Так гістарычна склалася ў нашых шыротах, што Новы год — адно з самых доўгачаканых свят у нашай краіне. Яго прадчуваюць і дарослыя, і дзеці, да яго пачынаюць рыхтавацца загадзя, ператвараючы снежань у святочную мітусню. Але так было не заўжды, і калісьці Новы год наогул лічыўся буржуазным перажыткам. У межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» журналіст Тарас Шчыры пагутарыў з гісторыкам, вядоўцам тэлеграм-канала «Батыскаф гісторыка» Антонам Дзянісавым і даведаўся, калі Новы год стаў улюбёным святам савецкіх дзяцей і калі застоллі сталі завядзёнкай.
— Спадар Антон, як так сталася, што Новы год у Савецкім Саюзе замяніў Раство і стаў асноўным святам?
— Пачаць трэба з таго, што з пачатку 1920-х канцэпцыя свят радыкальна змянілася. Калі мы адкрыем памятныя кніжкі губерній і абласцей Расійскай імперыі (напрыклад, Мінскай), то ўбачым там, што галоўнымі святамі пасля Вялікадня былі Раство Хрыстова і Нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі савецкая ўлада пачала аддзяляць царкву ад дзяржавы, карціна свят стала зусім іншая. Напрыклад, 1 студзеня ў Беларусі адзначалі абвяшчэнне БССР, 22 студзеня — дзень памяці Леніна, 12 сакавіка святкавалі звяржэнне царызму. 18 сакавіка — дзень Парыжскай камуны, 1 і 2 мая — дзень інтэрнацыянала і гэтак далей.
Ну а са старымі рэлігійнымі святамі, у тым ліку з Божым Нараджэннем, якое адзначалі па ўсёй Еўропе, у Саюзе змагаліся. Гэтае свята, святы Мікалай, упрыгожаная ялінка лічыліся буржуазным перажыткам і праявай контррэвалюцыі. Як з гэтым змагаліся? Ідэалагічна. На Раство ў прэсе выходзілі артыкулы з лозунгамі накшталт «Прэч папоўскія Каляды!», ці ў тэкстах пісалі, што Бога няма і навука гэта ўжо даказала. Акрамя таго, ваявалі і з храмамі.
25 снежня 1932 года ў будынку Чырвонага касцёла, які ў той момант адносіўся да Польскаму тэатра БССР, праходзілі антырэлігійныя спектаклі, у якіх казалі пра буржуазныя перажыткі і пра тое, што пад елкай маскіруюцца ворагі, папы і кулакі.
У гэты ж дзень у памяшканні былой лютэранскай кірхі, якая знаходзілася побач з Купалаўскім тэатрам, пачаў працаваць дзіцячы кінатэатр.
Улады спрабавалі ўвесці розныя альтэрнатывы. Яны лічылі, што ў гэтыя святочныя зімовыя дні трэба ўдарна працаваць і будаваць сацыялізм. Святкаванне Новага года ў 1920—1930-х таксама не дазвалялася. 1 студзеня адзначалі абвяшчэнне БССР, і, каб людзі не расслабляліся, заставаліся на працоўных месцах, [напярэдадні] нават хадзілі інспекцыі, рабочы кантроль, які мог нечакана з’явіцца ў якой-небудзь установе і праверыць, як працуюць людзі.
Па ўсім Савецкім Саюзе распаўсюджваліся выданні «Бязбожнік» і «Юны бязбожнік», у якіх таксама пісалі пра тое, што з ялінкай трэба змагацца і секчы лес можна толькі на карысць дзяржавы і будаўніцтва. А калі чалавек вырубіў елку, каб дома адзначыць Раство, на яго, мякка кажучы, глядзелі падазрона і маглі прыцягнуць да адказнасці.
— А калі перасталі ў елках бачыць ворагаў, а Новы год заняў сваё значнае месца?
— Гэта таксама вельмі цікавая падзея. Яшчэ напачатку 1930-х здавалася, што Новы год перамаглі, але альтэрнатыва яму так і не з’явілася. А людзям усё роўна хацелася нейкага свята і паслаблення. Зацікавіць жыхароў краіны адной ідэалогіяй было немагчыма. І ў другой палове 1930-х пачынаецца папулісцкі традыцыяналізм, калі вяртаюцца некаторыя элементы мінулага жыцця, але ўжо з іншым сэнсам. І цікава, што 28 снежня 1935-га, падчас снежаньскага пленума ЦК ВКП (б), у цэнтральнай газеце «Праўда» надрукавалі артыкул, падпісаны Паўлам Постышавым.
