16 859
21 августа 2019 в 8:30
Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Улад Барысевіч, Аляксандр Ружачка. Видео: Аляксей Носаў. Иллюстрации: Кірыл Стаселька
Спецпроект

Экспедыцыя Onliner: вывучаем багацце гаворак Міншчыны

Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Улад Барысевіч, Аляксандр Ружачка. Видео: Аляксей Носаў. Иллюстрации: Кірыл Стаселька

Што адкажа далёкі ад мовазнаўства чалавек, калі спытаць у яго пра беларускія гаворкі? Напэўна, падзеліцца сваім разуменнем усюдыіснай цяпер трасянкі і ўспомніць пра палескіх старажылаў, якія гавораць на малазразумелай сумесі беларускай і ўкраінскай моў. Насамрэч усё куды больш складана і адначасова цікава, дастаткова толькі капнуць глыбей. Каб расказаць пра беларускія гаворкі і ў некаторай ступені паказаць іх сучасны стан, мы запланавалі шэраг экспедыцый у розныя куткі Беларусі. Вынікамі першай такой паездкі — у межах Мінскай вобласці — дзелімся ў сённяшнім матэрыяле, які адкрывае сумесны з А1 цыкл артыкулаў пад агульнай назвай «Мова».

Змест

Крыху тэорыі

На тэрыторыі Беларусі вылучаюцца два дыялекты (буйныя аб’яднанні гаворак) — паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі праходзіць шырокая паласа гаворак, якія называюць сярэднебеларускімі. Як і заходнепалескія гаворкі, з-за сваёй неаднароднасці яны не аб’ядноўваюцца ў асобны дыялект. Адрозненняў паміж усімі гэтымі ўтварэннямі шмат, пра што напісаны цэлыя кнігі і нават артыкулы ў абедзвюх беларускіх Вікіпедыях. Звернем таксама ўвагу, што прыняты дыялектны падзел толькі часткова супадае з падзелам гісторыка-этнаграфічным, у межах якога вылучаюцца такія рэгіёны, як Паазер’е, Панямонне, Цэнтральны, Падняпроўе, Заходняе і Усходняе Палессе. Пэўную сувязь паміж гэтымі падзеламі можна назіраць хіба што на поўдні краіны (мазырскія гаворкі яшчэ называюць усходнепалескімі).

Створана паводле карты В. С. Цітова «Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі» і карты А. А. Крывіцкага «Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі»

Вядома, у часы «самых сучасных трафікаў» расказваць пра тое, што лёгка гугліцца, было б недаравальна, таму ў выпадку з беларускімі гаворкамі мы паступілі інакш — сканцэнтраваліся на выяўленых у другой палове XX стагоддзя рэгіянальных моўных адрозненнях і паспрабавалі высветліць, ці застаюцца яны актуальнымі сёння. Рабіць гэта мы вырашылі на прыкладзе лексікі, бо розніцу паміж асобнымі словамі неспецыялісту зразумець прасцей: скажам, вось гэта тут так называецца, а там — так. Ёсць, канешне, простыя для разумення і ўразлівыя для вуха адметнасці і ў галіне фанетыкі (тое ж оканне на поўдні Беларусі) або марфалогіі (з’ява сакання, сутыкнуцца з якой можна ледзь не пад Мінскам), аднак лексічныя адрозненні будуць для нас прыярытэтнымі.

Да кожнай экспедыцыі мы рыхтаваліся — прапрацоўвалі «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (ДАБМ) і асабліва 5-томны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (ЛАБНГ), матэрыялы для якіх збіраліся ў 40—50-я і 60—70-я гады XX стагоддзя адпаведна. З улікам гэтых крыніц намі складаліся спісы з некалькіх дзясяткаў пытанняў, адказы на якія ў кожнай пары абследаваных населеных пунктаў яшчэ 50—70 гадоў таму былі б адрознымі. Сваю задачу, такім чынам, мы бачым у тым, каб не толькі паказаць багацце беларускіх гаворак, але і, магчыма, засведчыць некаторыя змены ў лексічным складзе наведаных намі рэгіёнаў Беларусі. Для размоў мы выбіралі людзей з ліку мясцовых старажылаў, таму запісаць часам удавалася не толькі адказы на падрыхтаваныя пытанні, але і гісторыі з жыцця, прыклады вуснай народнай творчасці, назвы ўрочышчаў.

