«Калі шмат назбіраеш, за дзень заробіш як за месяц». Паляшучка пра выжыванне за кошт ягад і будоўлю на Альманскіх балотах

32 303
23 августа 2018 в 8:00
Источник: Таццяна Ашуркевіч

«Калі шмат назбіраеш, за дзень заробіш як за месяц». Паляшучка пра выжыванне за кошт ягад і будоўлю на Альманскіх балотах

Источник: Таццяна Ашуркевіч

«Вы мяне хоць зараз завязіце ў балота, я адразу назад дарогу знайду! Кожную кропачку тут ведаю», — кажа паляшучка Кацярына Максімаўна Дзенісовіч, якая жыве ў Альманах з самага дзяцінства. Яе расповед — гэта гісторыя цэлага пакалення, якое выжывае за кошт таго, што збірае ў балоце журавіны і прадае іх у горад. 80-гадовая жыхарка Палесся згадзілася пазнаёміць Onliner.by з унікальнымі ландшафтамі і расказаць пра месцы, якія пакуль яшчэ застаюцца некранутымі.

Цяпер у самым буйным у Еўропе лесабалотным масіве, дзе чалавеку забаронена весці любыя шкодныя працы, будуюць дарогу працягласцю ў 14 кіламетраў. Улады кажуць, што яна павінна абараніць мясцовасць ад пажараў і дапамагчы людзям хутчэй трапляць у ягады. З першым пунктам спрачаюцца геолагі, другі не разумеюць мясцовыя жыхары. «Навошта нам тая дарога? У нас дзеці малыя кожны кусцік ведаюць», — дадае Кацярына Максімаўна і паказвае ў бок тонкіх балотных сцежак.

— Да нас і палякі прыязджалі на ягады, ім тут дазволілі быць. Мы разам спявалі, мяне нават фатаграфавалі. Папросяць правесці ў балота, то я згаджаюся. Бог жа ўсім даў гэтую зямлю, не толькі нам, — расказвае паляшучка, калі садзіць нас на лаўку. Яе вясковая хата нічым не адрозніваецца ад дамоў побач: драўляная, нізкая, з хлявом і вялікім дваром. Худоба, як тут называюць скаціну, павольна гуляе па ім.

Жанчына заўважае фотакамеру і пытае: «Вы яшчэ і здымкі мае зробіце? Пакажаце людзям, дык яны скажуць, што нейкую дзіўную бабу знайшлі. Але ж праўда: тут у нас усе такія…»

Пра дзяцінства і палескую інтуіцыю

Кацярына Максімаўна ўжо і не памятае, хто першы з яе сям’і пачаў хадзіць у журавіны. Спыняецца ўзгадваць на прабабулі — яна яшчэ яе бабку за руку вадзіла ў ягады, бабуля — маці, а тая — маленькую Кацю.

— Маёй матулі было 83 гады, а яна ўсе сцежкі ведала, усё памятала. І мяне з дзяцінства вучыла запамінаць. Тут усе так жывуць: з маленства ходзяць у ягады. Але сваё дзяцінства я добрым не памятаю — маці ў вайну сама нас гадавала, бо бацьку забралі ў партызаны, — расказвае жанчына. — А калі ён вярнуўся і пайшоў у калгас, мы туды грошы плацілі. Што мне заставалася рабіць, акрамя як убродзьку, калі па пояс вады, хадзіць у лясгас па балоце — зарабляць няшчасную капейчыну?

У школу ніхто з дзяцей не хадзіў, і дзяўчына таксама заставалася дома — глядзела кароў. Другіх заняткаў не было. Таму калі Кацярына Максімаўна кажа, што ўсе «выжывалі ягадамі», яна не перабольшвае — так жыла ўся вёска.

— Замуж я пайшла за сірату, ён ужо 20 год як памёр. Але нарадзіла пяць дзяцей, цяпер засталося толькі двое з іх. Вось такое маё гора. Зараз я зусім нічым не займаюся: нага баліць. А нядаўна вярталася дадому, то мяне сабака пакусаў, — паказвае распухлую руку жанчына.

