Кажуць, у мінулыя стагоддзі шляхта ганарылася не толькі ваеннымі подзвігамі: старажытныя дакументы захавалі яшчэ і гарачыя прыгоды нашых сваякоў. І тут мы пачынаем турбавацца за сучасных інстаграмных мачо. Калі яны даведаюцца пра колькасць дзяцей Станіслава-Аўгуста Панятоўскага і каханак Багуслава Радзівіла, іх самаацэнка рэзка ўпадзе. Не будзем хаваць, што адзін з гэтых нашых продкаў праз звышувагу да кабет літаральна разваліў Рэч Паспалітую, а другі трапіў у Бастылію і быў вызвалены Ганнай Аўстрыйскай. Ходзяць чуткі, што такую авантурную Беларусь продкі моцна намагаліся схаваць за завесай тайны. Але мы прыадчыняем яе расповедамі пра самых бойкіх Казаноў ВКЛ.
Яго называлі адчайным і смелым мужчынам, прыгажуном і зацятым хобалем. Па сутнасці, гэта звычайны набор, які характарызуе любога з залётнікаў. Праўда ў тым, што не любога Казанову можна назваць беларускім д’Артаньянам, а Багуслава — лёгка.
Пра самага вядомага аматара кабет у нашай гісторыі калісьці ведала ўсё замежжа. Падчас свайго знаходжання ў Парыжы Багуслаў пазнаёміўся з будучай каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай Марыяй Луізай Ганзага і суправаджаў яе на шляху ў Брусель. Іншая справа, ці былі ў іх рамантычныя зносіны — гісторыя пра гэта маўчыць. Аднак што дакладна вядома — жаночаму атачэнню з ім было цікава.
Багуслаў увогуле лічыўся чалавекам з развітым эстэтычным густам, і гаворка не толькі пра творы мастацтва. Так сталася, што пільная ўвага да прыгожых жанчын прывяла яго ў Бастылію.
А пачыналася ўсё прыгожа. Яе звалі прынцэсай дэ Кантэкруа: вабная жанчына, нашмат старэйшая за Багуслава і, як кажуць, дасведчаная ў амурных справах. Каб купляць ёй кветкі, князь нават закладаў срэбра. Аднак, па канонах любога гістарычнага сюжэта, раман не раман, калі ў ім нешта не здараецца. Гэты — не выключэнне. Пра іх сувязь даведаўся граф дэ Рые, другі прыхільнік прынцэсы. Паміж двума мужчынамі пачаліся спрэчкі, і Радзівіл ударыў дэ Рые ў сківіцу. Апошні кінуў першаму ў твар пальчатку. Дуэль павінна была скончыцца тым, што чакалася, але ў самы гарачы момант з’явіліся гвардзейцы і разнялі ворагаў.
Праз год дуэлянты вярнуліся да няскончанага. Калі іх зноў злавілі, Багуслаў трапіў у Бастылію. На словах ліцвінскага героя ўжо пахавалі: усім было вядома, што з гэтай турмы ніхто не выходзіць. Але ж ніхто не ведаў, на што здатны шляхціц з ВКЛ. Багуслаў пакінуў муры праз дзень. Гэтага бунтара вызваліла Ганна Аўстрыйская: аказалася, яны ўжо даўно ліставаліся з Багуславам.
Здавалася, зрабі высновы — жыві далей. Аднак дуэлі для Радзівіла не перасталі быць наркотыкам. Для чарговага выкліку хапала нават таго, каб хтосьці «не так» пасміхнуўся. Па-прыгожаму шляхціца можна было б называць адважным, а па праўдзе — хутчэй славалюбівым і неабачлівым.
Калісьці ён амаль кінуўся на зброю, каб уратаваць жыццё шведскаму каралю Карлу Густаву. І зрабіў гэта так эфектна, што той не пашкадаваў падзякі: сасватаў яму ўласную сваячніцу. Ганна Аўстрыйская ўзяла на сябе ролю свахі і таксама прапанавала яму шлюб з дзвюма арыстакраткамі на выбар. Аднак родзічы дзяўчат не пагадзіліся: ну які бацька, ведаючы пра распусную натуру маладога чалавека, дасць згоду? Багуслаў не надта засмуціўся: яго сэрца ўжо было занятае.
