Ад нянавісці да замілавання. Як Новы год стаў галоўным святам савецкіх дзяцей

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Тарналицкий, архив героя
7485
31 декабря 2021 в 12:00

Так гістарычна склалася ў нашых шыротах, што Новы год — адно з самых доўгачаканых свят у нашай краіне. Яго прадчуваюць і дарослыя, і дзеці, да яго пачынаюць рыхтавацца загадзя, ператвараючы снежань у святочную мітусню. Але так было не заўжды, і калісьці Новы год наогул лічыўся буржуазным перажыткам. У межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» журналіст Тарас Шчыры пагутарыў з гісторыкам, вядоўцам тэлеграм-канала «Батыскаф гісторыка» Антонам Дзянісавым і даведаўся, калі Новы год стаў улюбёным святам савецкіх дзяцей і калі застоллі сталі завядзёнкай.

Читать на Onlíner

Слухаць падкаст у Apple Podcasts|«Яндэкс.Музыцы»|Castbox|Google Podcasts


— Спадар Антон, як так сталася, што Новы год у Савецкім Саюзе замяніў Раство і стаў асноўным святам?

— Пачаць трэба з таго, што з пачатку 1920-х канцэпцыя свят радыкальна змянілася. Калі мы адкрыем памятныя кніжкі губерній і абласцей Расійскай імперыі (напрыклад, Мінскай), то ўбачым там, што галоўнымі святамі пасля Вялікадня былі Раство Хрыстова і Нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі савецкая ўлада пачала аддзяляць царкву ад дзяржавы, карціна свят стала зусім іншая. Напрыклад, 1 студзеня ў Беларусі адзначалі абвяшчэнне БССР, 22 студзеня — дзень памяці Леніна, 12 сакавіка святкавалі звяржэнне царызму. 18 сакавіка — дзень Парыжскай камуны, 1 і 2 мая — дзень інтэрнацыянала і гэтак далей.

Ну а са старымі рэлігійнымі святамі, у тым ліку з Божым Нараджэннем, якое адзначалі па ўсёй Еўропе, у Саюзе змагаліся. Гэтае свята, святы Мікалай, упрыгожаная ялінка лічыліся буржуазным перажыткам і праявай контррэвалюцыі. Як з гэтым змагаліся? Ідэалагічна. На Раство ў прэсе выходзілі артыкулы з лозунгамі накшталт «Прэч папоўскія Каляды!», ці ў тэкстах пісалі, што Бога няма і навука гэта ўжо даказала. Акрамя таго, ваявалі і з храмамі.

25 снежня 1932 года ў будынку Чырвонага касцёла, які ў той момант адносіўся да Польскаму тэатра БССР, праходзілі антырэлігійныя спектаклі, у якіх казалі пра буржуазныя перажыткі і пра тое, што пад елкай маскіруюцца ворагі, папы і кулакі.

У гэты ж дзень у памяшканні былой лютэранскай кірхі, якая знаходзілася побач з Купалаўскім тэатрам, пачаў працаваць дзіцячы кінатэатр.

Улады спрабавалі ўвесці розныя альтэрнатывы. Яны лічылі, што ў гэтыя святочныя зімовыя дні трэба ўдарна працаваць і будаваць сацыялізм. Святкаванне Новага года ў 1920—1930-х таксама не дазвалялася. 1 студзеня адзначалі абвяшчэнне БССР, і, каб людзі не расслабляліся, заставаліся на працоўных месцах, [напярэдадні] нават хадзілі інспекцыі, рабочы кантроль, які мог нечакана з’явіцца ў якой-небудзь установе і праверыць, як працуюць людзі.

Па ўсім Савецкім Саюзе распаўсюджваліся выданні «Бязбожнік» і «Юны бязбожнік», у якіх таксама пісалі пра тое, што з ялінкай трэба змагацца і секчы лес можна толькі на карысць дзяржавы і будаўніцтва. А калі чалавек вырубіў елку, каб дома адзначыць Раство, на яго, мякка кажучы, глядзелі падазрона і маглі прыцягнуць да адказнасці.

— А калі перасталі ў елках бачыць ворагаў, а Новы год заняў сваё значнае месца?

— Гэта таксама вельмі цікавая падзея. Яшчэ напачатку 1930-х здавалася, што Новы год перамаглі, але альтэрнатыва яму так і не з’явілася. А людзям усё роўна хацелася нейкага свята і паслаблення. Зацікавіць жыхароў краіны адной ідэалогіяй было немагчыма. І ў другой палове 1930-х пачынаецца папулісцкі традыцыяналізм, калі вяртаюцца некаторыя элементы мінулага жыцця, але ўжо з іншым сэнсам. І цікава, што 28 снежня 1935-га, падчас снежаньскага пленума ЦК ВКП (б), у цэнтральнай газеце «Праўда» надрукавалі артыкул, падпісаны Паўлам Постышавым.

