Гісторыі

Заплакаў падчас спрэчкі пра мову. Рэальныя гісторыі з жыцця Уладзіміра Караткевіча

Источник: Onlíner
102
26 ноября 2025 в 7:00

Хіба хто з вас, калі быў падлеткам, не ўяўляў, што беларускія літаратары днямі і начамі думаюць толькі пра вёску? Альбо нон-стоп пішуць свае творы, захопленыя безлімітным натхненнем? Насамрэч яны — перш за ўсё людзі. Сёння, у дзень 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, мы зноў глядзім на яго не як на недасяжнага класіка са школьнай праграмы, а як на чалавека з вялікай гамай пачуццяў, сваіх перажыванняў і клопатаў. Гісторыі кахання, жартаўлівыя эпізоды жыцця, стаўленне да смерці — расказваем, якім быў сапраўдны Караткевіч.

Читать на Onlíner

Змест

Гэты артыкул ужо публікаваўся на Onlíner, і мы вырашылі зноў падзяліцца iм з вамі — бо гісторыі і падзеі, якія ён раскрывае, працягваюць заставацца важнымі і цікавымі.

Жанчыны. «Стары, я, здаецца, жанюся!»

І хаця пра сябе-нерамантыка Караткевіч казаў шмат, сведкі з яго жыцця даказваюць зусім адваротнае. Насамрэч, Уладзімір Сямёнавіч быў галантным і жартаўлівым мужчынам, які не цураўся ані пяшчоты, ані моцнага слоўца. Зрэшты, пацвердзіць гэта мы можам прыкладамі з нашага тэксту. І пачнём, бадай, з самых асабістых момантаў — кахання і жанчын, якія змянілі Караткевіча.

Мы вядзём гаворку пра пачуцці, і таму куды ж тут без інтымных цікавостак? Вось і адна з іх. Вядома, што некаторыя даследчыкі Караткевіча складаюць яго «донжуанскія спісы». Такі, напрыклад, прыводзіць даследчык Дзяніс Марціновіч.

Любоўны спіс Караткевіча складаецца, бадай, з трынаццаці прозвішчаў, а сем з іх сталі вызначальнымі ў жыцці пісьменніка. «Нонка», «Аленка», Святлана, Ніна і другая з Валянцін уваходзяць у лік жанчын, у якіх Караткевіч быў закаханы. Кацярына, Раіса і першая з Валянцін — асобы, якія яму моцна падабаліся. Імёны дзвюх жанчын узятыя ў двукоссе, бо яны дакладна невядомыя, таму ўжываецца імя гераіні, праз вобраз якой кожная з іх выведзена ў творах.

Але мы спынімся на трох жанчынах, якія істотна паўплывалі на лёс Караткевіча. Адна з іх — дзяўчына з ініцыяламі С. М. — з ёй Караткевіч пазнаёміўся падчас навучання ў Кіеўскім універсітэце. Паводле паэмы «Ліста нямае», С. М. была брунеткай, «з пушыстымі валасамі над чыстым ілбом, міндалевіднымі сінімі вачыма, маленькім прамым носам, трошкі велікаватай ніжняй губкай, тонкай, дзіцячай яшчэ шыяй, з агульным выразам чагосьці дзіцячага, нясмелага і разам з тым хітрага».

І хаця дзяўчына і Караткевіч часта сустракаліся, іх стасункі ўсё ж працягвалі заставацца сяброўскімі. Але з творчасці Уладзіміра Сямёнавіча вынікае, што затым паміж імі адбыўся разрыў. Прычын для гэтага было некалькі. Вось што распавядаў сам Караткевіч у адным з лістоў да свайго сябра Гальперына: «А тут еще помог друг и догадался пустить между нами черную кошку. И была обидчивость, и была космическая, невероятная, страшная глупость. Почему не остался, почему не убедил, почему? Ждал все, вот явлюсь и брошу книгу».

Праўда ж, гэтым гісторыя не скончылася. Праз некалькі гадоў Караткевіч зноў напісаў свайму сябру ліст, у якім выкрыў свае душэўныя ваганні і распавёў, што ён і дзяўчына аднавілі перапіску. Але пасля чарговага ліста дзяўчыны здарылася нечаканае. Яна паведаміла Уладзіміру Сямёнавічу, што ўзяла шлюб. Зрэшты, нягледзячы на здзіўленне ад такой раптоўнай навіны, Караткевіч усё ж высока ацэньваў ролю С. М. у сваім жыцці.

