Як немэйнстрымна адсвяткаваць вяселле? Паказалі ў глыбіні Белавежскай пушчы

8578
159
12 августа 2019 в 16:56
Источник: Дар'я Спевак. Фото: Ганна Іванова

Як немэйнстрымна адсвяткаваць вяселле? Паказалі ў глыбіні Белавежскай пушчы

Сучасныя вяселлі падобныя адно да аднаго — белая сукенка, выкуп у пад’ездзе і бязглуздыя конкурсы. Раней беларусы не камячылі газету тым самым месцам на каленях адзін у аднаго, не выкрадалі нявесту і не мылі цешчыных ног. Сёння цяжка сказаць і зразумець, адкуль вытокі ў сучаснага механізма вяселля. Мы з’ездзілі на сапраўднае, традыцыйнае — падкідваем вам маляўнічую ідэю з беларускага Палесся.

У вёсцы Стойлы ў Белавежскай пушчы прайшоў першы на Беларусі вяселле-фэст. З сапраўднай пушчанскай гарэлкай, караваямі і лявоніхай. І з сапраўднымі жаніхом і нявестай — Сяргей і Віялета вырашылі адзначыць галоўны дзень у жыцці паводле родных традыцый.



Свята пачынаецца з варот аграсядзібы. Тройчы гучыць дуда — госці і маладыя збіраюцца каля варот. Жаніх і нявеста стаяць паасобку: кожны ў сваім гурце моладзі, у кожнага і свае музыкі.

Раней вяселле на Пружаншчыне не ўяўлялі без двух караваяў. Адзін пяклі на жаніха, другі — утрая меншы — на нявесту. З вялікага і пачаўся абрад прыбірання.

Фальклорны гурт рыхтуе самаробныя шышкі і кветкі, утыкае іх у каравай. Вясельны хлеб абвязваюць стужкай, кладуць на ручнік і абсыпаюць жытам пад спецыяльныя каравайныя песні на мясцовым дыялекце. На першую каравайную кветачку спачатку кладуць мужчынскую шапку — каб у маладых першым нарадзіўся хлопчык.

— Лістамі бярозкі, каб маладыя не пралівалі слёзкі, — завяршаюць фалькларысты ўпрыгожанне.

Каравай гатовы. Нежанатых гасцей запрашаюць паваражыць і даведацца, хто з іх першым пабярэцца шлюбам. Тры дзяўчыны і хлопец трымаюць па доўгаму самаробнаму букету і на «раз-два-тры» ўсаджваюць іх у каравай. Хто зрабіў гэта хутчэй за астатніх, той і першым жэніцца/выйдзе замуж.

Каравай падзялілі, будучых жаніхоў і нявест — таксама. Цяпер госці займаюцца прыбіраннем маладой — дзяўчаты робяць бутаньеркі, надзяваюць нявесце вянок (першы і адзіны раз у жыцці), спяваюць песні.

— Калі дзяўчына выходзіць замуж, касу павінна хаваць пад хустку, — прыгаворваюць жанчыны побач.

Выкуп на Палессі падобны да сучаснага — «фэйкавая» нявеста, загадкі для жаніха і патрабаванне грошай. Чым больш, тым лепей. Сапраўдная нявеста знаходзіцца ў хаце, функцыя гасцей — пастаянна заглядваць у вокны. Жаніх тым часам праходзіць іспыт: у яго пытаюць, што такое імбрык, вэлюм і шаршатка, — Сяргей адказаў на ўсе пытанні правільна.

Пасля гэтага маладыя сядаюць на прыбраны воз — іх абсыпаюць жытам. Рамізнік робіць кола вакол сядзібы і прывозіць іх на «рэгістрацыю» — пад ліпай за дваром іх віншуе святар.

Для маладых рассцілаюць два палавікі — сімвал дзвюх дарожак, якія сходзяцца. Жаніх і нявеста сходзяцца у цэнтры і адначасова становяцца правымі нагамі на край ручніка. Сваты падносяць ім замок, яго замыкае жаніх — ставіць крыж «на дзявочым жыцці і хлапочым гулянні». Ключ аддаюць найстарэйшай жанчыне з роду, а замок наказваюць выкінуць у калодзеж.

Пасля вызначаецца, хто ў сям’і будзе галоўным. Як? Хто з маладых адкусіць большы кавалак ад каравая — таму і карты ў рукі. Сяргей адкусіў большы, але падзяліўся з жонкай. Дарэчы, каравай ядуць з мёдам.

— Мёдам-мёдам, каб былі дзеці як мядзведзі! — прыгаворваюць госці. Потым разліваецца самагонка: каго абаллюць, той і будзе хрысціць будучых дзяцей.

Цікавы абрад — застрыг. Запальваюцца свечкі, і жанчына адразае патрошку валасоў у жаніха і нявесты. Валасы аддаюць маці жаніха — яна павінна іх захоўваць усё жыццё.

Затым надыходзіць час для падарункаў і частавання. Каля жылой хаты стаіць засланы абрусам стол, да якога падыходзяць маладыя. З хаты ўрачыста выносяць каравай (той самы вялікі, што з боку жаніха), ставяць вясельны хлеб на стол. Нажы стэрылізуюць гарэлкай, і сват рэжа каравай ды раздае прысутным. Госці выпіваюць па чарцы, віншуюць маладых і нясуць падарункі.

Паміж кожным абрадам госці танцуюць, п’юць і ядуць за святочным сталом. Маладыя цалуюцца. Бліжэй да вечара — самы патаемны абрад. Жаніха і нявесту праводзяць на шлюбную ноч. Гучаць каморныя песні, і госці праводзяць маладых да жылой хаты. Калі там гасне святло, усе ідуць танцаваць.

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Источник: Дар'я Спевак. Фото: Ганна Іванова