Кажа, што ёй з гаспадаркай дапамагае сын, які жыве побач, і дачка Святлана. Тая працуе на пошце, але і яна, калі трэба, ходзіць у ягады. Кацярына Максімаўна завярае, што баяцца ў балоце няма чаго:

— Ідзі сабе па кладках ды паглядай налева, каб ягады не прапусціць. А заблукаць не заблукаеш, калі ты тут жывеш. Вы, можа, і згубіліся б. А я ж усё наўкол ведаю — «чуйка» мясцовая. Нават калі і спынюся дзе, усё роўна выйду на дарогу і знайду, як вярнуцца.

Запэўнівае: яна — бабуля без страху. З ёй хоць на край свету ідзі — не згубішся.

Пра жыццё на балоце

Сезон збору ягад пачынаецца ў канцы жніўня — пачатку верасня. У гэтым годзе на паляванне за імі можна ісці з 24 жніўня. Жанчына, як і ўсе, пойдзе сёлета таксама. Адзіная ўмова — калі дазволіць здароўе. Цяпер сілы ў яе не тыя, добра сабраць хоць жменьку, а быў час, яна з сяброўкай за дзень набірала цэлы мяшок балотнай ягады.

— Памятаю, як ішлі мы ў вадзе па пояс. Цяпер такога няма: і вады менш — павысыхала, і кладкі для людзей ёсць. А тады як увалішся ў ваду, то ўвесь той мяшок там і застанецца. Кідаеш яго, адно каб сам вылез, ідзеш новы збіраць, — распавядае Кацярына Максімаўна.

Жанчына ўзгадвае, што ў балоце прыходзілася і начаваць. Аднойчы, калі яна пайшла туды з сяброўкамі, адна з іх употайкі ўцякла да хлопца.

— Мы з другой дзяўчынай не ведалі, дзе яна. І запалак не было — цемра адна. Гукалі-гукалі, а яе няма. Залезлі на хвою, каб паглядзець, а ўсё роўна нічога не бачна. Злезлі, ляглі, дачакаліся дня. Пры святле яшчэ ягад набралі і пайшлі дахаты, — пасміхаецца бабуля. Кажа, каб уначы было зручна ляжаць на зямлі, трэба было пакласці што-небудзь на траву, легчы і накрыцца хусткай. Адно перашкаджала: камары. Заставаліся так на некалькі дзён. Зараз бабуля ходзіць у балота толькі на адзін дзень: прачынаецца а шостай раніцы, вяртаецца а пятай вечара.

Расказвае Кацярына Максімаўна, што раней, калі асфальтаванага шляху яшчэ не было, са Століна на лодках прыязджалі людзі. Звычайна на выходныя. Потым вырашалі застацца на тыдзень. У выніку ў горад вярталіся праз месяц. Прычына простая: калі прыехаў, дык зарабляй як чалавек. І на прыём скардзіцца не было чаго: мясцовыя пакідалі столінцаў жыць у сваіх хатах, а з раніцы праводзілі ў ягады.

— Зараз такога няма, вядома, ды і свет даўно ўжо не той, — кажа паляшучка. У жанчыны — дзясяткі ўспамінаў пра «балотныя» будні. Іх яна не лічыць асаблівымі: так жылі ўсе. Тады працягвае: — Ведаеце, у нас і малых дзяцей з сабой бяруць. Дарослыя ім пакажуць, як збіраць, то яны і рады старацца. У мяне цётка ёсць, ёй 99 гадоў. Яна да апошняга, пакуль моцная была, туды хадзіла. Па ягады ў нас і мужчыны, і жанчыны бягуць. Так сезон на балотах і сядзім, пакуль снег не ўпадзе.