Загаловак быў наступны: «Давайце арганізуем да новага года дзецям добрую елку!». Постышаў пісаў, што раней елка была часткай буржуазнага свята і яго маглі адзначаць толькі дзеці з заможных сем’яў, а зараз трэба ўсім савецкім дзецям падарыць гэтае свята. Гэты артыкул гучаў як загад. І, безумоўна, у той жа час амаль усе арганізацыі, усе органы ўлады сапраўды пачалі яго выконваць. Напрыклад, 30 і 31 снежня ў Мінску пачалося святкаванне ў палацы піянераў і ў дзіцячым доме, а ў гэтыя ж дні ў Аляксандраўскім скверы арганізавалі елачны кірмаш.

Яшчэ месяц таму елка была пад забаронай, а зараз — калі ласка!

Але ўпор быў зроблены на тое, што гэта свята не сямейнае, а грамадскае, на якое трэба прыйсці ў які-небудзь палац культуры. З упрыгожанай елкай вярнуліся і другія атрыбуты свята: і Дзед Мароз, і Снягурка, і падарункі, і песні з карагодамі. Пасля гэтага ў пэўным напрамку Новы год пачалі апісваць і ў ідэалагічных творах. Пісалі, што нават Уладзімір Ільіч Ленін як ніхто іншы любіў елку і таксама святкаваў разам з дзецьмі.

Існуе некалькі версій, чаму з такім артыкулам выступіў менавіта Павел Постышаў. Гэта быў чалавек свайго часу, прафесійны рэвалюцыянер, камуніст, які будаваў савецкую ўладу. Ён нават удзельнічаў у стварэнні Дальнеўсходняй рэспублікі, арганізоўваў палявыя суды. У 1930-х становіцца спачатку асобаўпаўнаважаным прадстаўніком Савецкага ўраду спачатку ў Ніжнім Паволжы, а потым — другім сакратаром кампартыі Украіны. І ён удзельнічаў у хлебанарыхтоўках падчас калектывізацыі, якія выклікалі голад.

Ну а далей ён рабіў сакратаром Куйбышаўскага абкама, дзе Постышаў запомніўся вельмі экстравагантнымі ўчынкамі. Паводле некаторых звестак, ён знаходзіў контррэвалюцыю ў школьных сшытках і нават пабачыў свастыку ў разрэзе савецкай каўбасы.

— Вельмі цікавая асоба. Ягоны артыкул трэба разглядаць з пазіцый экстравагантнасці ці гэта была спланаваная акцыя, якую даручылі выканаць менавіта яму?

— Хутчэй за ўсё, гэта была спланаваная акцыя. Папулісцкі традыцыяналізм вяртаў старыя рэчы. У тым ліку свята. Але яно ўжо асацыявалася не з Калядамі, не з рэлігіяй, а з Новым годам. Мяркую, Постышаў узяў ініцыятыву на сябе, а ўрад проста падтрымаў.
У 1938-м Постышава арыштавалі, а пасля расстралялі. Лёс у яго быў трагічны. Аднак у 1950-х Мікіта Хрушчоў асабіста выказаўся наконт ягонай рэабілітацыі, аб тым, што гэта сапраўды быў добры чалавек і сумленны камуніст. У выніку яго рэабілітавалі, і біёграфы разам з мемуарыстамі пасля гэтага пачалі апісваць добрыя якасці Постышава. У тым ліку тое, што ён вельмі любіў дзяцей і стараўся для іх арганізаваць свята.

— Калі ў савецкіх сем’ях пачалася навагодняя ліхаманка, звязаная з прадуктамі і сталамі?

— Мяркую, усё пачалося адначасова. У Савецкім Саюзе планавалі пабудаваць сацыялізм напрыканцы 1930-х. Як вядома, цалкам зрабіць гэта не атрымалася, але Сталін сказаў сваю знакамітую фразу: «Жыць стала лепей, жыць стала весялей». Ну а якое можа быць вясёлае жыццё без застолля? Асабліва без навагодняга. Справа ў тым, што пасля таго, як навагодняе свята легалізавалі і яно стала абавязковым, напачатку 1936-га народны камісар харчовай прамысловасці Мікаян паехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Яго вельмі ўразіў амерыканскі фаст-фуд і тое, як хутка ён вырабляецца. Мікаян захацеў ператварыць вопыт амерыканскі ў савецкі.

