9309
25 сентября 2019 в 9:00
Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Улад Барысевіч, Аляксандр Ружачка. Видео: Аляксей Марозаў. Иллюстрации: Кірыл Стаселька
Спецпроект

Экспедыцыя Onliner: вывучаем багацце гаворак Магілёўшчыны

Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Улад Барысевіч, Аляксандр Ружачка. Видео: Аляксей Марозаў. Иллюстрации: Кірыл Стаселька

Падчас трэцяй экспедыцыі ў рамках сумеснага з А1 праекта «Мова» наш мовазнаўчы дэсант высадзіўся ў Магілёўскай вобласці. Тут мы працягнулі вывучэнне паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы, распачатае падарожжам па Віцебшчыне. Прычым акцэнт зноў рабіўся на словах, якія характэрны толькі для абранай мясцовасці — усходу Беларусі.

Змест

Рэгіён

Пачынаючы гаворку пра Магілёўшчыну, нельга не згадаць раку Днепр, якая працякае праз усю вобласць і дзеліць яе на дзве часткі. З улікам гэтага даследчыкамі была абрана і назва ўсходняга гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна краіны — Падняпроўе. Акрамя Дняпра ёсць тут, натуральна, іншыя буйныя рэкі (Друць, Проня, Сож), а таксама азёры.

Ужо на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў нашай эры летапісы ўпамінаюць такія населеныя пункты цяперашняй Магілёўскай вобласці, як Мсціслаў, Прапойск (хто адкажа, як гэты горад называецца сёння?) і іншыя. У той час рэгіён уяўляў сабой шырокую зону кантактаў полацкіх і смаленскіх крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў і севяран. Але ўшаноўваюць сёння на Магілёўшчыне найперш радзімічаў, у госці да якіх запрашае штогадовы фестываль у аграгарадку Радамля Чавускага раёна:

У моўным плане Магілёўская вобласць з’яўляецца даволі стракатай. Не ў апошнюю чаргу — з-за згаданай вышэй кантактнай зоны розных плямён. Правабярэжжа Дняпра на поўначы рэгіёна (калі стаяць тварам на поўдзень, па цячэнні ракі) дыялектолагі адносяць да арэала полацкіх гаворак, а вось левабярэжжа — гэта ўжо тэрыторыя ўсходнемагілёўскіх гаворак. Далей на поўдзень пачынаецца паласа сярэднебеларускіх гаворак, а на паўднёвым усходзе Магілёўшчыны можна нават адшукаць слуцкія гаворкі.

Усходнемагілёўскія гаворкі называюць яшчэ мяккаэрымі, бо мясцовыя жыхары вымаўляюць, напрыклад, бу́ря замест бу́ра, гріб замест грыб і г. д. Рэагуючы на каментарыі чытачоў, удакладнім, што цвёрды і мяккі гук «р» ва ўсходняй частцы Віцебскай і Магілёўскай абласцей адрозніваюць спрадвеку. Гэтая з’ява не прыйшла з усходу, пасунуўшы заўсёды цвёрды беларускі «р» на захад (хоць некалі, магчыма, было і такое), таму лічыць яе ўплывам рускай мовы, называючы мясцовыя гаворкі трасянкай, не зусім карэктна.

Населеныя пункты, інфарманты

Падчас планавання паездкі на Магілёўшчыну логіка падказвала, што наведаць трэба населеныя пункты як на правым, так і на левым беразе Дняпра. Прадстаўляць правабярэжжа пашчасціла вёсцы Шапялевічы Круглянскага раёна, якая знаходзіцца недалёка ад мяжы з Мінскай вобласцю. Сустрэла нас там Зінаіда Міхайлаўна Чарняева 1933 г. н. з процьмай цікавых жыццёвых гісторый — паспявай толькі запісваць.

