Хіба хто з вас, калі быў падлеткам, не ўяўляў, што беларускія літаратары днямі і начамі думаюць толькі пра вёску? Альбо нон-стоп пішуць свае творы, захопленыя безлімітным натхненнем? Насамрэч яны — перш за ўсё людзі. Сёння, у дзень 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, мы зноў глядзім на яго не як на недасяжнага класіка са школьнай праграмы, а як на чалавека з вялікай гамай пачуццяў, сваіх перажыванняў і клопатаў. Гісторыі кахання, жартаўлівыя эпізоды жыцця, стаўленне да смерці — расказваем, якім быў сапраўдны Караткевіч.
І хаця пра сябе-нерамантыка Караткевіч казаў шмат, сведкі з яго жыцця даказваюць зусім адваротнае. Насамрэч, Уладзімір Сямёнавіч быў галантным і жартаўлівым мужчынам, які не цураўся ані пяшчоты, ані моцнага слоўца. Зрэшты, пацвердзіць гэта мы можам прыкладамі з нашага тэксту. І пачнём, бадай, з самых асабістых момантаў — кахання і жанчын, якія змянілі Караткевіча.
Мы вядзём гаворку пра пачуцці, і таму куды ж тут без інтымных цікавостак? Вось і адна з іх. Вядома, што некаторыя даследчыкі Караткевіча складаюць яго «донжуанскія спісы». Такі, напрыклад, прыводзіць даследчык Дзяніс Марціновіч.
Любоўны спіс Караткевіча складаецца, бадай, з трынаццаці прозвішчаў, а сем з іх сталі вызначальнымі ў жыцці пісьменніка. «Нонка», «Аленка», Святлана, Ніна і другая з Валянцін уваходзяць у лік жанчын, у якіх Караткевіч быў закаханы. Кацярына, Раіса і першая з Валянцін — асобы, якія яму моцна падабаліся. Імёны дзвюх жанчын узятыя ў двукоссе, бо яны дакладна невядомыя, таму ўжываецца імя гераіні, праз вобраз якой кожная з іх выведзена ў творах.
Але мы спынімся на трох жанчынах, якія істотна паўплывалі на лёс Караткевіча. Адна з іх — дзяўчына з ініцыяламі С. М. — з ёй Караткевіч пазнаёміўся падчас навучання ў Кіеўскім універсітэце. Паводле паэмы «Ліста нямае», С. М. была брунеткай, «з пушыстымі валасамі над чыстым ілбом, міндалевіднымі сінімі вачыма, маленькім прамым носам, трошкі велікаватай ніжняй губкай, тонкай, дзіцячай яшчэ шыяй, з агульным выразам чагосьці дзіцячага, нясмелага і разам з тым хітрага».
І хаця дзяўчына і Караткевіч часта сустракаліся, іх стасункі ўсё ж працягвалі заставацца сяброўскімі. Але з творчасці Уладзіміра Сямёнавіча вынікае, што затым паміж імі адбыўся разрыў. Прычын для гэтага было некалькі. Вось што распавядаў сам Караткевіч у адным з лістоў да свайго сябра Гальперына: «А тут еще помог друг и догадался пустить между нами черную кошку. И была обидчивость, и была космическая, невероятная, страшная глупость. Почему не остался, почему не убедил, почему? Ждал все, вот явлюсь и брошу книгу».
Праўда ж, гэтым гісторыя не скончылася. Праз некалькі гадоў Караткевіч зноў напісаў свайму сябру ліст, у якім выкрыў свае душэўныя ваганні і распавёў, што ён і дзяўчына аднавілі перапіску. Але пасля чарговага ліста дзяўчыны здарылася нечаканае. Яна паведаміла Уладзіміру Сямёнавічу, што ўзяла шлюб. Зрэшты, нягледзячы на здзіўленне ад такой раптоўнай навіны, Караткевіч усё ж высока ацэньваў ролю С. М. у сваім жыцці.
«Я все же благословляю эту вздорную и, возможно, чужую мне по взглядам девочку. Что в нас было двоих такое, что редко светит друг другу в мужчине и женщине», — пісаў ён свайму сябру.