«Я все же благословляю эту вздорную и, возможно, чужую мне по взглядам девочку. Что в нас было двоих такое, что редко светит друг другу в мужчине и женщине», — пісаў ён свайму сябру.

Другой важнай жанчынай для Караткевіча стала Ніна Молева, выкладчыца гісторыі мастацтваў на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, дзе ў 1958—1960 гадах вучыўся беларускі пісьменнік. Ні яна, ні Караткевіч ніколі адкрыта не казалі адно аднаму пра ўзаемныя пачуцці. Аднак радкі з яго лістоў да выкладчыцы цалкам могуць прымусіць засумнявацца ў гэтым: «Я только на минуту подумал, что вы очень хороший и очень умный глупеныш. Разве надо меня испытывать? Разве не ясен я и без того? Впрочем, это ваше дело, даже если это так. Не любить вас я не могу. Вы меня воскресили к очень многому хорошему. С вами в мою жизнь вошло столько света, столько музыки и жизни, что не любить вас для меня сейчас означает не любить самого себя».

Але сапраўдным злачынствам было б абмінуць жонку Уладзіміра Караткевіча, Валянціну. І таму мы, вядома, распавядаем і пра яе. Калегі запомнілі Валянціну «блакітнавокай у акулярах бландзінкай, крыху паўнаватай, але зграбнай, у маленькай чорнай класічнай сукенцы, якая ёй вельмі пасавала».

Сам Караткевіч пяшчотна называў сваю жонку «Валюшэнцыя!». А падрабязней пра знаёмства і стасункі Уладзіміра і Валянціны выдатна распавядае сябра пісьменніка Адам Мальдзіс.

У 1967 годзе, напярэдадні кастрычніцкіх свят, узбуджаны Караткевіч прыбег да Мальдзіса:

— Разумееш, стары, я, здаецца, жанюся!

— І хто ж тая, што нарэшце цалкам запаланіла тваё сэрца?

— З Брэста. Валя. Валянціна Браніславаўна. Разумная жанчына. Гісторык, дакладней археолаг, і дысертацыю абараніла.

Пазнаёміліся яны, дарэчы, у Брэсце на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім».

— А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў?

— Які, да прыкладу? — Караткевіч сам страшэнна любіў добрыя дэтэктывы.

— Ну хаця б такі, як «Дзікае паляванне караля Стаха»... — аказваецца, яна не звярнула ўвагі на аўтара, калі чытала гэты твор.

— Га-га! Тры: га! — разрагатаўся Караткевіч. — Дык гэта ж я напісаў «Стаха»!

Валянціне стала ніякавата, і яна сказала:

— Тады пайшлі піць каву...

Ажаніліся яны роўна ў 110-ю гадавіну адмены прыгоннага права — 18 лютага 1971 года.

А яшчэ сябры пісалі, што Валянціна стала Караткевічу «і жонкай, і ахоўніцай, і нянькай, і медсястрой, і лекарам. Найперш яна разагнала прыліпал з бутэлькамі, частка якіх мэтанакіравана старалася спаіць пісьменніка. Яна ўпарадкавала яго побыт, апекавалася, вызваляючы час для творчасці, ствараючы для гэтага ўтульнасць і спакой».

Аднак так было наканавана: жонка Караткевіча моцна захварэла і памерла. Ужо пасля яе смерці ўкраінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка спытаў у Валодзі, якой усё-ткі была Валянціна, бо сам Валю так і не ўбачыў. І ён адказаў сумна, крыху падняўшы галаву, гледзячы ў цёмнае неба, нібыта дзесьці там, у невядомай вышыні, убачыў яе:

— Яна не была прыгажуняю, але валодала дзіўнай духоўнай абаяльнасцю. Яна была каралевай духоўнасці...

Цытаты і афарызмы Уладзіміра Караткевіча


• «Той, хто кахае — бессмяротны. Ён у кожную хвіліну перажывае стагоддзе».

• «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».

• «На Беларусі Бог жыве».

• «Позна бывае толькі ў труне».

• «Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі!»