Населеныя пункты, інфарманты

Устаноўлена, што ў аснову беларускай літаратурнай мовы ляглі гаворкі цэнтральнай часткі Беларусі (зона Ашмяны — Мінск — Барысаў), то-бок сярэднебеларускія. Сама гэта тэрыторыя ўяўляе сабой колішнюю зону кантактаў крывічоў, дрыгавічоў і балцкіх плямён, дзе сканцэнтраваліся шматлікія рысы і элементы, уласцівыя суседнім беларускім рэгіёнам. Сваю ролю ўва ўсім гэтым адыграла і тое, што менавіта тут праходзіць «вялікі водападзел» паміж Балтыйскім і Чарнаморскім басейнамі, які, натуральна, выступаў не толькі геаграфічным, але і культурна-гістарычным рубяжом.

Своеасаблівы культурны сімбіёз Цэнтральнай Беларусі ў пэўнай ступені знайшоў адлюстраванне таксама на моўным узроўні. Як ужо адзначалася вышэй, сярэднебеларускія гаворкі не з’яўляюцца аднароднымі, бо ўвабралі ў сябе асаблівасці як паўночна-ўсходняга, так і паўднёва-заходняга дыялектаў беларускай мовы. Менавіта таму падчас нашай першай экспедыцыі мы спачатку паехалі на поўнач ад Мінска, а пасля — на поўдзень.

Створана паводле карты В. С. Цітова «Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі» і карты А. А. Крывіцкага «Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі»

На поўначы спыніліся ў аграгарадку Гайна Лагойскага раёна, дзе на нашыя пытанні пагадзілася адказаць Марыя Мікалаеўна Жыляніна 1930 г. н., вядомая пявуння, мастацкі кіраўнік і адзін з выканаўцаў мясцовага вакальнага калектыву «Суботка». Адкрытая і гаваркая, а яшчэ — гасцінная: з яе хаты мы змаглі выйсці толькі добра пад’еўшы.

У вёсцы Вецярэвічы Пухавіцкага раёна нам удалося пагаварыць адразу з двума старажыламі — Валянцінай Мікалаеўнай Лапцэвіч 1944 г. н. і Надзеяй Сільвестраўнай Гурыновіч 1932 г. н. Зусім розныя, з розным лёсам, адна ў вайну нарадзілася, другая вайну бачыла і памятае. З агульнага — 4 класы адукацыі і суровае вясковае жыццё, з уласнай гаспадаркай і працай на ферме. Разам з тым нашай увагай да іх ведаў і жыццёвага вопыту бабулі, здаецца, засталіся задаволеныя.

Падкрэслім, што напрасткі паміж Гайнай і Вецярэвічамі ўсяго каля 100 кіламетраў, таму неаднолькавыя адказы на адно і тое ж пытанне нас прыемна здзіўлялі. Чытаць пра нешта ў кнізе — гэта адно, і зусім іншае — чуць гэта на свае вушы, знаходзячы жывое пацвярджэнне сухой тэорыі. Ну і не забывайма, што ўсё гэта — не што іншае, як нематэрыяльная спадчына нашых прадзедаў, унікальная і пакуль яшчэ не страчаная.

Матэрыялы экспедыцыі

Шашок і тхор

Згодна з картай №81 у 1-м томе ЛАБНГ, жыхары поўначы і поўдня Мінскай вобласці па-рознаму называюць драпежную млекакормячую жывёліну сямейства куніцавых з каштоўным футрам. Сваё пытанне мы сфармулявалі прасцей, наблізіўшы яго да вясковых рэалій, — «як называецца драпежны звярок, які цягае курэй?». У Лагойскім раёне ў адказ пачулі чаканае шашо́к. З’яўляючыся, хутчэй за ўсё, запазычаннем (у літоўскай мове šeškas азначае тое самае), гэтае слова мае нарматыўны статус, уключана ў слоўнікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Шашок / тхор. Крыніца: animalreader.ru

У Пухавіцкім раёне, па сведчанні нашых інфармантаў, курэй цягае тхор. Гэтае слова ўзнікла ўжо на славянскай глебе (роднаснае дзеяслову дыхаць) і таксама з’яўляецца нарматыўным. То-бок у сучаснай беларускай літаратурнай мове маем сінонімы — шашок і тхор, таму можна смела ўжываць абодва.

Куросадня і седала

Як паказвае карта №106 у 1-м томе ЛАБНГ, на поўначы Мінскай вобласці куры ноччу сядзяць на куро́садні (кураса́дні, куро́стані, краса́дні, кураса́дніку). Гэта такая жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку. У Лагойскім раёне нам так і сказалі — «на куро́садні». У Пухавіцкім жа раёне, як мы высветлілі, куры па-ранейшаму карыстаюцца се́далам.