Усім хочацца верыць, што нават зацятыя мачо калісьці сустрэнуць сваё каханне і спыняцца. Так здарылася і з Багуславам. Яму было 40, ёй — 20. Багуслаў даводзіўся Ганне Радзівіл стрыечным дзядзькам, і таму меў права адмаўляць усім прэтэндэнтам на яе руку. Аднойчы ён напісаў каханай: «Калі хто аблапаць рызыкне, такому пану адарву ўсё, што толькі можна адарваць», а напрыканцы сентыментальна падпісаў: «Твой Багусь». Стала зразумела, што паміж імі зусім не роднасныя зносіны. Багуслаў і Ганна ўзялі шлюб. Аднак на фоне Сэрсэі і Джэйме з «Гульні тронаў» гэтая сувязь цяпер выглядае больш чым прыстойнай.
XVIII стагоддзе было ледзь не самым вольным на норавы, і намарафечаныя вяршкі грамадства расцякліся па цэнтрах — Гродне і Варшаве. Каханак у апошнага манарха Рэчы Паспалітай тут было шмат — дзяржаўныя справы маглі пачакаць.
У біяграфіі гэтага чалавека тлустым шрыфтам значыцца наступнае: разваліў Рэч Паспалітую. Хтосьці баіцца абразіць апошняга кіроўцу вялікай краіны і эўфемістычна называе яго «каралём Асветніцтва». Іншыя не скупяцца і караюць: замест таго каб займацца краінай, ён займаўся жанчынамі. Гісторыкі ж на просьбу пералічыць колькасць каханак Панятоўскага толькі разводзяць рукамі: «Там такі шлейф!..»
І сапраўды, у яго ложку апыналіся жанчыны ўсіх узростаў і статусаў. Калісьці пляткарылі, што ў Панятоўскага засталося каля сотні пазашлюбных дзяцей, але гэта не дакладна. Вядома іншае: тыя дзеці, якіх ён прызнаваў, прымаліся грамадствам.
Кахаць — справа маладых, і Панятоўскі гэта часта пацвярджаў. Спачатку ў яго жыцці здарылася Генрыета Люлье — 18-гадовая прыгажуня, якая хацела быць бліжэй да ўплывовых мужчын і ў сваіх жаданнях не стрымлівалася: разам з каралём забаўляла і яго роднага брата.
Потым была Кацярына Тамаціс, чый муж быў не супраць рамана — наадварот, дастаўляў Панятоўскаму новых палюбоўніц. Ізабэла Чартарыйская, яшчэ адна каханка караля, была жонкай яго кузэна. Той ведаў і падвозіў яе на спатканні, сам жа ехаў шукаць прыгод у іншае месца.
Падкі Панятоўскі быў і на разумных жанчын. Лізавету Грабоўскую лічаць самай адданай палюбоўніцай манарха. Гэта была жанчына «з прыгожымі блакітнымі вачыма, пругкім целам, мiлым розумам і вялікай дабрынёй сэрца». Зрэшты, менавіта яна і пераўзышла астатніх каханак любага — рушыла за Панятоўскім у ссылку да Гродна, потым у Санкт-Пецярбург.
Аднак самым цікавым раманам для гісторыі застаецца сувязь Панятоўскага з Кацярынай II. Тое, што ён быў пасланнікам пры расійскім двары, маладога князя ані кроплі не засмучала — ён упэўнена ўваходзіў у спальню імператрыцы.
«Граф Панятоўскі для выхаду ад мяне браў звычайна з сабой белакуры парык і плашч, і, калі часавыя пыталіся, хто ідзе, ён называў сябе: „Музыкант вялікага князя!“» — пісала ў дзённіку Кацярына.
Аднойчы каханкаў усё ж такі засталі разам, графа спусцілі са сходаў, і іх сувязь перапынілася. Але Панятоўскі такі застаецца адзіным замежнікам сярод фаварытаў Кацярыны II, а таксама адзіным, хто атрымаў у падарунак ад яе карону.
Заслужана адводзім яму другое месца сярод каханцаў ВКЛ.
Ён набыў славу «гарачага» князя яшчэ ў 14 гадоў. Ну падумаеш — заляцаўся да паненкі, звыклая ж справа. Толькі менавіта з гэтай дзяўчынай думаў заручыцца яго пакойны брат Мікалай. Сорам? Аніякага. У дзённіку Міхал згадваў: «Удаўся я ў канкурэнцыю; я там уставiчна аморы пладзiў i ca студэнта гжэчным гахам зрабiўся».
