«I зараз жа вупiў…» Літрэдактар Onliner, кандыдат навук Вадзім Шклярык атрымаў навуковую прэмiю за палескi каларыт

5358
17 декабря 2018 в 18:22
Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Вадзiм Шклярык, Анастасія Марозава

«I зараз жа вупiў…» Літрэдактар Onliner, кандыдат навук Вадзім Шклярык атрымаў навуковую прэмiю за палескi каларыт

Источник: Андрэй Рудзь. Фото: Вадзiм Шклярык, Анастасія Марозава

Кожны год Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ўзнагароджвае навукоўцаў спецыяльнай прэміяй. Па выніках 2017 года адным з пераможцаў стаў наш калега — навуковы супрацоўнiк Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі і лiтаратурны рэдактар Onliner Вадзім Шклярык. Яго адзначылi за манаграфiю з занадта сур’ёзнай назвай: «Мікратапанімія Усходняга Палесся ў кантэксце развіцця рэгіянальнай лексічнай сістэмы». На самай справе ўсё яшчэ больш займальна. Высвятляем, чаму палеская мiкратапанiмiя — гэта жыццёва важна.

Гэта крута? Што за прэмія наогул?

Час ад часу «прадстаўнікі беларускай і літоўскай грамадскасці» ладзяць у розных краінах Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Заяўленая мэта — «інтэграцыя даследчыкаў і экспертаў, спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў свеце». На Кангрэсе, сярод іншага, презентуюцца вынікі даследаванняў, iдзе абмен ідэямі.

Прэмія Кангрэса ўручаецца ў трох намінацыях — «Гісторыя», «Гуманітарныя навукі» і «Сацыяльна-палiтычныя навукі». Пераможцаў вызначаюць экспертныя рады, у якія ўваходзяць аўтарытэтныя спецыялісты з розных краін.

— Экспертная рада адбірае працы, складае шорт-ліст. Сёлета па маёй намінацыі («Гуманітарныя навукі. Манаграфіі») у шорт-ліст трапілі таксама кнігі трох дактароў навук, — расказвае Шклярык. — Гэта пры тым, што я — не доктар, толькі кандыдат навук...

Нягледзячы на аўтарытэты, адрыў атрымаўся вялікі: Вадзім набраў 64 балы, найбліжэйшы канкурэнт — 45.

— Колькі гэта мільёнаў долараў? — адразу пераходзім да галоўнага пытання.

Шклярык паціскае плячыма: асабліва не цікавіўся, пакуль атрымаў толькі прыгожы дыплом. Вельмі ім ганарыцца — такі не купіш.

Мікратапанімія Палесся — гэта што і навошта?

— Мікратапонімы — гэта, прасцей кажучы, назвы ўрочышчаў. Чаму важна іх даследаваць? Натуральна, што з адыходам нашых бабуль і дзядуль частку такіх найменняў мы таксама страчваем. А манаграфіі і слоўнікi з гэтымі назвамі — спосаб зберагчы частку нашай культуры, у тым ліку рэгіянальнай. Сама кніга — гэта скарочаны варыянт маёй кандыдацкай дысертацыі, якую я абараніў год таму. А даследаваць мікратапонімы пачаў яшчэ студэнтам — першая публікацыя па тэме выйшла ў 2002 годзе. Атрымліваецца, 15 гадоў пісаў... Пастараўся ўлічыць усё, што было напрацавана папярэднікамі. Здаецца, выйшла даволі грунтоўна.

«Мыўса», «наеўса»...

Увогуле, пры напісанні манаграфіі было прааналізавана больш за 30 тысяч назваў урочышчаў. Больш за 2 тысячы Шклярык сабраў «уласнымі рукамі» падчас паездак па Палессі.

