутчэй для жывёлагадоўчых прадпрыемстваў і фермераў. Асацыяцыі з агульнавядомым кашо́м тут будуць дарэчы — гэтая прылада таксама нешта ўтрымлівае ў сабе, словы роднасныя.
Слова жы́тнішча ва Усходнім Палессі выкарыстоўваюць у якасці назвы зжатага поля, на якім расло жыта. У Любанскім раёне ў гэтым жа значэнні ўжываюць яшчэ слова по́жня, якое, аднак, больш характэрна для Заходняга Палесся і Гродзеншчыны. Абодва назоўнікі празрыстыя па паходжанні (ад слоў жы́та і жаць адпаведна) і з’яўляюцца нарматыўнымі адзінкамі.
Роўненька на дзве часткі поўдзень Беларусі дзеліцца па назве ястраба. На захадзе гэтую птушку называюць шуля́к, а на ўсходзе, у тым ліку ў Любанскім і Лельчыцкім раёнах, — ко́ршак. І хоць абодва згаданыя словы вядомы сучаснай беларускай літаратурнай мове, палешукам ад гэтага не лягчэй — ястраб, не раўнуючы шашок / тхор, надта ласы да свойскай птушкі.
Як заядлыя ягадніцы, абедзве нашыя бабулі без асаблівых праблем выдалі беларускі адпаведнік рускай галубікі — буякі́. У залежнасці ад рэгіёна іх называюць таксама п’яні́цамі, дурні́цамі, бугая́мі, лахача́мі ды інш., але толькі словы буякі́ і дурні́цы сталі нарматыўнымі. Самі гэтыя ягады выклікаюць ап’яненне, галаўны боль, з чым звязваецца і адна з версій паходжання іх усходнепалескай назвы — ад дзеяслова буя́ць ‘буяніць, бушаваць’.
Жаночыя ўпрыгожанні, якія вешаюцца на шыю, большасць жыхароў краіны ведае пад назвай па́церкі. Не з’яўляецца тут выключэннем і Любаншчына (наш інфармант агучыў мясцовы варыянт — па́царкі). У Лельчыцкім раёне ў бабулі на шыі вісела мані́ста. Так гэтае ўпрыгожанне называюць толькі ва Усходнім Палессі, што, аднак, не перашкодзіла слову трапіць у сучасную беларускую літаратурную мову, праўда ў множналікавай форме — мані́сты.
Паметай абл. (абласное) пазначаюцца словы, якія таксама сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры, друкаваных і інтэрнэт-СМІ, але не настолькі часта, каб іх можна было лічыць паўнавартаснымі нарматыўнымі адзінкамі. Падчас экспедыцыі ва Усходняе Палессе мы выявілі чатыры такія словы — лакальныя, характэрныя менавіта для гэтага рэгіёна.
Да літаратурнай чапялы́ (жалезны кручок з ручкай для падымання і пераносу скаварады) асобныя нарматыўныя слоўнікі падаюць рэгіянальны адпаведнік ёмка, які ўжываецца пераважна на паўднёвым усходзе Беларусі. У Лельчыцкім раёне мы пачулі слова чапле́йка («шо чапляеш сковороду»), хоць у суседняй вёсцы, па звестках інфарманта, гэтую прыладу называюць ужо ёмкай. Так і на адпаведнай карце — па Усходнім Палессі якраз праходзіць мяжа паміж арэаламі гэтых двух слоў.
Мала хто ведае, але тава́рам на паўднёвым усходзе краіны называюць у тым ліку свойскую рагатую жывёлу. Некаторыя нарматыўныя слоўнікі гэты назоўнік усё ж падаюць, але з паметай абл. Тое ж тычыцца і рэгіяналізма гавя́да (у мясцовым вымаўленні яшчэ гаўя́да) з аналагічным значэннем, які роднасны рускай гавядзіне і, даруйце, агульнавядомаму слову г..но. Ужываецца назоўнік гавяда пераважна ў наваколлі Слуцка (у Любанскім раёне яго таксама ведаюць, мы праверылі), выступаючы своеасаблівым лексічным маркерам рэгіёна.
Слова кавяня́ мы ўключылі ў гэты блок умоўна. З паметай абл. яно падаецца ў нарматыўных слоўніках у значэнні ‘палка для апоры пры хадзьбе; кій’, у той час як ва Усходнім Палессі кавянёй (у Любанскім раёне — камянёй) называюць іншую прыладу — качаргу. Ужываюць тут і слова качарга́, якое вядома большасці жыхароў Беларусі. Будзе шкада, калі ў гаворках і літаратурнай мове з цягам часу застанецца толькі яно. Мы за разнастайнасць, так цікавей.