Пачалася наша размова з сумнага аповеду пра тхара, які за тры падыходы пакінуў гаспадыню зусім без курэй (а было іх 15). Пасля бабуля расказала нам пра паляводчую дзейнасць, дакладней пра апрацоўку сельскагаспадарчых раслін селітрай і дустам без якіх-колечы ахоўных сродкаў, бо «не было за што купіць». Не абышлося, натуральна, і без малапрыемных успамінаў пра вайну — з нечаканай рэмаркай «ня Гітлер, французы дужа ўрэдныя былі». Самі мы не ваявалі, у той час не жылі, таму паверым на слова.

Створана паводле карты В. С. Цітова «Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі» і карты А. А. Крывіцкага «Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі»

За левы бераг Дняпра прыйшлося адказваць Чавускаму раёну. Першай нас прыняла Вольга Іларыёнаўна Лабачова 1935 г. н. з аграгарадка Ваўкавічы. Сюды яна трапіла з суседняй вёскі, якую ў свой час пакінулі ўсе жыхары. Апошняе — як быццам з-за Чарнобыля, хоць адсяленне адбылося ў 1991-м, праз пяць гадоў пасля аварыі. Тым не менш тэрыторыя Чавускага раёна сапраўды з’яўляецца забруджанай радыеактыўнымі рэчывамі. Праўда і тое, што ў 2006—2007 гадах тут, як ні дзіўна, распрацоўвалася пляцоўка пад будаўніцтва Беларускай АЭС.

У процівагу гэтай не вельмі вясёлай інфармацыі раскажам пра хобі Вольгі Іларыёнаўны. Бабуля захапляецца вырошчваннем кветак, прычым назву кожнай ведае далёка не заўсёды. Але хіба можа гэта быць перашкодай для навядзення прыгажосці?.. Высаджвае гаспадыня расліны так, каб падворак красаваў на працягу ўсяго лета. І хоць мы трапілі ў Ваўкавічы пад канец жніўня, праходзіць паўз дом было прыемна.

Заехалі мы і ў вёску Галавенчыцы Чавускага раёна — да Надзеі Данілаўны Казловай 1936 г. н. Заява гаспадыні наконт таго, што яна «троху шаволіцца шчэ», зусім не адпавядае рэчаіснасці: такі актыўны і гаваркі інфармант — проста знаходка для этнографаў. Менавіта таму мае калегі з Акадэміі навук, якія ехалі ў сярэдзіне нулявых у экспедыцыю на паўднёвы ўсход Беларусі і выпадкова трапілі ў Галавенчыцы, засталіся ў Надзеі Данілаўны на тыдзень, далей нікуды не паехаўшы.

Ніводзін тэкст не перадасць энергетыку гэтай бабулі, лепш самім слухаць і глядзець. Дадамо толькі, што Надзея Данілаўна з’яўляецца адной з нешматлікіх ужо ўдзельніц мясцовага вакальнага калектыву «Незабудкі», якому прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Багатая бабуля і на ўнукаў-праўнукаў — мае 8 адных і 13 другіх. Дай божа кожнаму, як той казаў.

Матэрыялы экспедыцыі

Шчогла і кладка

Калодзежы з жураўлямі ўжо амаль не сустрэнеш у беларускай вёсцы. Але старажылы іх памятаюць і нават могуць апісаць канструкцыю, назваўшы кожны яе элемент. Планка, да якой з аднаго боку мацаваўся груз, а з другога — вочап з вядром, называлася ў Беларусі па-рознаму. У Круглянскім раёне гэты элемент ведаюць як шчо́гла, што паказана на карце №243 у ДАБМ.

Калодзеж з жураўлём. Крыніца: veski.sb.by

У Чавускім раёне вагу ў калодзежы з жураўлём, па сведчанні аднаго з нашых інфармантаў, называлі кла́дка. Адметна, што раней гэтае слова тут зафіксавана не было. Яно ў прынцыпе вельмі рэдкае для Беларусі ў такім значэнні.