Другой важнай жанчынай для Караткевіча стала Ніна Молева, выкладчыца гісторыі мастацтваў на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, дзе ў 1958—1960 гадах вучыўся беларускі пісьменнік. Ні яна, ні Караткевіч ніколі адкрыта не казалі адно аднаму пра ўзаемныя пачуцці. Аднак радкі з яго лістоў да выкладчыцы цалкам могуць прымусіць засумнявацца ў гэтым: «Я только на минуту подумал, что вы очень хороший и очень умный глупеныш. Разве надо меня испытывать? Разве не ясен я и без того? Впрочем, это ваше дело, даже если это так. Не любить вас я не могу. Вы меня воскресили к очень многому хорошему. С вами в мою жизнь вошло столько света, столько музыки и жизни, что не любить вас для меня сейчас означает не любить самого себя».
Але сапраўдным злачынствам было б абмінуць жонку Уладзіміра Караткевіча, Валянціну. І таму мы, вядома, распавядаем і пра яе. Калегі запомнілі Валянціну «блакітнавокай у акулярах бландзінкай, крыху паўнаватай, але зграбнай, у маленькай чорнай класічнай сукенцы, якая ёй вельмі пасавала».
Сам Караткевіч пяшчотна называў сваю жонку «Валюшэнцыя!». А падрабязней пра знаёмства і стасункі Уладзіміра і Валянціны выдатна распавядае сябра пісьменніка Адам Мальдзіс.
У 1967 годзе, напярэдадні кастрычніцкіх свят, узбуджаны Караткевіч прыбег да Мальдзіса:
— Разумееш, стары, я, здаецца, жанюся!
— І хто ж тая, што нарэшце цалкам запаланіла тваё сэрца?
— З Брэста. Валя. Валянціна Браніславаўна. Разумная жанчына. Гісторык, дакладней археолаг, і дысертацыю абараніла.
Пазнаёміліся яны, дарэчы, у Брэсце на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім».
— А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў?
— Які, да прыкладу? — Караткевіч сам страшэнна любіў добрыя дэтэктывы.
— Ну хаця б такі, як «Дзікае паляванне караля Стаха»... — аказваецца, яна не звярнула ўвагі на аўтара, калі чытала гэты твор.
— Га-га! Тры: га! — разрагатаўся Караткевіч. — Дык гэта ж я напісаў «Стаха»!
Валянціне стала ніякавата, і яна сказала:
— Тады пайшлі піць каву...
Ажаніліся яны роўна ў 110-ю гадавіну адмены прыгоннага права — 18 лютага 1971 года.
А яшчэ сябры пісалі, што Валянціна стала Караткевічу «і жонкай, і ахоўніцай, і нянькай, і медсястрой, і лекарам. Найперш яна разагнала прыліпал з бутэлькамі, частка якіх мэтанакіравана старалася спаіць пісьменніка. Яна ўпарадкавала яго побыт, апекавалася, вызваляючы час для творчасці, ствараючы для гэтага ўтульнасць і спакой».
Аднак так было наканавана: жонка Караткевіча моцна захварэла і памерла. Ужо пасля яе смерці ўкраінскі пісьменнік Мікалай Амельчанка спытаў у Валодзі, якой усё-ткі была Валянціна, бо сам Валю так і не ўбачыў. І ён адказаў сумна, крыху падняўшы галаву, гледзячы ў цёмнае неба, нібыта дзесьці там, у невядомай вышыні, убачыў яе:
— Яна не была прыгажуняю, але валодала дзіўнай духоўнай абаяльнасцю. Яна была каралевай духоўнасці...

• «Той, хто кахае — бессмяротны. Ён у кожную хвіліну перажывае стагоддзе».
• «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».
• «На Беларусі Бог жыве».
• «Позна бывае толькі ў труне».
• «Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі!»
Знаёмыя Уладзіміра Караткевіча сцвярджаюць, што па характары ён быў зусім просты. І нават падчас свайго юбілейнага вечара забываў пра афіцыйнасць і ўвесь час жартаваў. А вось і тая самая гісторыя 1980 года, якую распавядае Адам Мальдзіс: «Зала была паўнюткая — людзі стаялі ва ўсіх праходах. Перад пачаткам нікога не прапускалі нават па запрашальных білетах. Караткевіч быў бадзёры і зусім не афіцыйны, непасрэдны. У час віншавання некалькі разоў хаваўся за кулісы, каб зрабіць пару зацяжак. Жанчынам галантна цалаваў ручкі. Перабіваў прамоўцаў дасціпнымі рэплікамі. Адным словам, паводзіў сябе так, нібы не яго ўшаноўваюць, а кагосьці іншага».
