Для другой экспедыцыі ў рамках сумеснага з А1 праекта «Мова» была выбрана Віцебская вобласць — беларускі паўночны край, які мае багатую гісторыю і адметныя моўныя асаблівасці. Гэтым разам мы ўскладнілі сабе задачу і засяродзіліся не толькі на адрозненнях у лексічным складзе абранай пары вёсак, але і на ўнікальнасці асобных мясцовых слоў. Гэта значыць, пытанні былі падабраны такім чынам, каб, адказваючы на іх, інфарманты называлі словы, якія характэрны толькі для захаду або ўсходу Віцебшчыны і не ўласцівы астатнім гаворкам на тэрыторыі Беларусі.
Так склалася, што на поўначы нашай краіны дасюль захоўваюцца сляды старажытнага ледавіка: пагоркі і грады тут чаргуюцца з рачнымі далінамі і замкнёнымі катлавінамі, якія ўтвараюць цэлыя россыпы маляўнічых азёр. Менавіта таму паўночны гісторыка-этнаграфічны рэгіён, які ахоплівае большую частку Віцебскай вобласці, называюць Паазер’ем. Яшчэ адну назву — Падзвінне — край атрымаў дзякуючы Заходняй Дзвіне, на якой стаіць самы старажытны горад Беларусі — Полацк (упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 годам).
Працягваючы дыскусіі наконт ступені ўплыву балтаў на культуру розных славянскіх плямён, этнічную гісторыю Паазер’я на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў нашай эры даследчыкі звязваюць усё ж з полацкімі і віцебска-смаленскімі крывічамі (першых яшчэ называюць палачанамі). У спецыяльнай літаратуры нават вызначаны межы іх колішняга рассялення: полацкія крывічы займалі заходнюю і цэнтральную частку сучаснай Віцебскай вобласці, віцебска-смаленскія крывічы — яе ўсходнюю частку. Адметна, што этнічны падзел рэгіёна прыкладна супадае з прынятым сёння дыялектным падзелам: у межах паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы вылучаюцца полацкая і віцебская групы гаворак са сваімі асаблівасцямі.
Падымі мяне ноччу і скажы: «Паўночна-ўсходні дыялект, хутка», бадай першае, што я назаву, будзе дысімілятыўнае аканне / яканне (калі вымаўляюць, напрыклад, выда́, зімля́ замест прынятых у сучаснай беларускай літаратурнай мове вада́, зямля́). Пасля, напэўна, згадаю дзеяслоўныя формы ідзе́ць, нясе́ць і пад. (замест прынятых ідзе́, нясе́), ну і дадам таксама, што тут кажуць не хло́пец, а ма́лец. Менавіта мальцамі нас і называлі на працягу ўсяго нашага навуковага падарожжа па Віцебшчыне.
Мовазнаўчы складнік чарговай экспедыцыі застаўся тым жа: прапрацоўка «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ДАБМ) і 5-томнага «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (ЛАБНГ), складанне апытальніка і размовы з мясцовымі старажыламі (абавязковая ўмова — інфармант мусіць быць родам з гэтага або суседняга населенага пункта). Дадалося хіба крыху этнаграфіі — цяпер мы не проста задавалі бабулям-дзядулям пытанні, але і прасілі іх па магчымасці паказаць тое, пра што мы пыталіся.
На захадзе Віцебскай вобласці мы трапілі ў зусім невялікую сёння вёску Праходы Глыбоцкага раёна, дзе нас сустрэла Ванда Баляславаўна Манчынская 1926 г. н. Прызнацца, у нас былі некаторыя сумненні наконт таго, ці зможа чалавек у такім шаноўным узросце быць добрым інфармантам. Але хваляванні аказаліся марнымі — мы не толькі запісалі адказы на пытанні і шэраг гісторый з жыцця, але і прайшліся з гаспадыняй па хаце і падворку, атрымаўшы па заканчэнні экскурсіі ў якасці сувеніраў дыванкі з поліэтыленавых пакетаў (sic!).
Нарадзіўшыся ў суседняй вёсцы, яшчэ да замужжа Ванда Баляславаўна паспела пажыць і пры паляках (да 1939 года), і пры немцах (падчас Вялікай Айчыннай вайны), і пры Саветах. На наша непаліткарэктнае пытанне, пры якой уладзе было лепш, бабуля дыпламатычна адказала: «Нам цяпер найлепей, як после вайны ўжо», хоць пра жыццё-быццё за панам расказвала з яўнай сімпатыяй. Скончыўшы 4 класы польскай школы, Ванда Баляславаўна магла размаўляць і чытаць па-польску і, натуральна, па-мясцоваму. Аднак знойдзеная на пашы рускамоўная газета (у вымаўленні бабулі — газэ́та, з выбухным «г») прымусіла пайсці ў вячэрнюю школу, каб навучыцца чытаць яшчэ і па-руску.