Загаловак быў наступны: «Давайце арганізуем да новага года дзецям добрую елку!». Постышаў пісаў, што раней елка была часткай буржуазнага свята і яго маглі адзначаць толькі дзеці з заможных сем’яў, а зараз трэба ўсім савецкім дзецям падарыць гэтае свята. Гэты артыкул гучаў як загад. І, безумоўна, у той жа час амаль усе арганізацыі, усе органы ўлады сапраўды пачалі яго выконваць. Напрыклад, 30 і 31 снежня ў Мінску пачалося святкаванне ў палацы піянераў і ў дзіцячым доме, а ў гэтыя ж дні ў Аляксандраўскім скверы арганізавалі елачны кірмаш.
Яшчэ месяц таму елка была пад забаронай, а зараз — калі ласка!
Але ўпор быў зроблены на тое, што гэта свята не сямейнае, а грамадскае, на якое трэба прыйсці ў які-небудзь палац культуры. З упрыгожанай елкай вярнуліся і другія атрыбуты свята: і Дзед Мароз, і Снягурка, і падарункі, і песні з карагодамі. Пасля гэтага ў пэўным напрамку Новы год пачалі апісваць і ў ідэалагічных творах. Пісалі, што нават Уладзімір Ільіч Ленін як ніхто іншы любіў елку і таксама святкаваў разам з дзецьмі.
Існуе некалькі версій, чаму з такім артыкулам выступіў менавіта Павел Постышаў. Гэта быў чалавек свайго часу, прафесійны рэвалюцыянер, камуніст, які будаваў савецкую ўладу. Ён нават удзельнічаў у стварэнні Дальнеўсходняй рэспублікі, арганізоўваў палявыя суды. У 1930-х становіцца спачатку асобаўпаўнаважаным прадстаўніком Савецкага ўраду спачатку ў Ніжнім Паволжы, а потым — другім сакратаром кампартыі Украіны. І ён удзельнічаў у хлебанарыхтоўках падчас калектывізацыі, якія выклікалі голад.
Ну а далей ён рабіў сакратаром Куйбышаўскага абкама, дзе Постышаў запомніўся вельмі экстравагантнымі ўчынкамі. Паводле некаторых звестак, ён знаходзіў контррэвалюцыю ў школьных сшытках і нават пабачыў свастыку ў разрэзе савецкай каўбасы.
— Вельмі цікавая асоба. Ягоны артыкул трэба разглядаць з пазіцый экстравагантнасці ці гэта была спланаваная акцыя, якую даручылі выканаць менавіта яму?
— Хутчэй за ўсё, гэта была спланаваная акцыя. Папулісцкі традыцыяналізм вяртаў старыя рэчы. У тым ліку свята. Але яно ўжо асацыявалася не з Калядамі, не з рэлігіяй, а з Новым годам. Мяркую, Постышаў узяў ініцыятыву на сябе, а ўрад проста падтрымаў.
У 1938-м Постышава арыштавалі, а пасля расстралялі. Лёс у яго быў трагічны. Аднак у 1950-х Мікіта Хрушчоў асабіста выказаўся наконт ягонай рэабілітацыі, аб тым, што гэта сапраўды быў добры чалавек і сумленны камуніст. У выніку яго рэабілітавалі, і біёграфы разам з мемуарыстамі пасля гэтага пачалі апісваць добрыя якасці Постышава. У тым ліку тое, што ён вельмі любіў дзяцей і стараўся для іх арганізаваць свята.
— Калі ў савецкіх сем’ях пачалася навагодняя ліхаманка, звязаная з прадуктамі і сталамі?
— Мяркую, усё пачалося адначасова. У Савецкім Саюзе планавалі пабудаваць сацыялізм напрыканцы 1930-х. Як вядома, цалкам зрабіць гэта не атрымалася, але Сталін сказаў сваю знакамітую фразу: «Жыць стала лепей, жыць стала весялей». Ну а якое можа быць вясёлае жыццё без застолля? Асабліва без навагодняга. Справа ў тым, што пасля таго, як навагодняе свята легалізавалі і яно стала абавязковым, напачатку 1936-га народны камісар харчовай прамысловасці Мікаян паехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Яго вельмі ўразіў амерыканскі фаст-фуд і тое, як хутка ён вырабляецца. Мікаян захацеў ператварыць вопыт амерыканскі ў савецкі.