Шмат кепікаў з Караткевіча ў побыце распавядаюць і іншыя яго сябры. Вядома, што ў характары пісьменніка дзіўным чынам спалучаліся дзве рысы: велічэзная ўвага да моманту пісання і гарэзлівасць у звычайным жыцці. Знаёмыя згадваюць, што Уладзімір Сямёнавіч любіў пісаць на добрай паперы і ставіўся да складання твораў як да свята: «Апранаў чыстую кашулю. Ставіў побач кубак моцнай кавы». У свой час Адам Мальдзіс заўважаў, што пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык.
Уседлівасць за пісьмовым сталом у Караткевіча спалучалася з процілеглай рысай характару: «У самы нечаканы момант ён мог усклікнуць: „Пайшлі!“ або „Паехалі!“ І ішоў (пакуль дазвалялі ногі) з аднаго канца горада ў другі, ехаў да сваякоў або сяброў».
У інтэрв’ю Розе Станкевіч Караткевіч і сам распавядаў пра свой характар. Аднойчы ён сказаў, што ў сабе яму падабаецца «абсалютна нічога».
— А што не падабаецца? — спытала Станкевіч.
— А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца, і падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце, — ці то жартам, ці то сур’ёзна адказаў пісьменнік. — Падабаецца блукаць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах над старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі... І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бед.
Беды бедамі, але трапляць у смешныя сітуацыі ў Караткевіча сапраўды можна было павучыцца. У снежні 1966 года ён з пісьменнікамі-сябрамі выбраўся на сустрэчу са школьнікамі ў Сватках. Вячаслаў Рагойша, адзін з удзельнікаў гэтай кампаніі, распавядае, што яны «ехалі па калдобістай дарозе, ды і брызент ад марознага скразняку не надта ахоўваў»: «Асабліва няўтульна стала Караткевічу ў яго асеннім палітончыку, у туфельках, на галаве — бярэцік».
«Назад ехалі праз Пількаўшчыну, дзе знаходзілася сядзіба Скуркаў, дзе гадаваўся Максім Танк»; «калі ўбачылі бацькі Максіма Танка, у што быў адзеты і абуты класік беларускай літаратуры (праўда, у той час яшчэ будучы), тут жа знайшлі прасторныя валёнкі і вялікі сялянскі кажух. І ў валёнкі, і ў кажух Уладзімір улез, здаецца, не разуваючыся і не распранаючыся, што выклікала кепікі на працягу ўсёй дарогі дадому»; «а танкаўскія валёнкі і кажух так спадабаліся Караткевічу (ён іх трымаў, нібы музейныя экспанаты, у сваёй кватэры на відным месцы), што гэтае „рэтра“ ён доўга не хацеў вяртаць гаспадарам. Толькі летам забраў іх Язэп Семяжон і адвёз назад у Пількаўшчыну».
Наколькі вядома з расповедаў, Караткевіч быў таленавітым не толькі ў пісьменстве і жартах, але і ў гатаванні. Напярэдадні свайго дня народзінаў Уладзімір Сямёнавіч «спёк бульбу з шалупіннем у духоўцы, засмажыў паводле свайго рэцэпта („каб лыжка стаяла!“) грыбы, накрыў стол». А вось з алкаголем у Караткевіча былі не лепшыя зносіны, гэта вядома. У 1979 годзе пісьменнік нават ездзіў на аздараўленне ў Друскінінкай, адкуль пісаў ліст Мальдзісу, падрабязна апісваючы магчымыя спакусы: «Стан мой як быццам лепей, але, можа, гэта не дзякуючы водам і гразям, а проста таму, што, як і раней, не п’ю нават піва. А ёсць някепскія півярні, кавярні, вінярні і каньякарні. Часам, асабліва пад вечар, у дождж, мяне нават цягне туды, калі праходжу, але тады я цягну свае ногі некуды далей. Ды яно і праўда. Час і гонар знаць. А ўсяго на свеце ўсё адно не вып’еш, як не пералюбіш усіх жанчын. Хаця адзін бог ведае, як я імкнуўся калісьці і да таго, і да другога».