З Глыбоцкага раёна праз Полацк і чараду прыгожых азёр пад Шумілінам мы рушылі ў Лёзненскі раён. Чаму туды? Надта ж хацелася даведацца, як гавораць людзі каля самай мяжы з Расіяй (чытай — наколькі ўсё кепска ў нас на ўсходнім фронце беларускай мовы). У вёсцы Яськаўшчына спачатку трапілі да Алеся Якаўлевіча Дзецкіна 1936 г. н., які цяпер жыве ўдваіх з сынам і, не маючы ўжо вялікай гаспадаркі, любіць бавіць час за кнігамі.
Стрымана расказаўшы пра сябе, Алесь Якаўлевіч акуратна адказаў на нашыя пытанні і далікатна папазіраваў фатографу і аператару. На падворку нам паказалі толькі касу з мыльніцай (пра гэта чытайце ніжэй), бо ўсе астатнія свае этнаграфічныя артэфакты дзядуля аддаў у мясцовы Дом фальклору (бачылі іх на свае вочы — усё падпісана і акуратна захоўваецца). Атрымаўшы на развітанне пакет толькі што выбраных з парніка памідораў, пакіраваліся да наступнага інфарманта — Надзеі Паўлаўны Вакаравай 1942 г. н.
Былая медсястра. Сорак гадоў адпрацавала ў радзільным аддзяленні. Іншымі словамі — чалавек, дзякуючы якому на свет з’явілася нямала цяперашніх жыхароў Лёзненскага раёна. Сустрэўшы нас, Надзея Паўлаўна заўважна хвалявалася, бо не прывыкла да такой увагі — каб і камеры, і мікрафон, і пытанні. Тым не менш усё атрымалася, пра што і расказваем далей.
Згодна з картай №249 у ДАБМ, слова насі́лы як назва прыстасавання, якім носяць вёдры, вядома толькі ў мясцовасцях уздоўж беларуска-літоўскай мяжы. Яго выкарыстанне на гэтай тэрыторыі пацвердзіў і наш інфармант у Глыбоцкім раёне. У слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы гэты назоўнік таксама ёсць, але ў іншым значэнні — як назва жэрдак для пераноскі сена або як сінонім да слова насілкі.
У Лёзненскім раёне вёдры носяць пры дапамозе каро́мысла (ці карамы́сла), прычым у той або іншай форме гэтае слова ўжываецца практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У прадчуванні цікавай версіі яго паходжання разгарнулі 4-ы том «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», але сустрэлі там лаканічнае «Надзейнай этымалогіі няма». Застаецца толькі дадаць, што само слова вядома ўсім тром усходнеславянскім мовам — беларускай, рускай і ўкраінскай.
Як паказана на карце №250 у ДАБМ, стаўбуно́м гліняную пасудзіну для малака называюць пераважна на захадзе Віцебскай вобласці. У Глыбоцкім раёне нам назвалі яшчэ і жбано́к. Апошняе слова, у тым ліку ў форме жбан, ведаюць таксама ў Лёзненскім раёне.
Утварыліся згаданыя назвы глінянай пасудзіны як быццам на славянскай глебе, аднак у выпадку са жбанам, пагадзіцеся, гэта не так відавочна. Слоўнікі ж сучаснай беларускай літаратурнай мовы і слова стаўбун (у адпаведным значэнні), і слова жбан падаюць з паметай абл. (абласное), прызнаючы нарматыўным толькі збан.
У выпадку з гэтай парай слоў маем пэўнае супрацьпастаўленне паміж захадам і ўсходам Віцебшчыны, што адлюстравана на карце №260 ДАБМ. Так, у Глыбоцкім раёне ручка касы і па сёння называецца палю́х, а ў Лёзненскім — мы́льніца (яшчэ варыянт — му́льніца), прычым за межамі Віцебскай вобласці гэтыя словы практычна не адзначаюцца. Няма іх у такім значэнні і ў слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Улічваючы тое, што словы палец (дарэчы, яшчэ адна назва ручкі касы на поўначы Беларусі) і палюх аднакарэнныя, паходжанне апошняга падаецца празрыстым. Да таго ж ручка на той касе, якую нам паказалі ў Глыбоцкім раёне, сапраўды падобная на палец. Што да слова мыльніца / мульніца, то сувязь тут, канешне ж, трэба шукаць не з мылам, а з вядомым дзеясловам му́ляць.