Штодзённасць. Цалаваў рукі жанчынам, добра гатаваў і апранаўся не па надвор’і

Знаёмыя Уладзіміра Караткевіча сцвярджаюць, што па характары ён быў зусім просты. І нават падчас свайго юбілейнага вечара забываў пра афіцыйнасць і ўвесь час жартаваў. А вось і тая самая гісторыя 1980 года, якую распавядае Адам Мальдзіс: «Зала была паўнюткая — людзі стаялі ва ўсіх праходах. Перад пачаткам нікога не прапускалі нават па запрашальных білетах. Караткевіч быў бадзёры і зусім не афіцыйны, непасрэдны. У час віншавання некалькі разоў хаваўся за кулісы, каб зрабіць пару зацяжак. Жанчынам галантна цалаваў ручкі. Перабіваў прамоўцаў дасціпнымі рэплікамі. Адным словам, паводзіў сябе так, нібы не яго ўшаноўваюць, а кагосьці іншага».

Шмат кепікаў з Караткевіча ў побыце распавядаюць і іншыя яго сябры. Вядома, што ў характары пісьменніка дзіўным чынам спалучаліся дзве рысы: велічэзная ўвага да моманту пісання і гарэзлівасць у звычайным жыцці. Знаёмыя згадваюць, што Уладзімір Сямёнавіч любіў пісаць на добрай паперы і ставіўся да складання твораў як да свята: «Апранаў чыстую кашулю. Ставіў побач кубак моцнай кавы». У свой час Адам Мальдзіс заўважаў, што пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык.

Уседлівасць за пісьмовым сталом у Караткевіча спалучалася з процілеглай рысай характару: «У самы нечаканы момант ён мог усклікнуць: „Пайшлі!“ або „Паехалі!“ І ішоў (пакуль дазвалялі ногі) з аднаго канца горада ў другі, ехаў да сваякоў або сяброў».

У інтэрв’ю Розе Станкевіч Караткевіч і сам распавядаў пра свой характар. Аднойчы ён сказаў, што ў сабе яму падабаецца «абсалютна нічога».

— А што не падабаецца? — спытала Станкевіч.

— А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца, і падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце, — ці то жартам, ці то сур’ёзна адказаў пісьменнік. — Падабаецца блукаць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах над старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі... І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бед.

Беды бедамі, але трапляць у смешныя сітуацыі ў Караткевіча сапраўды можна было павучыцца. У снежні 1966 года ён з пісьменнікамі-сябрамі выбраўся на сустрэчу са школьнікамі ў Сватках. Вячаслаў Рагойша, адзін з удзельнікаў гэтай кампаніі, распавядае, што яны «ехалі па калдобістай дарозе, ды і брызент ад марознага скразняку не надта ахоўваў»: «Асабліва няўтульна стала Караткевічу ў яго асеннім палітончыку, у туфельках, на галаве — бярэцік».

«Назад ехалі праз Пількаўшчыну, дзе знаходзілася сядзіба Скуркаў, дзе гадаваўся Максім Танк»; «калі ўбачылі бацькі Максіма Танка, у што быў адзеты і абуты класік беларускай літаратуры (праўда, у той час яшчэ будучы), тут жа знайшлі прасторныя валёнкі і вялікі сялянскі кажух. І ў валёнкі, і ў кажух Уладзімір улез, здаецца, не разуваючыся і не распранаючыся, што выклікала кепікі на працягу ўсёй дарогі дадому»; «а танкаўскія валёнкі і кажух так спадабаліся Караткевічу (ён іх трымаў, нібы музейныя экспанаты, у сваёй кватэры на відным месцы), што гэтае „рэтра“ ён доўга не хацеў вяртаць гаспадарам. Толькі летам забраў іх Язэп Семяжон і адвёз назад у Пількаўшчыну».

Наколькі вядома з расповедаў, Караткевіч быў таленавітым не толькі ў пісьменстве і жартах, але і ў гатаванні. Напярэдадні свайго дня народзінаў Уладзімір Сямёнавіч «спёк бульбу з шалупіннем у духоўцы, засмажыў паводле свайго рэцэпта („каб лыжка стаяла!“) грыбы, накрыў стол». А вось з алкаголем у Караткевіча былі не лепшыя зносіны, гэта вядома. У 1979 годзе пісьменнік нават ездзіў на аздараўленне ў Друскінінкай, адкуль пісаў ліст Мальдзісу, падрабязна апісваючы магчымыя спакусы: «Стан мой як быццам лепей, але, можа, гэта не дзякуючы водам і гразям, а проста таму, што, як і раней, не п’ю нават піва. А ёсць някепскія півярні, кавярні, вінярні і каньякарні. Часам, асабліва пад вечар, у дождж, мяне нават цягне туды, калі праходжу, але тады я цягну свае ногі некуды далей. Ды яно і праўда. Час і гонар знаць. А ўсяго на свеце ўсё адно не вып’еш, як не пералюбіш усіх жанчын. Хаця адзін бог ведае, як я імкнуўся калісьці і да таго, і да другога».