• «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш».
• «Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў».
• «Жыццё — даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, нягледзячы на ўвесь боль».
• «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў».
• «Душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям, шабля — ваяводзе справядлівай вайны, жыццё — усім добрым людзям, сэрца — каханай. Але гонар і чэсць — яны належаць толькі табе і больш нікому».
Пісьменнік, які пісаў гістарычную прозу, дэтэктывы, шчымлівыя паэмы і вершы, быў таленавіты і да анекдотаў. Дакладней, Караткевіч ствараў іх у звычайным жыцці або — наўмысна ці не — станавіўся іх героем. Дзякуючы яго сябрам і знаёмым, якія дакументавалі сустрэчы і размовы з Уладзімірам Сямёнавічам, а таксама яму самому сёння мы можам шчыра ўсміхнуцца, чытаючы гэтыя ўспаміны. Караткевіч — той яшчэ жартаўнік! Нават звычайны ліст ці зварот да сяброў ён дзякуючы адмысловай гульні слоў ператвараў у мікратвор.
Калі Караткевічу ўстанавілі тэлефон, то далі яму нумар, які раней належаў намесніку дырэктара па гаспадарчай працы аднаго з інстытутаў. Таму ў першыя дні бесперапынна раздаваліся званкі:
— Фама Фаміч, аплачвайце заказ…
— Фама Фаміч, чакаем машыну…
Спачатку Караткевіч цярпліва тлумачыў, што адбылася памылка. Марна! За сотым званком пісьменнік пачаў кіпець.
І тут адной позняй ноччу яго зноў патрывожылі:
— Фама Фаміч, прыйшлі вагоны. Разгружаць?
— Так! — зароў Караткевіч. — Абавязкова разгружаць!
З таго выпадку больш ніхто не званіў на гэты нумар у пошуках Фамы Фаміча. А Рыгор Барадулін стаў велічаць Уладзіміра Караткевіча Фамой Фамічом. А потым і Хамой Хамічом. У адказ Караткевіч называў сябра на латышскі лад Рыгарсам Барадулінсам.
У гаспадара кватэры, дзе падчас знаходжання ў Вільні жылі Караткевіч і яго сябра Адам Мальдзіс, было прозвішча Нядзеля. Аднойчы ён вярнуўся не адзін, а з прафесарам Бялградскага ўніверсітэта Стоянам Субоціным.
— Не хапае толькі таварыша Панядзельнікава! — сустрэў іх Караткевіч.
Праз размову герояў рамана «Чорны замак Альшанскі» Караткевіч выказваў погляды на самога сябе. Так, галоўны герой твора вядзе гутарку са сваімі новымі сябрамі на розныя тэмы. Закранаюць і літаратурныя пытанні:
— Ну а гэты... Караткевіч? — спытаў герой твора Шаблыка.
— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць, — адказаў галоўны герой.
Уладзімір Караткевіч дасканала ведаў радаводы славутых дзеячаў. Калі хтосьці з кампаніі выказваў, нават дзеля жарту, сумнеў у гэтым, ён жорстка, выразна, стрымліваючы гнеў, проста ў вочы суразмоўцу па складах адказваў:
— Можа, як паэт я і г..но, — раптам ускокваў і амаль істэрычна крычаў: — Але наконт беларускае ге-раль-ды-кі!
— Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: «Каго затрымалі? Мы яго шмат гадоў ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах». Мне гэтыя словы — самая дарагая ўзнагарода, — казаў Караткевіч.
«Як здароўе Мальдзісовай і Мальдзісяняткі?» — пытаў ён у лісце да Адама Мальдзіса, які дасылаў з Далёкага Усходу.
1967 год. Пасля пісьменніцкага вечара Караткевіч са знаёмымі пайшоў у кафэ. Непадалёк сядзеў Янка Брыль. Адзін са знаёмых Уладзіміра Сямёнавіча гучна спытаў у яго:
— Хто вышэйшы, ты ці Брыль?