Вядомае як сучаснай беларускай літаратурнай мове, так і ўсім гаворкам на тэрыторыі Беларусі слова вы́мя (натуральна, у мясцовых формах) мае, тым не менш, некалькі рэгіянальных сінонімаў. Адзін з іх — судно́ — мы пачулі якраз у Лёзненскім раёне. Згодна з картай №18 у 1-м томе ЛАБНГ так вымя называюць толькі на ўсходзе Віцебшчыны і поўначы Магілёўшчыны.
Маючы той жа корань, што і назоўнік пасу́дзіна, з-за абмежаванай тэрыторыі распаўсюджання слова судно ў адпаведным значэнні, зразумела, не магло трапіць у слоўнікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Як, зрэшты, і адзначанае ў некалькіх населеных пунктах на поўдні Мінскай вобласці слова до́йла, але гэта ўжо зусім другая гісторыя.
Прызнацца, слова смыля́нка (у вымаўленні інфармантаў яшчэ — смылля́нка, смылья́нка) стала для нас адкрыццём. Менавіта так у Лёзненскім раёне называюць пацука, што адлюстравана на карце №88 у 1-м томе ЛАБНГ. Паходжанне даследчыкі звязваюць з прыметнікам смаляны́, адно са значэнняў якога — ‘вельмі чорны і бліскучы (пра валасы)’.
Ведаюць на ўсходзе Віцебшчыны і слова кры́са, прычым ужываюць яго тут як быццам часцей. А вось прывычнае для многіх слова пацу́к у Лёзненскім раёне нам растлумачылі літаральна так: «Пацук — эта парасёнак ужо будзець». У Глыбоцкім жа раёне фразай «вялікія, як каты́, лёталі па хатах, гэткія пацукі» інфармант ахарактарызаваў яўна не парасят.
Карта №207 у 1-м томе ЛАБНГ засведчыла яшчэ адно супрацьпастаўленне паміж захадам і ўсходам Віцебскай вобласці — па назве складзеных у доўгую граду дроў. У Глыбоцкім і суседніх раёнах у гэтым значэнні ўжываюць слова клад. Празрыстае па паходжанні, з абмежаванай тэрыторыяй распаўсюджання, у слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы (у якасці назвы кладкі дроў) адсутнічае — усё як у выпадку са словам судно, толькі ў дачыненні да захаду Віцебшчыны.
У Лёзненскім раёне дровы складваюць у касцёр. Так робяць і на паўднёвым захадзе Беларусі, а вось чаму з гэтай схемы выпала цэнтральная частка і паўднёвы ўсход краіны — пытанне для дадатковага разбору. Адметна, што слоўнікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы дазваляюць называць кастром не толькі кладку дроў, але і вогнішча — такі сабе прыватны выпадак энантыясеміі, калі слова адначасова мае «супрацьлеглыя» значэнні.
Яшчэ адно адкрыццё нашай паездкі на Віцебшчыну — слова сербалі́ны. Як паказана на карце №222 у 1-м томе ЛАБНГ, так называюць ажыны ў Лёзненскім, а таксама ў Віцебскім і Гарадоцкім раёнах. Паходжанне рознымі даследчыкамі звязваецца з двума дзеясловамі — літоўскім sirpti ‘спець (пра ягады)’ або вядомым ці не ўсім славянскім мовам свярбе́ць.
У Глыбоцкім раёне мы пачулі спачатку варыянт яжы́ны. Удакладніўшы, што «эта па-польску было», інфармант агучыў мясцовае ежаві́ны. Нарматыўным жа «смакам беларускай мовы» лічацца ажы́ны. Дарэчы, гістарычна тут той жа корань, што і ў слове во́жык. Ці не ўзнікла назва ягады паводле знешняга падабенства з гэтым звярком?
Закранулі мы падчас нашых размоў са старажыламі і тэму сямейных — дакладней, пазасямейных — адносін. Усё з-за слова баху́р, якое згодна з картай №167 у 3-м томе ЛАБНГ засведчана толькі на захадзе Віцебскай і на ўскрайку Гродзенскай абласцей. Так тут называюць пазашлюбнае дзіця. У Глыбоцкім раёне ведаюць яшчэ слова байстру́к, якое ў тым жа значэнні фіксуецца слоўнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Ужыванне слова, якім пазашлюбнае дзіця называюць у Лёзненскім раёне і ў цэлым ва ўсходняй частцы Беларусі, нам таксама пацвердзілі. Аднак указваць яго тут мы не будзем — глядзіце самі на ўсё той жа карце №167 (напрыклад, населеныя пункты №16 і 39 на паўночным усходзе краіны). Крыўднае, канешне, слова, але ў простых людзей сваё бачанне жыццёвых сітуацый.