Карыстаючыся нагодай, прывядзём і пачутае намі ў Чавускім раёне слова круці́ла. Так па-мясцоваму называюць калаўрот — абавязковы элемент у больш прывычнай мадэлі калодзежа. У слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы назоўнік круціла, на жаль, не адлюстраваны, хоць само слова даволі гаваркое і простае для ўспрыняцця.

Цыплятніца і квакуха

Слова цыпля́тніца, якое мы планавалі пачуць у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці, нам агучылі ў Круглянскім раёне. Гэтак кажуць на курыцу, якая водзіць куранят. Прычым раней, як сведчыць карта №295 у ДАБМ, такога слова тут не ведалі, ужывалі шырокараспаўсюджанае квакту́ха.

Чавускі раён, як і ўсё левабярэжжа Дняпра ў межах Беларусі, гаворыць у гэтым выпадку кваку́ха. Можна, канешне, пажартаваць, што гэтая назва хутчэй падышла б для вядомай земнаводнай жывёліны, але адпаведная карта ў ДАБМ паказвае, што беларускія жабы не столькі ква́каюць, колькі кру́мкаюць, кво́кчуць і нават крэ́кчуць.

Гранка і кісць

У Круглянскім раёне гронку арэхаў або жалудоў называюць амаль па-літаратурнаму — гра́нкай. Цікава, што слова лічаць запазычаннем з польскай мовы, але на захадзе Беларусі, згодна з картай №219 у 1-м томе ЛАБНГ, яно амаль не адзначаецца.

Гранка / кісць арэхаў. Крыніца: ru.wikipedia.org

Жыхары Чавускага і іншых усходніх раёнаў Магілёўскай вобласці ў гэтым значэнні ўжываюць слова кісць. Заўважым, што ў сучаснай беларускай літаратурнай мове гэты назоўнік замацаваўся толькі ў якасці назвы часткі рукі.

Палонка і паніўка

Нягледзячы на тое што ў Круглянскім раёне інфармант назваў прасечаную ў лёдзе дзірку кало́нкай (відаць, агаварыўся, бо карта №69 у 2-м томе ЛАБНГ фіксуе пало́нку), цікавасць уяўляе другі кампанент прыведзенай пары. Слова па́ніўка ўжываецца пераважна ва ўсходняй частцы Магілёўскай вобласці і ўзнікла ў выніку метафарычнага пераносу ад аднакарэннага назоўніка са значэннем ‘скаварада’. Адзначана яно ў многіх славянскіх мовах, але не ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Парушынка і сурынка

Маленькую часцінку, якая трапіла ў вока, у Круглянскім раёне называюць парушы́нкай, хоць у адпаведнасці з картай №50 у 3-м томе ЛАБНГ мы планавалі пачуць тут аднакарэннае і малараспаўсюджанае по́рах. У Чавускім раёне ў гэтым значэнні ўжываюць слова суры́нка (у вымаўленні інфармантаў — сурі́нка, бо ўсходнемагілёўскія гаворкі). Сустракаецца на Магілёўшчыне і варыянт сары́нка. Абодва адсылаюць да вядомага рускай літаратурнай мове слова сор, якое для беларускай тэрыторыі не характэрна (хіба што ў форме сур на ўсходзе краіны).

Кручок і тамбырка

Кручок, у тым ліку для вязання, — ён і ў Афрыцы кручок: згодна з картай №256 у 4-м томе ЛАБНГ так гэтую прыладу называе амаль уся Беларусь. А вось слова та́мбырка, якое мы пачулі ў Чавускім раёне, здзівіла. Як здзівіла і яго паходжанне — ад французскага tambour у значэнні ‘барабан’.

Зрэшты, у тлумачальных слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы можна знайсці слова та́мбур у значэнні ‘род вязання або вышывання вочка ў вочка’, а 13-ы том «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» дазваляе прасачыць увесь ланцужок пераўтварэння барабана ў кручок.