Цытаты і афарызмы Уладзіміра Караткевіча


• «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш».

• «Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў».

• «Жыццё — даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, нягледзячы на ўвесь боль».

• «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў».

• «Душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям, шабля — ваяводзе справядлівай вайны, жыццё — усім добрым людзям, сэрца — каханай. Але гонар і чэсць — яны належаць толькі табе і больш нікому».

Гумар. «Нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая»

Пісьменнік, які пісаў гістарычную прозу, дэтэктывы, шчымлівыя паэмы і вершы, быў таленавіты і да анекдотаў. Дакладней, Караткевіч ствараў іх у звычайным жыцці або — наўмысна ці не — станавіўся іх героем. Дзякуючы яго сябрам і знаёмым, якія дакументавалі сустрэчы і размовы з Уладзімірам Сямёнавічам, а таксама яму самому сёння мы можам шчыра ўсміхнуцца, чытаючы гэтыя ўспаміны. Караткевіч — той яшчэ жартаўнік! Нават звычайны ліст ці зварот да сяброў ён дзякуючы адмысловай гульні слоў ператвараў у мікратвор.


Калі Караткевічу ўстанавілі тэлефон, то далі яму нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай працы аднаго з інстытутаў. Таму ў першыя дні бесперапынна раздаваліся званкі:

— Фама Фаміч, аплачвайце заказ…

— Фама Фаміч, чакаем машыну…

Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка. Марна! За сотым званком пісьменнік пачаў кіпець.

І тут адной позняй ноччу яго зноў патрывожылі:

— Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?

— Так! — зароў Караткевіч. — Абавязкова разгружаць!

З таго выпадку больш ніхто не званіў на гэты нумар у пошуках Фамы Фаміча. А Рыгор Барадулін стаў велічаць Уладзіміра Караткевіча Фамой Фамічом. А потым і Хамой Хамічом. У адказ Караткевіч называў сябра на латышскі лад Рыгарсам Барадулінсам.


У гаспадара кватэры, дзе падчас знаходжання ў Вільні жылі Караткевіч і яго сябра Адам Мальдзіс, было прозвішча Нядзеля. Аднойчы ён вярнуўся не адзін, а з прафесарам Бялградскага ўніверсітэта Стоянам Субоціным.

— Не хапае толькі таварыша Панядзельнікава! — сустрэў іх Караткевіч.


Праз размову герояў рамана «Чорны замак Альшанскі» Караткевіч выказваў погляды на самога сябе. Так, галоўны герой твора вядзе гутарку са сваімі новымі сябрамі на розныя тэмы. Закранаюць і літаратурныя пытанні:

— Ну а гэты... Караткевіч? — спытаў герой твора Шаблыка.

— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць, — адказаў галоўны герой.


Уладзімір Караткевіч дасканала ведаў радаводы славутых дзеячаў. Калі хтосьці з кампаніі выказваў, нават дзеля жарту, сумнеў у гэтым, ён жорстка, выразна, стрымліваючы гнеў, проста ў вочы суразмоўцу па складах адказваў:

— Можа, як паэт я і г..но, — раптам ускокваў і амаль істэрычна крычаў: — Але наконт беларускае ге-раль-ды-кі!


— Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: «Каго затрымалі? Мы яго шмат гадоў ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах». Мне гэтыя словы — самая дарагая ўзнагарода, — казаў Караткевіч.


«Як здароўе Мальдзісовай і Мальдзісяняткі?» — пытаў ён у лісце да Адама Мальдзіса, які дасылаў з Далёкага Усходу.


1967 год. Пасля пісьменніцкага вечара Караткевіч са знаёмымі пайшоў у кафэ. Непадалёк сядзеў Янка Брыль. Адзін са знаёмых Уладзіміра Сямёнавіча гучна спытаў у яго:

— Хто вышэйшы, ты ці Брыль?