— Вядома, ён.
— А хто таленавіцейшы?
— Вядома, я. Каму ж пахваліць, як не самому сябе?!
На гэта Брыль:
— Самае смешнае, што і я так лічу!
Янка Брыль, дарэчы, дужа падтрымліваў Уладзіміра Караткевіча, калі таго не хацелі друкаваць, і абнадзейваў яго, што прыйдуць лепшыя часы.
На святкаванні 40-годдзя жонкі Караткевіч сказаў такое:
— Шматпакутніца яна. Бо нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая.
— Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду, — адказала яна.

• «Лепей за ўсё смяяцца з сябе. Ніхто не крыўдуе».
• «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».
• «Не магло здарыцца нічога дрэннага, пакуль на зямлі існавала надзея».
• «Калі чалавек, кожны чалавек, вельмі захоча зрабіць другому хоць маленькае дзіва — свет зробіцца светам дзіваў».
• «Душа чалавека, падобна як алень каля вод, шукае ісціну».
Апісаць любоў пісьменніка да роднай краіны нялёгка. Здаецца, што прыйдзецца выдаваць новы шматтомнік. Але гэта праяўлялася не толькі ў творах Караткевіча, проста ён быў такім: апантаным Беларуссю, яе мовай і гісторыяй, яе прыродай і народам.
Пісьменнік імкнуўся, каб беларусы жылі ў яднанні і не раздзяляліся паводле пэўных прыкмет. Адам Мальдзіс у сваіх успамінах згадваў дзень знаёмства з пісьменнікам, які адразу ж паклікаў Мальдзіса ў госці, напаіў кавай і сухім віном. На развітанне, даведаўшыся, што спадар Адам нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, Уладзімір Сямёнавіч сказаў:
— Ты глядзі! Я з Оршы, з самага ўсходу, а ты — з-пад Вільні, — і нішто не перашкаджае нам у гамонцы. А некаторым жа хочацца падзяліць беларусаў на «ўсходнікаў» і «заходнікаў», на праваслаўных і католікаў. Сіл жа і так мала… А тут гэтая праклятая, наканаваная лёсам раз’яднанасць. Хіба хто з католікаў не можа быць беларусам?! Памятаю, была ў мяне нянька-каталічка. Гаварыла чысцютка па-беларуску. Пасля яды вучыла складваць ручкі і дзякаваць: «Ацю, божанька».
У 1966 годзе ў інтэрнацкім пакоі Мальдзіса Караткевіч спрачаўся з драматургам Анатолем Галіевым (яны разам рабілі нейкі фільм) пра беларускую мову. Галіеў у нейкі момант даказваў, што нацыянальныя крытэрыі ўжо сваё аджылі і павінны ўступаць месца тэхнакратычным поглядам. Гаварыў Караткевічу, каб той пісаў па-руску, то меў бы і ганарары, і славу. Уладзімір Сямёнавіч у адказ зачытваў вершы Максіма Багдановіча.
— Каму ўсё гэта трэба? — перапыняў Караткевіча Галіеў. — Можа, вось ім?! — ён паказваў на сына Мальдзіса і яго сваяка з вёскі.
Нечакана на бок Галіева стала і маці Мальдзіса, назваўшы беларускую мову некультурнай. І тут Караткевіч проста заплакаў.
— Усе вы нават не ведаеце, якую страшную рэч кажаце, — прамовіў ён.
Уладзімір Караткевіч выразна адзначаў, што больш за астатняе цэніць у сваіх сябрах, ды і ўвогуле ў людзях, якія нават асабіста не сімпатызуюць яму. Гэта — адданасць роднай зямлі і змаганне за яе.
— За адданую любоў да свайго краю можна ўсё дараваць нават чалавеку, які марыць выспацца на тваёй скуры. Таму я і люблю за гэта шматлікіх сваіх сяброў і... гэтых я не лічыў... ворагаў, — адзначаў ён.

• «Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце... А можа, тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Таму што мільёны тваіх людзей самім існаваннем сваім з самага пачатку дзён кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным, здзеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе. І славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі».