Іншыя словы

І ў Круглянскім, і ў Чавускім раёне слова балабо́н у значэнні ‘званок на шыі каровы, авечкі’ ведаюць: «Карова ходзя, ён балабоня — боўць-боўць-боўць». Але прамаўляючы яго, нашыя інфарманты пасміхаліся, што, напэўна, можна лічыць пацвярджэннем наяўнасці ў гэтага слова яшчэ аднаго значэння — ‘балбатун, пустаслоў’.

Пачутая ў Круглянскім раёне назва падбярозавіка лядні́к азадачыла, бо ў галаве адразу ўзнікла недарэчная асацыяцыя з лёдам (зімой жа грыбы не растуць). Насамрэч сувязь тут трэба шукаць з назоўнікам ля́да, адно са значэнняў якога — ‘дзялянка высечанага лесу, хмызняку’.

Прыслоўі наўгруня́ і ўгру́нь у значэнні ‘хутка (бегчы)’ адзначым таму, што незвычайныя. Ёсць яны і ў слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы, праўда з паметай абл. (абласное).

А вось за словам со́нца як назвай сланечніка мы натуральным чынам палявалі — неяк не верылася, што на ўсходзе Магілёўшчыны так сапраўды гавораць. Ведаеце, гавораць, чулі на свае вушы. І гэта здорава, бо надзвычай вобразна і прыгожа: «Сонца панасадзіла… Сонца сабе вона зацвіло».

Слова пу́ня ў значэнні ‘хлеў’ мы пачулі ад усіх трох інфармантаў, што для Магілёўшчыны натуральна. Аднак у Круглянскім раёне бабуля часцей ужывала слова сара́й, якое раней, згодна з картай, было амаль не характэрна для Беларусі.

З цікавых рэгіяналізмаў згадаем яшчэ загува́ліну (першае «у» тут — вынік дысімілятыўнага акання) у значэнні ‘прызба’ і шкуця́нку як назву коўдры, вытканай з ануч.

Вывады

Дзеля цікавасці мы ўскладнілі сабе навуковую задачу і гэтым разам. Так, пры падрыхтоўцы да экспедыцыі ў Магілёўскую вобласць намі былі выбраны населеныя пункты, адлегласць паміж якімі напрасткі складае каля 90 км (на Міншчыне было каля 100 км, на Віцебшчыне — больш за 200 км). Аднак нават у гэтым выпадку мы змаглі не толькі адшукаць лексічныя адрозненні, але і засяродзіцца на словах, якія ўжываюцца пераважна на ўсходзе краіны (кваку́ха, лядні́к, па́ніўка, шчо́гла ды іншыя).

Больш за тое, падчас размоў з мясцовымі старажыламі намі былі выяўлены лексічныя адзінкі, якія раней на тэрыторыі Магілёўшчыны не фіксаваліся (кла́дка ў значэнні ‘калодзежны журавель’, сара́й, цыпля́тніца). Зрабіць гэта, нагадаем, удалося дзякуючы наяўнасці такіх фундаментальных прац, як «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» і «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», аўтарскія калектывы якіх у свой час заслужана атрымалі дзяржаўныя прэміі.

Дзякуем Таццяне Васільеўне Саланенка (в. Шапялевічы Круглянскага раёна) і Таццяне Васільеўне Літоўка (аг. Ваўкавічы Чавускага раёна) за дапамогу на месцах.


A1 імкнецца дапамагчы беларусам нанава адкрыць для сябе ўласную спадчыну: традыцыі, гісторыю, культуру і іншыя элементы нацыянальнага багацця. Кампанія звяртае асаблівую ўвагу на найважнейшыя беларускія артэфакты, такія як беларуская мова, нацыянальнае мастацтва і куткі некранутай прыроды.

Спецпраект падрыхтаваны пры падтрымцы УП «А1», УНП 101528843.
Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти

Чытайце таксама:

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by