— Тэхнічна гэта выглядае так: прыязджаеш у вёску, бачыш бабулек на лаўцы. Падыходзіш і кажаш: «Я з Акадэміі навук» — і яны ўсё табе падрабязна распавядаюць. Людзі ў нас вельмі добразычлівыя, адкрытыя. Некаторыя стараюцца нейкіх яблыкаў пасля насыпаць ці дранікамі накарміць.

Аб’ездзіў з экспедыцыямi Акцябрскі, Жыткавіцкі і Петрыкаўскі раёны на Гомельшчыне, Любанскі і Старадарожскі раёны Мінскай вобласці. Дарэчы, нават старажылы не заўсёды ўжо ведаюць, чаму ў таго ці іншага месца менавіта такая назва. Кожную трэба зафіксаваць, падрабязна апісаўшы, які аб'ект яна абазначае.

Бывае, адно найменне выкарыстоўваюць не толькі для называння балота, але і суседняга лесу, поля і гэтак далей. Ці, здараецца, зараз тут поле, а называецца яно неяк «па-балотнаму» — Тапіла ці Пелька (апошняе слова, дарэчы, балтызм). Мясцовыя жыхары тлумачаць: так, раней было балота, потым асушылі... Такім чынам і выходзіш на этымалогію.

— Навошта наогул ездзіць? Глядзі ў інтэрнэт, каталагізуй...

— Так не атрымаецца. Па-першае, далёка не ўсё ў нас яшчэ сабрана. Па-другое, важна дакладна зафіксаваць кожную назву, пазначыць націск. Неспецыяліст можа і не разабраць нешта з-за дыялектных асаблівасцей. На поўдні Беларусі, напрыклад, окаюць (кажуць «корова», «молоко»), «сакаюць» (гавораць «мыўса», «наеўса»), замест «ы» ўжываюць «у»...

— Гэта як?!

— Ну, «вупіў»... Што да назваў, то трапляюцца і досыць дзіўныя з сучаснага гледзішча. Напрыклад, Чарцёж. Сёння незразумела, чаму ўрочышча атрымала менавіта такое найменне. Раней «чарцяжамі» называлі лясныя дзялянкі, дзе дрэвы падсякалі, «чарцілі», каб яны сохлі. Потым лес высякалі, а зямлю распрацоўвалі пад поле. Вось адсюль і «чарцяжы» на Палессi.

— Дарэчы, да цябе гэтыя чароўныя дыялектызмы ў паездках не ліпнуць? «Вупіў»...

— Як лінгвіст я сачу за тым, што кажу, таму не, не ліпнуць. Але запамінаюцца. Па гаворцы нярэдка магу вызначыць, адкуль чалавек родам. Натуральна, гэта нельга лічыць звышздольнасцю, але так, дыялектолагі гэта ўмеюць.

Што далей?

Кніга Шклярыка была выдадзена невялікім накладам (120 асобнікаў), які даволі хутка разышоўся. Цяпер яе можна знайсці толькі ў бібліятэках.

— Сёлета ў мяне ўжо была размова з галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская навука» наконт дадатковага накладу, тым больш што год таму манаграфія атрымала таксама прэмію НАН Беларусі як лепшая навуковая работа маладых вучоных. Але дамовіцца пакуль не ўдалося.

Між тым наш калега, які, не забываемся, з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, працягвае даследчую дзейнасць.

— Наступныя працы адназначна будуць звязаны з беларускімі гаворкамі. Я люблю нашых бабуль і дзядуль, яны добрыя і спагадлiвыя. З імі заўсёды цікава, шмат пра што можна даведацца.

моторно-гребная, дно: надувное (airdeck), ПВХ 850 г/кв.м, стационарный транец, грузоподъёмность: 450 кг, 4 места
гребная, дно: надувное (airdeck), транца нет, грузоподъёмность: 115 кг, 1 место
Нет в наличии
моторно-гребная, дно: жесткое (пайол), ПВХ 1500 г/кв.м, грузоподъёмность: 1800 кг, 16 мест
Нет в наличии

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!