Гэты найбагацейшы магнат ВКЛ спачатку быў вялікім гетманам літоўскім. Ужо потым да яго імені дачапілася слава героя-каханца. Аднойчы ён прыехаў у госці да магнатаў Сабескіх, аднак не застаў там князя Якуба. Затое даволі паспяхова пазнаёміўся з двюма яго дочкамі — Казімірай і Шарлотай. Зразумела, паміж маладымі ўзніклі чаканыя жарсці. 17-гадовы Радзівіл адкрыў душу дзённіку: напісаў, як моцна закахаўся ў 22-гадовую Шарлоту. Арыстакратка, якую насамрэч звалі Марыяй Каралінай, была «прыгожай, высокай, рудавалосай і выкарыстоўвала любую магчымаць, каб падкрэсліць прывабнасць сваёй фігуры».
Маці маладога Рыбанькі апынулася кемлівай: завязла сына далей ад спакусы. На гэтым гісторыя магла б скончыцца, толькі прыгожы і сумны працяг у яе ёсць: маладыя ўжо паспелі закахацца і слалі адно аднаму лісты. Бацька Шарлоты на шлюб не даў згоды, і ўсе спадзяванні пайшлі крахам. У лепшых рамантычных традыцыях Шарлота запала ў дэпрэсію і сабралася ў манастыр. Пазней яна ўсё ж такі двойчы была замужам, штораз — нешчасліва. У сваім завяшчанні яна напісала: усю маёмасць пакідаю Міхалу Радзівілу.
Аднак вяртаемся да рэальнасці. Рыбанька пасля расстання, здавалася, выдатна сябе адчуваў: адправіўся з маці ў еўрапейскае турнэ. У апошняй была дакладная мэта — знайсці прэтэндэнтак на ролю нявесткі. Яна так старалася, што дасягала прапаноў ад дам з лепшых дамоў. Аднак зварот да сына заставаўся безвыніковым. Міхаіл вельмі любіў свабоднае таварыства з жанчынамі, сваіх жаданняў не стрымліваў і актыўна бавіўся пры двары ў Вене і Празе. Імёны каханак запамінаць яму было складана, то ён і называў іх па-міламу — «рыбанькамі». Аднак вольным заняткам прыйшоў канец. У 1725 годзе Міхаіл Казімір нарэшце ажаніўся з Уршуляй Вішнявецкай.
Гэты кароль і вялікі князь завяршае наш спіс аматараў жаночай прыгажосці. Самай значнай сярод яго палюбоўніц лічаць Ядвігу Лушкоўскую. Французскі пісьменнік Шарль Агер львоўскую прыгажуню апісваў так: «Поўная вялікага абаяння, з цёмнымі вачыма і валасамі, гладкай і свежай скурай». Таму не дзіва, што кароль пасяліў яе прама на Варшаўскім замку, каб мець магчымасць ладзіць спатканні часцей.
У 1637 годзе, калі Ваза ажэніцца, становішча Ядвігі стане вельмі хісткім. Хоць сам кароль і не спяшаўся аддаляць сваю пасію, уласна яна і наклікала на сябе бяду. Падчас адной з вясельных забаў Ядвіга вельмі гучна засмяялася і звярнула на сябе ўвагу каралевы. Тая пацікавілася, што гэта за дзёрзкая асоба. Ёй распавялі, і праз некаторы час вясёлая прыгажуня пакінула двор. Зрэшты, у літоўскі Мерач, куды яна пераехала, кароль пачаў надзіва часта ездзіць на паляванне.
Гэтае захапленне ў Вазы было не адзіным: ён меў палюбоўніц ва ўсіх важных гарадах. У спісе значыліся габрэйскія прыгажуні Шычыкава і Саламонаўна, а пасля смерці жонкі і трэцяя прыдворная дама — Разіна Маргарыта фон Экенберг. Казанова з Вазы атрымаўся выдатны.
Іншая справа, што не кожны такі лавелас пасля жаніцьбы аддаляе сваіх каханак. Кароль у другі раз пабраўся шлюбам і аддаваў перавагу толькі сваёй жонцы Марыі Ганзага — менавіта той жанчыне, якую суправаджаў у Брусэль Багуслаў Радзівіл.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу гісторыкам Наталлі Сліж і Яўгену Аснарэўскаму.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!