Сустракаюцца ва Усходнім Палессі таксама словы, якія немясцовым людзям будуць малазразумелыя. Знайсці гэтыя адзінкі можна ў спецыяльных слоўніках і атласах, што адлюстроўваюць рэгіянальную лексіку. Тэрыторыя распаўсюджання такіх слоў, як правіла, абмежаваная, таму яны рэдка трапляюць у літаратурную мову. Але менавіта гэтая іх якасць і выклікае навуковы сверб у дыялектолагаў, якія штогод гатовы выязджаць у экспедыцыі, каб упаляваць чарговую моўную цікавостку.
Так павялося, што пра назву курыцы, якая водзіць куранят, мы пытаемся ледзь не ў кожнай нашай паездцы. Не стала выключэннем у гэтым плане і Усходняе Палессе. Адзначым, што ні пачутая намі ў Любанскім раёне кураня́тніца, ні названая ў Лельчыцкім раёне квакту́ха не з’яўляюцца выключна мясцовымі словамі, аднак першае з іх распаўсюджана на куды меншай тэрыторыі. Унікальнае тут тое, што курыцу з куранятамі мы ўбачылі толькі цяпер, падчас чацвёртай экспедыцыі ў рамках праекта «Мова», хоць звычайна такое можна назіраць па вёсках толькі ўвесну.
Згаданае на самым пачатку артыкула слова кубло́ ў значэнні ‘птушынае гняздо’ (у тым ліку буслінае — бу́ськове) ужываецца толькі на поўдні Беларусі, таму адпаведны адказ нашага інфарманта ў Лельчыцкім раёне не стаў нечаканасцю. У Любанскім жа раёне карыстаюцца словамі бусло́ўка і гняздо́, хоць ведаюць і пра больш паўднёвае кубло.
Астатнія словы, якія вы не знойдзеце ў нарматыўных слоўніках, мы прывезлі менавіта з Лельчыцкага раёна, з той самай глыбі Палесся амаль на мяжы з Украінай. Гэта найперш загадкавая хо́ндзя як назва ліхаманкі, красамоўны ляпа́к у значэнні ‘пячнік’ і празрысты па сваім паходжанні захало́д ‘халадзец’. Вілы бабуля ў Данілевічах назвала вілкі́, але пацвердзіла ўжыванне тут і слова мач, удакладніўшы, што гэта адно і тое ж. Як паказана на адпаведнай карце, апошні варыянт характэрны толькі для Лельчыцкага і суседняга Петрыкаўскага раёнаў.
Носьбітаў гаворак Усходняга Палесся, як і палескага краю ў цэлым, цяжка пераблытаць з жыхарамі іншых рэгіёнаў Беларусі. Так, гэта ўжо не тыя людзі на балоце — забабонныя і з каўтунамі, — пра якіх у XIX і на пачатку ХХ стагоддзя пісалі этнографы, але яны па-ранейшаму добра арыентуюцца ў мясцовых моўных традыцыях і пры патрэбе гатовыя размаўляць выключна па-свойму. Прычым тычыцца гэта не толькі старажылаў, але і маладзейшых за іх — ездзілі, чулі, можам аўтарытэтна заявіць.
Што да вынікаў непасрэдна экспедыцыі, то акрамя выяўлення вузкіх рэгіяналізмаў (гавя́да, захало́д, камяня́, ляпа́к, мач, хо́ндзя) нам удалося пацвердзіць і пэўную агульнасць гаворак Усходняга Палесся, у прыватнасці на лексічным узроўні. Так, характэрныя пераважна для гэтага рэгіёна словы буякі́, жы́тнішча, каша́ра, ко́ршак былі агучаны абодвума інфармантамі. Адметна, што пералічаныя назоўнікі сталі набыткам сучаснай беларускай літаратурнай мовы, якая некалі актыўна жывілася рэгіянальнымі моўнымі багаццямі.
Дзякуем Сяргею Георгіевічу Выскварку (г. Любань), Наталлі Міхайлаўне Некрашэвіч (г. п. Лельчыцы) і Святлане Сцяпанаўне Шукаловіч (аг. Дуброва Лельчыцкага раёна) за дапамогу на месцах.
A1 імкнецца дапамагчы беларусам нанава адкрыць для сябе ўласную спадчыну: традыцыі, гісторыю, культуру і іншыя элементы нацыянальнага багацця. Кампанія звяртае асаблівую ўвагу на найважнейшыя беларускія артэфакты, такія як беларуская мова, нацыянальнае мастацтва і куткі некранутай прыроды.
Чытайце таксама:
Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. va@onliner.by