• «Не, яна і сапраўды непрыгожая... ад дрэннага ведання яе. Існуе няпісаны (і неабвержны) закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепей ведаеш нейкую мову (і гэта можна сказаць не толькі пра мову, але і пра краіну, навуку, сяброў, многіх жанчын, мастацтва і г. д.) — тым больш яна прыгожая і значная».
• «Аптымізм беларускі ў тым, што калі мы, нягледзячы на ўвесь песімізм і безнадзейнасць мінулага, усё ж жывём, значыць, у нас ёсць падставы гаварыць аб лепшым будучым».
Думкі пра смерць, прытым заўчасную, заўсёды трывожылі Уладзіміра Караткевіча. Бадай, як і любога чалавека з сумленнем, а таксама ўменнем разважаць і адчуваць. Уладзімір Караткевіч ведаў, што рана памрэ, і ўвогуле быў гатовы да смерці. У апошнія гады свайго жыцця — часам нават адчайна — імкнуўся насустрач ёй.
Напрыклад, у лютым 1966-га, яшчэ за 18 гадоў да сваёй смерці, ён пісаў Адаму Мальдзісу з Рагачова: «А што будзе, калі я ўвогуле памру. Як вы без мяне пражывяцё, адшэльнікі і аскеты? Вось тады, хлопчыкі, паплачаце, ды позна будзе. А я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць». І смех і грэх.
У лютым 1983 года пайшла з жыцця яго жонка Валянціна. Караткевіч трымаўся даволі мужна, але ж паўтараў, што без яе не ўяўляе сабе далейшага жыцця.
«Калі 6 красавіка я прыйшоў на саракавіны па Валянціне Браніславаўне, то ледзь пазнаў Валодзю — так ён апух. Да таго вельмі балелі зламаныя раней рэбры. Усіх, хто прыходзіў, Валодзя сустракаў вельмі песімістычна, гаварыў, што ён ужо адпісаў і адбыў сваё», — піша ў кнізе ўспамінаў «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» Мальдзіс.
«Аднойчы з дзецьмі я гуляў у двары нашага дома. Бачу — з пад'езда выйшаў Уладзімір з сумкай, поўнай пустых пляшак, — успамiнаў Вячаслаў Рагойша. — „Куды?“ — „Здаваць“. Тут я адважыўся на самае страшнае: „Валодзя, трэба табе спыніцца, бо ўсё можа скончыцца блага, нават смерцю...“ — „А я і хачу памерці!“ Я збянтэжыўся: „Што ты гаворыш?! Табе трэба жыць і жыць!“ — „А для чаго? У цябе ёсць для чаго і для каго — вунь дзеці... А мне для чаго жыць?“ — „Як для чаго? А творчасць, а літаратура...“ — „Хай другія столькі напішуць, колькі я“. Зноў застыў я ашаломлены і зніякавелы: „Па колькасці і больш напішуць, чым ты, але так, як ты, ніхто не напіша...“ Ён узгарэўся: „Ты бачыў мае шуфляды ў шафах? Яны ўсе запоўненыя рукапісамі твораў, якія ніхто не хоча публікаваць. А ты «пішы», «пішы»... Ат!“ Ён рэзка махнуў рукой і пашыбаваў праз арку дома на вуліцу».
У канцы лютага 1984 года з дыягназам «цыроз печані, пячоначная кома» яго паклалі ў рэанімацыю Лечкамісіі. Пасля была рэабілітацыя ў «Аксакаўшчыне». Потым Рагойшы спрабавалі запрасіць яго да сябе ў Ракаў, аднак Караткевіч вырашыў з'ездзіць у свой любімы Кіеў, а пасля адправіцца паплаваць на плыце па Прыпяці. I гэта было апошняе падарожжа ў яго жыццi.
25 ліпеня 1984 года а чацвёртай раніцы Уладзіміра Караткевіча не стала.
Аднак, як пісаў Адам Мальдзіс, згубіла яго не толькі гарэлка. Ён адзначаў, што пісьменнік абвострана, пакутліва ўспрымаў усе нягоды і бядоты, якія выпадалі на долю беларускай літаратуры і беларускага народа. «А колькі горкіх крыўдаў і зняваг давялося праглынуць яму моўчкі, амаль без слёз. Яны не праходзілі бясследна. Яны таксама набліжалі канец», — пiсаў сябра Караткевiча.
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by