Кацярына Максімаўна кажа, што ніколі нікому не адмаўляла, калі яе прасілі правесці па сцежках.

— Хай бяруць тыя ягады, бог жа ўсім даў. Людзі панабіраюць ды падзякуюць. Калі не ведаеш балота, то ў ім і застанешся. Туды хадзіць можна толькі з мясцовымі, — распавядае жанчына і тут жа просіць унука, які ў гэты час завіхаецца каля жывёлы, паказаць нам дарогу да балот. Едзе з намі і сама.

Пра Альманскія скарбы і дарогу пасярод іх

— Колькі ж трэба назбіраць тых ягад, каб на іх жыць? — цікавімся мы, пакуль едзем па сцежцы, дзе яшчэ здольны праходзіць аўтамабіль.

— Шмат, канешне. Але попыт заўсёды ёсць. Тут купляюць, у горадзе перапрадаюць. Чарніцы бяруць па тры рублі, журавіны зусім танна — па два. Можа, гэтым разам будзе трошку даражэй. Дзе ж ты дзенешся? Людзям прыходзіцца гэтым займацца. Хто працуе ў калгасе, таму добра. А астатнім што рабіць? Я ж пяцёра дзяцей выхавала на тых ягадах, — уздыхае жанчына.

У зараслях, якія ўздымаюцца над кожнай сцежкай, амаль немагчыма зразумець, куды трэба зварочваць, каб знайсці шлях да цывілізацыі або хаця б да ўстойлівай глебы. Навігатар у гэтай мясцовасці бездапаможны. Але не Кацярына Максімаўна. Яна так рашуча ўказвае, куды ехаць, што кіроўца задумваецца, ці не прасцей пасадзіць за руль яе. Раптам бабуля нешта заўважае на полі: «О, гаспадары пасуцца». І праўда: там спакойна і вельмі ганарліва стаяць буслы. Убачыш чародку такіх «гаспадароў» — лічы, рукой падаць да балота.

— Гэта ж вы тут не дома, а ў іх у гасцях. Тут усё інакш, — кажа Кацярына Максімаўна і хітра пасміхаецца.

Альманскія балоты сапраўды адрозніваюцца ад усіх астатніх на Палессі. Гэта адначасовае спалучэнне маштабнасці тэрыторыі, багацця жывёльных відаў і колішняй некранутасці. Апошняя знікла гэтым летам, калі наўпрост праз ваду пачалі будаваць дарогу. Яна ідзе з Цярэбліч Столінскага раёна да Дзяржынска Лельчыцкага раёна. У савецкія часы недалёка ад Альман змяшчаўся ваенны палігон, і шкода ад выпрабаванняў таксама была. Толькі ў параўнанні з будаўніцтвам дарог гэта нішто, бо сляды ад снарадаў хутка зарастаюць. У выпадку з дарогамі парушаецца гідралагічны рэжым, а значыць, экасістэма цалкам змяняецца. Калі яна стане абсалютна іншай, пра наступствы для прыроды можна толькі здагадвацца. Кацярына Максімаўна таксама вельмі турбуецца, што балоты сур’ёзна папсуюць.

— Хоць шкадуй, хоць плач. Нічога не зробіш і не папросіш. А біцца хіба палезеш? Вядома, што не. Высушаць ваду, як сушылі раней. А калі ніхто нікога не слухае, то што вы хочаце ад мяне пачуць? — пытае яна і абапіраецца на кульбу, каб прайсці да дрыгвы, калі мы спыняемся за некалькі метраў ад балота. Бабуля прапаноўвае прайсці праз кладкі, якія ледзь трымаюцца на вадзе, углыб за ягадамі. Але мы настойліва просім працягнуць размову тут, і жанчына заслужана называе нас баязліўцамі.

— Кажуць, што дарогу ў вас будуюць, каб хутчэй дабірацца да пажараў. Часта яны бываюць?

