Як пісаць па-беларуску правільна: спасылкі і парады

5957
254
28 марта 2019 в 9:00
Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Аляксандр Ружачка, Максім Тарналіцкі

Як пісаць па-беларуску правільна: спасылкі і парады

Шчыра кажучы, мы вагаліся, ці варта рыхтаваць такі матэрыял, але, прагледзеўшы каментарыі пад папярэднім артыкулам на моўную тэму, вырашылі, што ўсё ж варта. З меркаваннем аднаго з чытачоў адносна таго, што «ў агульнадаступных месцах інструменты па беларускай мове не развіваюцца практычна ніяк», мы пагадзіцца не можам. Такіх інструментаў у інтэрнэце дастаткова, было б жаданне імі карыстацца. Ніжэй даём пералік з каментарыямі.

Пра што пойдзе гаворка:

Для вывучэння

Пачнём з афіцыйна прынятага і заканадаўча зацверджанага — правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Летась у байнэце з’явіўся сэрвіс «Правільна!», у якім сухая тэорыя пададзена зручна і прыгожа, з магчымасцю адразу ж падзяліцца ўпадабаным пунктам у сацыяльных сетках. Стваральнік праекта Іван Клімчук (дарэчы, былы супрацоўнік Onliner) не хавае, што натхняўся вядомым рускамоўным аналагам. Аднак гэта той самы выпадак, калі ўзор сапраўды заслугоўвае пераймання.

Правяраць напісанне канкрэтных слоў лепш за ўсё па акадэмічным «Слоўніку беларускай мовы», які змешчаны на сайце Slounik.org. На сённяшні дзень гэта самы аб’ёмны арфаграфічны даведнік з ліку нарматыўных («уключае каля 150 тыс. лексічных адзінак», калі верыць прадмове). Паказвае ён і формы слоў, што па-навуковаму называецца парадыгмай скланення/спражэння. Не ведаеце, як правільна — жабяня ці жабянё, ідзем ці ідзём? Пераходзьце па спасылцы і спраўджвайце (не забываючы шукаць па пачатковай форме слова).

Натуральна, на адной арфаграфіі далёка не заедзеш, трэба ведаць таксама значэнне слоў. З гэтым дапаможа «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (тлумачыць значэнне 97 935 лексічных адзінак), выкладзены на сайце Skarnik.by. Рыхтаваўся і выдаваўся гэты слоўнік даўно, але большага па аб’ёме мы пакуль не маем. Сярод недапрацовак электроннай версіі — адсутнасць у словах націску, таму тут не абысціся без спасылкі, прыведзенай у папярэднім абзацы.

Уяўленне пра тое, як правільна ўжываць слова ў кантэксце, можна атрымаць з прыкладаў, пададзеных у згаданым «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы». Але лепш прайсці па гэтай спасылцы і скарыстацца базай разнастайных беларускамоўных тэкстаў — ад мастацкай класікі савецкіх часоў да заметак і артыкулаў у сучасных СМІ. Уводзіце ў адпаведную форму патрэбнае слова і глядзіце падабраныя кантэксты, ацэньваючы правільнасць свайго варыянту.

Праверыць ужо напісаны тэкст дазваляе сэрвіс пад назвай «Добрапіс», распрацаваны моўнай службай тэлеканала «Белсат» (згадаем тут добрым словам адмыслоўца Змітра Саўку, які апекаваўся гэтым праектам). Не ўсё яшчэ праграма ведае, але банальныя памылкі друку адшуквае без праблем, не кажучы ўжо пра выпадкі ўжывання «у» замест «ў» і «е» замест «ё», якая ў беларускай мове абавязковая ў адрозненне ад рускай. Не забыліся аўтары і на тыпаграфіку (замена ў тэксце злучкоў на працяжнікі, выдаленне лішніх прабелаў і г. д.), за што ім таксама можна сказаць дзякуй.

Пачытаць жа пра правільную беларускую мову можна ў кнізе Паўла Сцяцко «Культура мовы» і ў зборніку практычных эсэ Юрася Бушлякова «Жывая мова» (звярніце ўвагу на змешчаныя ў канцы абодвух выданняў паказальнікі слоў). Што да адсканаваных акадэмічных граматык, то працаваць з імі будзе пад сілу толькі падрыхтаваным чытачам, траціць трафік не раім.