Адзначым таксама пару слоў рэ́зьгіны (з выбухным «г», бо балтызм) і кро́шні — так нам назвалі прыстасаванне, у якім носяць сена, салому, у Глыбоцкім і Лёзненскім раёнах адпаведна. Другое слова пары ў гэтым значэнні ўжываецца толькі на ўсходзе Віцебшчыны.
Як ні імкнуліся мы на працягу нашай экспедыцыі пачуць такія назвы курыцы з куранятамі, як дзе́туха, цыпля́тніца, ма́тка, усё ж вымушаны канстатаваць: і ў Глыбоцкім, і ў Лёзненскім раёнах цяпер пануе квакту́ха. Так, на тэрыторыі Віцебскай вобласці яна адзначалася і раней, але пры вывучэнні гаворак даследчыцкі азарт ахоплівае менавіта тады, калі ў розных мясцовасцях чуеш розныя словы.
Цікава таксама, што авечак нашы інфарманты ў Лёзненскім раёне падзывалі словамі бэр-бэр-бэр і шу́та-шу́та-шу́та, хоць на карце за гэтай мясцовасцю замацавана чу-чу-чу. Глыбоцкі ж раён працягвае прытрымлівацца традыцый — зафіксавалі там аву́лькі-аву́лькі-аву́лькі (на карце паказана вуль-вуль-вуль).
На астатку згадаем словы абяртня́ ў значэнні ‘луста хлеба’ (Глыбоцкі раён) і я́лкі ў значэнні ‘дзясны’ (Лёзненскі раён) — яшчэ дзве ўнікальныя знаходкі сярод таго багацця гаворак Віцебшчыны, да якога мы дакрануліся.
Натуральна, такая колькасць лексічных адрозненняў не ў апошнюю чаргу абумоўлена вялікай адлегласцю: напрасткі паміж Праходамі Глыбоцкага раёна і Яськаўшчынай Лёзненскага раёна сэрвіс «Яндэкс.Карты» налічвае 218 км. Разам з тым не забывайма, што ў дыялектным плане гаворкі абодвух гэтых населеных пунктаў адносяцца да розных груп — полацкай і віцебскай, са сваімі моўнымі працэсамі і традыцыямі. Адным словам, было з чаго выбраць і што адкінуць перад паездкай.
Цяпер колькі слоў пра іншамоўныя ўплывы і ўсходні фронт беларускай мовы. У Глыбоцкім раёне інфармант не раз рабіў агаворку пра рэшткі «пальшчызны крэсовай» у мясцовай гаворцы. Аднак яўнага польскамоўнага ўплыву мы тут не заўважылі (можна прыгадаць хіба што словы газэ́та і яжы́ны). Дый тое і не дзіўна — польскай гэтая тэрыторыя перастала быць 80 гадоў таму.
У Лёзненскім раёне інфарманты, адпаведна, спасылаліся на ўплыў рускай мовы: «Разгавор ні беларускі, і ня рускі, а змешанае ўсё». Тым не менш уважлівы аналіз зробленых запісаў паказаў, што ёсць у мясцовай гаворцы «і звонкае „дзе“, і густое „чаго“», і нават не згаданыя класікам вельмі мяккія беларускія «сь» і «ць». З адметнасцей, абумоўленых набліжанасцю да Расіі, адзначым мяккі гук «р» (у тых словах, дзе ён мяккі і ў рускай мове: дзіре́ўня, па-старі́ннаму, перевярну́цца і інш.), а таксама шэраг слоў, якія сучаснай беларускай літаратурнай мове не характэрны: кры́са, ло́шадзь, о́вашчы і інш. То-бок гаварыць пра татальнае панаванне тут рускай мовы не выпадае, прынамсі ў выпадку са сталымі людзьмі.
Дзякуем Змітру і Жане Лупачам (г. Глыбокае) і Таццяне Ігнацьеўне Шалупкінай (в. Яськаўшчына Лёзненскага раёна) за дапамогу на месцах.
A1 імкнецца дапамагчы беларусам нанава адкрыць для сябе ўласную спадчыну: традыцыі, гісторыю, культуру і іншыя элементы нацыянальнага багацця. Кампанія звяртае асаблівую ўвагу на найважнейшыя беларускія артэфакты, такія як беларуская мова, нацыянальнае мастацтва і куткі некранутай прыроды.
Чытайце таксама:
Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by