— Вядома, ён.

— А хто таленавіцейшы?

— Вядома, я. Каму ж пахваліць, як не самому сябе?!

На гэта Брыль:

— Самае смешнае, што і я так лічу!

Янка Брыль, дарэчы, дужа падтрымліваў Уладзіміра Караткевіча, калі таго не хацелі друкаваць, і абнадзейваў яго, што прыйдуць лепшыя часы.


На святкаванні 40-годдзя жонкі Караткевіч сказаў такое:

— Шматпакутніца яна. Бо нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая.

— Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду, — адказала яна.

Цытаты і афарызмы Уладзіміра Караткевіча


• «Лепей за ўсё смяяцца з сябе. Ніхто не крыўдуе».

• «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».

• «Не магло здарыцца нічога дрэннага, пакуль на зямлі існавала надзея».

• «Калі чалавек, кожны чалавек, вельмі захоча зрабіць другому хоць маленькае дзіва — свет зробіцца светам дзіваў».

• «Душа чалавека, падобна як алень каля вод, шукае ісціну».

Беларусь. Караткевіч заплакаў падчас спрэчкі пра мову

Апісаць любоў пісьменніка да роднай краіны нялёгка. Здаецца, што прыйдзецца выдаваць новы шматтомнік. Але гэта праяўлялася не толькі ў творах Караткевіча, проста ён быў такім: апантаным Беларуссю, яе мовай і гісторыяй, яе прыродай і народам.

Пісьменнік імкнуўся, каб беларусы жылі ў яднанні і не раздзяляліся паводле пэўных прыкмет. Адам Мальдзіс у сваіх успамінах згадваў дзень знаёмства з пісьменнікам, які адразу ж паклікаў Мальдзіса ў госці, напаіў кавай і сухім віном. На развітанне, даведаўшыся, што спадар Адам нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, Уладзімір Сямёнавіч сказаў:

— Ты глядзі! Я з Оршы, з самага ўсходу, а ты — з-пад Вільні, — і нішто не перашкаджае нам у гамонцы. А некаторым жа хочацца падзяліць беларусаў на «ўсходнікаў» і «заходнікаў», на праваслаўных і католікаў. Сіл жа і так мала… А тут гэтая праклятая, наканаваная лёсам раз’яднанасць. Хіба хто з католікаў не можа быць беларусам?! Памятаю, была ў мяне нянька-каталічка. Гаварыла чысцютка па-беларуску. Пасля яды вучыла складваць ручкі і дзякаваць: «Ацю, божанька».

У 1966 годзе ў інтэрнацкім пакоі Мальдзіса Караткевіч спрачаўся з драматургам Анатолем Галіевым (яны разам рабілі нейкі фільм) пра беларускую мову. Галіеў у нейкі момант даказваў, што нацыянальныя крытэрыі ўжо сваё аджылі і павінны ўступаць месца тэхнакратычным поглядам. Гаварыў Караткевічу, каб той пісаў па-руску, то меў бы і ганарары, і славу. Уладзімір Сямёнавіч у адказ зачытваў вершы Максіма Багдановіча.

— Каму ўсё гэта трэба? — перапыняў Караткевіча Галіеў. — Можа, вось ім?! — ён паказваў на сына Мальдзіса і яго сваяка з вёскі.

Нечакана на бок Галіева стала і маці Мальдзіса, назваўшы беларускую мову некультурнай. І тут Караткевіч проста заплакаў.

— Усе вы нават не ведаеце, якую страшную рэч кажаце, — прамовіў ён.

Уладзімір Караткевіч выразна адзначаў, што больш за астатняе цэніць у сваіх сябрах, ды і ўвогуле ў людзях, якія нават асабіста не сімпатызуюць яму. Гэта — адданасць роднай зямлі і змаганне за яе.

— За адданую любоў да свайго краю можна ўсё дараваць нават чалавеку, які марыць выспацца на тваёй скуры. Таму я і люблю за гэта шматлікіх сваіх сяброў і... гэтых я не лічыў... ворагаў, — адзначаў ён.

Цытаты і афарызмы Уладзіміра Караткевіча


• «Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце... А можа, тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Таму што мільёны тваіх людзей самім існаваннем сваім з самага пачатку дзён кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным, здзеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе. І славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі».