Для перакладу

Бадай, самымі запатрабаванымі сёння з’яўляюцца руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі, найбольш поўныя акадэмічныя версіі якіх (мяркуючы па прыведзеных лічбах) даступны зноў жа на сайце Skarnik.by. Аднак разгарнуцца перакладчыку з беларускай або на беларускую мову дапаможа згаданы намі вышэй сайт Slounik.org, дзе прадстаўлена цэлая абойма патрэбных у гэтым выпадку выданняў. Некаторыя перакладныя слоўнікі ў выглядзе PDF- і DJVU-файлаў знойдзеце тут.

Думаецца, у сувязі з акцэнтам на пашырэнне сацыяльных функцый і камунікацыйных магчымасцей беларускай мовы, які зроблены ў прынятай нядаўна Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, колькасць электронных версій перакладных слоўнікаў будзе толькі расці. Прычым гаворка не толькі пра алічбоўку наяўных выданняў, але і пра падрыхтоўку новых, якія не будуць абмяжоўвацца толькі папяровым фарматам. Вось проста цяпер сумеснымі намаганнямі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі вядзецца падрыхтоўка да стварэння беларуска-кітайскага і кітайска-беларускага слоўнікаў, якія, зразумела, наўрад ці выйдуць толькі на паперы.

Карысным пры перакладзе з беларускай мовы на рускую і наадварот будзе таксама паралельны корпус, прадстаўлены на сайце Нацыянальнага корпуса рускай мовы. На канкрэтных прыкладах там можна параўнаць перакладзеныя фрагменты з арыгіналам, пераканаўшыся ў слушнасці, скажам, уласнага эквіваленту.

Аднак усё гэта, натуральна, для тых, у каго ёсць час і жаданне разбірацца ў нюансах, паставіўшы за мэту зрабіць ідэальны пераклад. Астатнім можна проста скапіраваць набраны па-руску або па-беларуску тэкст, уставіць у акенца злева, выбраць «кірунак перакладу» справа і атрымаць нешта больш-менш адэкватнае — праўда, толькі для ўнутранага карыстання. Рэч у тым, што машынны пераклад пакуль не ў стане забяспечыць належны вынік, таму без удзелу спецыяліста або хаця б носьбіта абранай мовы абысціся не атрымаецца. (Сэрвіс Google Translate у выпадку з беларускай мовай рэкамендаваць усё ж не будзем, хоць і ведаем, што ім актыўна карыстаюцца.)

Для абмеркавання

На змену амаль мёртвай ЖЖ-суполцы by_mova і падобным прыйшлі папулярныя суполкі «Роднае слова» і «Толькі пра мову» ў сацыяльнай сетцы Facebook, «Дапамога па беларускай мове» ў «ВКонтакте» і шэраг іншых. Сціплым неафітам раім апошнюю, бо ў дзвюх другіх актыўнічаюць адмыслоўцы з рознымі поглядамі і досведам, што нярэдка выліваецца ў дыскусійныя трэды да падлогі. Цікавыя, канешне, але здольныя заблытаць канчаткова.

Бонус

Процьма цікавых і карысных навучальных матэрыялаў выкладзена на сайце вядомых курсаў «Мова Нанова». Пры жаданні можна нармальна так падцягнуць сваю беларускую, проста чытаючы, слухаючы і праглядаючы апублікаванае там, не кажучы ўжо пра магчымасць наведваць самі курсы, якія ладзяцца ў розных гарадах Беларусі.

Літаральна адным сказам згадаем таксама праект «Дыялекты», які на грамадскіх пачатках робяць сімпатычныя маладыя людзі з Брэста. Праходзьце па спасылцы, слухайце і дзівіцеся, наколькі шматаблічная наша мова, тэрытарыяльныя разнавіднасці якой часам незаслужана абзываюць «трасянкай».

Ну і нарэшце — спасылка на файлы, якія дапамогуць зрабіць вашыя тэкставыя рэдактары больш пісьменнымі падчас працы з беларускай мовай.

экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 4 Гб, карты памяти

Цікава пачытаць:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by

Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Аляксандр Ружачка, Максім Тарналіцкі