Па ягонай ініцыятыве пачаўся масавы выраб кансерваў, марозіва, савецкага шампанскага, розных другіх прадуктаў. Яму так спадабаліся хот-догі, што ён нават хацеў, каб савецкія грамадзяне і іх елі. І ўсе гэтыя прадукты павінны былі быць у кожнага на святочным стале. З гэтага часу пачынаюцца калектыўныя застоллі, з’яўляюцца сталы, на якіх была рыба, мяса, кандытарскія вырабы, шампанскае. Гэта быў абавязковы элемент Новага года. І людзі пачыналі рыхтавацца да свята нават за паўгода да яго. У 1939 годзе выходзіць «Кніга пра здаровую і смачную ежу», якая расказвала, як гатаваць стравы і сервіраваць святочны стол.
Гэта свята было аддушынай. Пасля з’ездаў і пленумаў можна было проста сесці за стол, пасвяткаваць, выпіць келіх шампанскага, перадаць падарункі дзецям і пасядзець пад упрыгожанай елкай. Такім чынам, пасля вайны гэтая традыцыя толькі працягвала развівацца, і ў перыяд застою дасягнула свайго піка.
— Варта дадаць, што далёка не кожны мог дазволіць сабе багаты стол. 1930-я і пасляваенныя гады былі даволі складаныя, галодныя. І многім прыходзілася пастарацца, каб хоць нешта мець на стале.
— Безумоўна. Быў цікавы выпадак у 1951 годзе. Здымачная каманда выехала ў калгас, каб паздымаць навагодняе застолле. Пасля ў дакументах было напісана, што рэжысёр з сабой прывёз са сталіцы хрустальныя келіхі, посуд, каб паказаць, што людзі святкуюць і п’юць шампанскае з сапраўдных бакалаў. Але потым, калі здымкі скончыліся, усё сабралі і адвезлі назад. Падобная шырма арганізоўвалася даволі часта, і людзі часам, вядома, былі незадаволеныя.
— Калі на сталах савецкіх грамадзян з’явілася аліўе, селядзец пад шубай, савецкае шампанскае?
— Аліўе падаваўся ў рэстаранах Мінска яшчэ да рэвалюцыі. Быў даволі складаны рэцэпт, і ў салату ўваходзілі рабчыкі, каперсы і іншыя прадукты. Савецкая салата аліўе рабілася з дабаўленнем доктарскай каўбасы, якую таксама стварылі па загадзе Мікаяна, агуркоў замест каперсаў і з маянэзам, вырабленым савецкай індустрыяй. Стравы, якія раней былі паказчыкам дастатку і своеасаблівай элітарнасці, у канцы 1930-х сталі даступныя кожнаму, як пра гэта казалі чыноўнікі. Зразумела, гэта было не тое шампанскае, не тая салата, але іншага не было.
— Калі ў Беларусі перасталі святкаваць 1 студзеня абвяшчэнне БССР?
— Вядома, што гэтае свята суправаджалася шэсцямі і парадамі. Асабліва ў юбілейныя гады. І чалавеку, зразумела, пасля навагодняга пахмелля было не да парадаў, таму гэтае свята пачалі адзначаць напрыканцы снежня. Гістарычна склалася так. Гэта цікавая тэма, і пра яе таксама як-небудзь можна будзе пагаварыць.
— Навагоднія ранішнікі таксама праходзілі з удзелам савецкіх кіраўнікоў?
— Мяркую, так. Сярод рыс характараў правадыроў любоў да дзяцей была абавязковай. Пісалі, што дзяцей любіў Ленін, а ў палацах культуры, дзе ладзілі ялінкі, абавязкова знаходзіўся партрэт Сталіна. Таму ў пэўным фармаце чыноўнікі прысутнічалі на ўсіх святах. Ну а на цэнтральныя святкаванні, у тым ліку ў Беларусі, прыходзілі галоўныя асобы, і гэта было цалкам нармалёва. Гэта ўспрымалася як падарунак і клопат пра грамадзян.
— А ці віншавалі кіраўнікі партыі жыхароў Саюза па радыё (пакуль не было тэлебачання) літаральна за некалькі хвілін да пачатку новага года?
— Так магло быць. Перад святкаваннем заўжды была афіцыйная частка, падчас якой кіраўніцтва расказвала, колькі ўсяго добрага за год было зроблена. Дыктары зачытвалі віншаванні, і кінахронікі заўсёды гэта паказвалі. У гэтых стужках улада віншавала грамадзян, а тыя таксама пілі за іх здароўе.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. dm@onliner.by