Паходжанне абодвух гэтых слоў празрыстае — не трэба быць мовазнаўцам, каб убачыць сувязь з дзеясловам сядзець. І першае (у форме кураса́дня), і другое з’яўляюцца набыткам сучаснай беларускай літаратурнай мовы, выступаюць сінонімамі.

Бацян і бусел

А гэтая пара слоў унесла карэктывы ў адрозненні, засведчаныя на карце №118 у 1-м томе ЛАБНГ. На пытанне «як называецца птушка з чырвонай дзюбай, якая прыносіць дзяцей?» у Лагойскім раёне нам па-мясцоваму адказалі бу́сіл, адразу выдаўшы прыпеўку: «Ходзе бусіл па балоці, чырвоная дзюбачка, прыдзе мілы пацалуе, скажа “Мая любачка”». А дзе ж пашыраны на поўначы Міншчыны баця́н? Называюць і так, прычым раней гэты варыянт ужываўся часцей: «Бацян-бацян, круці кола, дам куры́цу на Мікола».

У Пухавіцкім раёне абодва інфарманты далі аднолькавы і чаканы адказ — толькі бу́сел, без варыянтаў. Мы нават перапыталі — дакладна бусел? Не аіст, не бацян? На што пачулі: «Бацян — эта больш на Палессі». Карта, аднак, паказвае, што палеская назва гэтай птушкі іншая (бусько, бусэнь, бусён).

Адметна, што і бацян, і бусел не з’яўляюцца ўласнабеларускімі словамі. Першае прыйшло да нас з польскай мовы, паходжанне другога звязваюць з рускім прыметнікам бу́сый ‘шэры’ (ад цюркскіх слоў boz, buz з тым жа значэннем). Абодва можна знайсці ў слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы, праўда бацян часам суправаджаецца паметай абл. (абласное), г. зн. не лічыцца нарматыўным.

Лупаты і губаты

Цікавае супрацьпастаўленне адлюстравана на карце №2 у 3-м томе ЛАБНГ: не толькі поўнач Мінскай вобласці, але і ўся паўночная Беларусь чалавека з вялікімі губамі называе лупа́тым. Не з’яўляецца тут выключэннем і Лагойскі раён.

У Пухавіцкім раёне і далей на поўдзень пра такога чалавека кажуць губа́ты (яшчэ мы пачулі словы губашлёп і губэ́ра). Лупатым жа ў Вецярэвічах называюць таго, у каго вялікія вочы, што адпавядае значэнню гэтага слова ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Мяліца і церніца

Падобным чынам у межах Беларусі супрацьпастаўляюцца і назвы прылады, якой труць лён, каноплі. На карце №142 у 4-м томе ЛАБНГ паказана, што на поўнач ад Мінска выкарыстоўваюць мя́ліцу, а на поўдзень — це́рніцу. Гэта пацвердзілі і нашы інфарманты ў Лагойскім і Пухавіцкім раёнах.

Мяліца / церніца. Крыніца: local.polotsk.museum.by

Слоўнікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы змяшчаюць абодва гэтыя словы, але мяліца, як правіла, падаецца з паметай абл. Назва самога працэсу трэння лёну або канопляў, адпаведна, таксама мае тэрытарыяльныя адрозненні: на поўначы мнуць, на поўдні труць.

Праснак і скавароднік

Згодна з картай №324 у 4-м томе ЛАБНГ поўнач і поўдзень Мінскай вобласці супрацьпастаўляюцца таксама па назве плоскага круглага хлеба, што пякуць на скаварадзе. Аднак наша экспедыцыя паказала, што вядомы на Лагойшчыне прасна́к дабраўся ўжо і да Пухавіцкага раёна, дзе ў форме прасно́к цяпер суседнічае са скаваро́днікам. У слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы можна знайсці абодва гэтыя словы, аднак перавага аддаецца праснаку. Ці не гэта адна з прычын яго экспансіі на поўдзень Міншчыны?

Лапшывы і хаўчлівы

Для чалавека, які любіць паесці, у межах Мінскай вобласці існуе каля дзесяці назваў — усе прадстаўлены на карце №414 у 4-м томе ЛАБНГ. Адказы нашых інфармантаў былі прадказальнымі: у Лагойскім раёне мы пачулі лапшы́вы, у Пухавіцкім — хаўчлі́вы (з удакладненнем, што гэта ўвогуле пра таго, каму ўсяго мала).