Па ягонай ініцыятыве пачаўся масавы выраб кансерваў, марозіва, савецкага шампанскага, розных другіх прадуктаў. Яму так спадабаліся хот-догі, што ён нават хацеў, каб савецкія грамадзяне і іх елі. І ўсе гэтыя прадукты павінны былі быць у кожнага на святочным стале. З гэтага часу пачынаюцца калектыўныя застоллі, з’яўляюцца сталы, на якіх была рыба, мяса, кандытарскія вырабы, шампанскае. Гэта быў абавязковы элемент Новага года. І людзі пачыналі рыхтавацца да свята нават за паўгода да яго. У 1939 годзе выходзіць «Кніга пра здаровую і смачную ежу», якая расказвала, як гатаваць стравы і сервіраваць святочны стол.

Гэта свята было аддушынай. Пасля з’ездаў і пленумаў можна было проста сесці за стол, пасвяткаваць, выпіць келіх шампанскага, перадаць падарункі дзецям і пасядзець пад упрыгожанай елкай. Такім чынам, пасля вайны гэтая традыцыя толькі працягвала развівацца, і ў перыяд застою дасягнула свайго піка.

— Варта дадаць, што далёка не кожны мог дазволіць сабе багаты стол. 1930-я і пасляваенныя гады былі даволі складаныя, галодныя. І многім прыходзілася пастарацца, каб хоць нешта мець на стале.

— Безумоўна. Быў цікавы выпадак у 1951 годзе. Здымачная каманда выехала ў калгас, каб паздымаць навагодняе застолле. Пасля ў дакументах было напісана, што рэжысёр з сабой прывёз са сталіцы хрустальныя келіхі, посуд, каб паказаць, што людзі святкуюць і п’юць шампанскае з сапраўдных бакалаў. Але потым, калі здымкі скончыліся, усё сабралі і адвезлі назад. Падобная шырма арганізоўвалася даволі часта, і людзі часам, вядома, былі незадаволеныя.

— Калі на сталах савецкіх грамадзян з’явілася аліўе, селядзец пад шубай, савецкае шампанскае?

— Аліўе падаваўся ў рэстаранах Мінска яшчэ да рэвалюцыі. Быў даволі складаны рэцэпт, і ў салату ўваходзілі рабчыкі, каперсы і іншыя прадукты. Савецкая салата аліўе рабілася з дабаўленнем доктарскай каўбасы, якую таксама стварылі па загадзе Мікаяна, агуркоў замест каперсаў і з маянэзам, вырабленым савецкай індустрыяй. Стравы, якія раней былі паказчыкам дастатку і своеасаблівай элітарнасці, у канцы 1930-х сталі даступныя кожнаму, як пра гэта казалі чыноўнікі. Зразумела, гэта было не тое шампанскае, не тая салата, але іншага не было.

— Калі ў Беларусі перасталі святкаваць 1 студзеня абвяшчэнне БССР?

— Вядома, што гэтае свята суправаджалася шэсцямі і парадамі. Асабліва ў юбілейныя гады. І чалавеку, зразумела, пасля навагодняга пахмелля было не да парадаў, таму гэтае свята пачалі адзначаць напрыканцы снежня. Гістарычна склалася так. Гэта цікавая тэма, і пра яе таксама як-небудзь можна будзе пагаварыць.

— Навагоднія ранішнікі таксама праходзілі з удзелам савецкіх кіраўнікоў?

— Мяркую, так. Сярод рыс характараў правадыроў любоў да дзяцей была абавязковай. Пісалі, што дзяцей любіў Ленін, а ў палацах культуры, дзе ладзілі ялінкі, абавязкова знаходзіўся партрэт Сталіна. Таму ў пэўным фармаце чыноўнікі прысутнічалі на ўсіх святах. Ну а на цэнтральныя святкаванні, у тым ліку ў Беларусі, прыходзілі галоўныя асобы, і гэта было цалкам нармалёва. Гэта ўспрымалася як падарунак і клопат пра грамадзян.

— А ці віншавалі кіраўнікі партыі жыхароў Саюза па радыё (пакуль не было тэлебачання) літаральна за некалькі хвілін да пачатку новага года?

 Так магло быць. Перад святкаваннем заўжды была афіцыйная частка, падчас якой кіраўніцтва расказвала, колькі ўсяго добрага за год было зроблена. Дыктары зачытвалі віншаванні, і кінахронікі заўсёды гэта паказвалі. У гэтых стужках улада віншавала грамадзян, а тыя таксама пілі за іх здароўе.

искусственная сосна, ПВХ, 1.8 м, цвет зеленый, шишки
искусственная ель, литая, 0.9 м, цвет зеленый

 Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. dm@onliner.by