— У нас, было такое, усё гарэла. У 2015 годзе апошні раз. Там возера было вялікае-вялікае! Самоў мужыкі кожны вечар цягалі! Ніхто ў тым возеры не тапіўся ніколі. І крыж драўляны побач стаяў, каля яго дзяцей хрысцілі. А потым раз — і пагарэла ўсё. Хлопец малады ўпершыню патануў. Вось і думай, што да чаго… Я пасля пажару таксама хадзіла ў тую чарнату — усё выгарала.

Раней шлях да пажару займаў пяць-шэсць гадзін, і, здавалася б, цяпер, з дарогай, гэта будзе і прасцей, і эканамічна выгадней. Але ёсць адваротны бок: чым лягчэй трапіць у балота, тым большая верагоднасць таго, што чалавек пакіне ў траве запаленую цыгарэту. Асабліва калі гэта не мясцовы жыхар, а той, хто будзе прыязджаць, каб зарабіць на ягадах.

Пра грошы, палескае віно і рэцэпты ад хваробы

— Шмат хто з жыхароў Столінскага раёна ездзіць у ягады. Але яны тут усё ведаюць, усё шануюць. А астатнія… Хто іх ведае? Тут сапраўды можна атрымаць грошы — усё залежыць ад таго, колькі ты назбіраеш. Калі шмат, то за дзень як за месяц атрымаеш. Хто ў нас купляе ягады, мы таму гару па машынах засыпаем, яны і едуць назад. Нашы людзі навыперадкі бягуць — хто хутчэй ім здабычу аднясе. Як нашто ягады купляюць? — здзіўляецца Кацярына Максімаўна, калі пытаем, адкуль такі попыт. — А чарніла, а сок? Нашыя людзі пастаянна іх робяць.

«Чарніла» — гэта віно з журавін, без якога не абыходзіцца ніводнае свята ці, па-палеску, «прычына». Журавіны тут увогуле выкарыстоўваюць як лекі ад усяго, у большасці — ад ціску.

— Перакруціш з цукрам — кілаграм на кілаграм, дадасі часнык — і ясі. Вы не ведаеце, як гэта смачна. Яны і зялёныя — адна асалода, — расказвае жанчына з такім перакананнем, быццам мы прапусцілі ў жыцці нешта вельмі важнае. — А сочыва якое! У кастрычніку сюды ўвесь раён з’язджаецца. Не проста купляюць — грабуць. Бо морсы трэба рабіць.

— Дасце рэцэпт? — цікавімся мы.

— Цукар дадаеш, кіпяціш, лімонную кіслату не трэба: яна і так там ёсць. У флягі заліваеш — і пакідаеш на зіму. Вось убачыце — хварэць не будзе калі.

Пытаем Кацярыну Максімаўну, што яшчэ цікавага ёсць у палескіх журавінах. Адказвае — радыяцыя. І тлумачыць: Чарнобыль сваю справу зрабіў. Фірмы, што купляюць ягаду, правяраюць яе і расказваюць мясцовым, «дзе чысцейшая, дзе паганая». Але на рынак ідзе ўсё: прадаўцы змешваюць журавіны паміж сабой — так і атрымліваецца радыяцыйная норма, якую «можна прадаць так, што вы і за год не заробіце». Таму здзіўляцца, калі па новай дарозе за палескімі грашыма прыедуць незнаёмцы, жанчына не будзе. Адзінае, чаго хоча, — гэта каб нікому дрэнна не было: ні прыродзе, ні людзям.

Калі развітваемся, бабуля яшчэ кажа, каб прыязджалі, звяртаецца:

— Вы, калі трэба, пытайце, не бойцеся. І сваім людзям у горадзе скажыце, каб пыталіся і завітвалі. У нас тут усе добрыя — не хлусяць, усё вам пакажуць. Галоўнае, каб і іншыя добрымі былі. А тады як не ўжыцца? На свеце месца багата — ўжывёмся.

Фотакамеры ў каталозе Onliner.by

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by