• «Не, яна і сапраўды непрыгожая... ад дрэннага ведання яе. Існуе няпісаны (і неабвержны) закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепей ведаеш нейкую мову (і гэта можна сказаць не толькі пра мову, але і пра краіну, навуку, сяброў, многіх жанчын, мастацтва і г. д.) — тым больш яна прыгожая і значная».

• «Аптымізм беларускі ў тым, што калі мы, нягледзячы на ўвесь песімізм і безнадзейнасць мінулага, усё ж жывём, значыць, у нас ёсць падставы гаварыць аб лепшым будучым».

Стаўленне да смерці. «Я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць»

Думкі пра смерць, прытым заўчасную, заўсёды трывожылі Уладзіміра Караткевіча. Бадай, як і любога чалавека з сумленнем, а таксама ўменнем разважаць і адчуваць. Уладзімір Караткевіч ведаў, што рана памрэ, і ўвогуле быў гатовы да смерці. У апошнія гады свайго жыцця — часам нават адчайна — імкнуўся насустрач ёй.

Напрыклад, у лютым 1966-га, яшчэ за 18 гадоў да сваёй смерці, ён пісаў Адаму Мальдзісу з Рагачова: «А што будзе, калі я ўвогуле памру. Як вы без мяне пражывяцё, адшэльнікі і аскеты? Вось тады, хлопчыкі, паплачаце, ды позна будзе. А я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць». І смех і грэх.

У лютым 1983 года пайшла з жыцця яго жонка Валянціна. Караткевіч трымаўся даволі мужна, але ж паўтараў, што без яе не ўяўляе сабе далейшага жыцця.

«Калі 6 красавіка я прыйшоў на саракавіны па Валянціне Браніславаўне, то ледзь пазнаў Валодзю — так ён апух. Да таго вельмі балелі зламаныя раней рэбры. Усіх, хто прыходзіў, Валодзя сустракаў вельмі песімістычна, гаварыў, што ён ужо адпісаў і адбыў сваё», — піша ў кнізе ўспамінаў «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» Мальдзіс.

«Аднойчы з дзецьмі я гуляў у двары нашага дома. Бачу — з пад'езда выйшаў Уладзімір з сумкай, поўнай пустых пляшак, — успамiнаў Вячаслаў Рагойша. — „Куды?“ — „Здаваць“. Тут я адважыўся на самае страшнае: „Валодзя, трэба табе спыніцца, бо ўсё можа скончыцца блага, нават смерцю...“ — „А я і хачу памерці!“ Я збянтэжыўся: „Што ты гаворыш?! Табе трэба жыць і жыць!“ — „А для чаго? У цябе ёсць для чаго і для каго — вунь дзеці... А мне для чаго жыць?“ — „Як для чаго? А творчасць, а літаратура...“ — „Хай другія столькі напішуць, колькі я“. Зноў застыў я ашаломлены і зніякавелы: „Па колькасці і больш напішуць, чым ты, але так, як ты, ніхто не напіша...“ Ён узгарэўся: „Ты бачыў мае шуфляды ў шафах? Яны ўсе запоўненыя рукапісамі твораў, якія ніхто не хоча публікаваць. А ты «пішы», «пішы»... Ат!“ Ён рэзка махнуў рукой і пашыбаваў праз арку дома на вуліцу».

У канцы лютага 1984 года з дыягназам «цыроз печані, пячоначная кома» яго паклалі ў рэанімацыю Лечкамісіі. Пасля была рэабілітацыя ў «Аксакаўшчыне». Потым Рагойшы спрабавалі запрасіць яго да сябе ў Ракаў, аднак Караткевіч вырашыў з'ездзіць у свой любімы Кіеў, а пасля адправіцца паплаваць на плыце па Прыпяці. I гэта было апошняе падарожжа ў яго жыццi.

25 ліпеня 1984 года а чацвёртай раніцы Уладзіміра Караткевіча не стала.

Аднак, як пісаў Адам Мальдзіс, згубіла яго не толькі гарэлка. Ён адзначаў, што пісьменнік абвострана, пакутліва ўспрымаў усе нягоды і бядоты, якія выпадалі на долю беларускай літаратуры і беларускага народа. «А колькі горкіх крыўдаў і зняваг давялося праглынуць яму моўчкі, амаль без слёз. Яны не праходзілі бясследна. Яны таксама набліжалі канец», — пiсаў сябра Караткевiча.

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by