Абодва гэтыя словы з’яўляюцца выключна дыялектнымі — у слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы адсутнічаюць. Аднак калі прыметнік лапчывы / лапшывы, які прыйшоў да нас з польскай мовы (łapczywy ‘хцівы, прагны, сквапны’), вядомы на адносна вялікай тэрыторыі, то хаўчлівы адзначаецца толькі ў Пухавіцкім раёне. Чаму толькі тут і якое ў гэтага слова паходжанне — тэма для асобнага даследавання.

Іншыя словы

Заслугоўваюць увагі адказы інфармантаў і на некаторыя іншыя нашы пытанні. Так, у Лагойскім раёне замест пазначанай на адпаведнай карце назвы насякомага асва́ або во́сва мы пачулі аса́, як і ў Пухавіцкім раёне. Гной на полі растраса́юць не толькі на поўнач ад Мінска, але ўжо і на поўдзень, дзе згодна з картай яго павінны толькі разбіва́ць. Слова чарэ́нь абодва інфарманты ў Пухавіцкім раёне нам растлумачылі не як месца ў печы, дзе гараць дровы (так на карце), а як месца на печы, дзе можна ляжаць, сушыць ягады і г. д.

Там жа, у Вецярэвічах, вэнджаны кавалак мяса называюць і сцягня́к, і павяндлі́ца, і о́карак, і кумпя́к (апошняе характэрна для поўначы і захаду Беларусі), у той час як пазначаную на карце шы́нку не згадалі. А ў Лагойскім раёне на пытанне пра сталовы прыбор для зачэрпвання ежы нам упэўнена адказалі ло́жка, хоць карта цвердзіць пра распаўсюджаную тут лы́жку. Апошні варыянт з’яўляецца нормай і ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, аднак большая частка краіны, як бачна, зачэрпвае ежу менавіта ложкай.

Вывады

Натуральна, не на ўсе падрыхтаваныя намі пытанні мы атрымалі адказы, дастатковыя для карэктнага супастаўлення. Часам суразмоўцы ўвогуле спасылаліся на адсутнасць рэаліі, пакідаючы нас без патрэбных звестак. Напрыклад, інфарманты з Пухавіцкага раёна авечак не трымалі, таму і слоў, якімі падзываюць гэтых жывёл, мы не пачулі (у Лагойскім раёне ўсё ў адпаведнасці з картайкуцу́-куцу́-куцу́).

З цягам часу тое, пра што сёння могуць расказаць ужо толькі старажылы, перастане быць актуальным незалежна ад рэгіёна. У прыватнасці, гэта тычыцца рэалій, звязаных з вясковай ільноапрацоўкай (згаданыя ў тэксце мяліца / церніца і інш.), бо цяпер, відаць, мала хто вырошчвае лён для ўласных патрэб, а каноплі дык увогуле пад забаронай. Аднак самі словы працягваюць жыць, па-ранейшаму дэманструючы розніцу паміж той жа поўначчу і поўднем Міншчыны.

Тым не менш фармуляваць нейкія глабальныя вывады на падставе размоў з адным або некалькімі інфармантамі ў адной-дзвюх вёсках будзе няправільна. Асноўная задача гэтай серыі публікацый, як мы адзначылі вышэй, — прадэманстраваць лексічную разнастайнасць беларускіх гаворак і, магчыма, намацаць сякія-такія змены ва ўжыванні слоў. А ў тым, што матэрыялу для падобных даследаванняў хопіць яшчэ надоўга, мы не сумняваемся.

Дарэчы, пачытаць тэксты, запісаныя ад старажылаў Мінскай вобласці, можна ў кнізе «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона» (2009). Узоры мясцовага маўлення ў аўдыяфармаце даступны на сайце праекта «Дыялекты Беларусі».

Дзякуем Тамары Аляксееўне Анкудовіч (аг. Гайна Лагойскага раёна) і Святлане Рыгораўне Гурыновіч (в. Вецярэвічы Пухавіцкага раёна) за дапамогу на месцах.


A1 імкнецца дапамагчы беларусам нанава адкрыць для сябе ўласную спадчыну: традыцыі, гісторыю, культуру і іншыя элементы нацыянальнага багацця. Кампанія звяртае асаблівую ўвагу на найважнейшыя беларускія артэфакты, такія як беларуская мова, нацыянальнае мастацтва і куткі некранутай прыроды.

Спецпраект падрыхтаваны пры падтрымцы УП «А1», УНП 101528843.
Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти

Чытайце таксама:

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by